epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Зарабіў

У пансіянат «Гуцулка» я трапіў вясной. Не буду казаць многа пра хараство прыроды: наўкола горы і лясы, маёвыя зеляніна і блакіт неба... Карацей кажучы, цудоўненька. Папіў той гаючай вадзіцы, што з зямлі б’е, і шпацыруй сабе горнымі сцяжынкамі ды лужкамі, дыхай на поўныя грудзі свежым паветрам, набірайся здароўечка.

Вось толькі ў адным мне не пашанцавала. Змясцілі ў палаце з блазнюком нейкім. Гаваркі — спакою ад яго няма, усё меле і меле, адно ў яго на языку — жанчыны... Ты, кажа, бацька, дарэмна час губляеш у пансіянаце, ты, кажа, не такі стары ды яшчэ і ўдовы, мог бы сабе тут маладзіцу па сэрцу падшукаць, а не марнець вечарамі ў палаце. Цьфу! Проста брыдка яго слухаць... Але ж куды схаваешся? Слухаю. Кожны дзень слухаю. Зірні на мяне, кажа, дарма, што не прыгажун, дарма, што нізкарослы, а поспех маю: пазаўчора Раечку-растаўчанку ў дарогу праводзіў, а сёння пайду на вакзал новую сустракаць...

— А яна... што, знаёмая твая? — пытаюся так, каб толькі не маўчаць.

— Дзівак чалавек! Не знаёмая, дык пазнаёмлюся... Дзейнічаць трэба, бацька! Як той казаў, бітэ-дрытэ, дазвольце вашы рэчы, памагу данесці і гэтак далей... Ха-ха-ха!

Стаіць гэты патлаты Васька перада мной, расставіў ногі, нібы гойдае яго на палубе, і з такой зняважлівай перавагай, з такім нахабным захапленнем сваёй персонай пазірае на мяне, што аж крыўдна. Урэшце, якая розніца паміж намі? Што ён, разумнейшы за мяне? Не. Што я, зломак які, горш апрануты? Таксама не! Спецыяльна перад ад’ездам дачка з зяцем гарнітур мне модны падарылі... Хіба вось толькі адна розніца — у яго чупрына, а я — лысы. Дык і тое, капялюшыкам прыкрываю...

— Ну, не злуй, не злуй, бацька. Я дабра табе жадаю. Каб ты не сумаваў, каб у настроі быў. Гэта ж здароўю памагае... І вось гэта... таксама не шкодзіць! Давай, па маленькай...

І дастае пляшку каньяку. Ну, дзе тут вытрымаеш той санаторны рэжым? Выпілі. І сапраўды, сум як рукой зняло. І не п’яны, а хораша, нават весела. Нават Ваську цалаваць хочацца — неблагі ж хлопец, калі разабрацца. Праўда, з ганарком, але...

— Ну, а цяпер, бацька,— зірнуўшы на гадзіннік, кажа ён мне,— паспяшаемся на вакзал... Чарговая партыя ў пансіянаты прыбывае, разумееш? І жанчынкі...

І зноў пазірае на мяне іранічна, блазнюк. Падміргвае здзекліва. Не вытрымаў я нахабства гэтага і кажу:

— Чакай, Васька, я табе дакажу, на што старыя здатныя.

На вакзал дык на вакзал!

Паспелі якраз к цягніку. Пасажыраў не так каб вельмі, але сышло трохі. Бачу, кінуўся мой Васька да адной маладой чарнявай, нешта старанна тлумачыць ёй, рагоча, рукой паказвае на гару. Але тая нерашуча азіраецца па баках, не дазваляе яму чамаданы браць. І ён ужо, небарака, змрочна косіць вокам на іншых. Э-э, чым чорт не жартуе... Паспрабую я. Счакаўшы, падыходжу да іх, галантна ківаю галавой і адразу гэткім малайцаватым голасам, як колісь у маладосці:

— Вы мне вельмі даспадобы, паненачка... Гатовы несці вашы рэчы аж на самую высокую гару!

— Што ж, калі ласка,— звініць срэбным званочкам яе чароўны галасок.— Якраз на гару мне і трэба...

Бедны Васька свідруе мяне сваім знішчальным позіркам, а я ледзь не скачу ад радасці: ну, што, з’еў, даражэнькі? Ёсць яшчэ і ў мяне порах...

Па тым адрасе, які называе мне маладзіца, даводзіцца ісці доўга. І ўсё — угору, угору... Ужо ўся спіна мокрая, ужо рукі дрыжаць, як у неўрастэніка якога, і ногі падгінаюцца, але... іду! Іду і нібыта той чорт нашэптвае мне, як павяду яе сёння, маю спадарожніцу, у кіно, як пакажу навакольныя мясціны, як... Цягнуся, сапучы, аж вочы на лоб лезуць, ды не спыняюся ні на хвіліну, таму што бачу побач яе прыгожы чарнавокі твар, яе пяшчотную, шматабяцаючую ўсмешку. Вось толькі пара і пазнаёміцца, спытаць, як завуць...

— Валюха! — чую раптам за спіной мужчынскі шчаслівы голас.— Як нечакана ты прыехала...

Пот засцілае мне вочы, і я, стары пень, ужо амаль не бачу, як яны абдымаюцца. У руцэ ў мяне тырчыць нейкая рублёўка... Зарабіў!

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан