epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Скарга

«...Дарагая жоначка Марыя! Ты яшчэ пытаеш у пісьме, як справы з маёй скаргай. Вельмі ўдзячны табе, што нават у доме адпачынку не забываеш аб гэтым. Са скаргай усё ў парадку. Пішу, галоўным чынам, начамі. Ведаеш, ніхто не перашкаджае: ні суседзі, ні дзеці, ціха... Калі памятаеш, у тым першым чарнавіку я лаяў Гайдучэнку за яго амаральныя паводзіны — за дваяжэнства... Цяпер я пайшоў далей. Выкладаю ў скарзе яго недахопы па адміністрацыйнай лініі. Як дырэктара. Не сумнявайся, расчыхвошчу як мае быць!

Тут жа закрану і асабістае пытанне. Праўда, не ў гэтым галоўнае. Не дзеля сябе стараюся, а проста хачу выкараніць недахопы ў нашай установе. Ты ж мяне ведаеш...»

«...Дарагая Марыя! Вось ужо не чакаў, што ты так хутка адкажаш на маё пісьмо. І мне вельмі прыемна адчуваць нават здалёку тваю маральную падтрымку. Ты правільна кажаш — цягнуць са скаргай нельга, трэба яе тэрмінова пасылаць. Так думаюць і мае сябры Цішкін і Чарнушэвіч. Яны мне самі нештачка вельмі каштоўнае паведамілі пра дырэктара... Такое, што ой-яй-ёй! Дапішу сёння ж. Наш пяцікласнік на мяне ўжо крыўдзіцца — трэці ж сшытак ягоны заканчваю. І, ведаеш, чым больш пішу, тым большы гнеў адчуваю! Я зараз як тыгр. Не цярплю і грама несправядлівасці. Убачу, што акурак кінуў нехта на падлогу — хапаю за руку і тут жа прымушаю падняць. Вунь які я стаў!»

«...Дарагая Марыя! Гэтае маё пісьмо можа цябе засмуціць: скаргу я ўсё ж яшчэ не адаслаў... Ды не бяды! Самае непрыемнае, што аб скарзе ведаюць ужо ўсе супрацоўнікі нашай установы. Напэўна, ведае і сам дырэктар Гайдучэнка... Сёння ў час нашай звычайнай нарады ён нешта вельмі доўга пазіраў на мяне. Аж мурашкі забегалі па спіне... Разумееш, якая сітуацыя? Але не думай, што я спалохаюся і выкіну скаргу... Не для таго пісаў! Ты мяне, слава богу, ведаеш...»

«...Дарагая! Няма слоў, каб перадаць, як я ўзрушан! Не, не, страшэннага нічога не адбылося... Хутчэй наадварот. Уяві, толькі прыйшоў на працу — дырэктар выклікае... Значыць, пранюхаў пра скаргу. Думаеш, спалохаўся я? Не! Што будзе, то і будзе. Адкрываю дзверы, заходжу, а ён мне з парога:

— Абмяркоўвалі вашу кандыдатуру. Улічваючы, што чалавек вы здольны, рашылі павысіць... Будзеце старшым у аддзеле.

Вось і ўсё, дарагая... Прыязджай хутчэй дамоў. Чакаю. Ды не напамінай мне болей пра гэтую скаргу... Я яе не выкінуў. Яна ляжыць у надзейным месцы: у шафе, там, дзе дзве ранейшыя на наша домакіраўніцтва...»

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан