epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Не лезь у бутэльку...

Пісаць рэцэнзіі — не жартачкі. Семярым паабяцаў — аднаму напішы. Бо крытык у літаратуры, як на полі бою: каб выйграць, яму і стратэгію і тактыку ведаць трэба, вёрткім быць. Ёсць і ў мяне свае залатыя правілы.

Перш чым крытыкаваць, добранька падумай — каго ты збіраешся крытыкаваць. А то ж што атрымліваецца часам? Іншы маладзёнак ледзьве праклюнуўся, а ўжо, глядзіш, на ўвесь белы свет кукарэкае. Яму і тая кніжка не па душы, і тая не да спадобы, і Пятро Пятровіч нікчэмны празаік, і Іван Іванавіч да Пушкіна не дарос. А гэты ж Пятро Пятровіч, можа, рэдактар таўстога часопіса, а той Іван Іванавіч — яшчэ вышэй! А ён іх, нібы кацянят у малако, тыцкае, павучае. Ну, і... абрэжуць крыльцы малойчыку — не закукарэкае болей.

Дык вось мая парада найпершая: не чапай літаратурныя аўтарытэты. І, хоць свярбяць рукі, цярпі! Цярпенне, цярпенне і яшчэ раз цярпенне! Беражы свой талент, не лезь у бутэльку. Тваё табе застанецца. Выйдзе, скажам, Пятро Пятровіч на пенсію, а Іван Іванавіч спячэцца на пасадзе (з кім не здараецца!), тады і крытыкуй сабе ад пуза! Дзесяць, дваццаць адмоўных рэцэнзій пішы пра іх творы... Ніякіх непрыемнасцей!

Цяпер, значыць, як лепш крытыкаваць? І наогул, можа, давайце мы не будзем ужываць гэта незразумелае грэчаскае слова «крытыка»? Зрэшты, што ў нас, сваіх гучных слоў не хапае? Ёсць, ёсць слоўцы — і мякенькія, і салодзенькія, бы тыя варэнічкі, самі на язык просяцца...

Вось бы і артыкулы ўсе такія — ні дзёрзкага, крыўднага слова, ні дакору! Дык я і мяркую сабе — усё ж гэты грэчаскі тэрмін «крытыка» трэба скасаваць. Раз і назаўсёды. Замяніць сваім. Будзем казаць, напрыклад, не «аддзел крытыкі», а «аддзел сяброўскага слова»... Цудоўна, га? Можна прыдумаць, канечне, што-небудзь яшчэ больш мяккае і пяшчотнае, але справа гэта ўжо маладзейшых — галовы ў іх, дзякуй богу, свежыя, разумныя.

Не буду хаваць ад вас, ёсць цяперака пэўная думка — прынцыпова выяўляць недахопы ў мастацкіх творах, як кажуць, аналізаваць... (Цьфу, зноў грэчаскае слова!) Але навошта? Да чаго мы дакоцімся? Я яго кнігу расчыхвошчу, ён — маю, той — яшчэ чыю-небудзь. Гвалт, скандал! Так мы ўсе перасварымся, нервы перапсуём. А людзі ж і ў гадах сярод нас ёсць, да ціхенькага прызвычаіліся... Не, калі прыспічыла ўжо другому сказаць жорсткае слова пра маю новую кніжку, калі ласка, заходзь да мяне на кватэру, маралізуй. На такі выпадак і каньячок знойдзецца. Сядзем, пагутарым, спяём нават і — разыдземся добрымі сябрамі. Толькі не пішы ты на мяне абразы якой у часопіс... Заўсёды памятай мудрасць старажытных: сказанае — знікне, напісанае — застанецца...

Вось што я мяркую пра крытыку, браточкі мае. Не салодкі гэта хлеб, вядома. Але калі ля яе, крытыкі-матухны, з розумам — не падвядзе, а яшчэ нават — пракорміць!

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан