epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Сатырыкі

— Дык вось, паўтараю яшчэ раз: заўтра каб сатырычная газета... як яна ў нас называецца?

— «Аса»!

— Каб гэта «Аса» вісела ў мяне раніцай на фабрычным дварэ. Зразумеў? Ды глядзі — пастарайся! Бо...

Старшыня фабрычнага камітэта Піліп Хітрук прыжмурыўся, нерашуча паглядзеў на загадчыка клуба Макара Белкіна: ці варта яму гаварыць? Затым махнуў рукой і даверліва паведаміў:

— Бо... заўтра да нас прыязджае прадстаўнік з міністэрства. Я чуў, што гэты таварыш вялікі аматар сатыры! Сам, кажуць, як той Гогаль, байкі розныя папісвае. І асабліва ён рады, калі на прадпрыемстве добрую сатырычную газету ўбачыць... Хлебам яго не кармі, а сатыру гэтую падавай! Зразумеў? Так што — давай, Макар... Не падвядзі!

І, даючы зразумець, што размова закончана, Піліп Хітрук важна схіліўся над нейкімі паперкамі.

Але Макар Белкін усё не выходзіў. Нарэшце ён натужна кашлянуў у кулак і няўпэўненым голасам ціха спытаў:

— А каго крытыкаваць, Піліпавіч?

— Як каго? — здзівіўся старшыня.— Абібокаў, п’яніц, парушальнікаў працоўнай дысцыпліны... Няўжо і гэта табе растлумачваць? Сам разумееш, не маленькі.

— Не, каго канкрэтна? Каб узгадніць...

— Ну... Дарэчы, у цябе ёсць на прыкмеце хто-небудзь?

— Як жа, ёсць!

Макар Белкін пакорпаўся ў кішэні пінжака і выцягнуў лісток.

— Вось... начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету! Згодны?

Хітрук узняў вочы і, прыплюшчыўшы іх, задумаўся. Здавалася, ён так і заснуў з узнятай галавой, на якой ззяла маленькая лысіна.

— Не, не падыдзе,— задумліва сказаў ён.— Пакуль Мышкоўскага чапаць не будзем: няёмка, сам ведаеш. На вяселле ён нас запрасіў... Пятую дачку замуж выдае, такая радасць у чалавека, а мы яму раптам... пілюлю горкую падсунем. На ўсё жыццё пакрыўдзім! Не, Макар, лепш другога пашукаем.

— Ну, тады... тады майстра Кандыбу!

Макар нават паружавеў ад задавальнення.

— Згаджайцеся, Піліпавіч! Лепшай кандыдатуры і не прыдумаць: кожны дзень п’яны ў цэх прыходзіць, сорам! Рабочыя смяюцца. Мы ж яго так размалюем, што «Крокодил» пазайздросціць!

Хітрук насупіў бровы.

— Чакай. Кажаш, п’е? А я нешта не чуў...

— П’е, п’е! —горача пацвердзіў Макар.

— Гм, п’е... А хто не п’е? Вось ты... п’еш?

Хлопец збянтэжыўся.

— Зрэдку!

— Ну вось, бачыш! А Кандыба ў нас як-ніяк, а кіруючы работнік, на Дошцы гонару тры гады вісіць... Не-е, нельга аўтарытэт падрываць!

Хутка бедны рэдактар «Асы» выбіўся з сіл: усе яго кандыдатуры ў сатырычную газету былі адхілены па той ці іншай прычыне. Збіты з панталыку, ён замаўчаў, выціраючы потны лоб.

Але ратунак заўсёды прыходзіць нечакана. У гэты момант у дзверы пастукалі.

— Уваходзьце! — нездаволена крыкнуў Хітрук.— Заўсёды перашкаджаюць...

Дзверы рыпнулі, ледзь прыадчыніліся, і ў кабінет старшыні прасунулася ўскалмачаная рыжая барада дзеда Нічыпара, фабрычнага вартаўніка, потым і ўвесь ён — невысокі, у белым дубленым кажушку, са стрэльбай за плячамі.

— Добрага здароўечка, Піліпавіч,— ласкава прамовіў ён.— Справа тут адна ў мяне...

Але Хітрук не слухаў. Ён раптам прыўзняўся, выцягнуўшы шыю, утаропіў вочы ў вартаўніка. У тую ж хвіліну вочы весела бліснулі, ён выпрастаўся і таямніча падміргнуў Макару Белкіну. Затым звярнуўся да старога:

— Падыдзі, стары...

Стары падышоў да стала і пачціва спыніўся.

— Значыць, па справе да мяне? А я таксама пагутарыць хачу з табою,— неяк вельмі ўжо ласкава загаварыў Хітрук.— Прызнайся, бацька: ноччу табе гэтага... спаць хочацца на варце? Праўда, хочацца?

— Ёсць такі грэх, Піліпавіч. Ды і тое, які ж чалавек не хоча спаць ноччу? Жывёліна і тая спіць...

— Паспаць яно добра! —соладка пазяхнуўшы, з той жа сардэчнасцю гаварыў далей старшыня.— Стомішся за дзень, ляжаш на пярынку, заплюшчыш вочы і — гатоў! Хоць з гармат страляй, а ты сабе спіш і розныя там прыемныя сны бачыш...

Дзед Нічыпар раптам нахмурыў сівыя бровы і падазрона спытаў:

— А навошта вы гэта кажаце, Піліпавіч? Я, напрыклад, на варце сноў не дапускаю...

— Э-э! І хітры ж ты, дзед! — зарагатаў старшыня.— Ну, ды бог з табою. Справа вось у чым: пакрытыкаваць цябе вырашылі ў нашай сатырычнай газеце.

— За што?! Я ж прэмію нядаўна атрымаў!

— Ды ты не палохайся! Гэта не страшна: вось Макар цябе намалюе, нібы ты спіш на варце — і ўсё. Сатыра, бацька, ахвяр патрабуе... Во-во! А за гэта... так і быць, прэмію ў наступным квартале выдзелім. Ну як? Згодзен цяпер?

Вартаўнік хітра апусціў вочы, зняў шапку, пакруціў яе, раздумваючы для выгляду, і — згадзіўся.

— Бог з вамі, крытыкуйце, не прывыкаць. Баба мяне бадай што кожны дзень крытыкуе, і — нічога. Пяты дзесятак цярплю... Так што крытыкуйце, а я потым зайду...

І дзед Нічыпар, усміхаючыся ў пракураныя вусы, выйшаў...

Ледзь толькі за вартаўніком зачыніліся дзверы, Хітрук усміхнуўся і самазадаволена, з гонарам прамовіў:

— Эх ты, Белкін! Бачыў, як з людзьмі размаўляць трэба, зразумеў, каго крытыкаваць? Чым не сатыра? Старыя, яны заўсёды ў сатыры поспех маюць... Давай, Макарка, дзейнічай: размалюй гэтага дзеда як мае быць! Ды каб Гогалем пахла!

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан