epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Паездка ў Стайкі

Шасейка блішчыць на сонцы, адлівае срэбрам і заманліва, імкліва бяжыць роўнай стужкай наперад — на Чарнігаў, Кіеў... Туды, да вялікай ракі, памчаліся толькі што на сваіх вішнёвых «Явах» сябры, Антон і Міша. Іх не відно ўжо, расталі постаці ў зялёна-блакітным марыве на гарызонце. Але Аркадзь і не збіраецца даганяць зараз хлопцаў, рэзка тармозіць, спыняе матацыкл, упіраецца нагой у асфальт... І выгляд у яго такі, нібы ён яшчэ раздумвае, рашае, ці ехаць яму далей паміж халаднаватых алешнікаў, сухіх сасновых бароў і пахкіх лугавін-балацянак, ці збочыць тут жа на пясчаную палявую дарогу, да тых двух вёсачак, знаёмыя назвы якіх акуратна выпісаны на дошчачцы-паказальніку выцвілай фарбай: «Стайкі», «Глыбокае»...

Лёгка, размерана тахкае матор. Часта, неяк вельмі гулка ўторыць яму сэрца. Аркадзь хмурыць вочы, разгублена азіраецца па баках, нібы шукае нешта, нібы не можа зразумець, адкуль такая бурлівая хваля радасці ў грудзях... Ды што ж гэта сапраўды з ім? Аж дыхаць цяжка — як ад таго ветру, што ашалела б’е матацыклісту ў твар...

Запылены, стомлены, Аркадзь збягае з дарогі да раўчука, які булькае, цурчыць унізе паміж альховых карчоў і высокай асакі. Асцярожна апускаецца на мяккую дрыготкую купіну і прагна ўзіраецца ў жаўтавата-бурую ваду. І здзіўлена, шчасліва ўсміхаецца, бо бачыць на люстраной паверхні сябе — туга схопленыя скураной курткай дужыя плечы, шырокі кірпаты твар пад каскай... Ну, сапраўдны матацыкліст, такі, дакладна такі, як спартсмены на партрэтах у часопісах, якімі яшчэ ў школе захапляўся. Але тады ў яго быў толькі стары бацькоўскі веласіпед. З пагнутым рулём, з аблупленай рамай. І на гэтым веласіпедзе ён вазіў пасля ўрокаў з Глыбокага ў Стайкі аднакласніцу Зойку... І надаралася вельмі часта, што клееныя і пераклееныя камеры падводзілі ў дарозе. І ён смешна пыхцеў, збянтэжана накачваў іх дзе-небудзь пасярод васільковага жыта, а Зойка, гэтая бесклапотная Зойка, стаяла воддаль, задумліва кусала травінку і маўкліва пазірала ў той бок, адкуль беглі па жыце цёмныя і светлыя хвалі... Ды Аркадзю ўсе роўна здавалася, што Зойчын насмешлівы, крышачку здзіўлены позірк скіраваны быў толькі на яго. Але ён не злаваў. Ён не мог на яе злаваць.

Пырснуўшы ў твар халоднай вадой, такой халоднай, нібы і не было спякотнага ліпеня і не дымілася нагрэтая зямля, Аркадзь бадзёра ўскоквае на ногі і вяртаецца да матацыкла.

У Стайкі ён урываецца як вецер, імчыць па вуліцы, палохаючы санлівых курэй, пакідаючы ля хат зачараваных хлапчукоў, і, газуючы напрапалую, хвацка разварочваецца якраз насупраць крайняй хаты з чырвонымі аканіцамі... Колькі разоў Аркадзь уяўляў гэты шчаслівы момант! Тады, калі толькі адкладваў грошы на матацыкл. І тады, калі набыў яго і калі па загаду старога лейтэнанта аўтаінспекцыі круціў на асфальце мудрагелістыя «васьмёркі»... І цяпер вось усё адбываецца амаль так, як уяўляў: трашчыць, раве матацыкл, з акна трывожна выглядае пажылая жанчына, Зойчына цётка, здзіўлена пляскае рукамі, а праз хвіліну выскоквае ў двор і сама Зойка — у белай касынцы па самыя бровы, маленькая, моцненькая, загарэлая, як не чорная, радасная, зніякавелая... Падбягае і прагна, дапытліва пазірае на яго, ашаломленая нечаканасцю. Следам, прывычна кульгаючы, выплывае і тоўстая Пятроўна.

— Што ж ты стаіш, дзеўка, чаму госця не запрашаеш у хату? — густым голасам трубіць яна і бязгучна смяецца. Смяецца ўвесь яе ласкавы маршчыністы твар, шчыра і зычліва, аж дрыжаць пакатыя плечы пад сіняй кофтай.— А мы ж толькі з поля. Толечкі абедаць пачалі... І не гадалі, што такі госць прыкоціць...

«Такі госць» з асалодай цешыцца ўвагай да сваёй асобы, першымі хвілінамі сустрэчы і не спяшаецца злазіць з матацыкла. І толькі калі Зойка, спахапіўшыся, кранае яго за руку, ён пакідае матацыкл ля веснічак, а сам паважна крочыць за ёй вузкай сцяжынкай паміж пышных кустоў вяргінь і флёксаў, на хаду прыдумвае і тлумачыць, чаму заехаў: кніг папрасіць на час водпуску...

— А ты... у водпуск? — ціха пытаецца, нібы не верыць, Зойка, і шэрыя яе вочы загадкава блішчаць пад густымі вейкамі.

— А то як? У нас такі парадак на заводзе: адпрацаваў сваё — гуляй. Я і тое вунь затрымаўся колькі з водпускам — майстар папрасіў... Ды і хлопцаў сваіх са зборачнага чакаў: разам дамовіліся адпачываць на Сажы... Яны ўжо там, у сасняку на кручы, палаткі ставяць. Ох, і заядлыя рыбаловы! Гэта ж прашу іх: заедзем да маіх бацькоў спачатку. Дзе там! Потым кажуць, перш-наперш — на раку... Ну, а я — да вас... Яшчэ паспею ў сваё Глыбокае.

І ўвесь гэты час, пакуль Пятроўна цырымонна, як ніколі раней, з падкрэсленай павагай усаджвае Аркадзя за круглы стол з вышываным абрусам, заклапочана мітусіцца, бегае ў сенцы за маласольнымі агуркамі і вяндлінай, ставіць на стол шклянкі і бутэльку гарэлкі і ні то жартаўліва, ні то сур’ёзна называе яго «зяцем», а за перагародкай стукае шуфлядкамі камода, шамаціць сукенкай, прыбіраецца ўсхваляваная Зойка, Аркадзь расказвае... З выглядам бывалага чалавека, з нейкай найгранай весялосцю «травіць» пра сяброў, пра тое, што за цудоўныя хлопцы з ім працуюць ды колькі праз свае рукі штодзённа трактароў прапускаюць, ды якія прэміі атрымліваюць... І — вартыя: вунь нават у той далёкай Індыі хваляць «Беларусь»!

Гэтак гаворыць і гаворыць, толькі б не маўчаць. Ніякавата маўчаць зараз яму, не з рукі: са сталіцы ж прыехаў... Ён бы і рады суняцца ўжо, сам заўважае — гаваркі празмерна, але прысутнасць у хаце Зойкі, яе наіўныя і мілыя пытанні так бударажаць і падахвочваюць, што словы зноў зрываюцца з вуснаў нястрымным патокам...

Але вось Зойка паказваецца ў новай беласнежнай сукенцы... І, зачараваны, Аркадзь ужо не можа прамовіць ніводнага слова. Зойка садзіцца за стол, насупраць, побач мосціцца Пятроўна, выціраючы аб фартух рукі, гасцінна запрашае закусіць з дарогі.

— Ты што больш любіш, Гаўрылавіч,— як між іншым, цікавіцца цётка і налівае ў стограмовыя шклянкі,— віно ці гарэлку?

— Ні то, ні другое,— смяецца Аркадзь.

Ды, напэўна, для Пятроўны гэтае кароткае прызнанне вельмі важнае, таму што яе круглы жаўтаваты твар робіцца яшчэ дабрэйшы і яна жвава падхоплівае:

— Вось і мой чалавек такім быў самастаяцельным...

Яму што ёсць гарэлка, што няма — усё роўна. Хай яе, гарэлкі гэтай! Але ж некалі і без чаркі не абысціся, во хоць бы як зараз... Будзьце здаровенькія, дзеткі, ды шчаслівыя... Выпі, выпі, зяцёк!

Зойка толькі прыгублівае, не п’е, але Аркадзь не можа адмовіцца: «зяцёк» жа... Дзіўна, цяпер гэты незвычайны зварот амаль не бянтэжыць яго, толькі хвалюе і гучыць, нібы нейкая чароўная музыка. Ён таропка нюхае чорны хлеб, закусвае агуркамі і здзіўляецца, як ужо свабодна і лёгка адчувае сябе ў жаночай кампаніі. Цётка таксама робіцца гаваркой. Яна падрабязна распытвае аб жыцці-быцці ў сталіцы, цікавіцца наконт кватэры... І Аркадзь, улавіўшы раптам у гэтых цётчыных пытаннях нешта большае, чым звычайную цікаўнасць да жыллёвай праблемы, нейкі надзвычай прыемны для сябе намёк, зноў горача распісвае, колькі будуецца ў горадзе дамоў, колькі наваселляў спраўляюць рабочыя...

Ён нават не заўважае, як неўзабаве некуды знікае Пятроўна і яны застаюцца з Зойкай зусім адны... З гэтай хвіліны час для іх бяжыць так хутка і непрыкметна, і рэдкія словы, і само маўчанне напаўняецца такім глыбокім сэнсам, зразумелым сваёй патаемнасцю толькі ім, дваім, што, пачуўшы на вуліцы шум трактара, з жалем пазіраюць у адчыненае акно: там ужо ў надвячоркавым прыцемку густа сінее неба...

— Чуеш, наш спявае,— чамусьці шэптам гаворыць Зойцы Аркадзь, хоць думае цяпер не аб гэтым запыленым працаўніку-трактару, а зусім аб іншым.

Уваходзіць Пятроўна, Весела пазірае на іх. Аркадзь ловіць гэты позірк і разумее яго па-свойму: трэба ехаць, гасціннасцю не злоўжываць. Развітацца і ехаць. Вунь як хутка цямнее... Ды і дарога ў бацькаву вёску хоць не дужа і далёкая, але праз лес. Уздыхнуўшы, ён неахвотна ўстае, просіць прабачэння ў Пятроўны, дзякуе за пачастунак, зноў просіць прабачэння...

— Золатца ты маё, ды за што просіш прабачэння, за што так дзякуеш? — усміхаецца Пятроўна.— Які такі пачастунак? Кінь, не смейся... Няма за што дзякаваць. А вось з хаты мы цябе не пусцім. І не думай! Куды ж на ноч гледзячы ехаць? Лепш пераначуй — хата вялікая...

Голас у жанчыны рашучы, і Аркадзь не ведае, што яму рабіць. Ён бездапаможна топчацца на месцы, спрабуе пярэчыць ды ўжо адчувае, што гэтая яго празмерная ветлівасць тут зусім недарэчная, што і сам ён, урэшце, у душы даўно згодны з заманлівай цётчынай прапановай пераначаваць. Вось толькі як успрыме Зойка яго згоду, ці не раззлуецца?

Крадком ён пазірае на дзяўчыну і бянтэжыцца яшчэ больш: Зойка абыякава павярнулася да акна, нібы яе ніколькі не цікавіць размова...

— Як скажа Зойка, так і будзе,— раптам набіраецца смеласці Аркадзь.— Дазволіць — пераначую...

— А мы і пытацца ў яе не будзем,— жартаўліва перабівае Пятроўна.— Мы нават ложак у яе канхвіскуем — хай хоць раз з цёткай старой паспіць...

Пятроўна нырае за пераборку, дзе стаяць два ложкі, шумна возіцца там, чутно нават, як узбівае падушкі, потым вяртаецца і ласкава паведамляе:

— Ну, можаш, хлопец, класціся... На Зойчын ложак. А мы з ёй — удваіх...

Але Аркадзю не хочацца спаць, хоць і здарожыўся. Нейкае асаблівае пачуццё ўрачыстасці валодае ім. Ён не можа схаваць гэтага свайго настрою і радасны, узрушаны звяртаецца да Пятроўны:

— Цётка, можа, мы з Зойкай трохі яшчэ пасядзім на вуліцы?

— А чаму ж... Пасядзіце, дзеткі, пасядзіце. Толькі доўга не баўцеся.

Цёплая летняя ноч паволі абдымае вёску. Ціха, так ціха робіцца навокал, што чуваць нават лёгкі пошум маладога сасонніку за хатай. Мякка сінее над галавой неба. Аркадзь і Зойка ўзіраюцца ў яго і, зачараваныя, маўчаць.

...Зорная ноч.

Маладосць. Шчасце.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан