epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пасля гнаўся

Што хаваць, раней я працаваў дрэнна. Розныя загады ў мой адрас былі: і «папярэдзіць», і «паставіць на від», нават страгача неяк адхапіў. Толькі, ведаеце, прымірыўся з гэтымі пісьмовымі цыдулкамі — мяне скланяюць на ўсе лады, а я і вухам не вяду: лайце!

І вось нядаўна зноў загад з маім прозвішчам вывесілі. Але які! Між іншым, вось як усё было...

Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім «зялёны», зірнеш на яго — гадкоў васемнаццаць, больш не дасі.

Падыходзіць да мяне калега Васіль Донька і кажа, нібы мае думкі чытае:

— Бачыў новенькага? Чыжык-пыжык... Хіба гэта кіраўнік сур’ёзнай установы? Той быў не начальнік, а гэты подаўна — дзіця горкае! Шукаць няньку трэба.

— А нам што,— кажу Доньку,— як працавалі, так і працаваць будзем...

Пагаварылі і разышліся.

Назаўтра прыходжу на работу, як заўсёды, з невялічкім спазненнем. Не паспеў я за стол сесці — новенькі тут як тут! На твар важнасць напусціў, бровы нахмурыў і адразу да мяне:

— Чаму спазніліся?

— Аўтобус спазніўся, а не я...

Васіль Донька за сваім сталом слухае і давіцца ад смеху.

— Дайце мне кватэру ля канторы — не буду пазніцца,— кажу я.— Кватэрку...

А ён брывом не вядзе.

— Вы стары работнік і павінны быць больш сур’ёзным. Раю вам падумаць над сваімі паводзінамі.

Сказаў і выйшаў

Бач ты, фрукт! Яшчэ малако на губах не абсохла, а ўжо павучае, куранё!

Пасмяяліся мы з Донькам і спакойна робім сваю бухгалтарскую справу.

Толькі прайшло некалькі дзён, а новенькі зноў у нас у кабінеце. Вяртае мне фінансавую справаздачу і загадвае:

— Перарабіце. Не чакаў ад вас такой нядбайнасці — нібы першы год працуеце...

Абразіў ён тады мяне сваімі словамі, за жывое крануў: гэта я, адзін са старэйшых у канторы, «першы год» працую! Ну і нагаварыў я яму — хай ведае нашых. А ён мне, зачыняючы за сабой дзверы, зноў кідае:

— У вашым узросце трэба прыстойнейшым быць.

У «маім» узросце! Узростам дакарае...

— Усё зразумела: пачаў прыдзірацца,— спачувальна сказаў мне Васіль Донька.— Дрэнная твая справа...

І сапраўды, пачалося для мяне не жыццё, а пакута: штодня новенькі ля майго стала тырчыць і ўсё заўвагі робіць: то яму парадак на стале не падабаецца, то я зводку ў час не даю.

Жонка дома не пазнае: «Што з табою? Худзееш з кожным днём, не спіш...»

А мне які сон? Ад непрыемных думак не вельмі заснеш. Ледзь світаць пачне, я ўжо бягу на работу. У такі ўзорны парадак справы прывёў, што сам здзіўляюся. Але новенькі ў спакоі не пакідае мяне.

— Лепш табе, пакуль не позна, самому заяву напісаць,— раіць Донька.— Маўляў, «па ўласнаму жаданню» прашу вызваліць ад займаемай пасады. Выжывае ён цябе! Калі чапіцца пачаў — лічы, справа вырашаная! Шукай, браце, працы...

Мінула месяцы з два, і цярплівасці маёй прыйшоў канец. Напытаў я работу, заяву аб звальненні напісаў. Не хочацца мне толькі перад святам звальняцца. Але ж нічога не зробіш!

— Бывайце, таварышы! — кажу я супрацоўнікам, а самому плакаць хочацца.— Бывайце. Не магу больш несправядлівасці цярпець. Працую я зараз у сто разоў лепш, але новенькі жыцця не дае... Самі бачыце. Бывайце!

Толькі сабраўся заяву несці — урываецца ў кабінет Донька.

— Ты што, яшчэ загада не бачыў? — усхвалявана крычыць ён мне.— Хадзем хутчэй, паглядзі!

Іду па калідоры ні жывы ні мёртвы: дачакаўся, пакуль зволіў...

Падыходжу да дошкі загадаў, і ўсё ў мяне расплываецца перад вачамі: «Аб’явіць...» Што?!

— До-онь-ка-а! — крычу раптам на ўвесь калідор, хоць той побач.— Ты бачыш? Бачыш? Мне падзяка аб’яўлена... Падзяка!

Вось які ён, новенькі, аказаўся!

...А тую заяву аб звальненні я да гэтага часу берагу — шчаслівая.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан