epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Перажытае

Псіхалагічны эцюд

(Амаль па Чэхаву)

 

 

Была раніца. Пахмяліўшыся пасля ўчарашняга, жуючы на хаду нейкі кіслы піражок з ліверам, я даволі бадзёра ўвайшоў у вестыбюль сваёй установы... Было ўжо за дзевяць гадзін. Ля дзвярэй адразу ж заўважыў Пятра Кузьміча. Ён стаяў, склаўшы на грудзях рукі, і Мефістофелем пазіраў у мой бок. Змрочны позірк яго мяне не здзівіў, але чамусьці ўстрывожыў. Прывітаўшыся, я хуценька павесіў свой дажджавік і хацеў моўчкі прашмыгнуць у кабінет.

— Хочаш, я цябе загублю? — пачуў я каля свайго вуха голас і дыханне Пятра Кузьміча.

— Якім чынам?

— А вось вазьму і загублю. Дык... хочаш?

— Няма часу жартаваць, Пётр Кузьміч. Паглядзіце лепш на гадзіннік: рабочы дзень пачаўся... Усмешкі больш чым недарэчныя. Даруйце, але я лічу... Гэта прафанацыя, непавага, так сказаць... з вашага боку.

— Хочаш, я цябе загублю?

— Якім чынам? — зноў спытаў я.

— А такім... Як мяне калісьці загубілі. Хе-хе-хе... Вельмі проста. Дыхні! А-а, во-во! Нясе, як з бочкі. Вазьму зараз ды і пазваню куды трэба або— дырэктару...

Я пабялеў. Сапраўды, жыццё маё было ў руках гэтага чалавека з шызым носам. Я зірнуў з нейкай баязлівасцю і павагай на яго зласлівыя вочы...

Як мала трэба для таго, каб скавырнуць чалавека!

Наступіла маўчанне... Ён з усведамленнем сваёй сілы, велічны, горды, з атрутай на вуснах, я з усведамленнем свайго бяссілля, няшчасны, гатовы загінуць — абодва маўчалі... Ён упіўся ў мой бледны твар сваімі буркуламі, я пазбягаў яго позірку...

— Я пажартаваў,— сказаў ён нарэшце.— Не бойся.

— О, дзякуй вам! — сказаў я і, поўны павагі, паціснуў яму руку.

— Пажартаваў... А ўсё ж магу... Калі не дасі... на апахмелку... Хе-хе-хе!

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан