epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўгенія Янішчыц

Зорная паэма

I
II


I

 

Мой родны кут, як ты мне мілы...

Якуб Колас

 

Сьветла. Птушынай радні адгалоскі.

Травы ў празорай расе.

Як скарачаецца шлях мой у вёску! —

Нібыта вецер на крылах нясе.

Што там сягоньня ў сусьвеце і ў сьвеце:

Войны? Радзіны? Салют?

 

Сэрцу збалеламу ёсьць на прыкмеце

Белабярозавы кут.

Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.

Вечнасьць пульсуе быстрой.

Я разьвінаю дасьвецьце1.

                                    А зоры —

 

Кожная! — ветлай сятрой.

Вокнаў ліштва2 і варотцаў узоры,—

Край на умельцаў багат.

Сьвецяць на хатах фанэрныя зоры —

Душы айчынных салдат.

Ў гэтай зямной і зялёнай купелі,

Дзе і казюрка да сонейка мкне,

Татачка,

                 нагаварыцца не ўсьпелі!

З помніка ты усьміхаешся мне.

Полем сівых перапёлак і бою

Ходзіць балюча — ахоўны твой цень,

 

Толькі душа скаланецца ад болю:

Жыта на мінах дагэтуль расьце!

Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,

Вецер гаркавы, як пах буякоў3.

Можа,

         хоць тут ані згадкі пра хіжасьць4

I дэмагогію спрытных дзялкоў...

Зоры лясныя і зоры азёрныя!

Цягнецца ў неба любові вярста.

Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае

Працы, як дзед яго, мужна спытаў.

Сьцежка ў маленстве віруе, вяртаецца

Між курганоў і шчымлівых бяроз.

Ўсё, што забылася — успамінаецца

 

I адгукаецца ў сэрцы да сьлёз.

Цёплымі промнямі дзень запарушаны.

Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.

...Сад мой дзіцячы — калючая груша,

Бабка Луцэя ды сіні прастор.

Пахне аерам на Сёмуху5 ў хаце,

Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.

Будзіць на зорцы, шкадуючы, маці:

«Ягады, дзетка, няўзгадкі прасьпіш».

Першым сярпочкам парэзаны пальцы

(Доўга той боль заглушыць не магу!),

Жартачкі горкія: шустрыя мальцы

У інваліда сьцягнулі «нагу».

Думаю: як жа ён будзе, збалелы?

Стане як потым ступаць на зямлю?

Толькі сьмяецца баец асівелы:

«Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!»

 

Нібы снапкі на падлозе паснулі

Дзеці,

         хоць стол іхні — гол як сакол.

Пяцера сірат у цёткі Настулі,

Цётка Настуля — жняярка і вол.

Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:

Ў кожнага, нібы жар-птушка ў душы,

Чуеце? — сыплецца рэхам па вёсцы

Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:

        Хлопцы ўсе гуляць ідуць,

        А мне нечага абуць:

 

        Лапці новыя згарэлі,

        І страхоўкі недаюць.

...Што ж там сягоньня ў сусьвеце

                                                      і ў сьвеце?

 

Кожная болька — радня.

Новыя зрухі пайшлі ў «сельсавеце»,

Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.

Час расхінае мярэжы6 і межы,

Мае празорцаў сваіх, дактароў.

Вырасьлі новыя ў вёсцы катэджы

Заміж былых агароджаў-двароў.

Шыферам новая вёска накрыта,

Мудрым нашчадкам сьпяваць ды расьці!..

 

З гускамі век дажывае Харыта,

Ў дом састарэлых не хоча ісьці.

Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,

Нібы прад'явіць віну:

«Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,

Згоркне — на неба зірну».

Дзеці цярплівае маці-прыроды —

Лёгкія мроі7, нязбытныя сны,—

 

Хто нам пасьведчаньні жывёлаводаў

Выдаў за клас выпускны?

Ах, як разьбегліся ўсе адмыслова

Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!

Любім на словах. Бунтуем на словах.

I славасловім праграмны наш век.

Цывілізацыі зорная з'ява

Зь векам раскошным ідзе неўпапад.

Грукнула ў сэрцы глухая аб'ява

На замяшчэньне вакантных «пасад»:

 

1. Старшыні (убытачнага калгаса)

2. Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы —

(хоць бы на час ацёлу кароў)

3. Клубнага работніка (які б разьбіраўся

не толькі ў замежным рэпертуары)

4. Прадаўца сельмага (які б падманваў

пакупнікоў не больш хаця б чым на 1—2 кап.)

5. Конюха (які шануе жывёлу не менш,

чым уласны аўтамабіль)

6. Механізатараў (6 чал.)

7. Даярак (8 чал.)

8. Даглядчыкаў цялят (4 чал.)

9. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .  

 

Прагне зямелька пляча абароннага,

Просіць за бульбу, за лён і траву.

Грэшна вініць мне кагосьці староньняга,

Бо і сама без выгод не жыву!

Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося

(Мушу радкі прыгадаць!),

Толькі Анэткам маім і Антосям

Часу нямашка чытаць.

Маміна доля з вайны калядуе,

Але ні разу не ўчула я ўсхліп.

Думная, чыстасардэчна бядуе:

 

«Высах калодзеж, хоць жыта насып».

Губы апёкшы на малацэ,

Мовіць сівы засмучоны дарайца:

«Бусел — ці чулі? — палюе на зайца!

Скончыўся жабін канцэрт.

А то дажджы як зь вядра. Недарод.

Засуха б'е па прагнозах зачаста,

Мала цяпер хадакоў у народ,

Болей цяпер хадуноў у начальства».

Сьвеце мой гостры, адчужаны, блізкі —

Бура з зацішкам і з полымем лёд.

А у канторы —

                     прыпіскі,

 

                                          адпіскі, —

Трэці бухгалтар зьмяніўся за год.

Вучаць сардэчнасьці кнігі, экраны,

 

Ды не зьнікаюць паклёп і падман.

Горка: канаюць вайны ветэраны

Часта зусім не ад вогненных ран.

Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,

Век папяровы: «прадаць — купіць».

А ці пазбыта сумленьне дарэшты,

А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?

Іншыя, звышвыкшталцоныя цацы

Ўежна ядуць, але долю клянуць:

(Не пасьпяваюць за модай угнацца!)

Не пасьпяваюць даяркі заснуць.

Сіла зямлі — мнагадзетныя маці

Не пасьпяваюць прыбраць-згатаваць;

Не пасьпявае спартыўная брацьця

На чамаданах наклейкі мяняць.

Брата адзежына мокне ў салярцы,

Слушна дапёк мяне, негаваркі:

 

«Дайце належную ўвагу даярцы! —

Хай пачакае там пэцкаль8 які!»

Блізенька сядзем, сялянкі і дамы,—

Зблізіцца, ох, як пара,

Можа, таму, што гадамі-радамі

Людзі счакаліся Гаспадара!

Рукі да рук — як нястомныя кросны.

Здолеем выткаць наш лёс.

Час высакосны і боль высакосны

Ў сьвеце ваенных пагроз.

Маці-краіна! Краю мой мілы:

Брату паможаш, сам не з'ясі.

...Бачыш, сыночак, дзьве сьвежых магілы?

Дык папасі ты і за Гаўрылу,

За Міканора кароў папасі!

Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,

Сьветлай прыроды забава — хлапчук,

 

Дроў насячы сьсірацелай Харыце,

Каб гартаваўся надзейны плячук.

Мо па-жаночы прашу цябе сьлёзна,

Але хачу, каб запомніў урок:

Заўтра любіць — памагаць будзе позна,

Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.

Зь веку іконнага аж да нэйтроннага

Нашага смутку не гасьне імша9.

Сыне,

         ў халёнага, хамэлеоннага10,

Прыстасаванага і не ўлюбёнага

Ў нашу зямлю — не уздрыгне душа.

 

Круціцца, нібыта жорны, планэта.

Сьмерці зьмяючай зацята пятля.

 

Плуг аратая і ліру паэта

Ты уздымі над сабою, зямля!

Крышыцца, нібыта жорны, планэта,

Людства гудзе, нібы пчолы з вульля.

Покуль не чорныя воблакі — сьветла!

Сьветла, пакуль зелянее зямля.

Сьветла ад лотаці ў завадзі збросьнелай.

Коні шукаюць ракі.

Крылы ў адных разьвінулі нябёсах

Ястрабы і жаўрукі.

Край нездарма сінявокім завецца —

Сіне і сьветла душы.

Выпаўзьлі з нораў на сонцы пагрэцца

Яшчары і мурашы.

Сонечна. Сьветлараскрылена. Весьне.

Ранак. I раньне жыцьця.

Чую! Ня змоўкла радзімая песьня —

 

Сьпеўна жанчына люляе дзіця.

Бусьлікаў сьветлых крыляе дружына.

Вецер гульлівы сядлае каня.

Да вадапою знаёмай сьцяжынай

Ціха ласіха вядзе ласяня.

Мілы мой сын, залатая малеча, —

Почыркам ясным пішы!

 

Сілай адной зьнітаваны навечна

Прашчуры і мурашы.

 

II

 

Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю...

Максім Багдановіч

 

Вось і з дарогі. А скруха — з парогу

(Бы не ішла, неадчэпная, ўсьлед!):

«Выклічце хуткую, — мне, — дапамогу», —

Просіць мяне захварэлы сусед.

«Выклічу, як жа! А вы паляжыце».

(Цяжка і стомлена дыхае ён.)

Выкліча хто «дапамогу» Харыце? —

Там жа, на вёску, адзін тэлефон!

Вось і урач найвышэйшага класу.

Сорак хвілін у змаганьні за лёс.

(Выкліча хто «дапамогу» «калгасу»:

Жыта палегла і вымак авёс!)

Думна і гэтак трывожна на сьвеце,

Нібы лістку на спусьцелым гальлі.

 

Бомбы падпёрлі дыханьне планэце:

Выкліча хто «дапамогу» Зямлі?!

      Зорная поўнач сьвятлюткай сястрою,

Зорны

      трапеча за шыбкаю ліст.

Я на пяшчоту гадзіньнік настрою,

Але спружыніць у ім мэханізм.

Змоўклым гадзіньнікам век нас лякае,

Збоем апошніх сьвітальных мінут.

Кроўю планэта ужо набракае,

Але паўзе тэрмаядзерны спрут11.

Дзесьці не сьпяць зьнепакоена маці,

Стогне зямля у гарачай крыві.

 

Стрэлкі шукаюць на цыферблаце

Міру, лагоды, братэрства, любві.

Людзі. Анёлы і д'яблы. Міране.

Плыць альбо не дабрыні караблю...

Што табе, сэрца, сыграць на кургане,

Як не малітву за маці-зямлю!

Ах, шматутульныя шматпавярхоўкі...

Добра мне жыць. Але сэрца шчыміць:

Солі ў суседа пазычыць нялоўка,

Боязна сэрца ў адчаі раскрыць.

Ўсё пераблытана: хмары, хімеры12,

Прорва і мост, справядлівасьць і суд.

Сьмешна прызнацца ў каханьні... паперы:

Чыстая,

            колькі сьцярпела пакут!

 

Ах, пераможцы уласных мішэняў,

Саладкалюбцы прыгод і карон...

Сьвет, ты гукаеш, нібы мнагажэнец,

Праз міліёны адкрытых акон.

Сьветла-вішнёвы і цьвет ясянёвы

Ціха плыве над зямлёй, як кілім13.

Сэрца вясновае просіць любові,—

Атамны воран цікуе за ім?

Людзі, жывыя мы ў думках і плоці.

Бусел

           расьпятым крыжом на страсе.

Кроіцца час блаславёных эмоцый, —

Робат жалезны пачуцьці пасе?

Людзі,

 

         мы тыя ж — аўто і трамваі

Спрэс — у палоне мінут

Самі сябе на падножках трымаем,

Покуль ня скончыцца сьпешны маршрут.

Бачылі вы варону ў кароне

Або як лекцыі шпарыць павук?

Час памяшаўся на абаронах,

На эпідэміі фікс-навук.

Дык вось: такія, браце, «вучоныя»,

Якім бы ў кішэню паболей узяць,

Глядзяць праз акулярыкі пазлачоныя,

Дакладней, — праз пальцы на сьвет глядзяць!

 

Прагне душа разуменьня і ладу.

Жылка на скроні пульсуе-снуе.

 

Позна. За поўнач. Пара зарападу.

Але не гаснуць лятункі мае.

Зорна. Балюча. Лагодна. Вяснова.

Голас травы вывучае шаша.

Мы навучыліся жыць адмыслова,

А за убраньнем — канае душа.

Збораў замнога. I тлуму замнога.

Гэй, намалюй сабе шлях. Выбірай!

Ўласнапалоньнікі раю зямнога,

Дзе ён, інакшы і праведны рай?

Толькі калі прашуміць непагода —

Гнезьдзяцца думкі (аклятая рэч!):

Як ты зьмянілася, постаць народа,—

Хоць над магілаю брацкай укленч!

Мілы мой. Ты. I на коніку — верхі.

Мысьлі раяцца (наіўная рэч!).

Нас разьядналі аўто і паверхі,

 

Хоць перад цэрквай спусьцелай укленч!

Фортку адкрыю. Горача, душна.

Густа начніцы абселі плафон.

Скруха спынілася на раўнадушшы

Там, дзе ад болю аглух тэлефон.

Век правадоў,

                     але жаль наш — пячорны,

Сьлед замятае спакою мятла.

Дзіўна, яшчэ, як начніца, заўчора

Я акрылёна шукала сьвятла.

 

Вусны да вуснаў — ці так не хацела?

Вось найвышэйшай пяшчоты вянец.

Час, ты гукаеш, нібы звар'яцелы,

Праз міліёны разьбітых сардэц.

Космасу век. Але жах наш — пячорны.

Неандэртальца рагоча шкілет.

Гнеўнае воблака,

                     дымнае,                                       чорнае,

 

Страшнае! — зорны лякае сусьвет,

Бачу балючыя вочы Эўропы.

На валасінцы надзея трымціць.

Падаюць зоры. Не сьпяць тэлескопы.

Зорка-Зямля, ты павінна сьвяціць!

Век гераічны, гранічны, крынічны.

Выхад да зор. I бязвыхадны штрэк?

Дэмаграфічны, лірычны, трагічны,

Дыпламатычны і каставы век!

Кожны жывы — і без войнаў сьмяротны,

А на зямлі — катастрофы, разбой...

Суд наш рашаючы і незваротны, —

Суд наш апошні — саміх над сабой.

Бога няма. Чалавека пытай.

Толькі і ёсьць чалавек усясільны.

Досыць Хатыняў і Хірасімаў! —

Плоцьцю людскою накормлены рай.

 

Зорным дасьвецьцем

                           праз ліхалецьці

I праз анафему14 «зорнай вайне» —

Гамлета прывід васкрэс на планэце

З тым жа пытаньнем: «Быць альбо не?»

Покуль да сонца расчынены дзьверы

Зь вераю ў сонечны розум людзей,

— Быць! — Я гукаю праз гром і хімеры,

 

Тулячы сына свайго да грудзей.

I не ў міфічную цягнецца Мекку

Шлях, пазбаўлёны літаньняў і лек.

...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.

Да Чалавека ідзе Чалавек!

 

 

 

1 Дасвецце — час перад світаннем.

2 Ліштва — тут: накладная, зыычайна фігурная планка вакол дзвярнога праёма.

3 Буяк — кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах.

4 Хіжасць — тут: прагнасць.

5 Сёмуха - адно са свят праваслаўнай царквы, якое святкуецца ў пяцідзесяты дзснь (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня.

6 Мярэжа — тут: тое, што сваім выглядам нагадвае сетку.

7 Мроі — тое, што створана фантазіяй; мары, летуценні.

8 Пэцкаль — тут: той, хто няўмела, неахайна робіць што-небудзь.

9 Імша - набажэнства ў хрысціян, якое адбываецца раніцай або днём, а ў каталікоў, акрамя гэтага, суправаджаецца музыкай.

10 Хамелеоннага - тут: пра чалавека, які лёгка мяняе свае погляды, перакананні.

11 Спрут — тут: драпежнік.

12 Хімера — тут: пачвара.

13 Кілім — дыван.

14 Анафема — тут: праклён.


верасень 1985

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.rv-blr.com/litaratura/view/159