epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Музычная гісторыя

Праз які ўжо месяц пасля ўрачыстага наваселля я кожны раз нервова дрыжаў, калі вяртаўся дамоў і націскаў кнопку званка сваёй кватэры...

Адчыняла змрочная жонка. Ні на што не спадзеючыся, я ўсё ж хваравіта пытаў:

— Ну, як? Пачалі ўжо?

— Пачалі...

Ды і сам я выразна чуў, як з усіх бакоў несліся гукі: ад суседа справа — бравурныя акорды піяніна; ад суседа злева — пяшчотны голас флейты; над самай галавой — мядзведзем раўла сярдзітая труба адстаўніка Івана Хведаравіча: ур-ур-р... А ўнізе, што рабілася ўнізе! Нават цяжка ўявіць чалавеку, які не паспытаў усяго гэтага некалі... Уключаны на ўсю магутнасць магнітафон роў і падвываў піліпаўскім ваўком.

Я набіваў у вушы добрыя камякі ваты, клаўся на канапу, ды ўсё роўна круціўся, нібы на мяне напаў цэлы пчаліны рой. Вынаходлівая жонка адкручвала на кухні ўсе краны, робячы спробу хоць трохі заглушыць брыдкія, настойлівыя гукі... Урэшце перамагала ўсё-такі музыка: не вытрымаўшы яе націску, мы здавалі свае баявыя пазіцыі. Я бег да таварыша, жонка ратавалася ў сяброўкі... Толькі позняй ноччу, калі горад ужо моцна спаў, даволі стомленыя, змучаныя, мы вярталіся дамоў.

Раніцою, перад працай, з суровай рашучасцю «пагутарыць канчаткова» я выходзіў у двор і чакаў сваіх музычных суседзяў. Я ўвесь дрыжаў ад святога гневу. Але што за агідны характар! Ледзьве я толькі бачыў іх задаволеныя, напышлівыя твары, адразу губляў усю ўпэўненасць і нешта мармытаў, накшталт:

— А вы ўчора ігралі, Іван Хведаравіч...

— Ну, іграў... Што, прыгожа?

— Прыгожа, прыгожа,— крывіўся я.— Ды вось толькі даўгенька...

Але Іван Хведаравіч разумеў мяне зусім не так, як трэба: ён блізарука жмурыў на мяне свае старэчыя выцвілыя вочы і паблажліва заўважаў:

— Ну, вядома... Музыка патрабуе поўнай аддачы. Калі хочаце — нават самаахвярнасці!

У яго былі доўгія рукі з кашчавымі музычнымі пальцамі, і адзін з іх імкліва стартаваў уверх і застываў ля вуха — роўна на столькі, каб павучальна паўтараць:

— Самаахвярнасці!

Ах, які разумнік, які мне кампазітар знайшоўся... Я злаваў і амаль з нянавісцю свідраваў сваім позіркам яго згорбленую спіну пад зялёным сукном фрэнча, а потым, санлівы, разбіты, цягнуўся на тралейбусны прыпынак.

Цяпер амаль неадступна — і ў дарозе, і на працы — мяне мучыла адна і тая ж думка: дзе выйсце?

Аднойчы, надвячоркам, калі мае суседзі наладжвалі свой чарговы канцэрт, я блукаў па вуліцах і выпадкова забрыў у магазін музычных інструментаў. Чаго тут толькі не было — ад велізарнага барабана да элегантнай маленькай скрыпачкі... Як Дон Кіхот, гатовы ўступіць у бойку з млынам, тупа і зласліва назіраў я на гэтых сваіх ворагаў. Страшэнная помста спела ў маім сэрцы, гарэла ў вачах. І калі спалоханы прадавец наблізіўся і спытаў, што мне трэба, я велічна і рашуча паказаў у кут:

— Упакуйце вунь тое... самае вялікае.

У гэты дзень мы з жонкай мо ўпершыню нікуды не пайшлі і заснулі спакойна: пакупка поўнасцю апраўдала сябе.

Эфект быў ашаламляльны... Ледзьве за нашай сценкай танклява заверашчала флейта і хрыплява, натужна забурчала труба, ледзьве піяніна зайграла ўрачысты марш тарэадора, я выскачыў на сярэдзіну пакоя і... з усяе моцы ўдарыў у вялізны барабан! Здавалася, малады вясновы гром пракаціўся ў вышыні... А я лупіў і лупіў шалёна ў барабан, аж пакуль у пот не кінула. Калі спыніўся — не паверыў вушам: навакол было ціха-ціха, нібы ў тым ранішнім лесе. Ні гуку, ні акорду...

Потым неяк няўпэўнена і бездапаможна піскнула флейта — я зноў грымнуў барабанам. Потым незадаволена забурчала-азвалася труба — і я адказаў дробным папераджальным пошчакам... Потым усё сціхла, угаманілася, і Іван Хведаравіч...

Не, з Іванам Хведаравічам мы ўжо назаўтра сустрэліся на тралейбусным прыпынку. Цікавая, між іншым, сустрэча была.

— Вы нешта доўга ўчора рэпеціравалі, калега,— панура сказаў ён мне з выразным жаданнем прадоўжыць гутарку.

— Ну, што вы,— сціпла запярэчыў я.— Я ж толькі пачынаю... А музыка, як вы добра ведаеце, патрабуе самаахвярнасці.

І якраз як колісь ён, я шматзначна тыркнуў у блакітнае паветра сваім кароткім, немузычным, пальцам і з асалодай паўтарыў:

— Самаахвярнасці, калега!

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан