epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Чалавек вялікага сэрца

У пачатку студзеня 1919 года мы ехалі з Масквы на работу ў Мінск праз Смаленск, дзе ў гэты час адбываўся з’езд прадстаўнікоў партыйных арганізацый Смаленскай вобласці і Заходняга фронту. У Смаленску жыў тады Янка Купала. Даведаўшыся ад Цішкі Гартнага, што ўвечары ён збіраецца пабачыцца з Янкам Купалам, я папрасіўся пайсці разам з ім, каб пазнаёміцца з вядомым пісьменнікам, якога дагэтуль ведаў толькі па яго творах.

Трапіўшы на аддаленыя ад цэнтра горада вуліцы, мы марудна ішлі ў цемры. Нарэшце ўбачылі домік, дзе жыў паэт. Пастукалі. Праз некаторы час пачуліся крокі, і жаночы голас спытаў:

— Вы да каго?

— Мы да Купалы Янкі!

Нам адчыніла дзверы маладая ветлівая жанчына.

— Заходзьце, калі ласка!— запрасіла яна.— Будзем знаёмы... Янка толькі сёння к вечару прыехаў са сваёй прадкомаўскай камандзіроўкі, стаміўся і лёг адпачыць... Распранайцеся, калі ласка, і праходзьце ў пакой!.. Я зараз разбуджу яго. Ён будзе рады пабачыцца са сваімі людзьмі, бо жывём у вялікай адзіноце і рады кожнаму чалавеку з Беларусі.

Перад намі была Уладзіслава Францаўна, такая дзейная, клапатлівая, гаваркая. Яна разбудзіла Купалу, і праз некалькі хвілін мы ўбачылі пісьменніка, які з усмешкай ветліва ціснуў нам рукі.

Мы селі. Купала скруціў казіную ножку, набіў яе тытунём, закурыў.

— Як жывецца? — спытаў Цішка Гартны.

— Няма чым хваліцца. Ды і не дзіва — колькі часу фронт непадалёку быў... Я служу ў тутэйшых наркампродаўскіх арганізацыях і часта бываю ў вёсцы... Бачу, як жыве яна зараз. Заняпад страшэнны. Але нічога: народ, пажыўшы без цара і паноў, як спяваецца ў песні, усё набудзе і зажыве добра... Дух у селяніна бадзёры; у яго свярбяць рукі да вольнай працы на зямлі,— гаварыў Купала і нарэшце спытаў:— Якія ж у вас навіны? З чым едзеце на радзіму?

— Едзем будаваць вольную Беларусь! — у адзін голас адказвалі мы.

Калі ж Купала даведаўся, што ствараецца Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, што пра гэта днямі будзе апублікаваны маніфест урада рэспублікі, ён дужа ўзрадаваўся.

— Вось гэта радасная навіна! — усклікнуў паэт.— Уладзя! — паклікаў ён жонку, якая завіхалася ў другім пакоі.— Чуеш, якая навіна!

— Чую, чую! І рада ёй, як і ты! — адказала Уладзіслава Францаўна.

Купала не мог сядзець спакойна.

Ён падняўся, пачаў хадзіць па пакоі. Твар яго паружавеў, ажывіўся.

— От да якой радасці дажыў прыгнечаны вякамі наш беларускі народ! Пачакайце, свет здзівіцца, як мы цяпер закрочым наперад... Жыве наша Беларусь! — з захапленнем гаварыў ён.

Мы спыталі, ці піша Купала зараз.

— Пішу зараз рэдка... Цяперашняя мая служба адбірае так многа часу і так стамляюць раз’езды, што не да творчасці.

Вестка аб стварэнні Беларускай рэспублікі ўсхвалявала Янку Купалу, і ён зноў вярнуўся да гэтай тэмы.

— Што ж, цяпер патрэбны работнікі ў Беларусь. Яны ёсць у нас, але ж параскідаліся ўсюды. Прыйдзецца збіраць іх!

Я назваў імёны беларусаў, што працавалі ў Маскве па розных установах. Ужо многія з іх прыняты Беларускім камісарыятам на ўлік і будуць выкліканы на работу ў Беларусь.

— Я даўно чакаю таго дня, каб вярнуцца ў Беларусь,— сказаў нам паэт.— Мне хочацца хутчэй уключыцца ў літаратурную работу і пачаць больш пісаць твораў аб новым жыцці нашага народа.

Час праляцеў непрыкметна. Трэба было ўжо ісці на вакзал, і мы развіталіся з ветлівымі гаспадарамі.

Сустрэцца зноў з Я. Купалам давялося мне ў Мінску ў 1921 —1924 гадах у так званай тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы.

Была тады вялікая патрэба ў распрацоўцы тэрміналогіі ў нашай мове. Купала прымаў у гэтай справе самы актыўны ўдзел. Мяне ўразіла, як добра ведае Я. Купала народныя назвы раслін, насякомых і жывёлін.

...Як вядома, паэт з захапленнем працаваў над празаічным і вершаваным перакладамі «Слова аб палку Ігаравым». Купала падышоў да гэтай работы вельмі грунтоўна. Ён старанна вывучаў важнейшыя артыкулы і паасобныя выданні, у якіх тлумачацца незразумелыя месцы тэксту «Слова».

Паэт казаў, што праца над перакладам «Слова» хоць і была цяжкай, але прынесла яму вялікае задавальненне. Ён аддаў ёй многа сіл і часу, бо хацеў захаваць своеасаблівасць гэтага высокамастацкага твора.

— Я так зжыўся з творам,— сказаў аднойчы Купала,— што, зрабіўшы пераклад, як бы адчуў сябе сааўтарам «Слова» і гляджу на гэту сваю працу як на сваю ўласную творчасць.

У 1922 годзе было заснавана выдавецкае таварыства. Купала, як член праўлення таварыства, куды ўваходзіў і я, актыўна працаваў пры складанні планаў першых выданняў. На яго ж плечы лёг і выпуск выданняў, сувязь з друкарняй паліграфтрэста. А сачыць за друкаваннем кніг трэба было пільна, бо друкарні тады працавалі дрэнна. Купала ж да гэтага часу меў ужо значную выдавецкую практыку ў Вільні.

Успамінаецца, як паэт абурыўся аднойчы пры сустрэчы з дырэктарам паліграфтрэста, які спрабаваў тлумачыць патрабаванні Купалы як выдавецкі капрыз.

Выняўшы са сваёй папкі поўны памылак набор, нядбайна выпраўлены пасля некалькіх карэктур, Купала пытаўся ў яго:

— Гэта што такое, па-вашаму? Як не сорам гаварыць пра нашы капрызы! Ставіце на разбор шрыфту замест сталага наборшчыка вучняў і хочаце, каб мы з гэтакім наборам мірыліся! Не, так не выйдзе! Давайце работу належнай якасці.

...Пазней давялося мне бачыць Янку Купалу на рабоце ў Інстытуце беларускай культуры. Яго цікавіла тады не адна толькі літаратурная секцыя. Мы часта бачылі Купалу на пасяджэннях тэатральнай падсекцыі мастацкай секцыі інстытута, на дакладах дырэкцыі БДТ-1 аб рэпертуары на 1923 год і іншых.

Памятаю, як Купала патрабаваў ад артыстаў добрага ведання беларускай мовы, правільнага вымаўлення беларускіх слоў. Ён прыводзіў прыклады памылак са спектакляў «Паўлінка», «Пінская шляхта», зазначаў, што іншы раз ужытае няправільна слова мяняе ўсю фразу і надае ёй інакшы сэнс.

Мне давялося шмат разоў бачыцца з Я. Купалам, гутарыць на розныя тэмы. Не ўсё ўтрымала памяць. Але вобраз народнага песняра Беларусі захаваўся як вобраз чалавека сціплага і настойлівага, чалавека вялікага сэрца, які штодзённа жыў клопатамі аб развіцці беларускай сацыялістычнай культуры, мастацтва і літаратуры.




Беларуская Палічка: http://knihi.com