epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Партфель

На лесвічнай пляцоўцы другога паверха было людна... Чалавек дзесяць стаяла каля акна, ціха размаўлялі і пазіралі ўніз. Там, пад самым акном, на гары складскіх скрынак ляжаў вялікі чорны партфель. Прыгледзеўшыся, можна было заўважыць на ім нават дзве бліскучыя спражкі. Такія партфелі носяць часцей усяго важныя начальнікі або вучоныя...

— Як я яго заўважыў? Ды вось ішоў з магазіна дамоў, спыніўся...— ужо ў які раз расказваў зацікаўленым стары цырульнік Сінічкін.— Спыніўся, паставіў сумку на падаконнік і раптам бачу — чарнее нешта на скрынцы... Пазіраю і вачам не веру — партфель! Скураны, на двух замках. Як убачыў яго, адразу падумаў: справа тут нячыстая. Проста так дарагая рэч валяцца не будзе, некага абрабавалі, забілі, а партфель, каб замесці сляды, закінулі на тару...

Усе спалохана ахнулі, а Сінічкін прыклаў руку да сэрца і нервова пачаў выціраць хустачкай спацелы лоб.

— Ахвяра недзе павінна быць паблізу,— аўтарытэтна прамовіў ён.— Можа, нават у нас у падвале...

Гэтая здагадка была такой нечаканай і жудаснай, што той-сёй баязліва адышоў ад акна, а хатняя гаспадыня Круталобава пасунулася па лесвіцы бліжэй да сваёй кватэры.

— Хочаце верце, хочаце не, але такі выпадак, прыпамінаю, быў яшчэ ў 1915 годзе,— ужо шэптам сказаў Сінічкін, і вочы яго ліхаманкава заблішчалі.— Тады ў нас бандыты абрабавалі купца Барадавецкага, а самога завезлі на могілкі, прывязалі да крыжа і...

— Вой, не трэба, не кажыце далей! — не вытрымала Круталобава і пераскочыла яшчэ на тры прыступкі ўверх.— Страхоцце якое...

Сінічкін незадаволена замоўк і высунуўся ў акно. Але яго тут жа некалькі рук спалохана пацягнулі назад.

А партфель ляжаў на тым жа самым месцы, чорны, з бліскучымі спражкамі, такі, які носяць звычайна важныя начальнікі і вучоныя. У гэтым таямнічым страшэнным партфелі маглі быць новенькія сторублёўкі, што не паспелі захапіць з сабой бандыты, або дакументы пацярпеўшага... Вось чаму пасля гарачых спрэчак большасцю галасоў было вырашана пайсці і ўзяць партфель. Гэтым самым жыхары дома дапамогуць следчым органам выкрыць злачынства, а можа, нават выратаваць чалавека, вядома, калі ён яшчэ жывы... Толькі хто ж пойдзе па партфель?

— Хто, таварышы?

Але ўсе маўчалі. Ахвотнікаў не было. Тады Сінічкін абвёў жыхароў пад'езда строгім позіркам і сурова спытаў:

— Таварышы, ёсць сярод вас члены прафсаюза?

Члены прафсаюза знайшліся, толькі ж ахвотнікаў пайсці па партфель зноў не было.

— Што ж, тады застаецца ісці мне,— няўпэўнена прамовіў ён.— Я старэйшы за ўсіх тут, пажыў на белым свеце... Адно прашу, таварышы, калі што здарыцца, не пакіньце маю Алену Маркаўну!

Але на старога ўсе замахалі рукамі: што ён з глузду з’ехаў, хіба так можна рызыкаваць жыццём? А калі там бандыты тыя яшчэ сядзяць? Не, трэба пашукаць дружынніка Ваню, ён хлопец малады, смелы, знаходлівы... У яго — вопыт!

Сінічкін — не пярэчыў.

Нехта ўжо кінуўся шукаць дружынніка Ваню з сёмай кватэры, як раптам пачуўся дзікі крык Круталобавай. У тую ж хвіліну ўсе ўбачылі, як ля партфеля з-за скрынкі паказалася нечая рука... Яна пашнырыла, намацала партфель і хутка пацягнула яго ўніз. Жыхары — аслупянелі. Ніхто не варухнуўся, у вачах кожнага — жах: бандыты побач!

І невядома, колькі б цягнулася гэтае жудаснае маўчанне, калі б не грымнулі дзверы пад’езда, а затым не паказалася стрыжаная галава пяцікласніка Воўкі, унука Сінічкіна... Ён нёс партфель. Вялікі, чорны, з бліскучымі спражкамі. Сінічкін кінуўся да ўнука і нечакана на вачах усіх моцна крутануў яго за вуха:

— Ты, нягоднік, навошта бярэш без дазволу чужыя рэчы? Вось я табе...

Потым павярнуўся да суседзяў і вінавата сказаў:

— Даруйце, таварышы, гэты стары чорны партфель — мой...

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан