epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Вясной

Яшчэ не носяцца ў паветры ашалелыя хрушчы, не пікіруюць зухавата на прыгожыя кветкі бэзу, ад якога звычайна і ў старых галовы кружацца... Але вечар па-веснавому цёплы. З прыемнасцю прайшоўся б з жонкай, пашпацыраваў бы, калі б...

Чорт пабяры, не магу я болей чуць гэтага брыдкага пісклявага голасу жончынай сваячкі Марылі! Далдоніць і далдоніць. Мянташыць і мянташыць. Нават таблеткі ад галаўнога болю не памагаюць мне, глытай ці не глытай! Трэцюю гадзіну без перапынку перамывае костачкі сваім суседзям. Ды яшчэ кожны раз крычыць мне з кухні:

— Мікалай Сямёнавіч, ці чулі вы што-небудзь такое?

— Якое... такое?

— Такое, якое...

А каб цябе, родненькая, з тваімі навінамі! Балаболка няшчасная... Відаць, жонка на кухні ўвесь посуд перамыла, а гэтая — усё балбоча. Яшчэ ж званіць па тэлефоне будзе розным сяброўкам...

— Мікалай Сямёнавіч! Вы чулі? Суседачка ў мяне новая... Ага, нядаўна пераехала. Удава — маладая, прыгожая такая...

Ну, вось, цяпер пайшла распісваць: колькі ў суседкі мэблі ды якая, якія сукенкі ды колькі.

— Апранецца, прыбярэцца — лялька! На такіх мужчыны ляцяць, як тыя матылькі на святло... Ой, не пашанцавала жанчынкам з нашага пад’езда, ха-ха-ха! Каго-небудзь абавязкова падчэпіць...

— А раптам твайго Трафіма, Марыля? — не вытрымала і кпіць жонка.— Пакідаеш заўсёды аднаго. Глядзі, дзеўка! Недарма гавораць: сівізна ў бараду — чорт у рабрыну.

— Ха-ха-ха! — зноў весела рагоча Марыля.— Майго дзеда... падчэпіць? Ды яму, дзівачка, акрамя тэлевізара, нічагусенькі не трэба... Хочаш, зараз нават пазваню мужу — раскажу, як ты тут яго бэсціш? Пасмяецца! Ці не, чакай, дзынкну лепш гэтай удавіцы, яе пацешу, гаротніцу...

У прыадчыненыя дзверы я бачу, як таўставатая Марыля сунецца калідорам да тэлефона, здымае трубку, набірае нумар — пачынае манерна «алёкаць»:

— Алё, алё... Няўжо мая суседачка спіць ужо? Алё-ё! Хто, хто гэта? Трафім?! Што ты... робіш там?!

— Тэлевізар глядзіш?! Свайго нямашака, га? Вось як... Вось як...

Ну і фокус, ну і нумар! Ачумелая Марыля маўчыць, усхвалявана, гнеўна дыхае ў тэлефонную трубку. У момант знікае ўся яе напышлівасць, гарэзлівасць, твар пакутліва моршчыцца, чырванее: вось-вось заплача. Мінае хвіліна, другая, і пякучая рэўнасць ахоплівае жанчыну. Ужо дрыготкім, нейкім чужым, трагічным голасам яна паўтарае:

— Ён там... у яе... Там ён...

Якія толькі грэшныя карціны не малюе яе ўяўленне!

Жонка спачувальна абдымае сваячку, разгублена супакойвае: «Ну, і што, калі зайшоў, ну і што?» А я... Я, здаецца, здагадваюся, у чым справа. Як следчы, строга пытаюся:

— Марыля, куды ты хацела пазваніць спачатку?

— Дамоў...

У той жа момант Марыля робіць вялікія вочы, атарапела пазірае на мяне, а потым, нешта скеміўшы, пачынае нервова смяяцца і ўжо не гаворыць, а радасна крычыць у тэлефонную трубку:

— Трафімка, я зараз жа... еду дамоў!

Едзь, едзь, галубка... Нарэшце!

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан