epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Матчына хата

Ноччу спалася дрэнна. Мікалай Лукіч варочаўся, прачынаўся, нацягваў на галаву коўдру, аж пакуль трывожны сон зноў не агортваў яго. І тады зноў снілася даўняе... Калі б раптам і хацеў прыгадаць, не прыгадаў бы ў гэткіх падрабязнасцях далёкія гады дзяцінства ў Чарнігаўцы. Сніліся самыя страшныя немцы — тыя, што, равучы матацыкламі, першымі ўскочылі ў вёску. І той рыжы цыбаты гітлеравец, які са злосным гергетаннем садануў у нос дзеду Емяльяну. І перапалоханая маці — з мокрым ручніком ля акрываўленага дзеда, заплаканая, бездапаможная. Ды яшчэ яе рукі з парэпанымі чорнымі пальцамі — нібы толькі з вільготнай зямлі... Але ўсё гэта знікала ў нейкі момант, Мікалай Лукіч супакойваўся, пачынаў дыхаць раўней, як нечакана выразна чуў выбухі: ірваліся снарады... І яны з братам Захарам уцякалі з вёскі праз алешнік, вязлі босымі нагамі ў балотнай гразі, сігалі з купіны на купіну...

Дзякуй богу, жахлівы малюнак мучыў нядоўга: чамусьці пасля таго алешніку ён ужо бачыў брата дарослым — у кароткім шэранькім пінжачку, такога ж бруднаватага колеру картузе, з-пад якога тырчалі, упарта лезлі ўскудлачаныя белыя валасы. Захар стаяў перад маці, нейкі вельмі святочны і збянтэжаны, трымаючы ў руках грашовыя паперкі: першы заробак на заводзе... І маці ўсхвалявана варушыла вуснамі, намагалася яму нешта сказаць, але толькі шчасліва ўсміхалася, толькі ўсміхаліся яе мокрыя ад слязінак вочы. А потым яны ўдваіх крочылі з Захарам на чыгуначную станцыю праз рэдзенькі самотны хвойнічак, па прасмоленых шпалах. Нязвыкла пахла вугалем і нафтай. Блішчалі на сонцы і сляпілі вочы сталёвыя рэйкі, нібы напятыя нечай моцнай рукой струны. І Мікалаю Лукічу здавалася, што ў гэтыя хвіліны неспакойнага сну ён бачыў менавіта той самы загадкавы, таямнічы паравоз з дзяцінства, які прыцягваў, клікаў да сябе кожны раз, калі надаралася бываць на станцыі: надта хацелася, каб і яго, як старэйшага брата, павёз ён у невядомы, неспазнаны свет...

Ах, як цяжка на душы! Напэўна, усё ад гэтага прыглушанага, тужлівага паравознага гудка:

— У-у-у...

Расплюшчыў вочы, падхапіўся, трывожна прыслухаўся: сапраўды, гудок. Пашанцавала з новай кватэрай — якраз дом насупраць гэтага шумлівага вакзала. Аніяк не прывыкне Мікалай Лукіч да чыгункі... Добра, што хоць ноч ужо мінула. Вунь і вокны пасвятлелі. Ранак, пэўна ранак. Павярнуўся асцярожна да жонкі — аж спалохаўся: не спіць. Нерухома пазірае ў столь. Засяроджана. Ды што яна, у рэшце рэшт, усю ноч... так? Бы мумія, адзін жаўтаваты кручок-нос варушыцца на доўгім твары — сярдзіта шморгае ім, чмыхае.. Злуе, злуе. І шкада Мікалаю Лукічу жонку, бо ведае — пакутуе. Можа, дарэмна, заўчасна, а пакутуе.

— Не спіш, Шурок?

— Не сплю... Гэта табе спіцца. Храпе, як бугай той... Табе ўсё роўна, табе ўсё трын-трава... Свае мазалі не шкадуеш...

Голас — злосны, хрыплявы. Лепш не пярэчыць зараз. Не спрачацца. Ведае жончын нораў Мікалай Лукіч. І так увесь учарашні дзень пасля тэлефоннага званка Захара спакою не было. Ашалела баба. Чорт ведае што з ёю здарылася. Месца сабе не знаходзіць. Уявіла, што брат не так сабе ў госці кліча, з нейкім пэўным намерам запрашае. І такую філасофію развяла, такія падазрэнні выказала — сам Мікалай Лукіч паступова сумнявацца стаў у братавай прыстойнасці. Ніколі не сумняваўся, а тут закралася нешта. Сапраўды, з чаго б, адкуль такія сваяцкія пачуцці раптам? Неяк склалася ўжо, што за апошнія гады жыцця ў горадзе яны больш цураліся адзін аднаго, чым бачыліся. Хоць, можа, яно так ілепей: схадзі ў госці сам, а потым мудруй, у сябе баль наладжвай. Пустыя клопаты, марная трата грошай ды і часу. Асабліва яму, Мікалаю Лукічу, бо ніколі не любіў шумныя кампаніі вадзіць з таго часу, як прысвяціў сябе навуцы... Апошні раз сустракаліся з Захарам, бадай што, з год назад — як маці пахавалі. Цяпер вось зноў пазваніў. І настырны які! Жонка аднекваецца, а ён насядае: абавязкова, маўляў, сустрэцца трэба... Нібыта гарыць! Хочаш ці не хочаш, але адно і застаецца думаць: для спецыяльнай размовы Захар заве. І — вядома якой. Тут ужо Шурку не ашукаеш, яе праўда: мабыць, грошы будзе патрабаваць. За частку матчынай хаты. Вось табе і родны брат! А якое ён мае права? Што ён, траціўся на дом, рамантаваў яго, купляў той шыфер? І ўвогуле, гэтую будыніну даўно ўжо расцягнулі б людцы добрыя, калі б не было ў Мікалая Лукіча свайго транспарту. А так вось сядуць з жонкай на «Масквічок» і за якіх пару гадзін у роднай Чарнігаўцы. Кожны тыдзень. Можа, яно і далекавата ездзіць, на бензін расходы... Ды затое адпачнеш як трэба, а ўвосень і яблык напакуеш на ўсю зіму: сусед за садам па-сваяцку глядзіць. Цікава, які сёлетні год будзе, ці ўраджайны? Цвітуць добра...

Рыпнуў спружынамі матрац. Мікалай Лукіч убачыў заклапочаны жончын твар.

— Ты чаго маўчыш? Зноў дрыхнеш? Лепш скажы мне, што рабіць будзеш, што надумаў?

— Ды нічога не папішаш, Шурок, прыйдзецца выплачваць за хату,— горка ўздыхнуў Мікалай Лукіч і загаварыў разважліва, пераканаўча, як яму здавалася, няспешна вымаўляючы кожнае слова.— Не сплоціш сам — судом спагоніць. А мне цяпер толькі гэтага суда і не хапала... Пойдуць розныя пагалоскі, да інстытута дапаўзе, у рэктараце стане вядома... І гэта перад самай абаронай дысертацыі! Ні ў якім разе нельга даводзіць да суда.

Шурка прыўзнялася на локаць. Пільна, амаль варожа зірнула ў няголены, памяты твар Мікалая Лукіча і, ужо не стрымліваючы сябе, ледзь не закрычала ад прыкрасці:

— Ды што ты заладзіў: суд, суд! І без яго абысціся можна, калі з розумам. Зрабі так, як табе раю: ідзі да Захара і пагавары з ім. Не цырымонься. Скажы: у нас лішнія грошы не валяюцца... Свае дзеці растуць. Якую сотню, калі што, яшчэ паабяцай. А пачне вымагаць за паўхаты — не паддавайся. Пачне нахабнічаць — прыгразі: да дырэктара завода пойдзеш скардзіцца. У іх наконт гэтага строга... Як ён, так і ты! Не глядзі авечкай, а наступай, наступай на яго...

Звычайна ў нядзелю Мікалай Лукіч любіў раніцай паляжаць у ложку даўжэй, папесціцца. Але цяпер ужо не было ніякага жадання, настрою драмаць. Жончына нервовасць перадалася яму... Карцела як мага хутчэй скончыць з непрыемнай справай.

Прычыніўшы дзверы спальні, пачаў збірацца да брата. Пагаліўся. Без асаблівай асалоды патыркаў у азызлыя сінія шчокі пластмасавым яйкам электрабрытвы. Прывычна апрануў стары, даволі пацёрты чорны касцюм, у якім ужо каторы год чытаў лекцыі студэнтам. Злуючыся на дзяцей, адшукаў у кабінеце пад канапай свайго заўсёднага спадарожніка — партфель, павагаўся трохі, але рашуча ўзяў з буфета і сунуў у яго паўлітэрку «Сталічнай». Хто ведае, можа, і спатрэбіцца там...

Праз нейкай паўгадзіны амаль пусты аўтобус давёз Мікалая Лукіча ў гарадскі мікрараён, і ён, адчуваючы ўсё большы неспакой і душэўную незадаволенасць, няўпэўнена набліжаўся да шматпавярховага дома, у якім жыў Захар. Заклапочана, напружана разважаў, як весці размову з братам. Для пачатку можна нешта гэткае прыдумаць, растлумачыць, чаму не прыехаў учора. Паверыць ці не паверыць — яго справа... Ну, а потым дыпламатычна намякнуць і пра матчыну хату: хата старая, і нічога, братуха, з тваёй афёры не атрымаецца! Канечне, трэба быць гатовым да ўсяго. Хоць Захар нібыта і мяккі характарам, рахманы, у маці ўдаўся, але тут ад яго згаворлівасці ніякай не чакай... Будзе лютаваць. І ўсё ж добра было б неяк дамовіцца, без лаянкі.

Сонечная маёвая раніца абяцала пагодлівы дзень. Нават шэрыя сцены буйнапанельных будынкаў пасвятлелі — здавалася, аж паблакітнелі, пад колер тых хмурынак, што, ціхмяныя, лянотна плылі па небе. Жыхары мікрараёна дружна корпаліся пад вокнамі сваіх кватэр, ускопвалі градкі, разбівалі кветнікі. І сярод іх, яшчэ здаля, не цяжка было заўважыць цыбатую, трохі сутулаватую постаць брата. У сіняй спяцоўцы, такі ж даўгарукі, хударлявы, як і сам Мікалай Лукіч, ён задаволена, з непрыхаванай асалодай рэзаў зямлю рыдлёўкай. І перад тым як кінуць тлустую скібіну чарназёму, нібы наўмысна, прытрымліваў яе, каб яшчэ і яшчэ раз удыхнуць непаўторны пах вільготнай, палітай першымі вясновымі дажджамі зямлі.

Мікалай Лукіч нават узрадаваўся, што напаткаў брата ў двары: не трэба заходзіць у кватэру, можна, не марудзячы, вырашыць усё тут жа, ля пад’езда. Праўда, Мікалай Лукіч не адразу загаварыў з Захарам. З хвіліну стаяў, таптаўся за яго спіною, моўчкі глядзеў на братаву сівую галаву пад чорным берэтам — нібы збіраўся з думкамі.

— Здароў, Захар,— нарэшце вымавіў наўмысна ціха, каб не прыцягваць увагу непатрэбных сведкаў.— Памагай бог...

— Ха... Казаў бог, каб і ты памог! — у тон яму, не хаваючы жартаўлівасці, адказаў скорагаворкай Захар. І толькі тады, выпрастаўшыся, ветліва прывітаўся: — Здароў, здароў, вучоны свет!

Захар лёгка, як той Гулівер, пераступіў маленькі дэкаратыўны парканок, пайшоў насустрач Мікалаю Лукічу, выціраючы рукі аб спяцоўку.

— А я ўчора цябе з жонкаю чакаў... Чаму не прыйшоў? Не так мы ўжо часта бачымся з табой.

— Не часта.

Паціснуўшы адзін аднаму рукі, прыселі на свежапафарбаваную стракатую лаўку пад купчастымі кустамі бэзу.

— Ты не сярдуй, Захар,— пачаў адразу апраўдвацца Мікалай Лукіч.— Сам разумееш: хлеб мой не лёгкі... Працаваў. Кроў з носа, а дысертацыю абараніць павінен. Усяго праз пару месяцаў абарона...

— Ды я нічога, я не дакараю,— пасур’ёзнеў Захар.— Ведаю, што не шмат у цябе часу. А ўсё ж добра б было, калі б выбраў вечарок для маёй старэйшай: семнаццаць ужо! Калі тое і было... Нявеста, лічы. Сазваў вось гасцей на імяніны. Шаноўныя ўсё людзі. І табе б цікава было сярод іх... Нават мой колішні майстар, Мінчанка, зазірнуў. Знаеш, які мудрэчы чалавек? Ого, у рот пальца не кладзі... Гэтую тваю педагогіку ён мне так моцна ўбіў у башку — назаўсёды ўдзячны. Ты б толькі пагаварыў з ім...

«І куды ён гне, чаго цямніць? — адчуваючы, як міжволі закіпае ў ім злосць, падумаў Мікалай Лукіч.— Казаў бы ўжо адразу...» Не сцярпеў, палез у кішэню пінжака за партсігарам.

— К такому трапіш — на ўсё жыццё зарадка. Настаўнік! Ты, мабыць, і не помніш, як я збег з завода, не вытрымаў у кавальскім... Прыйшоў за разлікам, а Мінчанка — тут як тут. Чакае, барада... І смех і грэх! Як напусціўся на мяне, як пачаў чыхвосціць — аж спіна ўзмакрэла, да слёз давёў. Не, ты слухай, слухай, як ён мяне: твайму, кажа, бацьку на фронце не так было, а не збаяўся, не збег... Чуеш?.. Во як!

Мікалай Лукіч ужо не мог спакойна пазіраць на ўзрушаны братаў твар, яго раздражнялі і гэты чорны берэт, бы бесказырка, шыкоўна насунуты на шырокі лоб, і кусцістыя натапыраныя бровы, пад якімі дабрадушна, упэўнена свяціліся вугалькамі вочы... Ён адвёў позірк, утаропіўся на доўгія бліскучыя насы сваіх лакіровак — толькі б схаваць напружанне. Нейкае чуццё падказала: зараз Захар скажа менавіта тое, дзеля чаго і запрашаў яго. І, нібы набліжаючы гэты момант, Мікалай Лукіч нечакана перавёў гаворку:

— Ты дзе адпачываць збіраешся летам? Можа, у Чарнігаўцы, га? Давай разам! Я такі-сякі парадак там навёў, хоць уклаў, як кажуць, і сіл, і здароўя... Давай, давай... Адпачнеш няблага!

Захар уважліва паглядзеў на натапыранага Мікалая Лукіча, затрымаў свой позірк на ім і, нешта скеміўшы, весела, з бадзёрасцю ў голасе адказаў:

— Не, у вёску мая сям’я не просіцца... Мора падавай ёй! Адзін раз, браток, звазіў — цяпер адбою няма. Што жонка, што дзеці. Захварэлі тым морам. А наконт Чарнігаўкі... Якраз хацеў цябе папрасіць.

«Ага, тут ты ўвесь і раскрыўся, галубок! — узрушана заёрзаў на лаўцы, не хаваючы з’едлівай, пагардлівай усмешкі, Мікалай Лукіч.— На поўдзень катануць сабраўся, а грошыкаў — цю-цю... Вось і ўспомніў пра матчыну хату: можна з браточка сарваць куш... Эх і дзялок!» Каб не даць Захару апомніцца і самому захапіць ініцыятыву, Мікалай Лукіч выціснуў з сябе:

— Дзвесце... возьмеш?

— Чаго дзвесце? — не зразумеў Захар.— А-а, на паездку... Ды не, дзвюма сотнямі, браток, не адкруцішся тут. Малавата!

«Ах ты, шантажыст... З яго мала! Шурка як у ваду глядзела. Бачылі бессаромніка, а? Пачаў вымагаць. Ну, чакай, пагляджу, што далей запяеш, родненькі». Ледзьве стрымліваючыся, каб не ўскочыць і не закрычаць на Захара, Мікалай Лукіч ухапіўся аберуч за край лаўкі — аж пальцы збялелі. «Давай, выкладвай, не на таго напаў!»

— Паслухай, Колька, не крыўдуй... Вядома, працуеш ты... Але і я працую, мне яшчэ мо цяжэй куды-небудзь вырвацца, хоць бы ў тую ж Чарнігаўку.

Мікалай Лукіч адчуў, як братава рука, нібы калода, лягла на яго сціну, і яму адразу зрабілася горача, млосна. Ужо зусім не валодаючы сабой, сатанеючы ад нянавісці, прахрыпеў:

— Ды кажы, чаго хочаш?!

— Агароджу зрабіў... Адвязі, брат...

— Куды?!

— На маміну магілу...

Ніколі яшчэ не адчуваў такога цяжару на сваёй спіне Мікалай Лукіч. Захарава рука, здавалася, бязлітасна прыціскала яго да зямлі ўсё ніжэй і ніжэй і, гарачая, пякла нясцерпна. Але ён нават не спрабаваў разагнуцца, паварушыцца... І не мог узняць вачэй на Захара...

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан