epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Вітаміны

Як убачылі мы з жонкай суседа па новай кватэры, дык адразу і рашылі: птушка не нашага палёту... Персона, самае меншае — кампазітар. У каго яшчэ могуць быць такія доўгія чорна-сінія валасы і такія худыя доўгія пальцы? А нос, нос! Гэткі ж доўгі і крывы, як у таго лысага, што нашу Соньку музыцы вучыў...

— Цяпер ніякага спакою нам не будзе,— сказала мне жонка.— Цяпер ад гэтых сімфоній барабанныя перапонкі палопаюцца... Давядзецца кватэру мяняць.

Але, дзякуй богу, усё абышлося: сусед надзвычай спакойным аказаўся. Асабіста я ўжо сумнявацца наконт яго пачаў: можа, ён зусім і не персона?

Не ведаю, колькі б мучыла мяне гэтае пытанне, каб у адзін цудоўны вечар ён сам, сусед, не зазірнуў да нас пазычыць цыбуліну. Мы яму выбралі самую вялікую. Ён падзякаваў і проста так, шчыра прызнаўся:

— Ведаеце, люблю суп з цыбуляй: вітаміны! А нам, творчым людзям, вітаміны дужа патрэбны. Без іх — прападзеш. Без іх кнігі не складзеш...

Пасля гэтага візіту нам з жонкай усё стала зразумела: побач жыве пісьменнік. Ён піша кнігу. Можа, таўшчэзны раман. Уяўляеце, як пашанцавала?! Іншы толькі марыць, каб убачыць сапраўднага пісьменніка, а тут амаль кожны дзень да нас забягае па цыбулю. Па загаду жонкі я цэлы мех гэтага дабра купіў: хай есць на здароўе, хай працуе... Ён яшчэ неяк заікнуўся, што вяндліну любіць. Дык мы і вяндлінкі яму... хе-хе... і чарку па-суседску... Для такога чалавека нічога не шкода: можа, здагадаецца і нас з жонкай уставіць у свой раман. Кожны вечар да сябе запрашаем, частуем: навошта яму куды хадзіць, назіраць, хопіць і нашай кватэры — во яно, жыццё, пад носам, хапай толькі!

Мы нават, калі гаварыць шчыра, з жонкай часова лаяцца перасталі: нельга! А раптам заўважыць пісьменнік! Так, ціхенька, пашыпім адзін на аднаго, а каб гвалт на ўвесь дом — ні-ні... Дамовіліся — ніякіх сварак, спрэчак, п’янак, потым ужо, як напіша кнігу, сваё навярстаем...

Учора зноў запрасілі да сябе на кумпячок. Нельга ж такому чалавеку толькі на адных вітамінах жыць. Усеўся ён за стол, пыхкае цыгарэтай, задаволена круціць галавой і гэтак паважна гаворыць нам:

— Ну, дарагія, віншуйце... Нарэшце кніжка мая выходзіць з друку. Цяжкі наш хлеб, але затое колькі радасці адчуваеш пасля працы! Заўтра вам першым уручу кнігу...

Жонка, безумоўна, аж млее ад шчасця, не вытрымала, пытаецца:

— Ну, а нас... нас вы хоць уставілі ў тую кнігу?

— А як жа... Гэта мой абавязак!

— Што... і прозвішча ёсць?

— Усё як трэба: і прозвішча, і ініцыялы...

Тут ужо не толькі жонка — і я ад радасці на сёмым небе, ледзь не скачам: праславіліся! Ну, чаго яшчэ нам не хапала ў жыцці! І кватэрка, і машына, і дача ёсць... Цяпер вось, пад старасць, у кніжку трапілі!

Як толькі сусед знік, кінуўся я да тэлефона і ўсім сваім знаёмым расказаў пра навіну. Не вераць, чамусьці сумняваюцца. Мусіў таго-сяго нават запрасіць дамоў на бутэльку: самі пабачаць, як пісьменнік будзе ўручаць нам свой раман! Не ўсім жа ў жыцці так шанцуе...

Раніцою я пайшоў на працу, на сваю гандлёвую базу, вечарам вярнуўся з цэлай батарэяй бутэлек. Банкет дык банкет! Для такой урачыстасці ніякіх сродкаў не шкада. Згрузіў на кухні ўсё гэтыя каньякі і шампанскія, клічу гаспадыню. А яна — не ідзе. Клічу — маўчыць. Тады я ў спальню. Там! Ляжыць на ложку і румзае.

— Чаго румзаеш, дурніца? — пытаюся.— Зараз госці ж прыйдуць, наш пісьменнік. Кніжачку абмыем, пра сябе ў ёй пачытаем...

Маўчыць, не абзываецца. Раптам бачу — на падлозе нейкая кніжка валяецца. Падняў: тэлефонны даведнік. Новенькі. Яшчэ фарбай пахне.

— Навошта купіла даведнік? — злуюся.— Абы грошы выкінуць?

— Адчапіся! — крычыць.— Ніякага я даведніка не купляла. Гэта... сусед табе прынёс сваю кнігу...

Ну, бачылі вы такое? Во падвёў, во закруціў мазгі... Ён жа наша прозвішча не ў раман, у даведнік уставіў... А столькі цыбулі на яго, бессаромнага, перавялі! Ві-та-мі-ны, каб цябе...

1977


1976; 1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан