epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Шэры капялюш

Не паспеў я зайсці ў магазін, як убачыў свайго таварыша па службе Антона Камяка... Ён стаяў каля аддзела галаўных убораў, уважліва разглядаючы рознакаляровыя капелюшы. Іх было тут з добры дзесятак — ад высокіх цёмна-зялёных, з белымі шаўковымі шнурочкамі, да светла-кафейных з шырокімі карычневымі стужкамі...

— Прывітанне, Антон! Ты што, капялюш купляеш?

— Прывітанне, прывітанне,— не звяртаючы на мяне асаблівай увагі, мармытаў ён.— Купляю... Свята хутка.

І тут жа пры мне ён папрасіў у прадаўца капялюш для прымеркі.

Капялюш быў яўна не той. Вялікі, нейкага непрыемнага шэрага колеру, ён, нібы парасон, накрываў маленькую галаву Антона Камяка. Здавалася нават, што капялюш трымаецца толькі на Антонавых шырокіх вушах.

Камяк зірнуў у люстра і незадаволена хмыкнуў — велікаваты капялюш дрэнна ішоў да вузкага твару пакупніка і яго светлага паліто.

Антон зняў капялюш, павярнуўся да мяне і папрасіў:

— Памажы!

— Калі ласка!

Я адразу ахвотна «ўключыўся ў работу»... Нам падавалі капелюшы розных размераў, розных колераў. Былі добрыя, былі дрэнныя. Але дзіўная рэч — чым больш капелюшоў прымерваў Антон, тым больш рабіўся патрабавальным.

— Хіба гэта капялюш? — ужо ледзь не крычаў ён.— Ды яго ж замест парасона насіць можна... А яшчэ імпартны!

Праходзіла хвіліна, і ён прыдзірліва круціў у руках другі:

— Ну глядзіце, таварыш прадавец, глядзіце, на што гэты капялюш падобны? Кацялок, звычайны салдацкі кацялок... што мне, есці з яго? Пакажыце яшчэ!

Было зразумела: сёння ён не купіць капелюша... Чаго добрага, яшчэ да скандалу дойдзе! Некалькі пакупнікоў у чарзе кідалі на нас вельмі ўжо выразныя позіркі. І тут у мяне раптам узнікла ідэя...

Якраз у гэты момант Антон трымаў у руках той самы шэры капялюш, з якога ён пачаў прымерку. Калі ён збіраўся ўжо зноў вярнуць капялюш прадаўцу, я рашуча ўзяў яго за руку:

— Пачакай, не хвалюйся, прымерай яшчэ разок... Нешта ў гэтым ёсць...

Антон абыякава зноў надзеў шэры капялюш і задзірліва паглядзеў на мяне: палюбуйся, маўляў, я налюбаваўся, хопіць!

— Чакай, чакай... Капялюш мне падабаецца.

— Што? Табе падабаецца гэты... брак?

— Безумоўна. І калі ты не верыш майму густу, павер густу іншых. Такі капялюш купіў начальнік нашага рыбтрэста Солькін...

Антон недаверліва зірнуў на мяне, затым павярнуўся да люстра і доўга ўглядаўся. Ганарліва ўскінуў галаву, павёў плячыма. Не ведаю, што на гэты раз убачыў ён там, але на яго вузкім даўганосым твары мільганула раптам слабая ўсмешка.

— Наогул, нішто сабе... Ведаеш, у ім сапраўды нешта ёсць, у гэтым капелюшы,— задумёна прамовіў Антон і тут жа, нібы між іншым, спытаў: — А ты... даўно бачыў Солькіна?

— Добра не памятаю... Учора ці заўчора.

— І ён быў, кажаш, у такім капелюшы?

— Ну, вось, ты яшчэ не верыш... Я нават камплімент яму сказаў, што такі капялюш цяпер знайсці цяжка!

Я нешта гаварыў яшчэ, але Антон ужо мяне не слухаў. Яго твар пасвятлеў, тонкія вусны нечакана разышліся ў радаснай усмешцы. Ён яшчэ раз зірнуў у люстра, важна кашлянуў і раптам весела крыкнуў прадаўцу:

— Цудоўны капялюш! Вось бачыце, нездарма мы столькі выбіралі... Упакуйце! Гэта якраз тое, што я шукаў!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан