epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Не без таго...

Я страціў сон. Я стаў зласлівы, як самы звычайны неўрастэнік... Сорамна прызнацца, нават падумаў аб самагубстве: ці варта жыць, калі кожны дзень жывеш пад страхам, што нешта ў цябе на працы не так, што нешта ты недарабіў... Лепш ужо налажыць на сябе рукі, і з усімі пакутамі будзе скончана! І гэта раз і назаўсёды.

Здаралася, я нават уяўляў, як работнікі нашага статыстычнага ўпраўлення ў тужлівым маўчанні ідуць за маёй труной. Жалобна гучыць пахавальная музыка. Калегі шэптам перагаворваюцца і адзначаюць мае заслугі: прапрацаваў без адзінай вымовы, быў добрым сем’янінам і таварышам... Шкадуюць, што я так рана памёр і гнеўна паказваюць пальцамі на аднаго чалавека ў чорным.

— Гэта ён вінаваты! З-за Глоткіна памёр наш мілы Аляксандр Барысавіч...

У такія хвіліны, калі маё ўяўленне жыва малявала гэтую карціну, боль і пякучая нянавісць да Глоткіна ахоплівалі мяне. Я праклінаў той дзень і гадзіну, калі ўпершыню пакрытыкаваў Глоткіна на вытворчай нарадзе за нейкія грахі...

О, калі б я толькі ведаў, што за гэтую крытыку Глоткін не дасць мне спакою цэлы год! Калі б я ведаў, які помслівы ён чалавек,— і валаска не крануў бы на яго лысай галаве. З таго часу ніводнага сходу не праходзіць, каб Глоткін не крытыкаваў мяне, а я Глоткіна... А што застаецца рабіць? Трэба неяк абараняцца. Хаця, калі быць шчырым, амаль усё, што гаворыць пра мой аддзел Глоткін — чыстая праўда. І працуюць мае статыстыкі не вельмі. І зводкі падаём несвоечасова, і п’янкі калектыўныя бываюць...

Усё гэта праўда. Але ж нельга так! Я — не каменны і не магу маўчаць, калі закранаюць мой аўтарытэт! Хай я нават самы дрэнны працаўнік...

З Глоткіным мы даўно ўжо не размаўляем. Сустрэнемся ў гардэробнай — ківок галавы, і ўсё. У буфет я іду толькі тады, калі няма там Глоткіна. Адным словам, паміж намі разарваны ўсякія дыпламатычныя адносіны. Бяда толькі ў тым, што цярплю больш за ўсё я — мой статыстычны аддзел бюджэту працуе горш, чым аддзел Глоткіна... На кожную вытворчую нараду я іду з такім пачуццём, як французскі кароль на эшафот: баюся! Глоткіна баюся, крытыкі яго баюся...

Сёння — панядзелак. І зноў у нас вытворчая нарада. Дзевяць гадзін. Заходжу ў кабінет начальніка. Адчуваю, як ад хвалявання перасыхае ў роце. Зараз выступіць наш начальнік. Пачнуцца спрэчкі. Возьме слова і Глоткін... Вунь ён сядзіць у кутку каля тэлевізара і толькі выгляд робіць, што разглядае свае кашчавыя сінія рукі, а на самой справе мяркуе, як даканаць мяне.

Я кручуся, трывожна азіраюся па баках. І ў гэты самы момант начальнік пытае:

— Ну, хто пачне спрэчкі? Можа, ты, Аляксандр Барысавіч?

Устаю. Злы, як тыгр: пачакай, Глоткін, зараз ты атрымаеш сваю порцыю крытыкі... Не чакай літасці! Я...

Я гляджу на Глоткіна, і раптам незвычайнае пачуццё жалю ахоплівае мяне: Глоткін, той самы Глоткін, які яшчэ хвіліну назад кідаў на мяне пагардлівыя позіркі, сядзіць, нізка апусціўшы галаву, і бездапаможна выцірае хусцінкаю лоб, вочы. Няўжо ён плача? О, божухна...

— Таварышы! Мне хацелася б сказаць аб рабоце аддзела, які ўзначальвае Глоткін.

Ну, канечне, яны ўсе, мае калегі, чакаюць, што я расчыхвошчу Глоткіна як мае быць. Прывыклі!

— Таварышы, я, гэта самае, хачу сказаць, што сёлета аддзел Глоткіна працуе значна лепш, чым у мінулым...

Не, вы не ўяўляеце, што было далей! Я, я хваліў Глоткіна за старанную працу...

У кабінеце — цішыня. Муха праляціць — чутно. І вось не паспеў я сесці — ускочыў Глоткін і трубіць сваім аглушальным басам на ўвесь кабінет, які я здольны працаўнік, які прынцыповы і чулы, што калі б былі ўсе такія, як я, то наша ўпраўленне стала б самым перадавым...

Пасля нарады мы з Глоткіным на вачах усяго калектыву моцна абняліся і расцалаваліся.

Затым я запрасіў Глоткіна да сябе на імяніны дачкі...

З таго дня сон зноў вярнуўся да мяне. Зніклі кашмары і думкі пра самагубства. На душы — спакойна, на службе — таксама. Я больш не крытыкую Глоткіна за недахопы ў рабоце, Глоткін — не крытыкуе мяне. Хіба толькі іншы раз пахвалім адзін аднаго... Не без таго!

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан