epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Паўлік

1
2
3
4
5
6
7


З дзённіка школьніцы

 

1

Нарэшце і ў маёй сястры ёсць жаніх! Нядаўна пазнаёмілася з ім на танцавальнай пляцоўцы, калі выязджала ў камандзіроўку. Праўда, ён трохі лысаваты, але затое выдатны музыкант-арфіст, як гаворыць сястра,— чалавек мастацтва... Учора прыехаў у наш горад на гастролі. Мы ўсе вельмі рады...

 

2

Раніцою тата з мамай і бабуля доўга раіліся і рашылі адвесці жаніху мой пакойчык — навошта яму туляцца па гасцініцах? Колькі было вясёлага шуму! Я не пайшла нават у школу: дапамагала абстаўляць пакой, хадзіла ў магазін купляць статуэткі вялікіх кампазітараў... А потым тата прыемна здзівіў усіх нас: прывёз піяніна... Хай стаіць у пакоі жаніха, раптам яму захочацца сыграць нейкую уверцюру!

 

3

Паўлік (так яго заве сястра) пераехаў да нас. У яго круглы твар і сімпатычныя чорныя вусікі. Спадабаўся бабулі. Яна кажа, што ён нагадвае ёй Лермантава. Смешная бабулька! Маці ж толькі шчасліва ўсміхаецца ды ціхенька, нібы ў хаце ўсе спяць, ходзіць каля дзвярэй Паўлікавага пакоя. Але Паўлік штосьці больш маўчыць, на піяніна зусім не іграе. І добра: я хоць свае ўрокі раблю спакойна.

 

4

У маёй сястры сёння самы шчаслівы дзень... Паўлік зрабіў ёй прапанову. Як сказала бабуля, ён хутка будзе нашым зяцем. Што робіцца з маімі бацькамі! Яны не знаходзяць сабе месца, бегаюць па магазінах, купляюць розныя рэчы для маладых, рыхтуюцца да вяселля. Тата нават падбірае гасцей. Гэта для яго, як ён кажа, цяжкая задачка, бо сястра патрабуе, каб на вяселлі абавязкова былі якія-небудзь мастакі і кампазітары — Паўліку патрэбна сваё асяроддзе... У беднага ж таты такіх знаёмых няма. Праўда, наш сусед паабяцаў прывесці на вяселле свайго пляменніка — ён на балалайцы іграе...

 

5

Маці і тата сёння вельмі заклапочаныя, усё шэпчуцца на кухні... Але я падслухала. Аказваецца, у нашага Паўліка фінансавыя непрыемнасці на працы. Ён павінен тэрмінова паехаць і ўладзіць справы. Для гэтага патрэбны грошы, і не маленькія... Паўлік просіць пазычыць. «Каму ж пазычыць, як не яму,— кажа маці.— Дзякуй богу, тое-сёе ёсць на кніжцы. Выручым, не чужы...»

 

6

Сястра ходзіць вельмі засмучоная — каторы ўжо дзень ад Паўліка няма вестак, ніякіх абяцаных тэлеграм. Што з ім, дзе ён? Хацелі выклікаць яго на перагаворны пункт, але сястра забылася запісаць Паўлікаў адрас. Нават прозвішча добра не запомніла. Маці, тата і бабуля дужа злуюцца, папракаюць сястру: «Разява...» А яна, бедная, маўчыць. Я спачуваю ёй...

 

7

Бабулі сняцца дрэнныя сны. Мінула два тыдні, як мы ўжо не бачылі Паўліка. Праўда, сёння зноў убачылі — на фотаздымку. Прынёс гэты фотаздымак да нас участковы міліцыянер. Пацікавіўся, ці ведаем мы Паўліка. Я адразу пазнала: ён... Тыя ж чорныя вусікі, тыя ж лупатыя вочы. Але ўсе мы дужа напалохаліся: відаць, здарылася нешта з Паўлікам. Бабуля нават запрычытала: «Ці жывы ён, родненькі?» Ды ўчастковы супакоіў: жывы. А потым паведаміў такое, што сястра страціла прытомнасць: аказваецца, наш жаніх не арфіст, а аферыст...

Учора позна вечарам — каб, мабыць, не бачылі суседзі — сярдзіты бацька адвёз у камісійны магазін піяніна.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан