epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Суседзі

На вуліцы — мяцеліца. Круціць другі дзень. Снегам заляпіла ўсе вокны, праз шыбы ў хату, як праз ліст паперы, прасочваецца бела-малочнае святло, рэдкае і цьмянае. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка,— ударыць, адскочыць і зноў калышацца, пакуль новы парыў ветру не шаргане ёю... Стары Ігнат моршчыцца ад кожнага ўдару яе. Шырокія плечы яго ўздрыгваюць пад лінялай гімнасцёркай. Але на двор ён не ідзе, а сядзіць моўчкі, панура схіліўшыся над жалезнай печкай.

У хаце прыцемак. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Са скуластага даўгаватага твару Ігната спаўзае шэрасць. Шчокі каля скроняў пачынаюць ледзь ружавець, а губы мякчэюць. Але вочы з-пад сівых густых броваў па-ранейшаму глядзяць сурова і пакутліва. Уся Ігнатава постаць — згорбленая, схіленая над печкай, як пытальнік: што рабіць?

— Ах ты, сук-кін сын,— сам сабе мармыча Ігнат.— Ах ты...

Раптам у сенцах нешта грукнула. Ігнат хутка ўстаў з бярозавага кругляка, прыслухаўся, і калі ў сенцах на хвіліну шум сціх, глуха спытаў:

— Хто там?

Нібы ў адказ, адразу ж бразнула клямка, дзверы рэзка расчыніліся. Каля парога заклубілася марознае паветра.

— Здароў, Ігнат...

На парозе сусед — Макар Стральцоў. Высокі, сутулы, ён закрывае сабой усе дзверы.

— Здароў, кажу, Ігнаце.

Ігнат моўчкі ківае галавой, моўчкі апускаецца на той жа бярозавы кругляк; гледзячы некуды ўбок, дастае кісет з тытунём, закурвае. Ён упэўнены: Макар зараз пачне гаварыць пра яго сына (уся вёска гаворыць!), з’едліва ўсміхнецца ў бараду і скажа: «Не журыся, куме. Не такое мы з табой у германскім палоне перажылі!..» Гэта — заўсёдныя яго словы, да кожнага выпадку. Скажа, адвернецца і ціха захіхікае. Затым і прыйшоў. Злая натура! Адпомсціць рашыў..,

Пасварыліся яны летась. Ігнату тады адрэзалі дзве соткі ад Макаравага прысядзібнага ўчастка. Законна адрэзалі, лішнія яны ў суседа былі. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца.

Але цяпер Макар Стральцоў чамусьці маўчыць. Са здзіўленнем узнімае на яго вочы Ігнат, гатовы на ўсё, падазрона глядзіць, як той, не спяшаючыся, скідвае вялікія зашмальцаваныя рукавіцы, здымае з галавы вушанку, падыходзіць да печкі і крэкча, працягнуўшы над ёй загрубелыя ў кузні рукі з растапыранымі, тоўстымі, як зуб’е ў баране, пальцамі. Вось ён ужо расшпіліў кажух і нахіліўся над печкай. Ігнат упершыню так блізка бачыць галаву суседа — лысую, з сівымі касмылямі на скронях.

— А ў цябе, брат, цёпла-а... Ладненькая печачка, грэе,— расцягваючы словы, гаворыць Макар Стральцоў і змаўкае.

Праходзіць яшчэ некалькі хвілін. Пра Ігнатавага сына — ні слова. І калі Ігнат не можа стрымацца ўжо, каб не паскардзіцца на сваё гора, з няшчыльна прычыненых дзвярэй суседняга пакоя даносіцца ціхі жаночы плач.

Макар збянтэжана азіраецца. Калі ж Ігнат, прычыніўшы дзверы ў пакой, асцярожна вяртаецца да печкі, Макар трывожным шэптам пытаецца:

— Яна... плача?

— Плача Анютка,— адказвае Ігнат.— Цяжарная яна, нельга ёй плакаць, а плача, убіваецца, бедная... Гора, Макар...

Пасля гэтых слоў уся напружанасць у размове і насцярожанасць знікаюць. Ігнат глядзіць на суседа і хмурыцца.

— Ты на мяне, браце, не крыўдуй,— гаворыць ён Макару.— Можа, я і вінаваты быў: крыху пагарачыўся тады... праз соткі. Але не пра гэта, суседзе, я хачу сказаць табе — Анютку шкада! Я ж яе, як дачку родную... палюбіў. І яна нас, старых, не крыўдзіла... А якая гаспадыня! Дай божа кожнаму такую нявестку. Дагледзіць, накорміць у час, чыстую кашулю да нядзелі прыгатуе. А мой сынок, бачыш...

Бледны твар Ігнатаў чырванее, стары задыхаецца ад абурэння, ад крыўды, ён забывае, што побач — Макар Стральцоў. Пачынае лаяць свайго сына за тое, што той кінуў цяжарную жанчыну...

А колькі радасці было, як сын жаніўся. Тры дні вяселле гулялі. Цяпер жа ўся вёска кпіць: «Вось дык сыночка Ігнат выгадаваў!.. Такую дзяўчыну пакрыўдзіў».

Баліць у Ігната сэрца, ные. Ён успамінае, як прасіў сына не пакідаць Анюткі. Успамінае, як не вытрымаў і кінуўся на сына з качаргой, а сын узяў яго за плечы, сціснуў, быццам жалезнымі абцугамі, і пасадзіў на ложак — абмяклага, прыніжанага, разбітага горам і крыўдай.

— Нявестка пакінуць мяне хоча. Кажа, да маткі пайду. А там ёй, што — лепш будзе? Ад гора не ўцячэш,— гаворыць Ігнат аслаблым голасам.— А як мне жыць? Адзін, як калок на гародзе, застануся... Вось парай, што рабіць?..

Пагас у печцы агонь. Бляшаныя сценкі астываюць, зноў робяцца бура-сінімі. Ігнат паднімае галаву, глядзіць на суседа. Макар шукае адказу. Раптам устае з табурэткі:

— А ты ў суд, у суд, кум, ідзі! Няхай за яго, за нягодніка, возьмуцца!

— Пайду, дальбог жа, пайду, — згаджаецца Ігнат.— Вось толькі апрануся цяплей.

Ён знімае з вешалкі кажух, старанна абмотвае шалікам шыю.

— І правільна робіш, кум,— сурова паўтарае Макар.— Правільна робіш... Там з ім пагавораць як трэба. Цацкацца не будуць, не-е...

Выйшаўшы з хаты, старыя спыняюцца ля варот.

— Дзякуй, сусед,— глуха гаворыць Ігнат.— Пайду. Толькі я не ў суд, да сына...

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан