epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Усмешка

Ёсць людзі, у якіх па твары ўвесь час гуляе ўсмешка... Яны нібы нараджаюцца з гэтай сваёй усмешкай — крыху іранічнай, крыху задумёнай, але заўсёды вясёлай і шчырай.

Неяк я ехаў з камандзіроўкі на спадарожным малакавозе і сядзеў побач з маладым вясёлым шафёрам. Размаўляючы, шафёр нейкі момант глядзеў у мой бок, і мне здавалася, што смяецца ўвесь яго твар — і задзёрты нос, і прыжмураныя блакітныя вочы, і нават рыжаватыя бровы...

А па баках прабягалі сумныя восеньскія палі, машыну трэсла па няроўнай дарозе, няшчадна падкідала на выбоінах. Але ў хлапца быў такі вясёлы твар, нібы на дварэ ззяла веснавое сонца. Хлопец нават нешта напяваў сабе пад нос.

— Трасе? — раз-пораз пытаўся шафёр у мяне і тут жа суцяшаў,— нічога, хутка ўжо добрая дарога пойдзе...

Нечакана ён рэзка прытармазіў — на дарозе стаяла жанчына і махала рукою,— потым павярнуўся да мяне, загадкава падміргнуў і спыніў машыну.

— Ну што, цётка Фядора? Па якому праву спыняеце транспарт? — ні то жартам, ні то сур’ёзна крыкнуў ён з кабіны.

Невысокая жанчына з кошыкам у руках хуценька падбегла да нас.

— Падвязі да хаты, Грышачка! — загаварыла яна.— Зрабі ласку, даражэнькі...

Яна лісліва ўсміхалася.

— Ну, што ж, залазь... Толькі ці памесцімся ў кабіне ўтраіх?

— Памесцімся, памесцімся, Грышачка. Я ж не такая ўжо тоўстая!

«Не такая тоўстая» цётка Фядора ледзь улезла ў кабіну, паставіўшы мне на калені свой кошык.

Машына кранулася і зноў затрэслася па выбоінах.

— Ох, выручыў ты мяне, Грышка,— адразу загаварыла жанчына, задаволена пабліскваючы вачамі.— Гэта ж я з работы адскочыла, у горад, думаю... прадаць тое-сёе. Брыгадзір наш у праўленне пайшоў, а я... Пры ім жа і не падумай адлучыцца. Ні за што не пусціць. Вельмі ўжо за калгаснае бярэцца... А мне прама кажа: «Хадзі на работу, а то працадні зніму». А каб цябе не ведаю што... Ды я, можа, не жалезная, не магу цэлы дзень на полі гібець, памідоркі тыя калгасныя збіраць!

Цётка сярдзіта нахмурылася і кінула позірк на мяне.

— Дык я вам і раскажу: няма ў іх сумлення, няма-а! Вось хіба, Грышачка, гэты яшчэ малады — і жаласць у яго ёсць! Другі б ні за што не спыніў машыны, а ён... Такога сына, дай божухна, кожнаму бацьку мець! Золата!

Шафёр моўчкі ўсміхаўся.

— Вось толькі адно дрэнна...

— П’е гарэлку? — пажартаваў я.

— Хто, Грышка? Барані божа — і ў рот не бярэ! Правільна, скажу вам, робіць. Вось толькі адно дрэнна — не ўмее жыць! Другі б на яго месцы вунь як жыў! А ён... Ат! Нядаўна старшыня яму кажа: «Працуеш ты добра, Рыгор. І вось праўленне калгаса за тваю старанную работу вырашыла выдзеліць табе на хату бясплатна лесу». Чуеце, бесплатна! Дык што ён, наш Грышачка? Адмовіўся! Пакуль, кажа, другія большую патрэбу маюць... А я пачакаю... Вы чуеце! Другі б на яго месцы...

А шафёр моўчкі ўсміхаўся. Я заўважыў, што ён неяк занадта ўважліва пазірае на пузатую кашолку, якая зверху была пакрыта белай хусцінкай. І я не здзівіўся, калі ён спытаў:

— А што гэта ў цябе, цётка Фядора, у кошыку? Ці не калгасныя памідоры?

Між іншым можна было і не пытаць: з-пад хусткі даўно ўжо выглядалі вялікія чырвоныя памідоры. Цётка Фядора тут жа хуценька прыкрыла іх, зірнуўшы разгублена на шафёра.

— Ага ж... памідоркі, некалькі штук... Падабрала на полі, валяліся... А ты, Грышка, спыні машыну, калі да вёскі пад’едзем: я агародамі пайду. А то яшчэ брыгадзіра, гэтага чорта лысага, напаткаю. Абавязкова спыні!

— Спыню, спыню! Якраз да месца дастаўлю...

— Ну вось,— адразу супакоілася жанчына.— Бачыце, які ўважлівы? Золата, а не хлопец! Дзякую табе, Грышачка.— Ты як-небудзь зайдзі да мяне... Хоць ты і не п’еш, але ад маёй не адмовішся.

Але раптам цётка Фядора глянула наперад, і твар яе пачырванеў ад злосці: машына ўжо ўязджала ў вёску...

— Во які, во які ты... Я ж сказала табе на краі вёскі скінуць... Стой! Стой! Я вылезу! Чуеш? — Цётка Фядора сярдзіта схапіла хлопца за плячо. Але шафёр, як відаць, і не думаў спыняцца, моцна трымаў руль і ўсміхаўся...

— Ты што смяешся?.. Ты што надумаў!..— ужо ледзь не крычала жанчына.— А ну спыні, спыні, а то шыбы павыбіваю...

І машына спынілася, збочыўшы з дарогі, ля белага будынка.

— Што ж, вылазь, цётка Фядора! Давёз...— сказаў шафёр, раптам зарагатаўшы на ўсю вуліцу.

А мая суседка ўтаропілася на яго, зашыпела, як гадзюка:

— Дык вось што ты надумаў, паганец! У праўленне мяне прывёз? Зняславіць захацеў! Пачакай жа, я цябе так зняслаўлю, што... Папомніш Фядору!

А шафёр рагатаў... У яго аж слёзы выступілі на вачах.

— Вылазь, вылазь, цётка Фядора! — гаварыў ён.— Вунь і брыгадзір твой ідзе... Пагавары ўжо з ім! А нам няма калі, у горад едзем.

Праз некалькі хвілін мы ўжо выехалі з вёскі. Машына мякка бегла па ўкатанай дарозе. Я з цікавасцю глядзеў на твар юнака: на ім была ўсё тая ж спакойная ўсмешка. Толькі цяпер яна стала крыху інакшай, задумёнай.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан