epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Землетрасенне

Расказ відавочцы

 

Мы сядзелі ў невялікім скверы. У зялёнай утульнай альтанцы.

Спачатку звінелі шклянкі і бутэлькі... Помню, доўга звінелі, пакуль адна з іх не перакулілася і з яе не пацяклі апошнія кроплі... З таго, відаць, моманту і пачалося ўсё! Як мне падалося, нешта моцна грымнула, стол, за якім мы сядзелі, завагаўся, нахіліўся, і абодва мае прыяцелі, бездапаможна хапаючыся рукамі за паветра, з’ехалі з лавак на зямлю... Але я — утрымаўся, бо інстынктыўна абхапіў дрэва рукамі. Вось тады і адчуў, як ходарам захадзіла пада мной зямля, як завіхурыла ў вачах. Вакол рабілася нешта страшэннае, неверагоднае. Я зірнуў на тое месца, дзе яшчэ гадзіну назад віселі электрычныя ліхтары, але ў густым змроку бушавала толькі адно полымя. Яно гарэла так ярка і злавесна, а чырвоныя твары маіх прыяцеляў пазіралі ў неба з такой пакутлівасцю, што жахлівая здагадка заварушылася ўва мне: я раптам прыгадаў карціну «Апошні дзень Пампеі»... З дзікім лямантам кінуўся са сквера на вуліцу: «Ратуйце-е-е!» І усё шалёна панеслася за мной і насустрач мне: будынкі, людзі, машыны. Імгненнае маланкавае святло і моцны ўдар былі апошнім, што я адчуў.

...Апрытомнеў у бальніцы. Нада мной стаяў доктар. Нягледзячы на востры боль ва ўсім целе, я сабраў сілы і ціхім шэптам спытаў:

— Усё... ужо скончылася?

— Бадай...

— А што ж гэта было?

— Моцная ступень ап’янення...

— І больш... нічога? — не паверыў я.

— Не, чаму ж... Вы ледзьве не загінулі пад машынай.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан