epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Жанчына

Міша ўвайшоў у купэ і здзівіўся: да адыходу поезда ўсяго некалькі хвілін, а купэ — пустое. Ні аднаго чалавека. Вось дзіва! Ну, што ж, ён не скардзіцца на лёс. Праўда, сумнавата! Не прывык так. Прывык па-студэнцку — у кампаніі, шумна, з песнямі. Але ж усяму прыходзіць канец. Цяпер ён сапраўдны нафтавік і вяртаецца з першай саліднай камандзіроўкі.

Павесіўшы плашч, Міша наблізіўся да акна. На пероне ўжо заставаліся толькі тыя, хто праводзіў. Было холадна. Дзьмуў рэзкі асенні вецер, і людзі горбіліся, настаўлялі каўняры, хавалі рукі ў кішэнях паліто. Няяркае святло ліхтароў безнадзейна змагалася з вячэрнім змрокам. Але вось нібы ад холаду скалануўся вагон, яшчэ і яшчэ раз, і ціха рушыў уперад, пабег міма вакзала, пакгаузаў. Міша з палёгкай уздыхнуў і павярнуўся да люстра, каб прыгладзіць непакорную шчотку чупрыны. Ён ужо палез у кішэню за грабянцом, але так і не дастаў — па той бок нечакана тузанулі дзвярную ручку, нехта нешта сказаў, мабыць, праваднік, і дзверы мякка, амаль бясшумна адкаціліся ўлева.

— Можна?

Усё, на што быў здольны Міша ў гэты момант — нязграбна пасунуцца ўбок, даць праход жанчыне. Пад нагамі імкліва бегла зямля, поезд набіраў скорасць. «Ну, вось... ну, вось... ну, вось... — адразу ж насмешліва пачалі выстукваць колы на стыках рэек Мішавы думкі.— Ты і адзін...»

— Добры вечар.

Больш жанчына нічога не сказала. Паставіла невялікі чамадан і прысела за столік. Так сядзела яна доўга, не распранаючыся, задумліва пазірала ў цёмнае акно. І Міша, таксама прысеўшы, пазіраў моўчкі ў гэтае акно. Але ўпотай кідаў на жанчыну нясмелыя позіркі, разважаючы над становішчам, у якім апынуўся.

Яна была маладая, мажная. Пад чорнай з пупсікам шапачкай віселі колцы закручаных жоўтых валасоў, здавалася, яны ледзь-ледзь трымаліся на каўняры такога ж чорнага паліто — крані, і гэтыя колцы скоцяцца ўніз. На яе паўнаватым белым твары тырчаў сімпатычны носік, а на століку ляжалі маленькія, нібы дзіцячыя, рукі.

Вось ужо неспадзяванка дык неспадзяванка. Ну, як ён тут будзе з гэтай жанчынай? Ехаць жа ўсю ноч. Няёмка. Вельмі няёмка. Ён — і жанчына. Неверагодна. Зусім адны. Адны ў купэ. Можа б, другі на яго месцы, напрыклад Генка Навіцкі, той, з пятага нафтаўчастка, ён не стаў бы асабліва хвалявацца. Язык добра падвешаны! І тэму б для размовы знайшоў, і пра нафту беларускую, і анекдоты расказаў бы салёненькія. Навіцкі з дзяўчатамі, як з ім, з Мішкам. А ты ж нават слова не праляпечаш. Спытай, спытай што-небудзь, а? Ну, куды яна едзе ці што іншае ў гэтым сэнсе.

— Вы... далёка едзеце? — нарэшце, чырванеючы, спытаў Міша.— Можа, да Гомеля?

Жанчына павярнула да яго задуменны твар і здзіўлена, нібы ўпершыню ўбачыла хлопца, паволі прамовіла:

— Не, я ў Харкаў... Да маці я...

Голас быў мяккі, пявучы, як у дзяўчынкі. І сказала яна ўсё так проста, даверліва, што калі б Міша спытаў у яе яшчэ нешта, яна абавязкова адказала б. Але Міша не знаходзіў патрэбных слоў, як ні намагаўся. Жанчына паднялася, павесіла паліто, зняла шапачку, прывычна адкінула назад галаву.

— У вас ёсць грабянец?

Міша хутка падаў грабянец. І пакуль спадарожніца расчэсвалася, ён, ужо не хаваючы зацікаўленасці, мімаволі пазіраў на яе зграбную постаць у светлай шэрай сукенцы, перахвачаную вузкім бліскучым паяском. Ён пазіраў і не мог адарваць позірку. Такога яшчэ з ім не было ніколі. Ён сябе апошнімі словамі лаяў, прымушаючы не пазіраць, але пазіраў. На прывабную постаць, шыю, ногі.

— Дзякую. Вазьміце грабянец.

Напэўна, яна заўважыла гэты яго позірк. Заўважыла, таму і ўсміхнулася. Крышачку, аднымі куточкамі губ. Але Міша прыкмеціў усмешку і адразу адчуў пякучы сорам. Ён не ўзяў, ён выхапіў грабянец з яе рукі і хутка выйшаў з купэ.

Насустрач па вузкім вагонным калідоры крочыў праваднік. Міша яго спыніў. Міша стаў тлумачыць, чаго ён хоча. Там, у купэ, жанчына і ён... Няёмка. Не, не так яму, як жанчыне. Вось-вось, жанчыне... Але сярдзіты валасаты твар не разумеў Мішу. Ну і што? Што з таго? Што з таго, што ў купэ двое? Здараецца. Вось калі б жанчына сама прасілася ў другое купэ — тады зразумела... Але яна не просіцца. Ды і позна ўжо. Пасажыры ляглі адпачываць. Нельга турбаваць іх. Не дазваляецца турбаваць. Так што... Свінцовыя гарошынкі сонных вачэй недаўмявалі: дзівак! Не пасажыр, а дзівак.

Праваднік знік. Міша пахадзіў, пастаяў нерашуча ля акна, узіраючыся ў цёмную, як дзёгаць, ноч. Можа, там лес за акном, можа — поле. Не разбярэш. Хоць бы адзін агеньчык...

Толькі цяпер Міша адчуў, як холадна. Нават у гэтым пінжаку з тоўстай балгарскай шэрсці. Ён падумаў, што жанчына лягла і яму можна зайсці ў купэ.

Сапраўды, яна ўжо ляжала на ніжняй лаўцы, закруціўшыся ў нейкую белую коўдру. Гэта, бадай, была нават не коўдра, а капа — замест коўдры летам. Паверх капы з кароткіх рукавоў сукенкі тырчалі яе маленькія рукі.

Міша хутка паслаў пасцель і таксама юркнуў пад пакрывала. Святло ў купэ было выключана. Толькі ўверсе гарэў сіні плафон. І здавалася, што ўсё купэ напоўнена густым папяросным дымам. Дзіўна, але гэты таямнічы прыцемак не супакойваў, а трывожыў Мішу. І яшчэ холад. Белая прыгожая капа не грэла, а холад наступаў. Міша ніяк не мог заснуць, хоць і намагаўся. Думкі вярталі яго да жанчыны-спадарожніцы. Акрамя таго, што яна едзе да маці ў Харкаў, ён нічога пра яе не ведаў. Не паспеў даведацца. А можа, проста і не змог бы. Але ж спадарожніца стаяла ў яго перад вачамі і не знікала, як ён ні заплюшчваў свае вочы — да іскрынак, да зялёных плям.

Раптам ён ні з таго ні з сяго ўявіў сабе, што цалуе гэтую жанчыну. Як у тым учарашнім кінафільме. І яму зрабілася вельмі прыемна і страшна — аж мурашкі папаўзлі па спіне.

Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп.

Ад нечаканасці ён нават прыўзняўся. Чорт, ды яна ж плача! Ціха, у падушку. І таму ён адразу не пачуў. Але плач усё мацнеў. Міша адкінуў коўдру, разгублена сеў, выпрастаў доўгія ногі. Ён сядзеў і слухаў, як жанчына ўсхліпвае. Бездапаможна, баючыся варухнуцца. Чаго гэта яна? Што з ёй? Можа, хворая? Можа, у яе тэмпература? І ёй холадна?.. А поезд яшчэ не абаграваецца. Вядома, ёй холадна. Як гэта ён не мог раней здагадацца? Міша схапіў свой пінжак, устаў і нахіліўся над жанчынай. Накрываючы, ён незнарок дакрануўся да яе пляча і адчуў, як яно дрыжыць. Дробна-дробна, нібы ў ліхаманцы. Плечы дрыжалі і пасля таго, як Міша накрыў іх пінжаком. І тады, не раздумваючы, што рабіць, Міша падсеў да жанчыны.

Жанчына варухнулася. Але не павярнулася, засталася ляжаць ніцма. І плакала, толькі ўсё цішэй і цішэй. Потым Міша пачуў, як яна цяжка ўздыхнула. І яшчэ, і яшчэ.

— Ох, якая я няшчасная!

Жанчына сказала гэта шэптам і болей не плакала. Яна нават крышку павярнула галаву на падушцы, так, што можна было бачыць кончык яе мокрага носа.

— А да яго я больш не вярнуся. Ніколі, ніколі.

Міша маўчаў. Ён не мог варухнуцца. Ён толькі слухаў невясёлы блытаны расказ абражанай мужам жанчыны. Яна гаварыла і гаварыла. Тое, што назбіралася ў душы, відаць, за цэлы год, першы год сямейнага жыцця.

— Дома без работы сяджу днямі... Навошта ж я тады тэхнікум канчала, навошта? І ні ў кіно, ні ў тэатр... Хіба ў магазін толькі. А ўчора прыйшоў дамоў п’яны і...

Які страшэнны, грубы чалавек, гэты яе муж! Няўжо могуць быць такія? Пакрыўдзіць яе, маладзенькую, харошую, бездапаможную — проста вар’яцтва! Не, такіх злых людзей Міша яшчэ не сустракаў. І яму было шкада незнаёмку, хацелася суцешыць, сказаць ёй нешта вельмі пяшчотнае, добрае.

— Хай пажыве адзін... Не трэба мне яго кватэры! Нічога не трэба... Уладжуся дзе бухгалтарам, працаваць буду, не прападу.

Міша не заўважыў, як перастала яна дрыжаць, як змоўкла і, напэўна, заснула. А ён — спаў і не спаў.

Дзіўнае хваляванне ахапіла яго і не пакідала. І ён разумеў — віной таму жанчына. Яе дзіцячая даверлівасць. Яму здавалася, што ён цяпер можа зрабіць для яе — слабай, бездапаможнай жанчыны — усё на свеце! Пагаворыць са сваім начальнікам, уладкуе на работу, знойдзе кватэру. І яна забудзе пра тое кепскае недарэчнае жыццё, зноў будзе шчаслівай. І ніхто яе больш не пакрыўдзіць — ніхто! А да маці ёй ехаць не трэба.

Акенца ў купэ сінела. Стала шэрым — як звычайна на досвітку. Міша ціхенька ўстаў, асцярожна прыкрыў жанчыну зверху яшчэ сваім плашчом — хай спіць, уздзеў на босыя ногі туфлі і выйшаў з купэ. Перакурыць. Ён выняў з кішэні папяросы, пакруціў памяты пачак, ледзь адшукаў цэлую, раптам задумліва ўсміхнуўся. І гэтая шчаслівая ўсмешка доўга не сыходзіла з яго твару. Такога прыўзнятага настрою ў Мішы даўно не было. Ён курыў і не пераставаў думаць пра спадарожніцу. Але цяпер — без ранейшай баязлівасці, а з нейкай радаснай упэўненасцю ў сабе, у тое, што ён угаворыць яе сысці ў Гомелі, угаворыць пасяліцца ў яго горадзе, што ўсё будзе вельмі добра...

За акном замігалі пачарнелыя ад восеньскіх дажджоў будынкі невялікага пасёлка. Поезд збаўляў скорасць, ішоў цішэй. Хутка, значыць, станцыя. Вунь і заспаны праваднік паказаўся, дастаў сцяжок з брызентавага чахла, прыгатаваўся. Будзе стаянка. Цікава, колькі мінут? Спытаць, ці што. Колькі, пяць мінут? Ого, не вельмі многа, але дастаткова, каб збегаць у станцыённы буфет і купіць што-небудзь. Для яе, сваёй спадарожніцы.

— Убачок, убачок, малады чалавек. Пасажыры выходзіць будуць.

Міша саступіў убок. I не паверыў сваім вачам: з купэ выйшла яго спадарожніца. Апранутая, з чамаданчыкам. Ля Мішы яна нерашуча спынілася, сумна паглядзела на яго і вельмі проста сказала:

— Перадумала... Вяртаюся назад. А ты — добры. Дзякуй.

І — пацалавала. Мякка, у самыя губы. Зусім як маці. З хвіліну Міша разгублена глядзеў ёй услед. Потым ірвануўся за жанчынай, хацеў саскочыць на перон, дагнаць, нешта сказаць вельмі важнае. Але пасажыраў было многа, яны стоўпіліся ў вузкім праходзе, адцяснілі Мішу да сцяны. Постаць жанчыны мільганула ў разрэзе вагонных дзвярэй і — знікла.

Міша правёў пальцамі па вільготных губах і нібы зноўку адчуў той пацалунак — першы ў жыцці пацалунак.

І тут жа пачуў сярдзіты голас правадніка:

— Малады чалавек! Не перашкаджайце пасажырам.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан