epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Беларускія драматычныя гурткі на Случчыне

Дзейнасць беларускіх культурна-асветных гурткоў на Случчыне была скіравана на пашырэнне беларускай культуры.

Яшчэ задоўга да рэвалюцыі беларуская вясковая думка імкнулася прарвацца на паверхню. Вучнёўская і вясковая моладзь інтуітыўна адчувала патрэбу ў гэтым. Часта на школьных вечарах можна было пачуць прыгожую беларускую песню ці смяшлівае апавяданне. Вясковая ж моладзь з захапленнем завучвала на памяць беларускія вершы, апавяданні, што хадзілі ў народзе вусна, і ахвотна дэкламавала іх у вольны ад работы час, сабраўшыся вечарам на вуліцы.

Нашаніўская пара ўнесла яшчэ больш ажыўлення ў нацыянальнае ўсведамленне беларускіх мас.

Але сам рух яшчэ не насіў масавага характару. Маса яшчэ спала, а сон пільна сцерагла хеўра царскіх паслугачоў.

І вось надышоў рэвалюцыйны 1917 год. Рэвалюцыя віхрам пранеслася па велізарных абшарах былой Расійскай імперыі, руйнуючы стары лад. У сваім імпэце яна закранула і нацыянальнае пытанне — і не на жарт. Закранула яна яго і на Беларусі.

Распрыгоненая беларуская культурна-нацыянальная думка шырокае распаўсюджанне знайшла і на Случчыне.

Вучнёўства арганізуецца ў асобныя гурткі. Закладваюцца гурткі па вывучэнню мовы, літаратуры, па краязнаўству, драматычныя і харавыя. Асабліва шырока разгортваюць сваю дзейнасць драматычна-харавыя гурткі.

Пры чынным удзеле настаўніцтва драматычныя гурткі ўпершыню, можна сказаць, на Случчыне выносяць беларускую мову з мужыцкае хаты на падмосткі сцэны.

У Слуцкай беларускай гімназіі для першай пастаноўкі была ўзята камедыя Я. Купалы «Паўлінка». Трэба было бачыць, з якім захапленнем і стараннасцю вучні і настаўнікі рыхтаваліся да пастаноўкі. Уважліва апрацоўвалася кожная з’ява, кожная дэталь. Вопратка ці была сабрана ў суседніх вёсках, ці дастаўлена вучнямі з дому.

Але ўрэшце п’еса гатова.

Першая пастаноўка зрабіла моцнае ўражанне на гледачоў. Многіх неяк яна збіла з панталыку. Раптам усе загаманілі, што вось тая самая мужыцкая мова, якую яны чулі штодня, якую гэтак старанна выкарчоўвалі са штодзённага свайго ўжытку, тая самая мова на сцэне, у літаратурнай апрацоўцы такая прыгожая. Шмат хто пайшоў са спектакля, ужо шчыра спачуваючы распачатай культурнай справе.

Гурток падрыхтаваў яшчэ некалькі п’ес і паставіў іх ужо ў гарадскім тэатры — для шырокай публікі.

На новую беларускую культурна-асветную работу, што наладзілася ў сценах земскай гімназіі, асабліва ахвотна адгукнулася вучнёўства іншых школ, пераважна вяскоўцы. Гурткі шпарка пачынаюць абрастаць вялікім лікам членаў, а работа ў іх патрабуе ўжо большай арганізаванасці, большай планавасці і сталага кіраўніцтва.

Наспявае патрэба ў самастойнай культурна-асветнай арганізацыі.

Пры актыўнай дапамозе Фабіяна Шантыра нараджаецца першая на Случчыне, пакуль што яшчэ вучнёўская, культурна-асветная арганізацыя «Папараць-Кветка». Яна дзялілася на секцыі: літаратурную, краязнаўчую і драматычна-харавую.

Агульныя сходы, пасяджэнні секцый, гурткоў па вывучэнню мовы, даклады, рэфераты, спеўкі, рэпетыцыі запаўнялі ўвесь вольны час моладзі.

Найшырэй была пастаўлена работа драматычна-харавой секцыі. У яе рэпертуар увайшлі надрукаваныя тады першыя два сшыткі сцэнічных твораў і яшчэ адна-дзве іншыя п’есы. Свае пастаноўкі секцыя перанесла са школы ў народны тэатр (былы дваранскі клуб).

І дзіўная справа. Слуцкая публіка, часта нават не беларуская, ахвотна адгукнулася на пастаноўкі «Папараць-Кветкі». Нягледзячы на тое, што яны насілі выразна аматарскі характар, былі слаба апрацаваны з артыстычнага боку, слаба дэкараваны, часта не былі забяспечаны патрэбнай вопраткай — нягледзячы на ўсё гэта тэатр заўсёды быў поўны. Кожны ішоў, бо хацеў пераканацца, што пагарджаная беларуская мова і быт гэтага сярмяжнага народа ўжо не становяць сабою аб’ект насмешкі і пагарды, а маюць у сабе штосьці прывабна-блізкае, прыгожае, адначасова здаровае і моцнае, на што варта паглядзець, над чым варта задумацца.

Едучы на канікулы, члены арганізацыі атрымоўвалі належныя ўказанні па далейшай рабоце на вёсцы. З дапамогай вясковай моладзі наладжваліся беларускія вечарынкі, і спектаклі (дзе была школа). Вёска слухала песні, дэкламацыі, смяшлівыя апавяданні, а то і п’ескі.

Пасля такой спробы вёскі, асабліва тыя, дзе была школа і адданы культурнай справе настаўнік, захопленыя прыкладам гарадской арганізацыі, ужо часцей наладжвалі ў сябе беларускія вечарынкі, а то і спектаклі, трымаючы праз настаўніка цесную сувязь з «Папараць-Кветкай», дзе заўсёды можна было дастаць беларускую кніжку, пачуць карысную параду.

Але падышла нямецкая акупацыя. Умовы жыцця змяніліся. Моцны абцас нямецкага імперыялізму шчыльна прыдушыў насельніцтва.

Я не буду доўга затрымлівацца на часах нямецкай акупацыі, бо ён нічым асаблівым у жыцці «Папараць-Кветкі» і іншых арганізацый не вызначаўся.

Крыху змяніліся атмасфера і ўмовы працы, калі ў 1919 годзе з’явіўся другі акупант — белапанская Польшча.

Той бязлітасны здзек і гвалт, што прынесла з сабой польскае панства, той дзікі шавінізм, што бічом сцебануў па самасвядомасці беларускіх мас, нібы згуртаваў для пратэсту ўсё беларускае насельніцтва, яшчэ больш цесна злучыў яго з адзінаю ў той час беларускай культурна-асветнай арганізацыяй у Слуцку — «Папараць-Кветкай». У яе дзейнасці ўзніклі новыя, больш шырокія заданні. Усе здабыткі рэвалюцыі аказаліся пад пагрозай знішчэння панскім шавінізмам. Трэба было бараніць беларускую мову, школу і наогул беларускую культуру, прывучаць працоўных да змагання.

І «Папараць-Кветка», колькі хапае змогі, бярэцца за гэту справу. Яе шэрагі шпарка гусцеюць. Новая хваля беларускай працоўнай інтэлігенцыі і свядомай моладзі ўліваецца ў арганізацыю. «Папараць-Кветка» ўжо налічвае да 200 членаў, ахопліваючы такім чынам не толькі горад, а і вёску. Тут знаходзіць месца і значная колькасць перадавога беларускага настаўніцтва, што не жадала скакаць пад дудку польскай школьнай адміністрацыі, апалячваць беларускую школу.

Першай на ніву барацьбы (я кажу «барацьбы», бо час польскай акупацыі для «Папараць-Кветкі» прайшоў не ў культурніцтве, а ў культурна-нацыянальнай барацьбе) уступіла драматычная секцыя. Для гэтага яна мела найбольшыя магчымасці, бо пад кіраўніцтвам А. Бараноўскага была арганізавана больш грунтоўна. Драмсекцыя выступіла ў контратаку польскаму шавінізму. Тут старанна падбіралі п’есы з рэвалюцыйным, проціпанскім зместам, выбіралі з твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага адпаведныя вершы з рэвалюцыйным зместам і, старанна апрацаваўшы іх, выносілі на сцэну.

У выкананне роляў акцёры-аматары ўкладалі ўсе свае пачуцці, усю сваю душу. Натхнення ім у рабоце дадавала яшчэ і тое, што ў тэатр заўсёды прыходзілі (зразумела, з нячыстай мэтай) польскія чыноўнікі, жандары і інш. Не маючы магчымасці выказаць свой пратэст з трыбуны адкрыта, страснымі словамі нашых пісьменнікаў акцёры бічавалі са сцэны польскае панства.

Невялічкі на той час набор друкаваных беларускіх п’ес ужо не задавальняў драмсекцыю. Усе яны ўжо ставіліся па некалькі разоў. Патрэба ж у беларускіх пастаноўках адчувалася ўсё больш і больш востра. Тады працаўнікі секцыі скіраваліся ў Мінск, да пісьменнікаў, каб пашырыць рэпертуар.

У Мінску дасталі тэксты п’ес «Госць з катаргі», «Бязвінная кроў», «Душагубы» У. Галубка, «Рысь» і «Хам» паводле Э. Ажэшка ў апрацоўцы Ф. Ждановіча. Драмсекцыя «Папараць-Кветкі» такім чынам забяспечыла сваю дзейнасць да канца акупацыі.

Акупанты прынеслі на Беларусь, і ў прыватнасці на Случчыну, страшэннае беспрацоўе, а разам з тым і голад. Побач з панствам, што аб’ядалася амерыканскім салам, масы рабочых сядзелі без куска хлеба. Таму драмсекцыі было даручана наладзіць шэраг спектакляў у карысць беспрацоўных. Выкарыстоўваліся ўсякія магчымасці, каб павялічыць сродкі дзеля дапамогі. На перыферыю паветра, дзе былі культурна-асветныя гурткі, таксама быў кінуты лозунг: «Дапамагчы беспрацоўным!». Уся гэта работа ў выніку дала досыць вялікія сродкі. Яны пайшлі на дапамогу бяднейшым сем’ям рабочых. Ніхто не мог дакараць «Папараць-Кветку» ў вузкім нацыяналізме пры размеркаванні грошай. Іх атрымалі і бяднейшыя яўрэйскія сем’і.

Наогул «Папараць-Кветка» адгукалася на ўсе праявы жыцця прыдушанага грамадства. Дзе толькі было можна, выступалі з дапамогай і абаронай.

Драматычна-харавая секцыя разгарнула сваю дзейнасць. Яна ўжо не задавальнялася пастаноўкамі ў гарадскім тэатры, для мясцовай публікі, хоць публіка з ахвотай ішла глядзець беларускія п’есы. Такая работа набывала характар прафесійнай тэатральнай дзейнасці, а «Папараць-Кветка» імкнулася выключна да культурна-асветных мэт. Вось чаму драмсекцыя змяніла кірунак сваёй работы і зрабіла ўхіл на вёску. Дзеля гэтага складаецца адпаведны вясковы рэпертуар, куды ўваходзяць «Апошняе спатканне», «Суд», «Хам», «Паўлінка» і інш. Але каб выехаць у вёску і наладзіць там спектаклі, «Папараць-Кветка» не мела патрэбных сродкаў. З гэтай прычыны спектаклі для сялян адбываліся ў горадзе.

За некалькі дзён да спектакля (а яны звычайна рабіліся ў святочны дзень) «Папараць-Кветка» рассылала па ваколічных вёсках аб’явы з запрашэннем, звернутым да сялян. Для «вясковых» пастановак таварыства мабілізавала ўсе свае сілы. Хацелася, каб спектакль выйшаў арганізавана, каб як мага больш прыветна спаткаць сялянства. Паміж членамі акуратна размяркоўваліся арганізацыйныя абавязкі. Падрыхтоўваліся будынкі для сялянскіх фурманак, дзе загадзя вызначаныя людзі вартавалі па чарзе да канца спектакля.

На такія спектаклі сяляне прыязджалі з ахвотаю, бо, па-першае, прадстаўленні наладжваліся бясплатна, па-другое, селянін, прыехаўшы на вечар, трапляў нібы ў сваю сям’ю, усюды бачыў ветлівасць і пашану да сябе. З зацікаўленасцю глядзелі вяскоўцы пастаноўку, слухалі са сцэны сваю родную мову.

«Апошняе спатканне» У. Галубка рабіла на сялян найбольш моцнае ўражанне. Ды гэта і зразумела. Адчуваючы штодзённа на сваёй спіне гвалт белапольскай акупацыйнай улады, селянін не мог спакойна глядзець на арышт і здзекі над студэнтам царскіх жандараў.

З удзячнасцю раз’язджаліся сяляне з такіх беларускіх вечароў, прасілі ў будучым паведамляць ім, калі будуць яшчэ спектаклі.

Зразумела, што з далёкіх вёсак павета сяляне не маглі прыязджаць на вечары. Але ім там наладжвалі прадстаўленні свае культурна-асветныя гурткі, што былі заснаваны праз «Папараць-Кветку».

Так, у гэты час шырока разгарнуў сваю дзейнасць Старыцкі гурток, які арганізаваўся пад кіраўніцтвам старога беларускага культурніка-настаўніка Алеся Каўпака. Гурток спачатку меў назву «Старыцкая моладзь», а потым — «Зарніца». Яго члены не абмяжоўваюцца працай у в. Старыца, абслугоўваюць і мястэчка Грозава, дзе часта наладжваюцца спектаклі і літаратурна-вакальныя вечары.

Член «Зарніцы» настаўнік Аніхоўскі заснаваў беларускі культурна-асветны гурток пад назвай «Крыніца» ў в. Засялоня Грыцэвіцкай воласці. Вакол яго таксама гуртуецца моладзь з суседніх вёсак.

Настаўнік Грозаўскай школы Пратасевіч арганізаваў асобны гурток вучняў сваёй школы, наладзіў збор вусных народных твораў.

З дапамогай інструктараў «Папараць-Кветкі» быў заснаваны гурток «Зорка» ў в. Ліпнікі Цароўскай воласці.

Член таварыства У. Дубіна згуртаваў моладзь вёскі Ісерна, вёў сярод яе культурна-асветную работу. Другі член «Папараць-Кветкі» М. Дубіна арганізаваў моладзь у Сухой Мілі. Апошняе згуртаванне аказвала вялікую дапамогу ў дзейнасці партызан у час адступлення белапалякаў. Амаль усе члены былі адначасова ў партызанскіх аддзелах.

Увесь павет наогул быў наэлектрызаваны дзейнасцю беларускіх арганізацый. Таму польская ўлада рашуча пачала нішчыць усякія праявы беларускага руху. Але ўжо было позна. Надыходзіў канец акупацыі. Паны як учадзелыя кідаліся ва ўсе бакі, усё нішчылі, усё забаранялі, усіх арыштоўвалі. Ды на Усходзе ўсё больш чырванела зара, сляпіла панам вочы. Адзін-другі дружны націск чырвоных воінаў — і паны не вытрымалі, уцякалі, пакінуўшы зруйнаваную, спаленую Беларусь.

Праз нейкі час пасля ўсталявання Савецкай улады члены «Папараць-Кветкі» заўважылі, што яе культурна-асветная роля на Случчыне ўжо завершана. На адным з агульных сходаў было вырашана ліквідавацца, бібліятэку перадаць Аддзелу народнай асветы, а грашовыя сродкі — Аддзелу мастацтва на ўзмацненне дзяржаўнай трупы. Уся тэатральная работа аказалася ўжо ў веданні Аддзела мастацтва. На гэту работу ён даваў пэўныя сродкі, неабходныя матэрыялы, а ўсе акцёры былі залічаны на дзяржаўнае ўтрыманне. Драмсекцыя «Папараць-Кветкі» ў поўным складзе перайшла працаваць у Аддзел мастацтва.

З гэтага моманту пры падтрымцы Савецкай улады (як матэрыяльнай, так і маральнай) беларуская драматычная дзейнасць шырыцца і ўзрастае на Случчыне надзвычай хутка. Работа вядзецца планава. Побач з трупай Аддзел мастацтва арганізуе беларускі хор у складзе 45 асоб. Хор спачатку працуе пад кіраўніцтвам т. Кавалевіча, потым — вядомага спецыяліста ў харавой справе т. Плышэўскага. Аддзел асігнуе патрэбныя сродкі — і хор набывае беларускую вопратку.

Пасля двух месяцаў рэпетыцый хор становіцца вельмі папулярным сярод жыхароў Случчыны. Нават мінчане, што часам бывалі ў Слуцку, адзначалі добрае выкананне песень, казалі, што хор мала чым уступаў тагачаснаму мінскаму хору Тэраўскага.

Аддзел мастацтва выкарыстоўваў беларускую трупу і з агітацыйнымі мэтамі. Некалькі разоў драматычная трупа і хор выязджалі ў прыгранічную паласу і там, у вёсках выступалі з спектаклямі амаль навідавоку ў белапалякаў. Аднойчы польскія жаўнеры не вытрымалі і, пакідаўшы зброю, прыбеглі на спектакль, зразумела, за дазволам нашай улады.

Так дзейнічалі беларускія драматычныя гурткі на Случчыне ў першыя гады пасля Кастрычніка.




Беларуская Палічка: http://knihi.com