epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Вольны казак

У аўтобусе нехта наўмысна штурхануў мяне ў плячо, і я павярнуў галаву ў той бок, адкуль густа несла спіртным. Няголены твар незнаёмага мужчыны кампанейскі ўсміхнуўся мне.

— Адкуль едзеш? — як стары сябра, спытаў ён.

— З работы,— адказаў я.

— А я... з нар... нар... суда-а... Разводзіўся!

Пасля такой вычарпальнай інфармацыі можна было б і не працягваць размову. Але мой аўтобусны сусед не збіраўся маўчаць. Тым больш што новыя пасажыры шчыльненька прыціснулі нас адзін да аднаго — хоць у самае вуха шаптаць можна.

— Я цяпер вольны казак... Чуеш? Хачу — ажанюся, хачу — развядуся... Так і на судзе заявіў: не ўмешвайцеся ў мае сямейныя справы! Магу ж я мець асабістае жыццё, а? Як кожны працоўны? Магу... А ім не падабаецца маё асабістае жыццё! Яны ад мяне кахання да жонкі патрабуюць... Каб я, як гэты... Анегій Яўгенін... перад жанчынай поўзаў. Не дачакаецеся! Не тыя часы, кажу... Не тыя, даражэнькія... Ведаем і мы гісторыю з літаратурай... Ад самых фараонаў... Мая жонка, што хачу, тое і кажу ёй. І накрычу, і зняважу, і... Ніхто не лезь мне пад руку! Можа, я яе, гэткую Клеапатру, жыццю-розуму вучу? Маю на гэта права ці не? Маю! Зарплату не да суседкі, а дамоў нашу... За такія грошыкі — ого-о можна! Хоць у тую Гвінею шуруй бананы лопаць! А я — жоначцы... Затое ўжо калі кампанію дамоў прывёў — закусь на стол царскую! І не шыкні, і не пікні... Прымай, каб не сорамна... Вось я які! Толькі ж у гэтым судзе, думаеш, разумеюць душу простага чалавека? Вунь сёння... Адна такая сядзіць, засядацельніца, нос свой моршчыць і ўсё мне кідае: «Паважайце, паважайце жанчыну...» Ах, ах, ах! Ды калі я яе не паважаў, я б ёй сваё прозвішча не даў! Была яна якой-небудзь Зязюлькінай, а не Калупаевай. Але цяпер усё, баста! Будзе даражэнькая Зязюлькінай кукаваць... «Паважайце, паважайце...» Усіх не напаважаешся! Слухай, ты... жанаты? Кідай! Вольным будзеш... Вось як я зараз: куды хачу, туды іду... Магу нават да цябе пайсці, хочаш? Заначую...

Ён з надзеяй схапіў мяне за руку, але я памкнуўся да выхада.

— Ты куды? Што шары круціш? Не падабаюся, можа? Ну і не трэба, пашкадуеш... Валяй, валяй у жончын манастыр! Я — вольны казак... Пераначую... дзе-небудзь...

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан