epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Не клюнула

Калі мы, навасёлы, даведаліся, што падключэнне тэлефонаў у новым жылым квартале пачнецца не з нашага дома, то вельмі засмуціліся. Доўга чакаць тэлефона давядзецца. Але тут здарылася непрадбачанае. Неяк раніцай зазірнуў да нас тэхнік з тэлефоннай станцыі — невысокі, шчуплы хлапчына ў блакітнай кашулі, з чамаданчыкам. Ён папрасіў у нашага суседа табурэтку, вынес яе на лесвічную пляцоўку і пачаў поркацца ў нейкай маленькай скрыначцы над дзвярамі кватэры Сямідзедава. А мы стаялі на пляцоўцы і хорам упрошвалі майстра паставіць нам тэлефоны.

— Нічога, таварышы, не будзе,— спакойна ўсміхаючыся, адказваў майстар.— Пачакайце крыху, і да вас чарга дойдзе... Пачакайце!

А каму гэта хочацца чакаць немаведама колькі дзён? Нікому! Надакучыла і ўгаворваць незгаворлівага майстра. Мы пачалі ўжо злавацца. Але раптам нехта асцярожна крануў мяне за плячо і таямніча, па-змоўніцку прашаптаў:

— Хутчэй ідзіце да Сямідзедава...

Нібы вецер змёў маіх суседзяў з лесвічнай пляцоўкі. Я апошні пралез у прыадчыненыя дзверы кватэры Сямідзедава і пачуў:

— ...Не ўстаіць! Ведаю я іх, малакасосаў... Возьме і сёння ж паставіць усім нам тэлефоны ды яшчэ і дзякаваць будзе! Не мы яму, а ён нам. Дык хто яшчэ не даваў грошы?

Я скеміў, чаго ад мяне чакаюць, і паклаў свой рубель на стол. Сямідзедаў згроб грошы, урачыста падаў іх Нінцы Засолкінай, што жыве на нашай пляцоўцы.

— Трымай! І ўручы далікатна тэхніку. Клюне! Нідзе не дзенецца.

Ціхенька рыпнулі дзверы. Засолкіна выйшла на лесвічную пляцоўку, а мы прыліплі да замочнай шчыліны, наглядаем.

— Ну, як там?

— Усміхаюцца...

— Што яшчэ?

— Размаўляюць...

— Што яшчэ?

— Тэхнік збіраецца ісці...

— Зараз яна павінна сунуць яму грошы...

— Ой, грошы ўпалі!

— Куды?!

— Яму пад ногі...

— Цудоўна! Усё ідзе па плану. Возьме грошыкі і зразумее што да чаго. Падняў?

— Падняў...

— Паклаў у кішэню?

— Ды не яшчэ... Суе іх Нінцы.

— Ламаецца. Нічога, возьме. Я ў гэтых справах сабаку з’еў. Знаем мы іх! Яшчэ Нінку вечарам у рэстаран зводзіць.

— Узяў, узяў! Паклаў у кішэню...

— Вось гэтак лепш... Ну, што я вам гаварыў, дарагія мае суседзі? — радаваўся Сямідзедаў.— Грошы і жанчыны — выпрабаваны сродак. Любы спакусіцца... Так што будзем хутка званіць па тэлефоне...

— Дастаў запісную кніжку. Піша нешта.

— Ды напэўна распіску на атрыманне грошай... Дзівак! І так верым. Хай тэлефоны хутчэй ставіць...

— Нінка ідзе!

Увайшла Нінка. Яна пагардліва зірнула на Сямідзедава і павяла ўсіх на лесвічную пляцоўку. На дзвярах кватэры Сямідзедава вісела паперка: «Хто згубіў дзесяць рублёў, звяртацца да Мікалая Званочкава ў гарадскую тэлефонную сетку...»

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан