epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пах яблыкаў

Ужо некалькі гадзін запар сыпаў дробны, надакучлівы дождж. Такая выдалася восень — халодная і змрочная... І ён з палёгкай уздыхнуў, калі нарэшце да прыпынку падкаціў аўтобус. Ён ускочыў у аўтобус і адразу ж сеў на свабоднае месца каля нейкай дзяўчыны. Ён бы і не звярнуў на яе абсалютна ніякай увагі і за ўсю дарогу не вымавіў бы ніводнага слова, але раптам яго шырокія моцныя ноздры заварушыліся, прагна пацягнулі паветра, і ён з радаснай упэўненасцю сказаў:

— Пахне... яблыкамі.

Дзяўчына нетаропка павярнулася да яго. Твар яе быў зусім юны, прадаўгаваты, з крышку кірпатым носам і шэрымі смяшлівымі вачамі. Над высокім ілбом з-пад капюшона дажджавіка выглядвала лёгкае воблачка рэдкіх светлых валасоў. І ў гэтых валасах-павуцінках яшчэ блішчалі малюсенькія кропелькі дажджу. Ад маўклівага позірку суседкі ён адразу стушаваўся. Але дзяўчына скоранька схілілася над шэрым сакваяжам, што стаяў у яе на каленях, і, нічога не кажучы, толькі мякка ўсміхаючыся, дастала і працягнула буйны чырванабокі яблык.

— Каму? — разгублена азіраючыся, спытаў ён.— Мне?!

— Вам...

— Ну, калі так, дзякуй,— абрадаваўся ён, як дзіця.— Такі вялікі яблык...

Ён сапраўды быў з добры кулак, сакавіты, свежы, гладзенькі. Дзе-нідзе на жаўтаватай вільготнай паверхні ўжо свяціліся ізумрудныя мецінкі — пахучая антонаўка налівалася. Ён трымаў яблык на далоні і зачаравана пазіраў на незнаёмую дзяўчыну. Такое мілае дзяўчо. І ўжо неяк без асаблівай цяжкасці, лёгка і весела загаварыў з ёй, даведаўся, што яна студэнтка, што вяртаецца з прыгараднага саўгаса, куды кожны дзень яны ездзяць — абіраць яблыкі. Яна ціхенька гаварыла, і яму ўсё больш і больш хацелася чуць яе грудны, прыглушаны голас і ўважліва пазіраць у ласкавыя шэрыя вочы, і ўстаўляць у размову нейкія нечаканыя для яго самога жартаўлівыя пытанні. Цяпер ён не звяртаў аніякай увагі на аўтобусную мітусню і ніколькі не бянтэжыўся, калі лавіў на сабе насмешлівыя позіркі пажылых жанчын. Дзіўна: яму здавалася, што недзе ён ужо бачыў і чуў гэтую дзяўчыну, што некалі з ім ужо было такое, ну, можа, толькі не ў аўтобусе, але было, і тады таксама востра пахлі мёдам яблыкі і так вось гулка білася сэрца. Дзякуй богу, знаёмства ён заўсёды заводзіў лёгка і проста.

— Ну, мне пара,— сказала дзяўчына і, зашамацеўшы абсохлым дажджавіком, пачала прабірацца да выхада.

А ён мог паклясціся, што і гэтыя кароткія развітальныя словы ўжо чуў раней.

Праз некалькі прыпынкаў сышоў і ён сам пад цьмяны жоўты ліхтар вуліцы. Імжэў той жа халодны дождж. Але адчуванне неспадзяванай радасці не пакідала яго, пакуль ён шлёпаў па лужынах, паднімаўся па лесвіцы ў сваю кватэру. З загадкавай усмешкай на губах ён адчыніў дзверы і пачуў, як дробна-дробна строчыць швейная машынка.

— Гэта ты? — пачуўся глухі голас жонкі.— Што там у цябе ў руцэ?

Швейная машынка заціхла.

— Яблык...

— Цвёрды, мабыць. Здзяры мне яго на цёрку. Вунь кашаль... сёння б’е мяне...

Ён разгублена патаптаўся на месцы, нібы нешта шукаючы вакол сябе, чагосьці чакаючы. Але зноў застрачыла машынка.

І ён пакорліва пайшоў на кухню, узяў тарку...

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан