epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

У нашым дварэ

Нядзеля. Сядзім у дварэ нашага дома — Антон, Кузьма, Пятро і я. Гуляем у даміно. «Казёл», як кажуць, у самым разгары.

І тут...

— Анто-он! Ідзі дамоў! Чуеш, зараз жа кідай гэтую сваю гульню...

Мы ўскідваем галовы і бачым у расчыненым акне другога паверха Антонаву жонку. А каб ты... Не дасць закончыць «казла».

— Нічога не зробіш,— устаючы, цяжка ўздыхае Антон.— Трэба ісці...

І ён пакідае нас. А мы — о-о, мы ўжо не стрымліваем свайго гневу — кляймім нашага партнёра на чым свет стаіць!

— Ануча, а не мужчына,— сіпіць прастуджаным голасам Кузьма.

— Хіба гэта мужчына? Жонка круціць ім, як хоча. Ганьба! Не-е, я такога жыцця не вытрымаў бы...

— Так!..— згаджаецца Пятро.— Шкада Антона — слабахарактарны, а жонка гэтым і карыстаецца. Я-то сваю трымаю ў руках, трымаю...

— Толькі так з іхнім братам і можна.— Кузьма не дагаворвае: за спіной у яго, нібы з-пад зямлі, вырастае дзяўчынка.

— Татка, мама казала, каб ты ішоў дамоў. Бабуля прыехала.

Мы глядзім на Кузьму: няўжо і ён пойдзе?

Устае! Устае і вінавата разводзіць рукамі:

— Цешча прыехала.

З маўклівай варожасцю мы пазіраем, як ён таропка знікае ў пад’ездзе. Сабраць новую кампанію на «казла» цяпер цяжка.

Пятро пагардліва жмурыць свае маленькія вочы.

— Як гэта могуць людзі гаварыць адно, а рабіць другое... Гэты ж Кузьма нават перад цешчай дрыжыць! Бачыў? А што ўжо жонка?..,

Я ківаю галавой, і мы абодва, наваліўшыся на стол, сумна пазіраем на чорныя касцяшкі.

— Добры дзень! — раптам чуецца над намі звонкі жаночы галасок.— Дык вось дзе ты хаваешся? А я шукаю... Хадзем, хадзем, даражэнькі. Мы яшчэ павінны паспець да абеду ва універмаг. Кажуць, гарнітуры імпартныя прывезлі...

Жонка бярэ Пятра пад руку, і яны выходзяць з двара. Я моўчкі праводжу іх горкім позіркам. Успамінаю, што і мне таксама трэба спяшацца на абед: мая ж жонка вельмі не любіць, калі пазнюся.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан