epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Пра жонку

Я стаю недалёка ад іх і раблю выгляд, што чытаю газету. А яны размаўляюць. Дакладней, гаворыць Гарлюк, а слухаюць яго Антанюк і... я. Размова вельмі непрыемная для мяне. Напэўна, Гарлюк не бачыць мяне, што гаворыць такое пра маю жонку. Падумаць толькі, што за чалавек!

— ...Разумееш, затрымаўся муж на працы, прыходзіць дамоў стомлены, разбіты, марыць адпачыць, а яна з парога на яго: чаму позна прыходзіш, аб сям’і не думаеш, па гаспадарцы не дапамагаеш... І шпарыць, і шпарыць! Як тая пчала: жу-жу, жу-жу... Ну, што тут застаецца рабіць яму? Браць авоську ды бегчы ў той магазін.

Гарлюк стаіць да мяне спіной. Я не бачу яго твару, але я добра бачу вясёлую усмешку Антанюка і ледзь стрымліваюся, каб не ўмяшацца.

Калі што і прымушае мяне стаяць на месцы, дык толькі жаданне пачуць усё да канца.

— Ну, у магазіне, скажам, сустрэўся таварыш. Запрасіў выпіць піўка. Выпілі. Слова-другое, да пабачэння і — з пакупкамі дамоў. А дома, думаеш, падзяка ад жонкі? Хваробу! Зноў галавамыйка... А ну, кажа, дыхні! Піў, шэльма? Дык вось як ты спяшаешся дамоў, алкаголік няшчасны! Так прама і чэша: «алкаголік»...

Газета дрыжыць у маіх руках. Яшчэ мінута — і я, далібог, не вытрымаю. Я так пагавару з гэтым Гарлюком, што будзе памятаць да новых венікаў. Бач, пляткар... Хай мы разам працуем, разам збіраемся за святочным сталом, але хто табе дазволіў пускаць розныя чуткі пра маю жонку? Пра сваю гавары...

— А калі б ты ведаў, якія дэбаты наладжвае гэтая жоначка ноччу! Усё ёй мала: і пасада ў мужа маленькая, і кватэра не ў цэнтры горада, і знаёмстваў мала... Як пачне — дзявацца няма куды! Пракурор! Адно выратаванне — у камандзіроўку...

Халодны пот выступае ў мяне на лбе: усё, усё ведае! І адкуль толькі ў Гарлюка такія дакладныя звесткі?

— Ну, а раўнівая — хоць да жанчын наогул не падыходзь! Аднойчы такое выкінула...

Тут Гарлюк нахіляецца да Антанюка і нешта шэпча. Цьфу, толькі гэтага яшчэ не хапала! Няўжо расказвае пра тое, што жонка прыгразіла мне разводам? Ну, даражэнькі, гэтага я ўжо не сцярплю! Адчуваю, як кроў прылівае да твару. Гнеўна камячу газету і раблю крок да Гарлюка.

Але ў той жа момант Гарлюк сам паварочваецца да мяне і пытае:

— Ты, напэўна, чуў? Гэта ж я пра сваю жонку, пра Кацю... Бачу, спачуваеш? Канечне, табе можна пазайздросціць. У цябе жонка што трэба! Анёл...

Я нічога не кажу. Я толькі сумна ўсміхаюся і выціраю рукавом мокры лоб.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан