epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Шчасце

Да гэтага першага ў сваім жыцці інтэрв'ю я рыхтаваўся асабліва старанна. Смешна ўспомніць, колькі перачытаў розных гутарак са знакамітымі вучонымі і пісьменнікамі, перадавікамі вытворчасці і зарубежнымі гасцямі! Тыя пытанні карэспандэнтаў, якія здаваліся мне асабліва глыбакадумнымі і дасціпнымі, я дакладна перапісваў у свой блакноцік. Хутка ў ім амаль не заставалася ўжо месца на адказы. Затое я быў упэўнены, што па слова ў кішэню не палезу. Толькі вось у каго браць інтэрв’ю — гэта для мяне, практыканта абласной газеты, было яшчэ не зусім ясна. Праўда, ноччу мне некалькі разоў снілася, што я вяду гутарку з нейкай славутай французскай кінаартысткай. Раніцою я не мог добра ўспомніць, аб чым мы размаўлялі, але сябе помніў цудоўна: гэткага элегантнага, бойкага і знаходлівага...

Але ўсё гэта, на жаль, было толькі ў сне! У тым жа раёне, дзе прапанавалі мне правесці добрую гутарку з добрым чалавекам, не было, безумоўна, знакамітых кінаартыстак. І я, рамантык, які марыў аб журналісцкай славе з першых крокаў, дужа непакоіўся. Нават мой новы сябар — літработнік газеты Саша Круглікаў, заўважыў мае турботы і, як сапраўдны сябар, прыйшоў мне на дапамогу.

— А ведаеш што? — задумліва сказаў ён, калі мы ў рэдакцыйным буфеце дапівалі па трэцяй пляшцы кефіру.— Ёсць у мяне адзін цікавы стары на прыкмеце. І якраз — у тым самым раёне, куды ты едзеш. Кавалік Дзяніс Дзянісавіч... Ён не пісьменнік, не артыст, але асоба відная... Філосаф! Збіраўся як-небудзь сам напісаць, ну, ды злічымся славаю: перадаю табе! Запісвай адрасок: сяло Смыкі...

Так я і паехаў у гэтыя Смыкі. Па дарозе ў Смыкі ў думках перабраў усю нашу размову з мудрым старым, усе абавязковыя і магчымыя пытанні. І было сярод іх адно, якое здавалася мне самым галоўным: «Скажыце, шаноўны Дзяніс Дзянісавіч, у чым вы бачыце сваё шчасце?» І ўжо ўяўляў, як Дзяніс Дзянісавіч зграбе ў жменю бараду (а тое, што ў яго абавязкова пышная барада Льва Талстога, я ніколі не сумняваўся), нахмурыць высокі лоб і, пыхкаючы чорнай прасмаленай люлькай, пачне нетаропкі, грунтоўны расказ аб сваім жыцці. А я буду слухаць ды занатоўваць.

І вось, прыехаўшы ў Смыкі, я гарэў жаданнем хутчэй сустрэцца са сваім субяседнікам. Недалёка ад прыпынку, на ганку універмага, размаўлялі дзве жанчыны. Памкнуўся да іх:

— Падкажыце, дзе жыве тут Дзяніс Кавалік?

— Кавалік? Пенсіянер? На тым краі... Мінеце школу, пройдзеце да Дома культуры, а затым на ўзгорку каля саменькай бальніцы ўбачыце з белай цэглы дом пад ліпамі... Там і жыве наш старажыл.

— А... колькі яму? — не стрымаў я цікавасці.

— Ды не маладзёнак ужо! — весела бліснула з-пад хусткі чорнымі вачамі адна з жанчын.— Восем дзесяткаў, пэўна, адтэпаў, калі не болей.

Ну, вось... У такога дзядка толькі і браць інтэрв’ю: ужо, мабыць, і не бачыць, і не чуе... Падкузьміў сябрук Круглікаў, лепш не трэба!

Я панура паплёўся асфальтаванай дарожкай уздоўж палісаднікаў.

Неўзабаве ўжо стукаўся ў брамку.

— Каго шукаеце? — зусім нечакана пачуўся ў мяне за спіной бадзёры голас.

Павярнуўся і адразу здагадаўся — перада мной гаспадар. Пажылы, але без барады. Прадаўгаваты твар сухі, маршчыністы, але вочы — жывыя, крышку насмешлівыя. Ды і ўвесь ён, хударлявы, невысокі, даволі энергічна трымаў галаву і зусім не нагадваў таго хваравітага чалавека, якім я яго ўяўляў. Нават апрануты быў неяк франтавата: новы шэры касцюмчык з чырвоным гальштукам, зялёны капялюш...

— То каго шукаеце, малады чалавек? — зноў спытаў ён.— Калі гаспадара — то вось я... На пасяджэнні праўлення затрымаўся: не даюць спакою старому Каваліку!.. Накшталт генеральнага саветніка я ў іх...

«Ого, цікавы чалавек!» — павесялеў я і, радуючыся ўдачы, тут жа растлумачыў, з якой мэтай завітаў: браць інтэрв’ю. Прыселі на лавачцы пад ліпай.

— Дык што ты хочаш у мяне ўзяць, хлопча? — нібыта не разумеў ён мяне.

— Інтэрв’ю! Пытацца вось у вас буду...

— А-а... Бяры, бяры... Пытайся. Толькі скажы, пра што, напрыклад?

Я хуценька пакорпаўся ў сваіх занатоўках, знайшоў самае важнае пытанне і ўрачыста прачытаў:

— Шаноўны Дзяніс Дзянісавіч, у чым вы бачыце сваё шчасце?

Доўга пазіраў на мяне стары задумлівым позіркам. Потым губы яго кранула хітраватая ўсмешка, ён прыжмурыўся, уздыхнуў і... агарошыў:

— Вось што, хлопча... Я тут мушу да суседа зайсці па тэрміновай справе... То давай дамовімся: ты трошкі пагуляеш, з людзьмі пазнаёмішся, а вернешся — і са мной пабалакаеш.

Хоць і збянтэжыў стары мяне сваёй прапановай, але мусіў з сялом знаёміцца. І хутка захапіўся не на жарты. Дзе толькі не пабываў, каго толькі не пабачыў: і калгаснага агранома сустрэў, і заслужаную настаўніцу адшукаў у школе, і ўрача-вучонага ў бальніцы выявіў, і з тутэйшым мастаком пагутарыў... Нават на самадзейнага кампазітара пашэнціла: Домам культуры кіруе. Адным словам, калі спахапіўся, быў ужо надвячорак. Паспяшаўся да Дзяніса Дзянісавіча. Падыходжу да дома, а Кавалік на лаўцы чакае мяне — нібы і не пакідаў гэтага месца.

— Ну, як справы? Нешта затрымаўся ты, хлопча, дужа... Ці не дзяўчына якая тут вінаватая?

Лёгенька пагладжвае тоўстым пальцам калматае сівое брыво і ўсміхаецца з той самай забаўнай хітрынкай, якую я яшчэ заўважыў напачатку.

— Дык з кім ты ўсё ж сустрэўся? Расказвай...

Пачаў я лічыць старому ўсіх сваіх новых знаёмых.

Толькі прозвішча назаву, а ён: «Чакай, хлопча, гэта мой зяць!.. Я табе пра яго яшчэ не такое паведамлю».

І хваліць зяця-агранома за яго спрыт: гэта ж яго стараннем новую ўраджайную пшанічку ў калгасе завялі... Не паспеў яму пра сустрэчу з заслужанай настаўніцай расказаць, а ён зноў: «Чакай, хлопча... Тая настаўніца мая старэйшая дачка. Сярод яе вучняў і касманаўт ёсць!» І з такім гонарам, так горача аб сваёй вялікай радні расказвае, што аж памаладзеў з выгляду стары.

— Усе вучоныя, хлопча, усе ў людзі выйшлі! І ў вёсцы, і ў горадзе працуюць. Ад таго, пэўна, і трымаюся яшчэ на нагах, што хочацца даўжэй на іх шчасце паглядзець... Ну, а цяпер, калі ахвоту маеш, можаш і пытанні свае задаваць... Аб чым гэта ты пытаў? У чым маё шчасце?

Ціхая вераснёўская ноч ахутала зямлю, і на вулічных слупах ужо засвяціліся ліхтары, а ў аксамітавым небе — зоркі, калі я сабраўся на свой аўтобус. Цёпла развітаўся са старым. Але не паспеў зрабіць і некалькі крокаў, як пачуў голас Дзяніса Дзянісавіча:

— Чакай, хлопча... Праклятая памяць! Не сказаў табе я шчэ пра аднаго ўнука. Ён жа таксама ў газеце як ты, робіць. Калі ўбачыш, прывітанне ад дзеда перадай... Сашку Круглікаву, чуеш?

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан