epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Свет перавярнуўся

Які ўжо дзень сцяной вісіць за акном дождж. Чуваць шум, з нейкім глухім шамаценнем. Нібы моцны вецер гойдае стары бор, дзе кожнае дрэва ў тры абхваты. Трывожна ўзіраючыся ў акно, ці маці, ці бабуля не вытрымаюць, скажуць:

— Няйначай, свет перавярнуўся.... Патоп!

І я ўяўляю, што гэты праліўны дождж на вуліцы бушуе, як мора. Яно затапляе ўсё на сваім шляху, бурліва наступае, коціцца на нашу старэнькую хату, раз-пораз шалёна кідаецца на сцяну, за якой туліцца адзіная выратавальніца — цёплая печ. Ірвецца да яе вада, ды не прарвецца: усё ж яшчэ трывала абараняюць ад непагадзі старыя бярвенні. Вось толькі дах падводзіць — бяда! Са столі, адтуль, дзе на пабеленых дошках распаўзліся жоўта-шэрыя плямы вільгаці, дружна скачуць уніз срэбныя жучкі — у тазік, ночвы, чыгунок, бляшанку... І так гучна шлёпаюць, бы музыка якая. Сцішышся, прыслухаешся да гэтага звону і раптам уловіш у ім такія гукі, што аж плакаць хочацца: мелодыя на дзіва журботная, як і сіні густы змрок за акном. Халодныя дрыжыкі прабягуць па спіне, скаланешся, скурчышся, ухутаешся з галавой у коўдру, шчыльней прыціснешся да печы і аднаго прагнеш: нічога не бачыць, нічога не чуць... Толькі слухаць у сабе нешта ціхае і светлае разам з роўнымі і ўпэўнена-спакойнымі штуршкамі сэрца. І неўзабаве забудзеш і пра надакучлівы шэры дождж, і аб дзіравай столі, і аб усім, усім на свеце...

— Свет... перавярнуўся...

Чый там унізе знаёмы голас, чый кашаль? Маці, бабулі? Чые рукі асцярожна папраўляюць коўдру?

Салодкая бесклапотная дрымота ахоплівае ўсё мацней, усё ўладарней. І ўжо нічога болей...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан