epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Сюрпрыз

Амаль увесь месяц я жыву, як у нейкім цудоўным сне... Прыемныя турботы не даюць спакою: гойсаю па магазінах, розныя жончыны даручэнні выконваю, дамаўляюся наконт мэблі, запрашаю гасцей. А тут яшчэ сябры безупынна на працу звоняць, віншуюць — хоць той тэлефон у нашай юрыдычнай канторы адключай.

— Пятро, на дрот!

Ну вось, зноў завуць. Бяру тэлефонную трубку і чую знаёмы бас Міколы:

— Прывітанне, юрыспрудэнцыя! Даруй, толькі з камандзіроўкі... За мяжой быў... Станкі нашы вазіў... Спяшаюся павіншаваць з наваселлем. Як кажуць палякі, жыві сто лят!

— Дзякуй, Мікола... Дзякуй, сябра...

— Дзе ж пасялілі, Пятро?

— О, мне нават і не снілася такая кватэра! У новым мікрараёне... Дом — над самым возерам, як на дачы. Карацей, запрашаю на наваселле... Вуліца Зялёная...

— Няўжо?!

— ...дом 45...

— Гэта... дваццаціпавярховы?

— Ён самы... А ты адкуль ведаеш?

— Ды ведаю... Няўжо ж... Здзівіў, стары... вось пашанцавала...

— Ага, пашанцавала мне, браток. Настрой такі — хоць танцуй! Ніколі, здаецца, не спяваў, а цяпер іду на працу і пад нос сабе мурлыкаю маршы... Ну, а як у цябе, чарга кватэрная прасунулася?

— Прасунулася... Добранька прасунулася.

І — смяецца, заліваецца Мікола. Вось гэткі ён заўсёды рагатун. Пра сур’ёзнае гаворыць, а на твары — усмешка. Жартаўнік... Слухаю яго вясёлы голас і аж самому карціць пажартаваць.

— Ідэя, Мікола! — кажу яму.— Ёсць ідэя... Пад носам у мяне дагэтуль трохпакаёўка пустуе... Дзівак нейкі не засяляе. Давай займай кватэру... Будзем разам на возера хадзіць...

Мікола з хвіліну маўчыць, нібы разважае над маёй прапановай, а потым радасна крычыць у трубку:

— Выдатна, юрыспрудэнцыя! Прапанова прымаецца... Сёння ж пераязджаю. Якраз гарнітур румынскі прыдбаў. Надвячоркам перавязу, і — кропка. Толькі будзь дома — паможаш пераехаць...

— Гэта для нас не праблема! — ахвотна падтрымліваю жарт.— Ёсць грузавы ліфт... Шампанскае толькі не забудзь прыхапіць!

— Ну, тады чакай.

Вярнуўшыся з працы, расказваю жонцы пра нашу вясёлую размову з Міколам, смяёмся. Яно б і сапраўды няблага было мець суседам сябра дзяцінства: колісь хаты нашых бацькоў у вёсцы побач стаялі... А цяпер вунь які дамок, пад самыя воблакі!

— Чакай, нехта звоніць,— раптам кажа жонка.— Пайду адчыню.

Адчыніла — Мікола на парозе! Стаіць, мядзведзь двухметровы, лыбіцца.

— Ну, агітатар, абяцаў памагчы — памагай! Мэбля на вуліцы пад дожджыкам мокне...

І падміргвае па-змоўніцку. Мяне — як з цэбра халоднай вадой. Вушам сваім не веру: што ён вярзе? Але зірнуў у акно — сапраўды мэбля каля пад’езда...

— Ты што ж гэта задумаў, Мікола? — ледзь стрымліваю абурэнне.— Як не сорамна — дарослы чалавек. Жарт у сур’ёзнае ператвараеш? Я ж пажартаваў...

— Не трэба было так жартаваць,— гэтак спакойненька адказвае.— Другі раз не будзеш... Гайда ўніз!..

Я яшчэ спрабую ўгаварыць яго:

— Калі хочаш — пажыві ў мяне, толькі не рабі глупства, не самаўпраўнічай! І мэблю тваю знойдзем дзе паставіць. Пацяснімся... А ён і слухаць не хоча.

— Надакучыла мне,— кажа,— у старой кватэрцы туліцца... Хачу жыць раскошна — як ты.

І мусіў я памагаць яму.

Перацягалі на лесвічную пляцоўку ўсё, што прывёз. А далей — ён сам з грузчыкамі... Толькі ж усё роўна я сабе ад хвалявання ды трывогі месца не знаходжу: гэта ж трэба мне, юрысту, стаць саўдзельнікам беззаконнасці! І хто мяне за язык цягнуў... з тым жартам. Во пажартаваў дык пажартаваў! Быць скандалу...

А Міколу — хоць бы што: сядзіць у мяккім крэсле, хітранька пазірае на мяне і аж кісне ад смеху.

— Ну, як, правучылі мы твайго суседа? Задаволены? Вось цяпер хай пакруціцца, разява. Дзякуй за ідэю, юрыспрудэнцыя... Але хопіць цябе за нос вадзіць: зірні! — і суе мне нейкую паперчыну ў рукі. Бяру, чытаю і вачамі лыпаю.

— Дык чаго ж ты мне адразу яе не паказаў?!

— А хацеў, каб з сюрпрызам...

Ну, што з ім рабіць, гарэзай? Злавацца? Дык не той жа момант. І ад сэрца адлягло ўжо.

— Схавай ты гэты ордэр на кватэру,— кажу наўмысна сярдзітым тонам.— Разыграў старога дурня... Радуйся! Але сюрпрыз твой усё роўна прыемны... Дзе шампанскае? Налівай!

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан