epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Мой знаёмы

Кожны раз, калі мы сустракаемся, ён заводзіць прыкладна такую размову:

— Ну, як жывеш? Не ажаніўся яшчэ? Малайчына, трымайся, брат. Аднаму, ведаеш, лягчэй пражыць... Ніякіх клопатаў, ніякіх сямейных расходаў... Грошай тых, мабыць, куры ўжо не клююць! Прызнайся: кладзеш на кніжачку, а? Па вачах бачу, што кладзеш... Табе можна... А вось мне як?

На хвіліну ён змаўкае і не міргаючы глядзіць на мяне вялікімі вачамі. Здаецца, ён вось-вось заплача, закрые твар рукамі, і яго плечы задрыжаць ад нястрымнага гора...

Цяжка ўздыхнуўшы, ён слабым голасам гаворыць:

— Ведаеш, ледзь канцы з канцамі зводжу... Днямі купіў пральную машыну... Але што гэта мне каштавала! З кожнай зарплаты адкладваў, з жонкай сабе ва ўсім адмаўлялі. Ды хіба не бачыш, у чым я хаджу?

Сапраўды, апрануты ён, як заўсёды, бедна: паношанае паліто ўжо выцерлася, выцвіла. У гэтым паліто я сустракаю яго ўжо не першы год.

— Вось бачыш! — пераможна ўжо гаворыць ён.— А жонка ў чым ходзіць, а дзеці? Сорамна мне, брат, стаяць нават побач з табою — ты вунь які франт! Па апошняй модзе... Эх, пайду... Бывай!

Праходзіць нейкі час, і выпадак зноў зводзіць нас. Цяпер — каля мэблевага магазіна.

— Ну што, як жывеш? — пачынае ён.— Не кажы, бачу — добра! Зайздрошчу табе, ой, зайздрошчу... Не ажаніўся яшчэ? І не трэба! Жывеш усё яшчэ на прыватнай? А я, ведаеш, атрымаў на гэтым тыдні новую кватэрку... Толькі што рабіць — розуму не дабяру: кватэру далі, а мэблю? Тое ж і яно... Вось заказаў гарнітур, прывезлі ў магазін, а грошай не хапае... Кручуся, як той уюн на патэльні. Многа б я даў, каб на тваім месцы апынуцца!.. О-хо-хо... Прабач, пайду недзе грошай шукаць.

Праз некалькі месяцаў я зноў сустракаю яго каля блакітнага «Масквіча»: стаіць і гэтак далікатна ваткай шкло кабіны выцірае...

Што за навіна! Няўжо шафёрам ужо працуе? Хачу спытаць. Але ён не дае мне і рота адкрыць.

— А, гэта ты? Здароў, здароў, барадаты халасцяк! Даўненька мы з табой не бачыліся. Як жыццё? Усё ў парадку? Табе, брат, што: адзін! Жыві ды цешся. І зарплата ў цябе добрая, і пасада высокая... А я, дальбог, хутка звар’яцею ад клопатаў... Ледзь канцы з канцамі зводжу. Ты, мабыць, ужо здагадаўся — машыну купіў. Купіў! Але што гэта мне каштавала...

Тужліва махнуўшы рукою, ён моршчыцца, нібы ад зубнога болю. На паверхні кузава адлюстроўваецца яго фігура — маленькая, сплюшчаная, як тая карыкатура буржуя са старога падручніка гісторыі... Усміхаючыся, я гляджу на гэты смешны адбітак і чую той жа жаласлівы голас:

— Вось, кажуць, праз дваццаць год жыццё настане... Што ж, магчыма. Затое цяпер, брат, не соладка. Увесь у даўгах, як у павуціне, хаджу... Але ніхто на гэта ніякай увагі не звяртае. Дзе там! Нават ёсць такія, што зайздросцяць мне... Чэрствыя сталі людзі, слоў спачування ад іх не пачуеш.

Нейкі момант ён пакрыўджана глядзіць на мяне. Твар яго пахмурнее.

— Зрэшты, і ты, відаць, такі ж,— раптам сярдзіта гаворыць ён.— Я дзялюся з табой сваім горам, а ты — усміхаешся...

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан