epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Нешта важнае

Я ішоў па тэрміноваму выкліку галоўнага інжынера трэста на нараду.

— Пачакай хвілінку! — пачуў за плячыма голас.— Хачу табе нешта важнае сказаць...

Азірнуўся — таварыш па службе наганяе, Іван Галаўня.

— Ледзь дагнаў... Фу ты! Здароў!

— Добры дзень, Іван. Чаго хочаш? Кажы хутчэй — спяшаюся ў адно месца.

— Нічога, нічога... Паспееш. Я зараз табе, як ёсць, усё скажу... Закурыць маеш? А-а, цыгарэтамі забаўляешся... А я, даражэнькі, на самасад думаю перайсці — больш моцны!

— Слухай, не затрымлівай, кажы аб справе...

— Справа, браток, важная! Калі б не важная — не спыняў бы. І вось як усё гэта сталася... Паслухай. Іду я, значыць, па вуліцы...

— Карацей, Іван. Няма часу.

— Зараз, зараз. Пацярпі крыху і пра ўсё даведаешся. Пытанне ж, можна сказаць, у першую чаргу цябе і датычыцца.

Іван Галаўня хітра прыжмурыўся, зацягнуўся цыгарэтай і, не звяртаючы ўвагі на маю нецярплівасць, гаварыў паволі:

— Дык вось... Іду я гэта вуліцай, сонейка так прыемна свеціць, ветрык цёплы твар лашчыць — іду, як раптам бачу... каго б ты думаў?

— Ты чалавек ці звер, Іван? Я ж спазнюся: пяць хвілін засталося!

— Ай, які гарачы! Ну, дык слухай. Сустрэў я, значыць, галоўнага інжынера трэста Пятра Пятровіча. Падышоў ён да мяне, прывітаўся... Бачу, нешта хоча сказаць...

— Што ж ён сказаў?

— А-а, зацікавіўся! Пачакай, зараз аб усім даведаешся. Дай яшчэ закурыць!

Але я зірнуў на гадзіннік і... пусціўся бегчы па вуліцы.

— Куды ж ты? Пачакай, дай дагаварыць...

Я пачуў за спіною тупат Іванавых ног і цяжкае сапенне.

— Пачакай... Пятро Пятровіч перадаваў, каб ты на нараду не спазніўся, бо нехта з міністэрства прыехаў! І яшчэ казаў...

— Балбатун! — азірнуўшыся, крыкнуў я Івану і пагразіў яму кулаком.

Пасля гэтага Іван адстаў...

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан