epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Тэлевізійная прэм’ера

Гаўрыла Гаўрылавіч Падабабкін не спаў ужо тры ночы. Мала сказаць — не спаў. Гаўрылу Гаўрылавіча літаральна калаціла ад незвычайнай узрушанасці, ад радаснай трывогі, і светлых надзей. Падумаць толькі! Ён будзе выступаць па тэлебачанню... І ўсё гэта, уявіце, здарылася так нечакана, так проста. Пазванілі да яго ў домакіраўніцтва, папрасілі — згадзіўся. Без ваганняў, адразу. Аж у скокі карцела пусціцца. Ды цяпер вось — хвалюецца, нервы падводзяць: апошняя рэпетыцыя. Дома. Доўгі нос Гаўрылы Гаўрылавіча выцягнуўся, апусціўся да самых губ, твар схуднеў, а звычайная сінява на сухіх шчоках змянілася бледнасцю.

А на Гаўрылу Гаўрылавіча як не маліліся жонка, дзве незамужнія дачкі і старая цётка Магдаліна. У гэты незвычайны дзень у хаце гаварылі толькі шэптам, каб не перашкаджаць гаспадару, не гнявіць яго, а цётка Магдаліна, прыгатаваўшы духмяную яечню, упрошвала:

— Гаўрылка, з’еш яечанькі...

Гаўрыла Гаўрылавіч не чуў голасу цёткі. Ён чуў голас дыктаршы: «А зараз, дарагія таварышы, перад вамі выступіць паважаны домакіраўнік Гаўрыла Гаўрылавіч Падабабкін...»

Канечне, ён, як вучыў яго знаёмы акцёр Сінайскі, кіўне галавой, падзякуе дыктарам, стрымана, у меру прыветліва ўсміхнецца тэлегледачам і нетаропка, з пачуццём уласнай годнасці, пачне прамову аб сваёй сціплай, але патрэбнай людзям працы.

Ах, жыццё, жыццё! Якіх толькі штуковін яно не вытварае з чалавекам! Ну, хіба ж ён, Гаўрыла Гаўрылавіч, думаў, што на самым схіле год яго, нарэшце, заўважаць і нават запросяць на тэлебачанне? У той самы момант, калі ўжо і не марыш аб славе, пахаваўшы лепшыя надзеі на самай глыбінцы стомленай няўтольнай душы, калі толькі і просіш бога аб адной літасці — пазбавіць ад ворагаў-крытыкаў... Ды не! Цяпер ён пакажа таму-сяму кукіш з маслам, пакажа! Хай пішуць скаргі, хай джаляць сваімі камарынымі ўкусамі, а Падабабкіна будзе ўся вобласць глядзець!

— Не, проста так са сцэны не сыду! — ганарліва прамовіў услых Гаўрыла Гаўрылавіч.

Акцёр Сінайскі, які непрыкметна зайшоў у пакой і назіраў за сваім падапечным, не вытрымаў, падскочыў да яго радасна:

— Малайчына, Гаўрыла Гаўрылавіч! Правільна! Прыкладна тое ж сказаў я, калі аднойчы забыў словы сваёй ролі...

І хоць Сінайскі ўжо неаднойчы гаварыў пра гэты выпадак Падабабкіну, ён і на гэты раз, гарэзліва бліскаючы вачамі, прыцмокваючы языком, пачаў пераказваць старую гісторыю.

— Ці то спалохаўся я, ці крышку лішняга выпіў перад спектаклем, але хоць кол на галаве чашы,— аніяк не магу ўспомніць, што трэба гаварыць дзяўчыне, якая не кахае мяне. І вось тады я кінуў пагардлівы позірк у залу і, помню, прадэкламаваў: «Ха, ха! Я сцэну пакідаю!» Што рабілася з публікай — вы не ўяўляеце... Авацыі, гром авацый! Гледачы ўсе ў захапленні... Вось, дарагі, як трэба смела арыентавацца ў нечаканай абстаноўцы.

Гаўрыла Гаўрылавіч пакутліва ўсміхнуўся акцёру і тупа ўтаропіўся ў люстра.

Сінайскі крытычна хмыкнуў, над нечым разважаючы, прывычна часануў грабянцом палыселую галаву і рашуча прамовіў:

— Вам, Гаўрылавіч, лепш за ўсё падыдзе важная поза. Паболей у твары пачуцця гонару! Ну, зірніце, зірніце на мяне, быццам Кутузаў на бяздарнага генерала... А я тым часам...

У дрыготкіх, але спрытных руках Сінайскага мільгануў графінчык каньяку, які трымаўся ў хаце для важных персон. Гэтая бесцырымоннасць сапсавала настрой Гаўрылу Гаўрылавічу, і ён, бачачы, як напаўняецца кілішак бурштынавай вадкасцю, адарыў акцёра знішчальным позіркам.

— Цудоўна! Так і выступаўце,— аўтарытэтна сказаў Сінайскі.— Ды спяшайцеся ж на тэлестудыю! — Ён зірнуў на гадзіннік, потым на каньяк.— На прэм’еру спазняцца нельга... А мы ўжо тут, усёй сямейкай, будзем на вас глядзець і радавацца!

Гаўрыла Гаўрылавіч заспяшаўся...

На тэлестудыю трапіў у тэрмін. У вестыбюлі ён пастаяў ля люстра, прычасаў кароткія сівыя валасы, палюбаваўся сваім старамодным святочным касцюмам і нават пажартаваў з бабулькай-вахцёрам... Усё ішло занадта добра. Неўзабаве малады чалавек, які назваўся рэжысёрам, ветліва адвёў Гаўрылу Гаўрылавіча ў студыю і пасадзіў яго не разам з усімі ўдзельнікамі перадачы, а за асобны чорны столік, побач з дыктаршай Зінай. Гэта вельмі спадабалася Гаўрылу Гаўрылавічу: паважаюць!

— Пачынаем, таварышы! — праз якую хвіліну пачуўся строгі голас аднекуль зверху.

Гаўрыла Гаўрылавіч зірнуў туды, угору, і прыплюшчыў вочы: цэлае мора святла, яркага, гарачага, залівала студыю... Тады ён, як і раілі, утаропіўся на чырвоны агеньчык апарата і застыў у чаканні...

А тым часам у кватэры Падабабкіна ля тэлевізара ўрачыста сабралася ўся сям’я. Пакуль не было перадачы, усе слухалі розныя смешныя гісторыі, якія расказваў весялун Сінайскі.

— Сціхніце! Пачалося ўжо,— раптам шыкнула цётка Магдаліна.

Спачатку на экране прыветліва ўсміхнуўся твар дыктаршы Зіны, пасля паплылі постаці спалоханых удзельнікаў перадачы, якія збялелымі пальцамі, нібы за саломінкі, трымаліся за паперкі з тэкстам, і, нарэшце, паказаўся сам Гаўрыла Гаўрылавіч: надзьмуты, чапурысты.

— Мая работа,— патэтычна ўсклікнуў Сінайскі.— Ні даць ні ўзяць — фельдмаршал...

Сапраўды, уражанне было такое, што Гаўрыла Гаўрылавіч ніколькі не хвалюецца, а паблажліва пазірае на дыктара. Праўда, ён час ад часу, пакуль доўга і нудна гаварылася аб будаўніцтве горада, выціраў хустачкай узмакрэлы лоб.

— Падкруціце гук! Мацней! Не магу ўседзець,— хваляваўся Сінайскі.— Дайце кілішак каньяку!

Усе яшчэ бліжэй падсунуліся да тэлевізара. У пакоі зрабілася ціха-ціха. І раптам дыктарша Зіна, пазіраючы на Гаўрылу Гаўрылавіча, запела сваім меладычным галаском:

— Ну, а цяпер домакіраўнік Падабабкін адкажа жыхарам шматпавярховага дома па вуліцы Лясной усяго на адно пытанне...

Галава Гаўрылы Гаўрылавіча з гатоўнасцю баўтанулася ўперад і важна адкінулася назад.

— Скажыце: калі, нарэшце, пачнеце вы рамонт кватэр?

На ўвесь экран расплыўся твар Гаўрылы Гаўрылавіча. Ён яшчэ спрабаваў усміхацца — разгублена, кіславата. Але недзе там, у студыі, пачуўся стрыманы недазволены смяшок. І тут жа, бездапаможна хапаючы паветра, як тая рыбіна, выкінутая на бераг, Гаўрыла Гаўрылавіч раптам прыўзняўся і раз’юшана гаркнуў:

— Я... сцэну пакідаю!

У кватэры Падабабкіных убачылі, як у той жа момант імгненна знік з экрана твар Гаўрылы Гаўрылавіча. І як ні ўзіраліся яго засмучоныя родныя і блізкія, больш ім ужо нічога не ўдалося ўбачыць, акрамя жвавай дыктаршы... Нехта з родзічаў Падабабкіна рэзка вырваў штэпсель з разеткі, экран тэлевізара хутка пачаў цямнець.

І толькі акцёр Сінайскі быў у настроі. Ён нахабна тармашыў старую Магдаліну і з захапленнем рагатаў:

— Вы чулі, чулі, як ён сказануў: «Я сцэну пакідаю!» Далібог, мяне пераплюнуў...

Валасатая рука Сінайскага асцярожна пачала намацваць на стале каньяк, але другая рука, тонкая і доўгая, апярэдзіла: учэпістыя пальцы схапілі графін і пацягнулі да сябе.

— І так усё выжлукціў, пустабрэх пракляты,— прастагнала цётка Магдаліна, сярдзіта ўсхліпваючы.— Артыс-ты...

У цэнтры цёмна-шэрага экрана весела бліснула вясёлая зорачка і патухла.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан