epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пакуты «эпіка»

Ціхан Крупняк прытаіўся ў густым лазняку і, баючыся нават варухнуцца, адчуваючы толькі трывожнае біццё ўжо немаладога сэрца, слухаў: усяго ў якіх трох кроках ад яго, на стромістым беразе ракі, сядзела вакол вогнішча трое мужчын. Узрушана гутарылі. Ціхан Крупняк да таго выразна бачыў гнеўныя твары, злавесна асветленыя ў начной цемры чырванню полымя, што ў яго ўжо не заставалася ніякага сумнення: старыя знаёмыя...

Першы (з суровай рашучасцю, раз'юшана кідаючы ў агонь смалякі). Калі б я зараз сустрэў гэтага Крупняка — без ваганняў адправіў бы на той свет! Ён мне ўсё жыццё сапсаваў... Ну, добра, хай я рос без бацькоў, хай гуляў у карты з хлопцамі і кінуў школу... Чаго не бывае ў маладосці! Дай жа мне самому разабрацца ў сваім жыцці, не рабі з мяне злачынцу... Дык не, па яго ж волі трапляю ў турму. Не паспяваю выйсці, сям’ёй абзавесціся, чалавекам сябе адчуць, зноў уцягвае ў афёру. І так — бясконца. Нарэшце, нават нацкоўвае мяне на цешчу.

Другі (спачувальна і скрушліва). І ўсё ж твой жыццёвы шлях, браток, куды лягчэй майго... У цябе ўсё прасцей: злачынства — турма... А паспрабуй пажыць у маёй скуры донжуана! Паспрабуй пяць разоў ажаніцца і пяць разоў развесціся! Чаго хіхікаеш? Думаеш, мне так ужо і прыемна, такая ўжо і асалода? Ты зірні, на каго я стаў падобны: форменны шымпанзе, твар, як печаны яблык, на галаве ні валасіны, рукі трасуцца... І ўсё па міласці гэтага бессардэчнага Ціхана Крупняка. Падсоўвае і падсоўвае мне маладзіц — яму абавязкова трэба, каб мяне цягалі ды разбіралі на таварыскіх судах. Страшэнны эгаіст! Прызнаюся табе шчыра: і ў мяне рука не задрыжыць, калі сустрэнуся з ім... У гэтага ж чалавека ніякага сумлення. Цяпер вось у бальніцы я — вядома, пенсіянер! Дык ён і там не пакідае: семнаццацігадовая сястрыца ў палаце з’явілася ... І такую падабраў, свіння, вачэй ад яе не адвядзеш: чарнавокая, танклявая, бы чарацінка, косы тугія... Адным словам, Нефярціці! (Падазраю, сам ён па вушы ў яе закаханы.) Ну, а я... што я? Ужо заляцаўся па старэчы, кхы, кхы... Адчуваю — уліп. Ажэніць!

Трэці (п'яна рагоча). Ха-ха-ха...

Другі (пакрыўджана і плаксіва). Чаго рагочаш, п’яная морда? Тут трагедыя... Насілле... Куды мне, гнілому пню, жаніцца, а? Пасля гэтай жаніцьбы адна дарога — у вар’яцкі дом... І ён такі мяне ўпячэ туды.

Трэці. Нічога, стары... Мне яшчэ цяжэй: які год з выцвярэзніка не вылажу! Не паспею на работу выйсці, тое-сёе зарабіць, а ён мяне, гэты Крупняк, у рэстаран ужо валачэ-штурхае або сябрукоў падсылае з бутэлькай... Вось я і гатовы! І што цікава, сам сабе брыдкі, не кажучы пра людзей, а яму — падабаюся! Ніяк не адвяжацца... Ужо нейкую багатую цётку мне адшукаў: памерла і спадчыну пакінула пляменніку... Эх, атрымаю грошыкі і зусім сап’юся! Хай радуецца, калі яму, людаеду, усё мала.

Першы (насцярожана). Цішэй! Нехта ў кустах шамаціць... Падслухоўвае, гад! Чакайце, зараз я яго правучу... Усё роўна турма!

...Ціхан Крупняк жахліва ўціскае твар у нешта мяккае і мычыць, енчыць бездапаможна... Усё, капцы! Ад гэтага бандзюгі літасці не будзе...

— Ратуйце,— дзіка крычыць ён, не вытрымаўшы.

— Сціхні, вар’ят! Чаго ты гарланіш?

І — моцны штуршок у бок... Ад болю Крупняк расплюшчвае вочы і сам сабе не верыць: жонка!

— Нагаблюе гэтых эпічных раманаў, навыдумляе немаведама якіх герояў,— ледзь не плача яна,— а потым усю ноч трызніць, спаць не дае...

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан