epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

На рацэ

Ужо так цёпла, так прыемна і дурманліва пахне навокал маладая трава і гаркаватая спічастая лаза, што ў Ваські міжволі збягаюцца вейкі, і вочы санліва пазіраюць у вузенькія шчылінкі... Яны амаль абыякава ловяць на траве сонечныя плямы, блакітна-шэры цень ад бясконцых воблакаў, які то з’явіцца раптоўна, то гэтак жа нечакана знікае... І тады відно, як бяжыць, адступае да ракі густая палоса ценю, а за ёю імкліва коціцца хваля залацістага святла. І зноў — сонца, зноў сляпуча блішчыць рака — бы тое добра вышараванае пясчынкамі лязо ножыка, якім хлапчукі гуляюць на мурожным беразе.

Васька сядзіць наводдаль ад іх, паклаўшы побач мыліцы, і абыякава назірае за гульнёй, за тым, як ножык у спрытных хлапечых руках вырабляе розныя мудрагелістыя фігуры — пстрыкае, ляціць уверх, падае, але абавязкова ўтыркаецца ў зямлю вострай дзюбкай. У гэтым — сакрэт гульні.

— А можа, скупнёмся, хлопцы? — густым лянотным баском прапаноўвае цыбаты рамеснік Антон.— Прыпякло нешта...

І ўсе, нібы па камандзе, нібы толькі і чакалі Антонавых слоў, у момант падхопліваюцца, жвава сцягваюць з вузкіх хударлявых плячэй кашулі, кідаюць ля ног вопратку і навыперадкі імчацца да ракі — на «штуршок».

— Гэй, салага, сцеражы адзежу там! — крычаць яны Ваську.— На тэй бок паплывём...

І вось яны адзін за адным скачуць з дзярновага штуршка-вышкі ў ваду — плясь-плясь! — толькі срэбныя пырскі ляцяць у блакітнае паветра.

Васькаў твар ажывае, вочы пад бялявымі рэдкімі бровамі акругляюцца, ён не ў сілах стрымаць захаплення:

— Ух ты!

А хлопцы, вынырнуўшы з вады, плывуць сажонкамі, плывуць і крычаць нешта звонка-вясёлае. Васька ведае: яны дабяруцца да другога жоўтага берага і, стомленыя, плюхнуцца ў гарачы мяккі пясок пад кустамі лазы. А наваляўшыся ўволю, пачнуць вытвараць немаведама што — такі тэатр, хоць лопні ад смеху! І ніхто там, мусіць, не ўспомніць аб ім, Ваську, з ягонай сухой нагой-карантышкай, ніхто ніколі не падумае нават жартам запрасіць яго ў кампанію. Добра, калі сам прыкалдыбае... Крыўдна. Гэтая крыўда прыжылася ў Васькавым сэрцы, засядзелася там, як непрыемны госць — і цярпець яго горка, і выгнаць нельга... Хіба ж ён не хацеў бы з хлопцамі на той бок? Або апынуцца на сярэдзіне ракі, дзе моцная плынь так і штурхае, так і нясе цябе ўперад? Або ганяць на прырэчным поплаве футбол, нарэшце, у лес махнуць — часу вольнага хоць адбаўляй: канікулы. Але Васька добра ведае — так, як яны, ён не зможа ні бегаць, ні плаваць. Ведаюць гэта і хлапчукі. А вось, каб мог... О, тады гэты жардзінаАнтон не строіў бы з яго кпінаў...

Уздыхнуўшы, Васька безнадзейна пераводзіць позірк з абы-як пакіданай хлапчукамі вопраткі на раку. Не надта далёка гудзе нястомны буксірок. Ён падцягнуў да берага паром, і вось ужо з драўлянага насцілу з’язджаюць, паволі паўзуць, выбіраюцца з пяску на грунт, бы тыя зялёныя казяўкі, машыны. Адна, другая, трэцяя... Цалюткі дзень снуюць туды-сюды. Колькі іх з раніцы да вечара перацягне паром! А колькі прастаяць шафёры з машынамі, пакуль дачакаюцца сваёй чаргі. Стоўпяцца на прыпарамку, пажартуюць хвіліну-другую, а потым спахмурнеюць: спяшаюцца яны з грузамі... І шкада Ваську гэтых белазубых людзей з загарэлымі тварамі, у зашмальцаваных спяцоўках, калі яны нецярпліва топчуцца ля сваіх машын, незласліва лаюць няўклюдных паромшчыкаў.

Васька раптам салодка пазяхае, хіліцца на мурог і, падклаўшы пад кучаравую галаву рукі, адчуваючы ўсім целам пяшчотнае цяпло, пачынае драмаць. Востра пахне сырасцю кароткая, нібы падстрыжаная, трава, прыемна халодзіць твар. І Васька ціхамірна засынае. У гэтыя мінуты ён паспявае ўбачыць у сне і ўвесь свой трэці клас, і маладзюткую настаўніцу Ганну Прохараўну, і суседа дзядзьку Сымона з вялізным сінім шчупаком, хвост якога вываліўся з кашолкі і цягнецца па зямлі... Але самае дзіўнае і прыемнае, што сніцца, нібы сам Антон-рамеснік угаворвае яго, Ваську, пагуляць у ножык. Так угаворвае, так смешна просіць, што сілы не стае ўтрымацца, і Васька — рагоча.

І навокал рагочуць, кіснуць ад смеху.

— Ой, памру! Паказычце яшчэ, яшчэ яму пад носам!

Васька тут жа спалохана расплюшчвае вочы і перад самым тварам заўважае Антонаву руку з тоненькай сухой былінкай...

— Што, вартаўнічок, дрыхнеш?

Хлапчукі апранаюцца і смяюцца з Ваські, пацяшаюцца. Ваську сорамна. Так сорамна і крыўдна, што ён гатовы заплакаць, нават кінуцца на Антона з кулакамі. Але нешта большае, чым звычайная крыўда, прымушае яго ўскочыць на мыліцы і кінуць гарачыя словы Антону:

— А я вось... пераплыву раку... Пераплыву. Давайце ў заклад. На трыццаць капеек... Што, баіцёся, баіцёся? Ага-а!

Антон пагардліва моршчыць свой пляскаты, шырокі, як лапатка, нос, ганарліва нахіляецца да Васіля:

— Ты, салага, пераплывеш раку?

— Пераплыву!

— Ды ну, слабец!.. Куды табе!

— А вось пераплыву! — грозна крычыць Васька і пеўнем наступае на Антона.

— Хлопцы, вы чулі? Іду з ім на заклад, на грошы,— робячы сур’ёзны твар, нечакана згаджаецца Антон.— Ну, па руках? Пан ці прапаў?

Але Васька ўжо не зважае на кпіны. Таропка распранаецца. Хлапчукі з зацікаўленымі ўсмешкамі сочаць, як ён даскоквае на адной назе да вады, кідаецца ў яе і паволі плыве... Па праўдзе кажучы, ніхто не верыць, што Васька пераплыве раку. Самае вялікае — выберацца з вузкай затокі, аддыхаецца на меклаводдзі і вернецца назад пад вясёлы смех хлапчукоў. Антон ужо нават абыякава адвярнуўся ад ракі і зноў дастаў з кішэні свой двухлязовы ножык. І ўсе адразу ж стоўпіліся побач, забыліся пра няўдалага плыўца.

Ды і Васька не думае пра іх: ён даплывае да густа парослага водарасцямі кліна, які няпрошана ўразаецца ў раку з боку лугу, і доўга стаіць па пояс у вадзе, схіліўшыся над дзівоснымі лапушыстымі гарлачыкамі. Вада тут цёплая, чыстая, да самага дна прасвечвае. Сярод сцяблістых водарасцяў мітусяцца вёрткія рыбінкі, торкаюцца ў ногі. Зачараваны Васька спрабуе злавіць — дзе там! Толькі мільгануць сваімі срэбнымі бачкамі і знікнуць у цёмна-зялёным зарасніку вадзянога царства. А з берага даносяцца здзеклівыя галасы:

— Што, струсіў? Стоп матор? Гані трыццаць капеек, гер-рой. Чуеш?

Васька — не абзываецца. Бровы сярдзіта сыходзяцца на пераноссі. Хай не думаюць, што ён вагаецца... Ён паплыве. Зараз жа. Вось толькі прыкіне, як лепш плыць. Да другога берага яшчэ далекавата. І вада пакуль стаіць вялікая — лета ж толькі пачынаецца. На сярэдзіне ракі плынь хуткая, абавязкова аднясе ўбок, як моцна ні грабі...

— Ага, струсіў, струсіў,— падражніваюць хлапчукі з берага.— Хвалько!

Рашуча расхінаючы перад сабой гарлачыкі, не азіраючыся, Васька кіруецца да глыбокага. Вада прымае яго ў абдымкі, але не так гасцінна, як раней. Ён не адчувае той першароднай радасці ад пругкай халаднаватай вады, той незвычайнай лёгкасці, якая з’яўляецца ў целе, калі робіш першыя сажонкі. Зыркае сонца бязлітасна б’е ў твар, дробныя хвалі блішчаць, гушкаюцца ля самых вачэй. Усе думкі, усе жаданні Ваські засяроджаны цяпер на адным: адолець плынь, дабрацца да плыткага месца. Ды цяжка. Ён забірае ўправа, а яго адносіць назад. Часам здаецца, што ён наогул не прасунуўся ні на адзін сантыметр уперад. Рукі дзеравянеюць, шыя ад напружання ные, перахоплівае дыханне, аж страшна... Упершыню Васька думае, што можа ўтапіцца. І чамусьці прыгадваецца, як раніцай маці паабяцала купіць транзістарны прыёмнік. Такі ж, як у Антона, у чорным пластмасавым корпусе, з бліскучай антэнкай... І так шкада Ваську гэтага транзістара, якога, напэўна, ужо ніколі не ўбачыць яму! Так шкада маці і сябе, што нават слёзы набягаюць на вочы... А можа, легчы на спіну, так, як дарослыя робяць, адпачыць? Перавярнуўся —не атрымалася ў яго, сербануў вады. Ён зусім разгублены. Зноў упарта штурхае пад сябе пругкія, вязкія, як тая смала, хвалі. А пясчаны бераг усё яшчэ далёка. Так далёка... Здранцвелыя рукі ледзьве варушацца. Не, усё — болей ён не здолее трымацца на паверхні. Захлынецца. Аніякай надзеі. Знясіленая Васькава нага які раз апускаецца ўніз, падсвядома шукаючы дно, і раптам... нібыта чыркае па пяску.

Падалося? Няўжо падалося? Ды не, не, сапраўднае дно! Хай глыбакаватая вада, па самыя вушы, хай імкліва падмывае пясок пад падэшвай, але ж ён стаіць, стаіць!

Адразу прыбаўляецца сіл у Ваські... Некалькі ўпартых рухаў наперад, і вось ужо ўзбіваецца ён на травяністую купіну, дзе вада нават і плеч не закрывае, і бокам — паволі, вобмацкам, яшчэ не верачы ў сваё выратаванне,— вельмі асцярожна сунецца да берага.

Васька не памятае, як выпаўзае на бераг, як падае ніцма ў гарачы пясок, які, бы прысак, апякае яго знясіленае цела. Ён ляжыць нерухома мінуту, другую... Але раптам Васькавы плечы пачынае дробна калаціць ад безгалосага, амаль бязгучнага плачу. Гэтак яшчэ ніколі не даводзілася яму плакаць — і з горыччу, і з палёгкай, і з крыўдай, і з невыказным пачуццём перамогі... Потым, прыўзняўшыся, ён доўга пазірае на той бераг, дзе засталіся хлапчукі, і ў яго заплаканых вачах — ціхая бясконцая ўрачыстасць...

— Э-гей! — крычыць ён тонкім голасам.— Хлопцы-ы!

Хай не чуюць там хлапчукі... Хай не бачаць, як, адпачыўшы, ён зноў заходзіць у ваду і плыве назад. Цяпер не ў іх справа. Зусім не ў іх...

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан