epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Тайна

Сёння ў маім доме незвычайны дзень. Можна сказаць, гістарычны. Аб гэтым я намякнуў жонцы яшчэ надвячоркам:

— Заўтра цябе чакае нештачка дужа прыемнае...

Заінтрыгаваная жонка ўсю ноч не спала, варочалася, і яе ўздыхі перашкаджалі мне спаць, але, мабыць, упершыню я стрываў, не ўсчаў сваркі — каб не прагаварыцца, не выдаць сваёй тайны.

А з'явілася гэтая тайна гадоў мо з пяць назад. Тады, памятаю, таксама быў Міжнародны жаночы дзень. Адзначыў яго так, што сябры мусілі прывезці мяне на машыне. Але лепш бы яны гэтага не рабілі, лепш пакінулі б мяне пад адкрытым зоркавым небам: які грандыёзны скандал жонка ўчыніла! Бр-р-р... Закідала дакорамі, бы гэтымі... слезатачывымі гранатамі. А ўсё ад таго, што забыў ёй купіць падарунак. Не аказаў адпаведнай увагі. Памятаю, яна плача і я ледзь не плачу. Ад жалю.

— Я табе заўтра ж куплю падарунак,— слёзна абяцаю жонцы.— Хочаш — панчошкі, хочаш — духі...

А жонка — ні ў якую! Чамусьці нервуецца, крычыць, народную мудрасць прыгадвае: маўляў, дарагая лыжка к абеду... Ну яе, гэтую мудрасць, бокам яна мне вылазіць. Ніякай паблажкі мужу, ніякага спачування. А можа, я гэты... як яго? Склероцік. Таму і забываю пра падарункі, што хворы. Карацей, была ў мяне ночка бяссонная. Разважаў, шукаў выйсце з крытычнага становішча. І знайшоў, цудоўнае выйсце прыдумаў! Галава трашчыць з учарашняга, а я — песні пяю... Цяпер — кропка, цяпер па святах мяне ўжо не будзе мучыць сумленне, калі з пустымі рукамі да жонкі прыйду, без падарункаў. Усе гэтыя сувеніры я куплю і ўручу жоначцы адразу за некалькі гадоў... Хай цешыцца! Гэтак жа і мне спакайней — не трэба кожнае свята па магазінах швэндаць, у чэргах штурхацца, і ёй выгода: атрымае не адзін там малюсенькі флакон духоў, а... Між іншым, сама ўбачыць. Убачыць і зразумее, пераканаецца нарэшце, які я шчодры і ўважлівы. Больш не пасмее дакараць.

Так я сабе тады рашыў, але жонцы, безумоўна, нічога не сказаў. І ўсе пяць гадочкаў — ні гу-гу, ні словам не прагаварыўся, бярог сваю тайну.

І вось сёння, уяўляеце, рассакрэціўся! Сёння ў маім доме незвычайны дзень. Можна сказаць, гістарычны. Паклікаў суседак, жонку, дзяцей, выходжу страявым крокам ка сярэдзіну пакоя, у руках — мяшэчак з падарункамі... Усе, вядома, сочаць за мной, чакаюць, хвалююцца: чым агарошу? А я гэтак знешне спакойна, нават абыякава вытрасаю на стол падарункі з мяшэчка і кажу:

— Дарагая, тут — усё... за ўсе пяць гадоў... Віншую! Бяры і ведай, які я ёсць чалавек! За мной — ніколі не прападзе.

А на стале — флакончыкі духоў, набор розных шчотак, люстэрка кішэннае... На кожнае свята што-небудзь! За ўсе пяць гадоў! Я — не скнара.

Бачу, жонка ад нечаканасці слова вымавіць не можа. Пачырванела, слёзы выцірае, каб не заўважылі: побач суседкі стаяць.

— А вашы як... наконт падарункаў? — пытаюся ў суседак.— Дораць? Калі не — не дакарайце іх. Можа, і яны ашчаслівяць вас калі-небудзь... як я!

Суседкі сумна ўздыхаюць. Зайздросцяць маёй жонцы!

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан