epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Сакрэт

За сталом было шумна: госці ажыўлена перагаворваліся, жартавалі, смяяліся, казалі тосты ў гонар шасцігадовай Верачкі-імянінніцы. Усе былі задаволены, усім было весела. Іван Кузьміч Маслабоеў, бацька дзяўчынкі, урачыста ўстаў з-за стала, падняў руку. Госці сціхлі.

— Дык вось, дарагія госцейкі,— пачаў Іван Кузьміч.— Я п’яны? Так, п’яны. Але ад чаго я п’яны? Ад гарэлкі? Не-е, не і яшчэ раз не! Я п’яны ад усведамлення, што мая дачка на правільным шляху, я рады за яе лёс!

Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Толькі Верачка сядзела спакойна і неяк хітравата і таямніча паглядвала на бацьку. А той гаварыў:

— Дачка мая! Ты нарадзілася ў шчаслівы час. І выхоўваешся ты ў добрай сям’і. Твая маці і я, твой ужо сівы бацька, дзеля цябе гатовы на ўсё: вучыся, канчай інстытут... і выходзь замуж! З нас, з тваіх бацькоў, бяры прыклад. А мы, сама ведаеш, сардэчныя і... праўдзівыя людзі.

Голас Івана Кузьміча задрыжаў, на вачах паказаліся слёзы. Але ён тут жа выцер іх хусцінкай.

— Дваццаць пяць гадоў працоўнага стажу ў мяне! Быў і на адказных пасадах... Быў і карыстаўся даверам. Начальства, значыцца, цаніла мяне. А цяпер? Цяпер я загадваю лазняй... Вось! Дык ці справядліва гэта, га? Але... не мне аб гэтым меркаваць, таварышы. Ёсць начальства! Яно, таварышы, ведае, што рабіць. І я, чэсны і старанны працаўнік, пакорліва схіляю галаву перад маім новым шэфам — Антонам Антонавічам, які сёння прысутнічае тут...

Іван Кузьміч пачціва схіліў сваю лысую галаву перад загадчыкам камунгаса.

Нехта здзіўлена паціснуў плячыма, нехта ўхмыльнуўся... А вусаты інжынер камунгаса Лабода шапнуў суседу:

— Ох, і хітрая ж бестыя, гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Улагоджвае начальства, факт! Ведаю я яго...

Зноў звінелі чаркі, госці пілі і спявалі. Іван Кузьміч Маслабоеў трыумфаваў — усё ішло як па масле: новы загадчык камунгаса некалькі разоў дружалюбна ўсміхнуўся яму, ветліва размаўляў з яго жонкай.

«Малады яшчэ, толькі з інстытута,— цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў.— Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць. І тады... О, тады, нарэшце, Іван Кузьміч пакажа сябе, ён не будзе доўга цацкацца са сваімі «ворагамі»... Па-першае, ён даб’ецца звальнення з работы гэтага інжынера Лабоды, вельмі ён з сябе чэснага строіць. Затым...»

— А вось я ведаю сакрэцік, та-акі сакрэцік! А вы не ведаеце, ага!

Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Дзяўчынка пераможна ўсміхалася і пляскала ў ладкі.

— Які ж ты такі сакрэт ведаеш? — смеючыся, спытаў у яе Антон Антонавіч.— Раскажы нам, калі ласка...

Верачка абвяла ўсіх урачыстым позіркам і зноў хітра паглядзела на бацьку. Той раптам пабялеў, падняўся і дрыжачымі рукамі паправіў гальштук.

— Замаўчы, Верачка, чуеш? — прыкрыкнула на дзяўчынку маці і таксама неяк трывожна закруцілася на крэсле.— Што я кажу табе? Ідзі зараз жа спаць!

Але Верачка сядзела воддаль ад маці — побач з Антонам Антонавічам — і, не звяртаючы ніякай увагі на яе крык, радасна смяялася. Круглы тварык у Верачкі паружавеў ад задавальнення, вочы блішчалі. Падняўшы ўгару пальчык, яна гарэзліва глядзела на маці і гучна паўтарала:

— Я ведаю сакрэт, я ведаю сакрэт... Слухайце, слухайце! Ніякіх імянін сёння ня-ма-а... І я не імянінніца, вось!

— Як жа... няма? — здзіўлена перапытаў нехта з гасцей.— Як жа...

А дзяўчынка, разышоўшыся, хуценька, нібы баючыся, што яе пераб’юць, гаварыла:

— Мы — хітрыя! Мы заўсёды татавых начальнікаў на выдуманыя імяніны запрашаем! І вунь дзядзю новага запрасілі...

Госці акамянелі. Антон Антонавіч устаў з-за стала.

— Чаго ж вы прыціхлі? — насмешліва спытаў ён у гасцей.— Падайце Івану Кузьмічу шклянку вады...

І, адстаўляючы крэслы, пачаў праціскацца да дзвярэй.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан