epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пісьмо

Тата дачытаў пісьмо і паглядзеў на нас уважлівым позіркам.

— Вось так, мае дарагія,— сказаў ён.— Цётка Алена будуе дом і просіць дапамогі... Вы памятаеце, дзеці, цётку Алену?

Ну, канечне, мы яе памяталі!.. У мінулым годзе ўсё лета прагасцявалі ў цёткі. У яе такія смачныя ў садзе антонаўкі! За вёскай — прыгожы бярозавы гай, рака... Мы так загарэлі ў вёсцы, што былі, як тыя негры. А мама паправілася аж на цэлых сем кілаграмаў.

Калі прыехала дамоў, усім суседзям расхвальвала нашу цётку, яе гасціннасць, шчырасць.

Як жа, мы памяталі цётку Алену!

Тата нерашуча кашлянуў і, не гледзячы на маму, сказаў:

— Я думаю, дарагія мае, каму-каму, а цётцы Алене трэба памагчы!

— А я што... пярэчу? — здзівілася мама і нават крыху нібы раззлавалася.— Паможам... Яна ж твая сястра.

— Што тут гаварыць — трэба памагчы! — падтрымаў мой брат студэнт Сяргей.

Сястра Люся, прыхарошваючыся перад люстэркам, таксама «прагаласавала» за дапамогу.

— Бедная цётачка,— жаласліва ўздыхнула яна, і на вачах у яе паказаліся слёзы.— Ты ж такая добрая ў нас, такая добрая... Не, мы цябе ніколі не пакінем у бядзе ў цяжкую хвіліну!

Тата задаволена ўсміхаўся. Ён быў, відаць, вельмі шчаслівы.

— Дзякуй, дарагія,— сказаў ён.— Давайце ж адразу і напішам цётцы. А ну, нясіце сюды ручку!

Я пабег у суседні пакой і хуценька прынёс сшытак, сваю школьную ручку і чарнілку. Тата ўсеўся за стол і пад нашу дыктоўку стаў пісаць.

Пісьмо выходзіла вельмі доўгае і вельмі цікавае. Мы пісалі цётцы Алене пра ўсе свае навіны, пра тое, што мама марыць купіць тэлевізар, і пра тое, што брат Сяргей летам хоча набыць матаролер, а сястра Люся — пуцёўку ў Сочы.

— Пара закругляцца,— пазяхнуўшы, сказала мама.— Абед на пліце астыне!

І на пятай старонцы майго сшытка тата нарэшце пачаў закругляцца: «Так што, сястра, мы табе высылаем....»

— Колькі ж, дарагія мае, мы вышлем цётцы грошай? — макаючы пяро ў чарнілку, спытаў тата.

Тата прыкінуў, колькі грошай трэба цётцы, каб пабудаваць дом.

— Так многа? — здзівілася мама.

І тут Люся са слязьмі на вачах сказала, што адкладае сваю паездку ў Сочы да наступнага года. Праўда, дзяўчаты з іх установы паедуць на поўдзень. Але ж у Люсі адно жаданне — памагчы цётцы. Толькі вось яна падвядзе сябровак — дамовіліся адпачываць разам...

Канечне, мы не маглі дапусціць, каб Люся падводзіла сябровак.

Затое брат Сяргей цвёрдым голасам заявіў аб сваім рашэнні не купляць матаролер. Хай усе яго зберажэнні ідуць у фонд дапамогі цётцы. Праўда, ён сумняваецца, ці выратуюць цётку гэтыя некалькі сот рублёў?

Мама выказалася апошняя. Яна нават не дапускае і думкі, каб пакінуць цётку без дапамогі. Але ж па яе заказу прывезлі ў магазін учора тэлевізар-камбайн. Самага апошняга выпуску. І калі цяпер не ўзяць яго, давядзецца зноў хадзіць глядзець перадачы да гэтых фанабэрлівых Камаровых.

— І наогул, пара абедаць! — раптам сярдзіта сказала яна тату.— Ніколі ты ў нас не пад’ясі своечасова... Не беражэш свайго здароўя. Ідзі, даражэнькі, ідзі — мый рукі!

Але тата не стаў мыць рукі — пайшоў на балкон і там нешта доўга курыў. Відаць, быў усхваляваны мамінай спагадлівасцю: яна такая чулая, так клапоціцца аб яго здароўі!

І калі пасля абеду тата зноў хацеў пісаць пісьмо, усе — і мама, і сястра, і брат — сталі дружна ўгаворваць яго адпачыць.

Адпачыўшы, тата чамусьці больш не прапаноўваў дапісваць пісьмо.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан