epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Ноччу

Яна расплюшчыла вочы і не адразу зразумела, што яе разбудзіла... Прыслухалася. Але ўсё было ціха. На століку, паблізу, цікаў будзільнік. Стары будзільнік, з вялікімі рымскімі лічбамі. Святло месяца рабіла пакой зялёным. І жоўты цыферблат таксама. Толькі стрэлкі выразна чарнелі супроць лічбы «адзін»... Гадзіна ночы! Яна ўздыхнула, павярнулася на другі бок. І тут убачыла, што яго няма побач, што адна палавінка дзвярэй у суседні пакой, дзе спяць дачка і ўнук, прыадчынена...

Яна паспешліва, з трывогаю ўстала з ложка, намацала нагамі шлёпанцы і, стараючыся не шумець, асцярожна прасунулася ў прыадчыненыя дзверы...

Тое, што яна ўбачыла, вельмі напалохала яе: схіліўшыся, ён стаяў, доўгі і страшны, над ложкам унука... Увесь нейкі зялёна-блакітны... Стаяў і нешта рабіў худымі даўжэзнымі рукамі. Яе спалохалі гэтыя рукі. Што ён робіць?! У соннай галаве мільганулі самыя неверагодныя думкі... Падаўшыся ўперад, яна ўжо збіралася крыкнуць. Так, каб разбудзіць усіх у хаце — дачку, унука... З гэтым дзікім крыкам яна гатова была кінуцца да яго і абараніць ні ў чым не вінаватае дзіця. Перад вачамі былі толькі рукі, знаёмыя і страшныя рукі...

Але яна не крыкнула... Жах у яе вачах раптам змяніўся здзіўленнем. Яна недаверліва глядзела на рукі. Глядзела і адчувала, як раўней б’ецца яе сэрца. Усё яшчэ насцярожана, яна сачыла за кожным іх рухам. А рукі — дрыжалі. Але ж жэсты былі мяккія, пяшчотныя. Доўгія і сухія, як сукі, пальцы бясшумна і ласкава папраўлялі дзіцячую коўдрачку... Яны толькі папраўлялі!

Маўклівая, яна стаяла ўсё там — ля дзвярэй. І ўжо з цікавасцю назірала за ім. Цяпер ёй было крыху сорамна за свой ранейшы жах. Ёй не верылася, казачнымі здаваліся і гэтыя рукі, і гэты незвычайна мяккі, палагаднелы твар старога, заліты цьмяным святлом...

Яна падумала, што век пражыла з ім і, магчыма, не зусім добра ведала яго характар. Часам і не ўгадаеш, чаго ён хоча. Асабліва ўчора. Такі раз’юшаны ён яшчэ ніколі не быў. Дачкі, што прыехала з вячэрнім цягніком, не захацеў нават бачыць. «Хай пераначуе і выбіраецца! Хай жыве, як хоча!» — крычаў ён. Нібыта яна, нябога, у чым вінавата. Так здарылася... Нарадзіла ім унука. А хто яму бацькам даводзіцца — не кажа. Ёсць унук і няма зяця. Таго зяця, аб якім стары заўсёды марыў і гаварыў суседу, калі быў у добрым настроі:

— Кажаш, хату ладзіць трэба? Трэба... Трэба, браток, падрубы мяняць. Але я ўжо не здолею... Хай зяцёк ужо рамонты робіць, яму тут жыць!

І ёй стала шкада яго. Шкада ягоных дрыготкіх рук, шчаціністага твару, на якім, здавалася, блішчалі слёзы... Ёй самой хацелася плакаць. Але яна не заплакала. «Я зараз жа вярнуся ў спальню,— рашылася яна.— Так, каб ён не заўважыў. Нельга, каб ён заўважыў...»

І ўсё ж, калі ён праз некалькі хвілін увайшоў у спальню і стаў асцярожна ўкладвацца ў ложак, яна не вытрымала і спытала:

— Дзе гэта ты быў?

Ён рэзка павярнуўся да яе:

— А ты што... даўно не спіш?

— Ды не, я толькі прачнулася,— зманіла яна, каб яго супакоіць.— Нешта холадна...

— Гэта праўда, холадна,— трохі счакаўшы, сказаў ён.— Я выходзіў на двор — стынь, зямля ў інеі... Холадна.

— У нас яшчэ ў спальні тут нічога, а вось у суседнім пакоі...

Яна хацела дадаць — «дзе спіць дзіця», але не сказала, пабаялася.

І ўсё ж ёй здалося, што ён зразумеў яе.

— І там холадна і тут не горача, хата старая, пераканапачваць трэба,— ужо нейкім другім, трывожным голасам прагаварыў ён.— Ты спі, спі...

Нацягнуўшы коўдру да самых вачэй, яна зрабіла выгляд, што спіць. Старалася дыхаць спакойна і роўна. І хутка сапраўды задрамала. Ужо праз сон чула, як ён зноў устаў, як рыпнулі дзверы, як бразнула юшка ў коміне. Але цяпер яе гэтыя гукі чамусьці не трывожылі.

Раніцою яна ўстала, як заўсёды, недзе а пятай гадзіне. Але яго побач ужо не было. За сцяной, на дрывотні, чуваць былі ўдары сякеры... Яна здзівілася — што гэта ён там можа рабіць у такую рань?

І тут жа заспяшалася ў пакой да дачкі і ўнука.

Цёплая хваля паветра прыемна кранула яе заспаны твар, ледзь толькі яна адчыніла дзверы. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Яна паспешліва падышла да грубкі і, нібы не верачы, прагна прыціснула свае шурпатыя далоні да гарачых цаглін...

Потым, радасна ўсміхаючыся, прыслухалася: у дварэ ўсё яшчэ раздаваліся глухія ўдары сякеры — ён калоў дровы.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан