epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пацейка — гэта я...

Споведзь крытыка

 

Сумныя ўспаміны пра мінулае заўсёды прымушаюць задумацца... Варушацца думкі-хмурынкі ў галаве, ды раптам сонечныя зайчыкі замігцяць, і радасна гэтак сэрцу стане. Вунь якіх вышынь дасягнуў, вунь як прыгожа сігануў... у літаратуру! Вы ж, напэўна, «Нарысы крытычнай думкі» І. А. Пацейкі чыталі? Не? Ну, усё роўна, Пацейка — гэта я. А пачынаў жа...

З вершаў, з вершаў пачынаў, даражэнькія вы мае. Божачка, колькі бяссонных начэй, колькі пакут яны мне каштавалі!

 

У лукоморья дуб зеленый,

Златая цепь на дубе том...

 

Не, гэта, здаецца, не мае... Ды ўсё роўна, хай сабе. І ў мяне, мажліва, такія былі. І я нейкія санеты друкаваў — пакуль Мышэвіч не пачаў на іх рэцэнзіі кляпаць... Ах, як ён мяне чыхвосціў! Ах, вяпрук куслівы, як жа грыз... Не паспею я нізачку вершыкаў змясціць — ён тут як тут: Пацейка здольнасцей не выяўляе! Каб цябе... з тваімі здольнасцямі. Крывёю маё юнацкае сэрца аблівалася, ніякага паратунку не было... І прасіўся ў яго, і ў рэстараны вадзіў-частаваў... Не дапамагло. Абраза за абразай, таўчэ і таўчэ.

Аднойчы давёў-такі... Хочаце верце, хочаце не, а рашыў я самагубствам скончыць. Як цяпер памятаю, сеў за пісьмовы стол, паклаў перад сабой стосік з’едлівых Мышэвічавых рэцэнзій, а слёзы — кап-кап на паперу... Кап-кап... Бяры, злыдзень, жыццё маладога паэта, забірай, еш, пракляты Дантэс!

І тут раптам як бы нейкая маланка пранеслася ў маёй беднай галаве, нейкі страшэнны гнеў апёк маё пакутлівае сэрца... Аж заенчыў ад злосці: «Не, на гэты раз не выйдзе ў цябе, Мышэвіч-Дантэс! Не той час...» Схапіў ручку і за адну кароткую маёвую ноч напісаў рэцэнзію на рэцэнзіі гэтага самага... Мышэвіча-Дантэса. О, які атрымаўся артыкул! З’едлівы, востры, напорысты... Такіх я, здаецца, болей і не пісаў у жыцці. Занёс у газету — з рук вырвалі, надрукавалі. Нябачаны трыумф! І што ж вы думаеце? З таго жахлівага часу мой крытык як у рот вады набраў... Ні радочка пра мяне... пра мае вершы...

 

У лукоморья дуб зеленый,

Златая цепь на дубе...

 

Чакайце, чакайце, ці маё гэта? Чужога мне не трэба... Вось «Нарысы крытычнай думкі» І. А. Пацейкі чыталі? Не? Ну ўсё роўна... Пацейка — гэта я!

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан