epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Ноччу

Яна расплюшчыла вочы і не адразу зразумела, што яе разбудзіла... Прыслухалася. Але ўсё было ціха. На століку, паблізу, цікаў будзільнік. Стары будзільнік, з вялікімі рымскімі лічбамі. Святло месяца рабіла пакой зялёным. І жоўты цыферблат таксама. Толькі стрэлкі выразна чарнелі супраць лічбы «адзін»... Гадзіна ночы! Яна ўздыхнула, павярнулася на другі бок. І тут убачыла, што яго няма побач, што адна палавінка дзвярэй у суседні пакой, дзе спяць дачка і ўнук, прыадчынена...

Яна паспешліва, з трывогаю, устала з ложка, намацала нагамі шлёпанцы і, стараючыся не шумець, асцярожна прасунулася ў прыадчыненыя дзверы...

Тое, што яна ўбачыла, вельмі напалохала яе: схіліўшыся, ёв стаяў, доўгі і страшны, над ложкам унука... Увесь нейкі зялёна-блакітны... Стаяў і нешта рабіў худымі даўжэзнымі рукамі. Яе спалохалі гэтыя рукі. Што ён робіць?! У соннай галаве мільганулі самыя неверагодныя думкі... Падаўшыся ўперад, яна ўжо збіралася крыкнуць. Так, каб разбудзіць усіх у хаце - дачку, унука... З гэтым дзікім крыкам яна гатова была кінуцца да яго і абараніць ні ў чым не вінаватае дзіця. Перад вачыма былі тонкія рукі, знаёмыя і страшныя рукі...

Але яна не крыкнула... Жах у яе вачах раптам змяніўся здзіўленнем. Яна недаверліва глядзела на рукі. Глядзела і адчувала, як раўней б'ецца яе сэрца. Усё яшчэ насцярожана, яна сачыла за кожным іх рухам. А рукі - дрыжалі. Але жэсты былі мяккія, пяшчотныя. Доўгія і сухія, як сукі, пальцы бясшумна і ласкава папраўлялі дзіцячую коўдрачку... Яны толькі папраўлялі!

Маўклівая, яна стаяла ўсё там - ля дзвярэй. І ўжо з цікавасцю назірала за ім. Цяпер ёй было крыху сорамна за свой ранейшы жах. Ёй не верылася, казачнымі здаваліся і гэтыя рукі, і гэты незвычайна мяккі, палагаднелы твар старога, заліты цьмяным святлом...

Яна падумала, што век пражыла з ім і, магчыма, не зусім добра ведала яго характар. Часам і не ўгадаеш, чаго ён хоча. Асабліва ўчора. Такі раз'юшаны ён яшчэ ніколі не быў. Дачкі, што прыехала з вячэрнім цягніком, не захацеў нават бачыць. «Хай пераначуе і выбіраецца! Хай жыве, як хоча!» - крычаў ён. Нібыта яна, нябога, у чым вінавата. Так здарылася... Нарадзіла ім унука. А хто яму бацькам даводзіцца - не кажа. Ёсць унук і няма зяця. Таго зяця, аб якім стары заўсёды марыў і гаварыў суседу, калі быў у добрым настроі:

- Кажаш, хату ладзіць трэба? Трэба... Трэба, браток, подрубы мяняць. Але я ўжо не здолею... Хай зяцёк ужо рамонты робіць, яму тут жыць!

І ёй стала шкада яго. Шкада ягоных дрыготкіх рук, шчаціністага твару, на якім, здавалася, блішчалі слёзы... Ёй самой хацелася плакаць. Але яна не заплакала. «Я зараз жа вярнуся ў спальню, - рашыла яна. - Так, каб ён не заўважыў. Нельга, каб ён заўважыў...»

І ўсё ж, калі ён праз некалькі хвілін увайшоў у спальню і стаў асцярожна ўкладвацца ў ложак, яна не вытрымала і спытала:

- Дзе гэта ты быў?

Ён рэзка павярнуўся да яе:

- А ты што... даўно не спіш?

- Ды не, я толькі прачнулася, - зманіла яна, каб яго супакоіць. - Нешта холадна...

- Гэта праўда, холадна, - трохі счакаўшы, сказаў ён. - Я выходзіў на двор - стынь, зямля ў інеі... Холадна.

- У нас яшчэ ў спальні тут нічога, а вось у суседнім пакоі...

Яна хацела дадаць - «дзе спіць дзіця», але не сказала, пабаялася.

І ўсё ж ёй здалося, што ён зразумеў яе.

- І там холадна, і тут не горача, хата старая, пераканапачваць трэба, - ужо нейкім другім, трывожным голасам прагаварыў ён. - Ты спі, спі...

Нацягнуўшы коўдру да самых вачэй, яна зрабіла выгляд, што спіць. Старалася дыхаць спакойна і роўна. І хутка сапраўды задрамала. Ужо праз сон чула, як ён зноў устаў, як рыпнулі дзверы, як бразнула юшка ў коміне. Але цяпер яе гэтыя гукі чамусьці не трывожылі.

Раніцою яна ўстала, як заўсёды, недзе а пятай гадзіне. Але яго побач ужо не было. За сцяной, на дрывотні, чуваць былі ўдары сякеры... Яна здзівілася - што гэта ён там можа рабіць у такую рань? І тут жа заспяшалася ў пакой да дачкі і ўнука. Цёплая хваля паветра прыемна кранула яе заспаны твар, ледзь толькі яна адчыніла дзверы. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Яна паспешліва падышла да грубкі і, нібы не верачы, прагна прыціснула свае шурпатыя далоні да гарачых цаглін...

Потым, радасна ўсміхаючыся, прыслухалася: у двары ўсё яшчэ раздаваліся глухія ўдары сякеры - ён калоў дровы. Тыя самыя дровы, што гарэлі ў грубцы, ад якіх ішло гэтае цяпло.

 

1962 г.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая