epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

У паліклініцы

Чалавек дзесяць пацыентаў сядзіць у прыёмнай паліклінікі і чакаюць сваёй чаргі да ўрача.

Гутараць.

Зычней за другіх гаворыць тоўстая пажылая жанчына ў вязанай кофце, з шырокім кірпатым носам, са старамоднай куксай валасоў на галаве. Яна нахіляецца да рыжавусага дзядзькі і, размахваючы кароткімі рукамі, даверліва кажа:

— ...І верыце, мой дарагі, раматус Маланні як рукой зняло! За тры дні. Уяўляеце? Падрабязна вельмі ўжо не ведаю, як яе гэты стары Зубілін лячыў, але чула — вадой...

— Вадой? Як жа гэта раматус вадой лячыць? — шчыра здзіўляецца рыжавусы.— Ён мяне, пракляты, якраз і мучыць, калі прамачу ногі...

Жанчына насмешліва прыжмурвае вочы.

— А ты не ў мяне, а ў нашага Зубіліна пацікаўся... Ён табе і растлумачыць. Да яго, калі хочаш, людзі з усёй краіны за парадай едуць. І хоць ён гэтых інстытутаў не канчаў, а справу сваю лекавую ой як ведае! Па розных хваробах прымае...

— Той Зубілін ваш у бальніцы прымае, ці як? — зноў спытаў рыжавусы.

— Навошта яму тая бальніца? Прыстаў ён у прымы да адной удавы, вось у яе і жыве, і людзей лечыць. Дорага не бярэ. Ды чакай, што гэта я яшчэ пра Маланню не дагаварыла? А-а-а... Значыць, дапамагла ёй звычайная вада. Прыпісаў Зубілін Маланні ў рацэ тры дні стаяць — раніцою і надвячоркам. А затым, значыць, пасля гэтых сіянсаў, загадаў усё як чыста цела абсыпаць попелам з тоўчанай соллю, абкруціцца саматканым прасцірадлам і ляжаць так штодня гадзіны па тры на дубовай падлозе...

— І што, выздаравела, не пакутуе зараз жанчына?

— А я ўжо казала — як рукой зняло... На Міколу выпіла крышачку яна ды як пайшла скакаць! І смех той, і грэх... А ты кажаш! Так што давай, дарагі мой, не сядзі тут ды не хадзі па рыгенах розных. Бяжы да Зубіліна. Шкадаваць не будзеш. Чуеш?

— Можа... сапраўды схадзіць? — няўпэўнена разважае рыжавусы.— Толькі б не дарэмна...

— Ідзі, ідзі, дзядзька. Адрасок табе зараз дам. У каго тут, даражэнькія, ёсць папера і аловачак? Запішам.

Жанчына адразу ажывілася, вочы ў яе заблішчалі, яна хутка ўстала, узяла ў маладога хлапца лісток з блакнота, аловак і пачала старанна выводзіць назву вёскі і прозвішча.

— Вось, бяры, дзядзька. Дзякаваць мне будзеш... Значыць, як толькі ўвойдзеш у вёску — чацвёртая хата злева...

— Чацвёртая хата злева, чатыры акны з зялёнымі аканіцамі,— пачуўся старэчы голас з-за спіны рыжавусага дзядзькі.

Дзядзька адхінуўся, і ўсе адразу ўбачылі маленькага дзядка ў насунутай на самы лоб вайсковай фуражцы.

— А яшчэ ля старых варот бяроза крывая расце, так?

Жанчына спалохана зірнула на дзядка і раптам ціхенька пасунулася па калідоры.

— Гэй, куды ж ты, пазнала мяне? Лячыўся я ў твайго мужа, каб яму, шарлатану... Абдурваеце вы людзей, абібокі, вось што! Ды чакай жа, чакай, удоўка... Пакінь свой адрасок міліцыянеру, чуеш? Можа, зойдзем.

Людзі зарагаталі, пазіраючы, як жанчына подбегам кінулася па калідоры да дзвярэй.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан