epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пісьмо жонцы

Пасля чарговай сваркі з жонкай, якая тут жа дэманстратыўна накіравалася да суседкі, я, разбіты і стомлены, сеў за стол і з горыччу задумаўся над нашымі адносінамі... Хто вінаваты? Бясспрэчна, жонка! Іншага адказу не можа і быць! Калі б яна, бессардэчная, хоць раз за дваццаць пяць гадоў сямейнага жыцця пажадала пачуць усё тое мудрае, што я безнадзейна спрабую ўвесці ёй у вушы ў гэтыя брыдкія хвіліны сварак, многае б змянілася к лепшаму. Я памог бы ёй зразумець яе недахопы і выкараніць іх. Але ж у тым і бяда: жонка і слухаць нічога не хоча ў час лаянкі, а пасля сваркі... я прынцыпова не размаўляю з ёй па некалькі дзён.

Ашчаперыўшы галаву рукамі, доўга разважаў: што рабіць? Ёсць жа нейкае выйсце... Жонка павінна, ў рэшце рэшт, ведаць пра ўсе недахопы свайго характару. Лепш позна, чым ніколі... І раптам, зусім нечакана, як у людзей сапраўднага творчага розуму, выратавальная ідэя бліснула ў маёй галаве... Схапіўшы чысты аркуш паперы і ручку, я пачаў пісаць. Пісьмо жонцы. Радок клаўся за радком — надзвычай лёгка, хутка, складна... Як толькі да гэтага не дадумаўся я раней: усё ж можна цудоўна выкласці на паперы, пералічыць у пісьме жончыны адмоўныя рысы, а там... хай чытае і перавыхоўваецца!

І так, каб з няўжыўчывай і злой жанчыны зрабіцца нармальнай і каханай жонкай, ёй неабходна неадкладна перамяніць свае паводзіны і расстацца: з хваравітым самалюбствам і ганарлівасцю, дробязнай прыдзірлівасцю і сварлівасцю, эгаізмам і рэўнасцю... У рэшце рэшт, хай навучыцца і сама дараваць людзям іх слабасці!

Хваляванне ахапіла мяне: атрымліваўся сапраўдны абвінаваўчы акт! Выкрывальным пункцікам і падпункцікам, здавалася, не было канца... Для большай пераканальнасці я нават падмацаваў некаторыя з іх прыкладамі з класічнай літаратуры. Безумоўна, не абышлося без Анны Карэнінай...

Нарэшце, знясілены, але незвычайна шчаслівы, я адкінуўся на спінку крэсла і слабым голасам паклікаў сваю старэйшую дачку-студэнтку: хай яна, як чалавек нейтральны, паслухае напісанае ды, можа, падправіць што-небудзь з літаратурнага боку...

— Сядай, Зойка... Спадзяюся, ты падтрымаеш... Я вось тут... намаляваў партрэцік аднаго члена нашай сям’і,— дыпламатычна пачаў я,— пра ўсе яго недахопы напісаў, якіх трэба пазбавіцца, каб у доме ўсталяваўся трывалы мір...

— Чытай, татка!

І я ўрачыста ўстаў з-за стала і зычным голасам судовага абвінаваўцы, пункт за пунктам, пералічыў усе жончыны недахопы. Напэўна, у гэты момант мой твар быў незвычайна натхнёны, бо дачка не зводзіла з мяне вачэй.

Не паспеў я скончыць, як яна кінулася да мяне, моцна абняла і са слязьмі на вачах пранікнёна прамовіла:

— Цудоўна, татачка... Я так рада, што ты рашыўся... Самавыхаванне — вялікая рэч! Заўсёды верыла ў тваю высакароднасць. Толькі вельмі прашу, дадай яшчэ адзін, апошні пункцік: раз і назаўсёды развітацца з брыдкай звычкай ужываць спіртное...

— Але... твая мама... не п’е,— здзівіўся я.

— А прычым тут мама, татачка? Калі ласка, не ўводзь размову ўбок, з сённяшняга ж дня пачынай самавыхаванне. Ды па ўсіх пунктах, асабліва па апошняму!

І шчыры пацалунак апёк маю мудрую лысіну...

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан