epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Надвячоркам

Цёплыя чэрвеньскія надвячоркі. Нейкае незвычайна мяккае, лёгкае паветра вісіць над зямлёй. Здаецца, яно, гэтае паветра, ахоплівае цябе ўсяго і нясе, нясе невядома куды... Можа, у далёкі свет твайго дзяцінства — знаёмымі дарогамі, за срэбную стужку ракі, у напоеныя салодкім водарам разнатраўя лугі. Можа, туды, дзе як бы зусім блізка, за цёмнай шчоткай садоў усё яшчэ кубліцца, сонна бліскаючы агеньчыкамі, вёсачка... Адтуль далятаюць нават асобныя гукі, прыглушаныя адлегласцю. І зусім выразна — музыка...

Мы сядзім на балконе. І нязвыкла, нават дзіўна, у гэтай ціхамірнасці чуць устрывожаны голас маёй цёткі Анелі:

— Вы мне даруйце, што так позна да вас... Не хацела ўжо ісці, непакоіць, ды так надумалася, так сэрца маё растрывожылася, што месца сабе не знаходжу... Пайду, думаю, да цябе, Хведзька, раскажу ўсё. Каб толькі спаць не клаліся...

Жонка супакойвае: і не збіраліся яшчэ. Якраз добра, пасядзім разам. Шкада ў такі вечар спаць.

Ды ўрэшце мы ж заўсёды радыя, калі яна зойдзе — адна цётка ў мяне тут, у горадзе. Даўно ўжо забраў яе да сябе сын Віктар — з тае пары, як вывучыўся лётаць на самалёце. І колькі ўжо гадоў жыве ў яго маці, але вясковых звычак не губляе. Любіць часта наведваць знаёмых, родзічаў. Любіць успамінаць. Прыйдзе — абавязкова «гасцінца» прынясе. «Ды навошта вы, цётка Анеля, яечкі прынеслі? У нас жа ёсць...» — не вытрымае, скажа жонка. «А мне ўсё роўна, ёсць у вас ці няма. Я ўнучцы прынесла». Паспрабуй растлумач ёй што-небудзь. У яе свой погляд на рэчы. Але так мне прыемна бачыць яе, нетаропкую, разважлівую, зычлівую...

— Ну, што ж у вас там здарылася? — першым парушаю я маўчанне. І жартую: — З нявесткай нелады?

Цётка Анеля нібы і не чуе жарту. Пазірае некуды ўбок, нарэшце пытае:

— Ці помніш ты майго Захара, Хведар?

— Адкуль жа мне яго помніць? Я яшчэ, напэўна, пад стол хадзіў, калі ён на вайну пайшоў.

— І то ж праўда, што гэта я, дурная, пляту... Адкуль табе яго помніць? Ты, мабыць, нават не помніш, як і пахавальную даслалі... Дык вось, паслухай, пляменнічак, што я табе зараз скажу: Захар — жывы!

— Што?!

— Жывы, жывы. Адшукаўся...

Цётка Анеля, абапёршыся на поручні балкона, пільна пазірае на нас з жонкай.

— Я даўно гэта адчувала... І вам казала: недарэмна ён мне сніцца. Не павінен быў загінуць!

Ашаломлены, не адразу я знаходжу патрэбныя словы. Потым усхвалявана накідваюся з першымі пытаннямі: хто сказаў пра дзядзьку Захара, хто яго бачыў ці, можа, пісьмо аднекуль прыслаў?

— Не-е, пісьма не прыслаў,— уздыхаючы, ужо больш спакойна тлумачыць цётка Анеля.— У тым і справа, што не прыслаў пісьма. Тут увесь і сакрэт... А жыве ён на Украіне. У адным горадзе. Запарожжы ці... Задарожжы? Віцька мой туды лётаў. Тамачка і сустрэў яго... Копія, кажа, бацька! Як на фотакартачцы... На эледроме працуе. І ўсё нібыта супадае. І хвамілія наша — Вусовіч, і завуць так... Вось толькі малады не па гадах. Дык яны ж усе Вусовічы маладжавыя...

— І дагэтуль дзядзька Захар маўчаў? Не можа быць такога!

— А чаму не можа быць? Можа. Усё можа... Мы ж у бежанцах былі, пасля вайны не адразу вярнуліся на Гомельшчыну. Пашукаў — не знайшоў нас, паехаў блукаць сабе...

Цётка Анеля ражком хусткі выцірае вочы. Жонка спачувальна абдымае яе за плечы, узрушана раіць:

— Абавязкова вам трэба з’ездзіць у той горад. Заўтра збірайцеся і едзьце. Можа, грошы трэба? Мы дамо... Едзьце!

Але ж цётка Анеля задуменна ківае галавой і раптоўна кажа:

— Не паеду я, дачушка...

— Як?! Чаму?

— Чаго мне туды ехаць? А можа, гэта і не мой Захар? Навошта ж мне яго двойчы хаваць. А калі і Захар? Дык у яго, пэўна, там новая сям’я. І тое жыццё, што было паміж намі,— не вернеш. Сыноў я, дзякуй богу, і сама пагадавала. Што ім цяперака бацька? Самі бацькі...

Маўчу, уражаны мудрасцю слоў старой, маўчу і таму, што зусім не ведаю, як суцешыць цётку Анелю. І яна доўга нічога не кажа мне. Падпёршы галаву рукой, нібы ўзіраецца ў зялёнае месячнае неба, шукае там нешта паміж жаўтлявых воблачкаў.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан