epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Выпадак з аўтауласнікам

Каля універмага, як на парадзе, выстраіліся машыны. Сінія і жоўтыя, зялёныя і блакітныя, яны зіхотка стракацяць на сонцы, слепяць вочы. Адна сярод іх, новенькая, едка-чырвонага колеру, здаецца мне знаёмай: ці не Антон гэта Белашэй, стары прыяцель? Падыходжу, заглядваю ў машыну — ён!

— Здароў, Антоне!

З акенца паволі высоўваецца кучаравая галава, абыякава ківае мне.

— Што гэта ты тут робіш, шчасліўчык?

Антон не спяшаецца з адказам, нязграбна выбіраецца з машыны — высокі, худы, сутулы. З хвіліну ён пільна пазірае на мяне, потым цяжка ўздыхае і раптам шчыра прызнаецца:

— Пакутнік я... Не ведаю, што і рабіць. Уліп.

— Што-небудзь здарылася? — здзіўляюся я.

— Здарылася...

— Чакай, можа, з машынай непрыемнасці? Матор не цягне?

— Цягне, каб яго ліха... Цягне! Выцягвае... Але калі б ты ведаў, які я няшчасны!

На твары ў Антона напісана такая горыч, што цяжка не паверыць яго словам: губы дрыжаць, вялікія, навыкаце, вочы — поўныя невыказнага смутку. Нечакана ён хапае мяне за руку, у якой я трымаю таршэр, і пытаецца:

— Падарунак купіў? У госці да сябра ідзеш, на імяніны, улазіны? А я... Я забыў, дзе жывуць мае сябры... Свету белага не бачу... Вось і зараз: ты — у госці, а я — загараю тут, паруся ў гэтай душагубцы. Цешчу з жонкай чакаю! О, які я пакутнік...

Антон не дагаворвае, гнеўныя вочы яго прыкаваны да машыны. Здаецца, ён не вытрымае і кінецца на яе з кулакамі.

— Табе не падабаюцца твае «Жыгулі»? — спрабую здагадацца я.

— Не падабаюцца?! — як не стогне ў роспачы Антон.— Ды я іх... ненавіджу! Ненавіджу! Зірні на мяне — хіба я чалавек? Я — раб, з якім робяць усё, што хочуць... Ты вучыў гісторыю, ведаеш. Раба можна пазбавіць адпачынку, можна ў любую мінуту перадаць у часовае карыстанне суседу, які пагоніць цябе з тваёй машынай чорт ведае куды: у суседа вяселле і яму патрэбна свежая рыбка! А то яшчэ цешчы прыспічыць аб’ехаць далёкіх родзічаў: ёй, бачыш, прысніўся дрэнны сон...

Ад гневу Антон задыхаецца, зрывае з сябе гальштук. Трохі супакоіўшыся, ён дастае з кішэні пінжака нейкую паперчыну. Разгортвае яе і хуценька працягвае мне:

— На, чытай, калі не верыш... Чытай! Тут усё жонкай распісана, на цэлы тыдзень. Ніякіх выхадных! Сёння з чатырох раніцы на нагах! Ужо звазіў жончыных добрых знаёмых у лес па грыбы, даставіў цешчу на базар. Цяпер вось марнуюся цэлых тры гадзіны тут, сляплю чорту вочы... Без сняданку, без абеду. І гэта, думаеш, усё? Яшчэ мушу транспартаваць шваграў тэлевізар у рамонтную майстэрню, а едучы адтуль, забраць з пральні бялізну... Ноччу ж, калі ты будзеш цешыцца прыемнымі снамі, я папруся на вакзал: трэба сустрэць і адвезці ў вёску жончыну цётку Адэлю... Ну, што, мала?! Тады паслухай яшчэ...

Мне шкада Антона. Я ляпаю яго па плячы, падбадзёрваю, нешта спачувальна кажу. Але ён ужо не звяртае ніякай увагі на мае словы, таропка расказвае далей:

— Ты не можаш уявіць, як пакутую я за гэтым праклятым рулём... Што з таго, што я цярпліва нясу свой крыж? Дзякуюць? Трасцы! Замест удзячнасці ў дарозе на мяне шыпяць з усіх бакоў: то я вельмі марудна еду, то надта хутка, то не тую скорасць пераключаю, то не там тармажу... Усе вучаць! І бабкі, і ўнучкі... Жах! Не ведаю, як мае нервы дагэтуль вытрымліваюць, як яшчэ не зрабіў аварыю. На маім талоне вунь праколы, бачыш? І правільна: парушаю правілы! Вось і цяпер я паставіў машыну не ў тым месцы. Дзе загадала цешча, там і паставіў...

— Грамадзянін! Ваша вадзіцельскае пасведчанне!

За спіной Антона вырастае постаць міліцыянера. Як не шанцуе сябру! Ён палахліва ўздрыгвае і дрыготкай рукой падае інспектару сваё пасведчанне. «Душэўная» размова паміж імі працягваецца нядоўга: Антонава пасведчанне тут жа знікае ў міліцэйскай сумцы. Нічога не зробіш, давядзецца Антону пагуляць без машыны...

— Мацуйся,— спрабую я суцешыць яго.

Але дзіўна: на маіх вачах засмучоны Антонаў твар святлее... Нечакана ён хапае мяне ў свае абдымкі, жартаўліва ціскае і гаворыць:

— Браток, не перажывай за мяне, не трэба! Хай дарагая жоначка і шаноўная цешча цяпер перажываюць: ад’ездзіліся! Баста! Вось заганю машыну ў гараж і пачну адпачываць... Разумееш? Ад-па-чы-ваць!

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан