epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Мой дзядзька

Мы прыселі на лаўцы ў скверы і закурылі. Было сонечна. Цёплы ветрык гарэзліва варушыў дрымотнае лісце дрэў. У такі час звычайна не хочацца ні гаварыць, ні слухаць... Але мой дзядзька, пыхкаючы папяросаю, вось ужо цэлую гадзіну, нібы той чмель, гудзеў над вухам: чытаў мне, учарашняму студэнту, лекцыю аб тым, як паводзіць сябе на рабоце.

— Паважай начальства, але будзь прынцыповы. Гэта галоўнае! Вось я, напрыклад, калі што якое, не гляджу, хто ён такі — хай нават сам міністр! Рэжу праўду-матку ў вочы — і ўсё тут!..

Выгляд у дзядзькі ваяўнічы, пляскаты маленькі нос задзірыста тырчэў на круглым, пухлым твары, вочкі блішчалі. Размахваючы рукамі, ён казаў далей:

— За тое, браце, таварышы па службе, відаць, і недалюбліваюць мяне... Што ж, іх справа. Але я пляваў, не паважаюць — і не трэба! Мне, пляменнічак, даражэй за ўсё праўда-матка... Вось!..

Напэўна, гэтая гарачая прамова яшчэ б не хутка скончылася. Але ціхае, цёплае надвор’е рабіла сваё. Дзядзька пазяхнуў, апошні раз ляніва махнуў рукою, нібы рассякаючы паветра, і змоўк.

З палёгкаю ўздыхнуў і я, пазіраючы, як дзядзька разгарнуў газету і схіліўся над нейкім артыкулам. Вусны яго важна заварушыліся, лоб наморшчыўся. Усё гаварыла аб тым, што ён «сканцэнтраваўся».

Але ў гэты самы момант нешта невялічкае раптам моцна стукнула аб лаўку і адскочыла ў траву... Дзядзька ўздрыгнуў, прыўзняўся і пачаў азірацца. Навокал нікога не было. Тады ён нагнуўся і падняў кругленькі, як галубінае яйка, каменьчык.

— Што за д’ябал! — вылаяўся ён.— Кідаецца нехта, ці што? Так і вока выбіць можна...

Сярдзіта апусціўшыся на лаўку, дзядзька зноў разгарнуў газету. І ў тую ж хвіліну зноў прасвістаў каменьчык, трапіў у газету, прадраў яе. Мы адначасова зірнулі на вялікі куст бэзу, які рос непадалёку, і ўбачылі за ім белагаловага хлапчука. Дзядзька прылажыў палец да тоўстых губ, і вочы яго помсліва заблішчалі.

— Чакай жа, я яго зараз, бандзюка, злаўлю,— зашаптаў ён,— я яму дам!.. Бацькі не вучаць, дык я навучу!..

Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Адзін раз ён азірнуўся, і на яго твары можна было прачытаць сапраўдны паляўнічы азарт. Потым ён імкліва рвануўся ўперад і знік за кустом. Я ўявіў сабе, як дзядзька хапае хлапчука, бярэ яго за вуха і зларадна ўсміхаецца, а той крычыць, просіць літасці...

Аднак нічога гэтага не сталася. За кустом, праўда, пачуўся нейкі шум. Але тут жа да мяне даляцеў незвычайна ўсхваляваны і пачцівы голас дзядзькі:

— Сяргей Ільіч! Гэта... вы? Гуляеце?

Густы бас, не спяшаючыся, адказаў:

— Ды вось як бачыш... Дзянёк цудоўны! А ты ж каго тут, Свісцёлкін, ловіш? Можа, сына майго?

— Што вы, што вы, Сяргей Ільіч! — спалохана загаварыў дзядзька.— Я так... Я нічога... Мы з ім, можна сказаць, у жмуркі гуляем. Ён хаваецца, а я яго... хе-хе... шукаю. Спрытны такі!..

Бас задаволена засмяяўся.

— Падабаецца хлапчук?

— Гэта сынок ваш? Не дзіця, а золата! Адчуваецца, Сяргей Ільіч, ваша выхаванне... А разумны які! Не тое, што ў другіх. Я, значыць, сяджу, газету чытаю з пляменнічкам, а ён — каменьчыкам, каменьчыкам у нас. Кіне — і схаваецца. Дай божа кожнаму дзіця такое... Бач, як вочкі страляюць! Разумны-ы...

Бас кашлянуў і паблажліва сказаў:

— Ну, мы пойдзем. Адпачывай, Свісцёлкін.

— Бывайце здаровы, Сяргей Ільіч, бывайце здаровы!..

Нейкі час было ціха. Потым зашамацелі расхінутыя галінкі бэзу, і з-за куста выйшаў дзядзька. Ён павольна падышоў да лаўкі, падазрона зірнуў на мяне і ціхім голасам запытаў, паказваючы рукою на бэз:

— Ты... чуў нашу размову?

Я адмоўна кіўнуў галавою.

— Не чуў? Эх ты! А трэба было... Павучальная размова, пляменнічак...

Дзядзька сеў, важна крэкнуў і раптам спахмурнеў.

— Разумееш, гісторыя якая... Смаркач гэты, аказваецца, сынок нашага новага дырэктара,— гаварыў ён.— Я толькі з куста, браце, вылез, гляджу — стаіць перада мною сам Сяргей Ільіч! Другі б, напэўна, разгубіўся, як-ніяк начальства. Але я не такі, пляменнічак! Вылаяў яго, дырэктара, на чым свет стаіць... І што ты думаеш? Хоць бы слова мне сказаў, нібы вады ў рот набраў, толькі слухае. Як вам не сорамна, кажу, распусцілі сына свайго — ледзь вока мне не выбіў каменем! Расце, кажу, у вас форменны хуліган! Хоць я і кладаўшчык толькі, але праўда-матка мне даражэй!.. Вось як трэба! Вучыся, пляменнічак...

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан