epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Юнак з Крошына

Драматычныя сцэны

АСОБЫ
СЦЭНА І
СЦЭНА ІІ
СЦЭНА ІІІ
СЦЭНА IV
СЦЭНА V
СЦЭНА VI
СЦЭНА VII
СЦЭНА VIII
СЦЭНА ІХ
СЦЭНА Х
СЦЭНА ХІ
СЦЭНА XII


 

АСОБЫ

Паўлюк Багрым — 16-гадовы юнак, сын каваля з вёскі Крошын, стройны, дужы хлопец.

Галінка — сястра яго, на год маладзейшая.

Язэп Багрым — іх бацька, вясковы каваль, гадоў пад 40.

Ганна — кавалёва жонка, крыху маладзейшая за мужа.

Марылька — Паўлюкова прыяцелька, бадай аднагодка яго.

Лаўрын Ганчарык — 17-гадовы вясковы хлопец. Паўлюкоў прыяцель.

Эстарка — 16-гадовая дачка арандатара вадзянога млына ў Крошыне.

Камінскі Казімір — 26-гадовы войт вёскі Крошын.

Валькоўскі Анупрэй — самы паважаны дзед з вёскі Крошын, гадоў за 70.

Князь Канстанцін Радзівіл — сын старога князя Мацея, маршалак, 37 гадоў.

Станіслаў Юрага — зяць князя Мацея, гадоў 40.

Антаніна Юрага — дачка князя Мацея, жонка Станіслава Юрагі.

Гулькевіч Ксавэры — аканом Крошынскага двара, шляхціц, гадоў за 50.

Каморнік з Навагрудка, запрошаны Юрагам.

Заканазнаўца, праўнік з Гродна, запрошаны Юрагам.

Губернатар Гродзенскай губерні, гадоў 50.

Мордасаў Якаў Пятровіч — жандарскі палкоўнік, гадоў пад 50.

Камандзір уланскага эскадрона — ён жа старшыня ваеннага суда, падпалкоўнік, гадоў за 40.

Запанскі Франак — уланскі ротмістр, гадоў 35.

Арлоўскі Рыгор — арганіст крошынскага касцёла, настаўнік крошынскай парафіяльнай школы, за 35 гадоў.

Парафіяновіч Мацей — даглядчык будынка крошынскага касцёла, за 60 гадоў.

Сяляне, дворня, лёкаі і ўланы- салдаты.

 

У дваццатых гадах XIX стагоддзя каля вялікага двара князёў Радзівілаў былі вёскі Крошын і Пуцяты. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай яны ўвайшлі ў склад Навагрудскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Сяляне вёсак Крошын і Пуцяты былі вольныя земляробы, бо іх продкі за сваю «панцырную» ў часы войнаў службу атрымалі ад Вялікага княства Літоўскага зямлю, на якой векавалі-гаспадарылі іх нашчадкі.

Так вялося да 1825 года, калі ў Крошынскі двор прыехаў новы гаспадар Станіслаў Юрага, зяць князя Мацея Радзівіла. Пабраўшыся з яго дачкою Антанінаю і атрымаўшы за ёю ў пасаг двор Крошын і іншыя зямельныя і лясныя ўгоддзі, ён дазнаўся, што ў крошынцаў няма дакументаў на зямлю, і захацеў яе адабраць.

 

 

СЦЭНА І

Чуцен вясёлы гоман і смех моладзі. Смех сціхае, калі ў школьны пакой уваходзіць крошынскі войт Казімір Камінскі, якога моладзь сустракае радаснымі ўскрыкамі.

 

Галасы:

— Нарэшце дзядзька войт нас успомніў!

— Шанаванне дзядзьку Казіміру!..

— Ды ён, браткі, і не з пустымі рукамі да нас! Жывём!

Камінскі (весела да моладзі). Дзень вам усім добры! Вядома, ісці да вас з пустымі рукамі я не мог. Нацадзіў са свае мядовае бочкі вось гэтую біклажку, каб саладзей вам было ў такі дзень, калі, можна сказаць, выпушчаюць вас у вырай!.. (Аддае біклажку.)

Галасы:

— Дзякуем!.. Дзякуем, дзядзька Казімір!

— Каб жа вашым пчолкам ды добра вялося!..

— Ды каб у дзядзькі-пчаляра і мядок не зводзіўся!..

 

Вясёлы смех.

 

Лаўрын. Просім жа вас, дзядзечка, заняць пачэснае месца з нашымі настаўнікамі!

Камінскі. Ну, то хутчэй жа налівай усім майго мёду!

Лаўрын. Давайце сюды, браточкі і сястрыцы, свае кубкі. (Чуцен стук кубкаў.) Ну, цяпер ціха! (Да Камінскага.) Слухаем вас, дзядзька войт!

Камінскі. У сённяшні вясёлы дзень, у свята вашай школы, хочацца мне пажадаць кожнаму з вас шчаснага жыцця, уцехі і радаснай працы на карысць сваім людзям, свайму народу! За гэта п’ю да дна!

Галасы моладзі:

— Віват нашаму войту!..

— Хай жыве і красуе!..

 

Усе, устаўшы з месц, чокаюцца кубкамі, п’юць. Робіцца нарэшце ціха.

 

Арлоўскі (скарыстаўшы момант цішыні). Вельмі шкада, войце, што, крыху спазніўшыся, вы не пачулі тады вершаў аднаго з нашых здольных хлопцаў!.. Мы якраз і збіраліся, каб пагаварыць пра іх... Можа, і вам будзе цікава пачуць, як мы цэнім вершы Паўлюка Багрыма!..

Камінскі. О, канешне, мне будзе вельмі прыемна.

Арлоўскі. Што ж, тады пачнём!.. Можа, ты, Лаўрынка, выкажашся першы?

Лаўрын. З ахвотаю!.. Мне давялося нямала ўжо чуць вершаў Паўлюка! А новыя яго вершы, «Ціша на рэчцы» і «Раніцою ў лесе», напісаны так, што відна сама прырода, усё яе хараство!.. А яшчэ вершы пра цяжкую паншчыну, пра люты да людзей прыгон... Я сказаў бы, што гэта чалавечы крык перад небам, гэта стогн народных грудзей!.. І чуеце, як Паўлюк канчае адзін з гэтых вершаў: «Гукнем жа ўсе мы разам: «Годзе гэтага здзеку з чалавека, падабенства самога бога!»

Арлоўскі. А пра яго песеньку пра пана Дулькевіча што ж ты нічога не сказаў?

Лаўрын. Забыў зусім!.. Ой, і добра ж ён гэтаму васпану задаў!.. Можна сказаць, не пашкадаваў яму ні солі, ні перцу!

 

Дружны смех.

 

Голас. Не можаш ты ніяк забыцца, як ён у цябе ўвесь улоў рыбы ля млына адабраў!

Лаўрын. Не. Толькі шкадую, што пра гэтую песеньку не дазнаецца сам пан Дулькевіч.

 

Агульны рогат.

 

Галасы:

— Трэба, каб дазнаўся.

— Падкінем яе на кватэру яму!

— Ну і ўзлуецца пузаты!..

Камінскі (занепакоена). Хлопчыкі, хлопчыкі, з гэтаю справаю будзьце цішэй! Калі дазнаецца, то вы не аберацеся прыкрасці! А тут яшчэ і новы гаспадар Крошынскага двара да нас едзе. Вось ён яму і нагаворыць пра вас усякага ліха.

Арлоўскі. А скажыце, пане войце, хто ён такі, гэты наш новы пан Юрага?

Камінскі. Кажуць, пан Станіслаў Юрага недзе з-пад Бярэсця... Служыў уланам у Гародні... Там пазнаёміўся з князёўнаю Антанінаю, заляцаўся да яе, ну і стаў зяцем князя Мацея... Крошын і другія двары дадзены яму ў пасаг за князёўнаю! Чалавек ён, кажуць, вельмі паганы.

Арлоўскі (да хлопцаў). Шаноўны войт мае рацыю, хлопчыкі! Не варта дражніць пана аканома, бо ён нацкуе на нас пана Юрагу. Але вернемся да Паўлюковых вершаў. Я не пачуў ад вас думкі пра адзін з лепшых яго вершаў «Шыпшына цвіце...». Хто хоча сказаць сваю думку?

Голас. Праўда ж, добры верш! Вельмі прыгожы!.. Шчыры!..

Арлоўскі (да Марылькі). Можа, наша Марылька скажа?

Марылька (крыху ўсхвалявана). Што ж сказаць? Складзены прыгожа... Пра дзяўчыну. Але ж мне здаецца, што пясняр перахвальвае яе!

Паўлюк Багрым. Дайце ж мне і самому сказаць!

Галасы:

— Гавары, гавары!

— Даўно чакаем!

— Ціха!

Паўлюк. Я не згодзен з Лаўрынам, што ў мяне асабліва чулае вуха да натуры... Усе мы любім родную прыроду, таму нам і міла яна. І калі ў нас пяе душа, то і песня выходзіць прыемная! А вось мой роздум пра долю чалавека — якая гэта нікчэмнасць у параўнанні з Нарушэвічам! От у каго багацце думак!..

Арлоўскі. Чакай, Паўлюк... Нарушэвіч ужо на вяршыні паэзіі... А ты ж мала пісаў, яшчэ толькі выходзіш на дарогу! Але вернемся да верша «Шыпшына цвіце...».

Лаўрын. Мне падабаецца гэты верш, бо ён нагадвае нашы песні!

Арлоўскі. Але дзе ж ты чуў, каб у песні дзяўчына параўноўвалася з ружавай кветкай?

Лаўрын (спачатку з засмучэннем, збянтэжыўшыся). Не памятаю, дзе чуў, але лічу, што гэта вельмі прыгожае і сардэчнае параўнанне.

Дзявочы голас (весела і разам кпліва). Хай Лаўрын не забудзе, што ў шыпшыны шмат калючак!

Камінскі. Хай Паўлюк сам на гэта адкажа!

Паўлюк. Дзяўчыне часта трэба ўмець абараняцца. То яна мусіць мець і калючкі!

Камінскі (смеючыся). А калі захочаш прыгалубіць?

Паўлюк. Калючкі толькі дзеля абароны, а не ад ласкі.

Камінскі. Ну то і добра, выкруціўся!.. Аднак, даражэнькія, справы змушаюць мяне пакінуць вас, і таму (да Лаўрына), ясны голубе, налі ўсім нам яшчэ на развітанне!

Лаўрын. Слухаю!

 

Хвіліну стаіць шум, і калі кубкі наліты, віначэрп гукае: — Слова дзядзьку войту!

 

Камінскі. Падымем жа свае кубкі, мае даражэнькія, не толькі за наш сённяшні радасны дзень, але і за тое, каб развіваліся і паўнелі здольнасці Паўлюка Багрыма. Хай яго чакае светлая доля! П’ём жа ўсе да дна! Бывайце здаровы! (Выходзіць.)

Галасы дзяўчат:

— Эх, каб нашы музыкі ды ўрэзалі «Юрачку»!

— Давайце «Юрачку».

 

Адсоўваюць стол і зэдлікі ўбок, музыкі строяць свае інструменты.

 

Крыкі: Станавіцеся ў пары!

 

Музыкі дружна ўтнулі «Юрачку». Вядзе мелодыю танца скрыпка, падпявае ёй дудка, а бубен падмацоўвае рытм. Смяюцца, весела пяюць:

 

Гэй ты, Юрачка,

Што не жэнішся?

Прыйдзе зімачка,

Куды ж дзенешся?

 

 

Весела скачуць. У гэтую хвіліну ў пакой увайшла прыбіральніца школьнага памяшкання Волька, кабеціна ўжо ў гадах. Да яе падбег Парафіяновіч, і абое пайшлі імкліва ў танец.

 

Галасы:

— Маладзец, дзядзька Парафіяновіч!

— Маладзец, цётка Волька!

 

На момант, калі музыкі скончылі гэты танок, усе перадыхаюць. А потым чуюцца галасы.

 

Галасы:

— «Лявоніху»!..

— Не, лепш «Мяцеліцу»!..

— «Мяцеліцу»!..

 

Большасць за «Мяцеліцу», і пакой гудзе ад імклівага танца. Але ў парозе паказаўся паштар, і танец спыніўся. Паштар падае газету і ліст Арлоўскаму. Той разгортвае газету. Дэмакратычная газета «Вядомосці бруковэ», што друкавалася ў Вільні, цікавіць усіх, бо ў ёй рэзка ганьбуецца паншчына. Моладзь акружае любімага настаўніка і пытае, што пішуць у газеце.

 

Арлоўскі. Ды вось зноў ёсць вялікі артыкул супроць прыгнёту. Гаворыцца, што на Літве і ў Беларусі пануе самая жорсткая форма яго.

Галасы. Калі ж нам сабрацца паслухаць гэты артыкул?

Арлоўскі. Можна і сёння. Як заўсёды: прыходзьце на восьмую гадзіну да мяне! А заўтра папяём!

Галасы:

— Да пабачэння!

— Бывайце ж здаровы!

 

Усе разыходзяцца, апрача Арлоўскага, да якога падыходзіць Паўлюк Багрым.

 

Паўлюк. Напісаў я яшчэ і байку на манер эзопаўскіх. Але як яно выйшла, не ведаю. Дык буду прасіць вас прачытаць яе і сказаць, што ў ёй кепскага ці добрага. (Дае лісток з байкай Арлоўскаму.)

Арлоўскі (кладзе лісток у кішэню). З ахвотаю прачытаю. Астанешся вечарам пасля чытання газеты, пагаворым.

Паўлюк. Ніяк не дамагуся, каб пісаць так скупа і трапна, як Язоп.

Арлоўскі. Навучышся. Яшчэ ўсё тваё наперадзе, абы ты любіў гэтую работу. Бо не святыя ж гаршкі лепяць!

 

СЦЭНА ІІ

Бераг става аброс густымі вербамі і шыпшынаю, яна якраз цвіце. У кустах чуцен салаўіны пошчак. Плёскае рыба. На масток запруды ўзыходзяць Паўлюк Багрым з Марылькаю. На мастку затрымліваюцца.

 

Паўлюк. Пастаім тут хвілінку, Марылечка! (Азіраючыся.) Глядзі, мая пралесачка, якая краса кругом! Повень заліў усё сваім срэбрам. (У захапленні.) Якая дзівосная ноч!.. (Пачуўшы пошчак салаўя.) Чуеш, каханая мая?.. І яму не да сну!..

Марылька (тулячыся да Паўлюка). Ах ты, мой летуценнік!.. Усё б ты, як той жаўрук, кудысьці ў неба, усё вышэй бы ды вышэй ляцеў... Але мне куды мілей за салаўя пах шыпшыны. Такая ўжо я зямная! Ты са мною побач — гэта і ёсць маё поўнае шчасце!..

Паўлюк. І мне быць з табою разам — найбольшае шчасце.

Марылька. Ты абяцаў прынесці песню нашага настаўніка Арлоўскага! Прынёс?

Паўлюк. Як жа! (Вымае з кішэні лісток.) Толькі памятай, галубка, нікому пра гэта ні слова!.. Песня гэтая — боль яго душы!.. Матуля мне казала, што яго нарачоную, якую ён так моцна кахаў, выдалі проці яе волі за багатага. А ён яе забыцца не можа!

Марылька. Прачытай мне гэтую песню!

Паўлюк. Слухай жа! (Чытае з натхненнем.)

 

— Ой, узыдзі ж, узыдзі, ясны месяцу,

Як млыновае кола!

Ой, выйдзі ж, выйдзі, сэрца-дзяўчына,

Выйдзі ж, прамоў да мяне слова!

— Ой, рада б выйсці дый пагаварыці,

Ды пра нас ужо людзі гавараць!..

— Ой, няхай судзяць, няхай гавораць!..

Хоць па цэламу белу свету!..

Я ж цябе люблю, любіць буду,

Мой ты ружавы квету!..

 

Марылька. Кароценькая, але як многа душы. Праспявай мне яе хоць паціху.

Паўлюк. Я яе сам падслухаў, дык голасу не запомніў.

Марылька. Нехта ідзе!.. Ціха!.. (Прыслухоўваюцца.) Ну але, ідуць!

Паўлю к. Хутчэй жа ў поле! Перачакаем, пакуль пройдуць! (Абое знікаюць.)

 

На масток узыходзіць Лаўрын. У яго ў руках вядзерца і торбачка з рыбалоўнымі прыладамі. Прайшоўшы масток, ён ставіць вядро, кладзе на зямлю прылады, некалькі разоў свішча падсалоўкам і садзіцца. Праз хвіліну чуцен плёскат вёсел, потым між кустоў высоўваецца лодка, і з яе хутка выскоквае Эстарка. Яна імкліва абвівае рукамі шыю Лаўрына і палка цалуе яго ў шчаку.

 

Эстарка. Прыйшоў, ну, значыцца, цяпер мой!

Лаўрын (садзіцца побач з Эстаркай). Твой, твой цяпер, каханая, палымяная мая!.. (Цалуе яе ў вусны моцна.) Ну, а цяпер скажу: ты думаеш пра тое, як нам далей быць?..

Эстарка. Канешне, думаю!

Лаўрын. І да чаго дадумалася?

Эстарка. Бацькі мае добрыя. Я ж адна ў іх, і яны вельмі мяне любяць, асабліва матка. Вось я і пачну першую яе прасіць. А як яна згодзіцца, мы з ёю ўдвух возьмемся за тату!

Лаўрын. Эх ты, сакатушка! Мы ж з табою можам пажаніцца толькі, калі ты перахрысцішся ў нашу веру! А гэта ж ім, старым, будзе няслава і ганьба. Я пагаварыў з Арлоўскім, дык ён кажа, што гэта ў вас лічыцца за цяжкі грэх і цябе праклянуць як здрадніцу!

Эстарка. Мае бацькі мяне не праклянуць, Лаўрынка!.. Яны цябе таксама добра ведаюць. Я сама чула, як бацька сказаў маці пра цябе: «О, гэта залаты хлопец! Хіба хто іншы згадзіўся б задарма вучыць нашу Эстар чытаць, пісаць і лічыць?» А тады дадаў яшчэ: «Але ж у нашай Эстаркі такое ж палкае сэрца, як і ў мяне самога!»

Лаўрын. Ось бачыш!.. Бацька праўду казаў, што ў цябе палкае сэрца!..

Эстарка (заглядваючы хлопцу ў вочы). Скажы, хіба гэта кепска?

Лаўрын. Мне, ластачка мая, канешне, добра! Але ж мы змушаны таіцца ад усіх, усё адно як тыя збеглыя... Дзе цяпер твае бацькі?

Эстарка. Бацька выправіўся ў мястэчка. А матуля, натупаўшыся, прылягла... Потым, Лаўрынка, у мяне заўсёды ёсць добры адказ: заўтра на шабас добра было мець рыбу, і я паехала лодкаю да цябе. І хіба ж гэта будзе першы раз, калі я прывязу ад цябе рыбу?

 

СЦЭНА ІІІ

 

Цвінтар драўлянага крошынскага касцёла. У ім ідзе спеўка хору, якім кіруе Арлоўскі.

Спеўка скончылася, хор разыходзіцца. Апошнімі з касцёла выходзяць Паўлюк з Марылькаю.

 

Паўлюк. Адыдзем у цень званіцы! Зараз ён пачне спяваць сваю песню.

 

Арлоўскі над арган выконвае «Ой, узыдзі, узыдзі!». Чутно, як, бразгаючы ключамі, у касцёл ідзе Парафіяновіч. Хутка яны з Арлоўскім выходзяць стуль. Парафіяновіч замыкае дзверы касцёла.

 

Парафіяновіч. Я з цябе дзіўлюся, братка Рыгор. Ты ж добра ведаеш, што твая нарачоная замужам, а ты ўсё яшчэ не можаш забыць яе.

Арлоўскі. Усё гэта так, але яшчэ рана майго сэрца сочыцца крывёю. Здзек ніколі не прагоніць смутку.

 

Іх крокі хутка сціхаюць. Праз хвіліну праходзяць Паўлюк з Марылькаю.

 

Паўлюк. Не вытрывала, заплакала!..

Марылька. Мне іх абодвух шкада!.. Асабліва калі мы з табою такія шчаслівыя!

 

СЦЭНА IV

Станіслаў Юрага, новы гаспадар Крошына, сядзіць з жонкаю ў колішнім кабінеце князя Мацея. Сцены пакоя ўсе ў фамільных партрэтах Радзівілаў, буйнейшых магнатаў Беларусі.

 

Юрага (да жонкі). Не разумею, дзе мог забавіцца швагер. Дарога з Навагрудка добрая...

Антаніна. Константы — маршалак павятовай шляхты, і ці мала што магло затрымаць яго па дарозе да нас!..

Юрага (незадаволена). У лісце я сказаў князю пра крошынцаў і прасіў яго быць афіцыйна прысутным пры размовах нашых з іх прадстаўнікамі. І таму думаю, што князю, як нашаму маршалку, трэба лічыць справу маю важнейшай за іншыя справы паноў шляхты! Прытым гэта справа гонару славутай фаміліі Радзівілаў, першых магнатаў Літвы!

Антаніна. Ты вельмі нецярплівы, Стась, і вялікую ўвагу надаеш пытанню, якое, па-мойму, у параўнанні з тым, што выдзеліў нам тата, прабач мне, вельмі сціплае.

Юрага (з запальчывасцю). Што ж рабіць, калі князь Мацей не здолеў абараніць маіх інтарэсаў, і цяпер зяцю прыходзіцца сёе-тое папраўляць.

Антаніна. Чакай, каханы!.. Па-мойму, чутны бомы братавай чацвёркі. Якраз тыя, вельмі меладычныя, што Константы прывёз з Ведэня!

 

Воддаль чутны прыгожыя бомы-бразготкі, звон іх ўсё мацнее і сціхае адразу каля ганка палаца. Праз некалькі хвілін лёкай расчыніў дзверы кабінета.

 

Лёкай. Яго светласць князь Константы Радзівіл!

 

Юрагі ідуць насустрач госцю.

 

Станіслаў Юрага. Вітаю вашу светласць у родным для Радзівілаў палацы.

Антаніна. Мы ўжо непакоіліся, ведаючы тваю акуратнасць.

Канстанцін (вітаючыся перш з сястрою, цалуе яе ў шчаку, потым вітаецца з шваграм, гаворыць да яго). Проша са мною дома, не на людзях, абыходзіцца без «вашай светласці». (Дзелавіта.) Я ўважліва прачытаў ваш ліст, швагер, і цалкам падзяляю вашы аргументы!.. Лічу, што трэба назаўсёды пакончыць з гэтаю недарэчнасцю! Зямля ў іх была, канешне, ад Радзівілаў, а не ад Літоўскай дзяржавы, і таму ў каго няма дакумента, што ён, як кажа закон Расійскай імперыі, «Вольны земляпашац», ён быў падданы Мацея Радзівіла, а цяпер павінен стаць падданым пана Станіслава Юрагі!.. Татаў аргумент, што «ўсім людзям трэба жыць», мы дастасоўваем да саміх сябе — «нам самім трэба жыць!» — і таму, як маршалак нашай тутэйшай шляхты, кажу вам, пане Станіслаў: я абяцаю вам уплываць у належных установах на справу з крошынцамі дзеля вашых інтарэсаў!

Юрага. Дзякую, князю!.. Можа, вы б адпачылі пасля дарогі? Вашы пакоі падрыхтаваны!

Канстанцін. Прызнацца, дома я быў не пры апетыце... мала еў! А дарогаю, кажучы па-тутэйшаму, «пратросся» і з ахвотаю паснедаю!..

Антаніна. Мы цябе якраз і чакалі на сняданне! Стол сабраны, і я загадаю праз чвэрць гадзіны падаваць! (Выходзіць.)

Канстанцін. А што ў швагра з він ёсць?

Юрага. Я не паспеў яшчэ з-пад Бжэсця прывесці свой склеп, але тут у князя Мацея атрымаў нечакана спадчыну, і прытым рэдкія рэчы... Я знайшоў у склепе замураваную старку, якой больш за сто год, каштоўныя французскія віны высокіх гатункаў і цудоўнае венгерскае, якому за сорак год. Калі, канешне, праўду кажа дата на пячатцы гэтых бутэлек!..

Канстанцін. Зробім так: старку пакінем на абед, французаў на вячэру, ну, а венгерскае — пасмакуем зараз! Эх, не спытаўся я ў сястры, што будзе на сняданне. Хаця, яна ж ведае маю слабасць! Мушу прызнацца швагру: густоўны токай для мяне — адна са слодычаў жыцця!..

Юрага (узрадавана). Слова ганору!.. Токай якраз ёсць недасяжнай якасці! Як казалі нашы дзяды — «нэк плюс ультра»!.. Вядомага ў Пешце склепа Мункачы! Палкоўнік нашага ўласнага палка ў сябе на прыёме знаёміў нас якраз з такаем са склепа Мункачы!..

Канстанцін (жвава і ўзрадавана). Бравісіма! Тады так, пане Станіславе: за сняданнем пару добрых кілішкаў саракагоднага такаю і зараз жа пасля снядання за справу! (Потым, узяўшы Юрагу за шнур яго кунтуша, ужо іншым тонам.) Толькі гэта паміж намі, швагер!

Юрага. Слова ганору!

Канстанцін (крыху летуценна). Мы загаварылі пра такай, пра Пешт, і мне ўспомнілася адна гісторыя з венгеркаю, калі я ў Ведэню штудаваў навукі. Тварам — невымоўная краса, а якія вочы! Стан і постаць — што сама багіня кахання і красы! Ледзьве я тады з яе абдымкаў цэлы выслізнуў! Ото была дзяўчына: у пачуццях — што той пякельны агонь! Што значыць кроў з дзікіх пушчаў Цісы!

 

Стук у дзверы, уваходзіць стары лёкай.

 

Лёкай. Яе светласць просіць на сняданне!

Юрага. Проша да столу! Я якраз і хацеў трактаваць вас такаем.

 

СЦЭНА V

У кабінеце сабраліся новы гаспадар Станіслаў Юрага, князь Канстанцін Радзівіл, запрошаныя Юрагам з Гродна і Навагрудка праўнік і каморнік, а таксама аканом двара пан Гулькевіч.

 

Юрага (звоніць, кажа лёкаю). Упусці людзей ад вёскі Крошын!

 

Праз колькі хвілін у кабінет уваходзяць: войт Казімір Камінскі, сівы дзед Анупрэй Валькоўскі і сярэдніх гадоў селянін Цімох Залуцкі.

 

Камінскі. Нашае вам, панове, ушанаванне і добры дзень!

Юрага. Добры дзень! Вы, значыцца, ад Крошына?

Камінскі. Так, шаноўны пане! Я Казімір Камінскі, войт вёскі, а два другія — упаўнаважаныя ад грамады вясковай!

Юрага. Я цяпер на Крошыне стаў вашым панам! На планах я пацікавіўся паглядзець землі Крошынскага двара — і што ж? На ўсіх іх вёска і мястэчка Крошын са сваімі землямі ляжаць усярэдзіне зямель двара. З гэтага ўжо ясна відаць, што землі вёскі і мястэчка Крошын былі і ёсць землі радзівілаўскія, цяпер жа мае... Калі вы не дасце мне сваіх пэўных дакументаў на ўладанне гэтымі, як вы кажаце, вашымі землямі, а таксама і афіцыйных папер на сваю асабістую вольнасць, я заяўляю, дзе належыць, свае правы на гэтыя землі і на вас саміх, каб вярнуць вас у падданства мне...

Камінскі. Мяне, ваша мосць, упаўнаважылі гаварыць першым! Справа ў тым, што ад сваіх продкаў, «панцырных» баяраў, мы мелі зямлю, якая была імі набыта або ва ўласнасць, або дадзена ім дзяржаваю за «панцырную» службу ў войску ў час вайны. Так вялося на працягу ста гадоў... Уладалі нашы продкі зямлёю гэтаю, не выпраўляючы на яе дакументаў, якіх яны нам і не пакінулі. Пры далучэнні краю да Расійскай дзяржавы не паўставала нават пытанне, што наша зямля не наша, бо безліч людзей старых магла пасведчыць, што мы з даўных-давён ёю ўладаем...

Праўнік. А як жа тады сталася, што гэтая зямля апынулася ўсярэдзіне радзівілаўскіх земляў без вольнай дарогі на белы свет? Быць можа, вы ўладалі ёй па чыншаваму праву?

Валькоўскі. Дазвольце, ваша мосць, мне сказаць!..

Юрага. Ну, кажы!

Валькоўскі. Я адкажу васпанам на гэтае пытанне... Нічога дзіўнага ў тым, што княжацкія землі абхапілі нашу зямлю кругом, бо каралі польскія пасля уніі з Літоўскім княствам раздавалі магнатам шчодра землі цэлымі паветамі, як гэта было і з князямі Радзівіламі... А вольная дарога ў свет і ў нас была, ды і ёсць, але такія вось княжацкія служэбнікі, як пан Гулькевіч, усё больш яе вузілі, а іншы год і зусім знішчалі.

Юрага (незадаволена). Ты бліжэй да вашых правоў кажы.

Валькоўскі. А як жа, шаноўны пане, скажаш іначай? І пра чынш скажу... За маю яшчэ памяць айцец князя Мацея прапанаваў нам перайсці на чынш... Але ж грамада тады паасцерагалася зрабіць гэта, бо хоць чынш быў і не зусім цяжкі, затое мы тады жылі б на адной толькі ласцы пана-суседа: сёння яна ёсць, а заўтра — хто наперад ведае? — ці была б!..

Юрага (гнеўна). Будзеш так, дзед, языком малоць, то і слухаць не станем! (Да Камінскага.) Дык у вас, пытаюся, няма праўных дакументаў на зямлю і на вашую асабістую вольнасць? Адказвай мне проста на маё запытанне.

Камінскі. Як я і казаў раней, планаў на нашу зямлю ў нас здаўна не было, і ніякіх іншых дакументаў нашы продкі нам не пакінулі. Затое нямала людзей ёсць старога веку, якія могуць пасведчыць, што зямля належала нам і што мы былі заўсёды людзьмі вольнымі.

Юрага (да князя Радзівіла). Шаноўны пане маршалак, як вы гэта самі чулі ад войта Казіміра Камінскага, у вяскоўцаў Крошына ніякіх праўных дакументаў на зямлю няма! Магу я здзейсніць сваё права ўладара на зямлю?

Канстанцін (да Юрагі). Мне, як маршалку шляхты нашага Наваградскага павета, добра вядомы так званыя былыя «панцырныя» баяры, якія належаць да шляхты... Насельнікі ж вёскі Крошын ў мяне не лічацца сярод шляхты павета! Паколькі дакументаў на зямлю няма, справа выходзіць вельмі простая і ясная. Вы маеце рацыю лічыць зямлю сваёю!.. А яны хай даводзяць свае правы, дзе захочуць!..

Камінскі (да Юрагі). Значыцца, вы хочаце адабраць у нас зямлю?

Юрага (гнеўна). Не адабраць, а вярнуць сабе законам сваю зямлю!

Камінскі (да сваіх). Калі так, дык нам тут няма пра што й гаварыць! (Да паноў.) Не чакаў я, прызнацца, ад вас такое крыўды! Бывайце!

 

Войт і сяляне выходзяць.

 

Залуцкі (выходзячы, гнеўна). Можна сказаць, схапілі вы нас за горла!

Юрага (са здавальненнем, да князя). Пан маршалак справядліва сказалі: цяпер справа вельмі простая і ясная. О, мы на іх больш гадзіны патрацілі! (Да праўніка, каморніка і аканома.) Сёння я вас больш не затрымаю! Заўтра ж сустрэнемся ў мяне і аформім заяву ў губернскія ўстановы!

 

Праўнік, каморнік і аканом пакідаюць кабінет Юрагі.

 

Канстанцін. Ну, дарагі швагер, на сёння досыць працаваць! (Ходзіць жвава па пакоі і з радасцю кажа.) Паабедаем са старкаю, а потым, пане мой, ляжам сабе на канапу з цыгараю, каб, пускаючы прыемны дым, палетуцець, пра што бывае прыемна!

Юрага. Дарэчы, чаму княгіня Стафанія гэтым разам не прыехала?

Канстанцін (вялікасна, з апломбам). Калі я еду па справах службовых, люблю ехаць толькі адзін, каб абдумаць усё, чым трэба будзе заняцца! Калі ж я еду з дамаю, я ўвесь душою з ёю. Тады ўжо зусім другія настроі, іншыя думкі!.. А да таго ж, я вельмі кахаю і высока стаўлю і нашую ўрадзоную князёўну Сапегу, сваю жонку Стафанію! І калі еду з ёю, то бяру з сабой фарэйтара Каятана, бо той умее і вылаяць і агрэць арапнікам мужыка, калі той не паспее звярнуць з дарогі. Такая ў мяне, пане мой, на гэты конт жыццёвая філасофія!

 

СЦЭНА VI

Войт Камінскі з абодвума ўпаўнаважанымі сабралі сход гаспадароў Крошына і расказалі, што задумаў пан Юрага.

 

Галасы:

— Дык ось які пан Юрага!

— Зрабіць з нас, вольных людзей, новых прыгонных сялян сабе!

— Падавіцца, жываглот! Будзем абараняцца ад ганебнага над людзьмі гвалту!

Жаночыя галасы:

— А божухна!.. Загінем!..

— Ой, матачка боская, заступі нас, ратуй ад пагібелі!

Стары. А вы, нашыя выбраныя, не сказалі панам, што на свеце ёсць бог? Што мы аднаверцы панам і хрысціянам так рабіць няможна?

Камінскі. Шаноўны дзедка!.. Паны ўсё гэта і без нас добра ведаюць. Яны прывыклі меркаваць па прыказцы: «З тым бог, хто бедака перамог». Зараз нам трэба скласці прыгавор, што пан Юрага не мае права адбіраць ад нас зямлі нашых продкаў і што мы просім губернатарскую ўладу абараніць нас ад гэтай беспадстаўнай пратэнсіі пана Юрагі... У прыгаворы трэба абгаварыць, каго мы абралі сваімі ўпаўнаважанымі, каб яны ехалі ў Горадню. Апрача таго, трэба зрабіць складчыну на падарожжа іх туды і назад, на пражыццё там, на аплату добрага праўніка, які б напісаў нам належнае хадайніцтва, і на выдаткі па казённых пошлінах і іншых там аплатах...

Старшыня сходу. Яшчэ хто хоча сказаць?

Язэп Багрым. Дайце мне сказаць!

Старшыня сходу. Гавары, Язэп!

Багрым. Правільна радзіць наш войт: трэба ехаць у губэрню. Я думаю, што выбіраць нам новых людзей і не трэба: мы абралі ўжо сваімі ўпаўнаважанымі Казіміра Камінскага, Анупрэя Валькоўскага і Цімоха Залуцкага. А таму хай і далей яны служаць сваім людзям... Што да грошай, дык Залуцкаму самы раз сабраць патрэбныя на гэтую справу грошы з кожнага з нас, гаспадароў!

Галасы:

— Згода! Праўда ж!

— Ім і ехаць! І чым хутчэй трэба ім ехаць!

Голас Паўлюка Багрыма. Вельмі важна знайсці разумнага праўніка ў Горадні і скласці з ім належныя паперы нашай скаргі.

Язэп Багрым. Добра раіш, сынок!.. Сядай жа дзе-небудзь тут і пішы прыгавор!

Арлоўскі. Мы з Паўлам напішам усё патрэбнае: і прыгавор сходу, і паўнамоцтвы тым, хто паедзе ў Горадню. І пан войт паможа.

Камінскі. Яшчэ адна толькі мая дарада, браты. Пачатая панам Юрагам справа на нас, падтрыманая князем-маршалкам, калі сустрэне яшчэ падтрыманне і ў губернскай улады, набудзе такую сілу, што яны нас перамогуць, калі мы самі аднадушна не будзем змагацца да канца. А таму давайце зараз прысягнём, што будзем змагацца ўсе як адзін.

Галасы:

— Будзем трымацца цвёрда! Прысягаем на гэта!

— Будзем усе разам, як адзін!

 

СЦЭНА VII

Аднак пан Станіслаў Юрага праз свайго швагра князя Радзівіла заручыўся падтрымкай губеранскай адміністрацыі раней, чым упаўнаважаныя дайшлі да губернатара. Запэўнены губернатарам, што справа будзе разглядацца ў яго карысць, Юрага выклікаў павятовага каморніка і захацеў адразу замежаваць зямлю вёскі Крошын і далучыць да палёў двара. Так падрыхтаваўшыся, Юрага са сваімі дваравымі людзьмі і каморнікам прыехалі да крошынскіх палеткаў.

 

Юрага. Пане каморнік, пачынайце вось адсюль. З межнікамі вёскі не лічыцеся: мы іх усе будзем заворваць!

Каморнік. Слухаю пана! (Да дваровых.) Тут вось стаўце першы капец! (Да пана Юрагі.) Дайце са мною некалькі дужых людзей, бо ўсё можа быць з гэтымі мужыкамі!

Юрага. Які вы пужлівы!

Каморнік. Ваша мосць смеяцеся, а хіба раззлаванага мужыка затрымае чыноўніцкая цэшка на маёй шапцы? Так што рызыкаваць жыццём з адвагі я не лічу патрэбным!

Юрага (да дваровых). Трое з вас ідзіце з панам каморнікам на выпадак бяды. (Каморніку). ) З богам!

 

Тым часам, папярэджаныя сваімі людзьмі з панскай дворні, крошынцы ўдарылі ў вялікі звон касцёла і ўсім натоўпам, хто з чым у руках, рынуліся з крыкамі на людзей пана Юрагі.

 

Галасы:

— Не дадзім мераць!..

— Не дазволім адбіраць нашу спрадвеку зямельку!

— Гэта самаўпраўства! Няма рашэння з губэрні!

Юрага (усхвалявана). Ото вар’яты!.. Што ўздумалі — біць у звон?! Толькі горш гэтым робяць сабе!

 

Натоўп крошынцаў хутка набліжаецца да яго і дваровых мужчын.

 

Слухаць! Калі хто з крошынцаў хоць кране капец, біце яго, мяцежніка, няшчадна!

 

Збялелы, перад крошынцамі бяжыць каморнік. Ужо здалёк крычыць да пана.

 

Каморнік. Я ж казаў, пане, што яны наробяць бяды!

Галасы:

— Не вольны яны мераць!

— Не аддадзім пану нашай зямлі!..

— Адбірайце ланцуг!..

Каморнік (пачуўшы пра свой ланцуг). Браткі!.. Браточкі!.. Што вы, што вы!.. Ланцуг жа — казённая рэч!.. Аддайце мне яго назад! Не самаўпраўнічайце!

 

Але грамада жанчын кідаецца да яго з крыкамі.

 

Галасы:

— Гэта вы з панам самаўпраўнічаеце!..

— Няма яшчэ рашэння!..

Каморнік. Кабеткі... Галубкі!.. Ні пры чым тут я! Воля пана была!.. Я — нічога, галубкі!..

 

Грамада жанчын ужо тузае яго, крычучы сваё.

 

Галасы:

— Прэч з нашага поля!..

— Няма рашэння!..

Язэп Багрым (кідаецца да капца). Прэч і яны і капец з нашай зямлі! (Расхістаўшы калок капца, выцягвае яго з зямлі і кідае ўбок.) Рана пану захацелася забраць у нас зямлю!

Юрага (у гневе крычыць сваім людзям). Ганіце яго, біце, гада! Ганіце, біце мяцежніка, самаўпраўцу!..

 

Дворня з дручкамі кідаецца да капца і б’е каваля. Абліваючыся крывёю, ён падае на зямлю ля капца. Заўважыўшы гэта, Паўлюк Багрым бяжыць да бацькі.

 

Паўлюк. Ратуйце, дзядзькі!.. Забілі тату!..

 

Мужчыны падымаюць акрываўленага каваля, і ён, трацячы прытомнасць, звісае ў іх на руках.

 

Сяляне. Палілі-такі нашу зямлю крывёю, люты пане! Забілі чалавека, адкажаце за гэта па закону!

 

Жонка і дачка Язэпа Багрыма, думаючы, што каваль сканаў, галосяць.

 

Паўлюк. Бязлітасныя каты, панскія сабакі, папомніць народ вам смерць гэтую!.. (Да пана.) І вы, пане, ведайце: бацькоў пазабіваеце, мы — маладыя — на іх месца станем, каб бараніць сваю зямельку...

Юрага (у гневе, да сваіх). Хто ён, гэты падзуда і мяцежнік, хачу я ведаць?

Нехта з дваровых. Паўлюк, каваля сын, вяльможны пане!..

 

Крошынцы, лічачы, што каваль ужо сканаў, кідаюцца на дворню, хто з кіем, хто з паднятым каменем.

 

Галасы:

— Бі іх, праклятых забойцаў!

— Біце іх, панскіх сабак!

Камінскі (раскрыўшы шырока рукі, спыняе пярэдніх). Стойце, браты! Куды вы? Назад! Апамятайцеся!

 

Натоўп мужчын затрымаўся.

 

Камінскі (пану Юрагу). Што ж вы, пане, робіце? Не чакаючы рашэння з Горадні, творыце самаўпраўства! А вашая дворня насмерць б’е людзей!..

Юрага. Я маю згоду начальства. А ты, Камінскі, за тое, што звонам падняў людзей на мяцеж, адкажаш першы!..

Каморнік (да Камінскага). Скажыце сваім, каб мне вярнулі казённы ланцуг!

Камінскі. Ланцуг, пакуль што, астаецца ў нас як рэчавы доказ самаўпраўства пана Юрагі!

 

СЦЭНА VIII

Ранняя цёплая вясна. Цвітуць дрэвы. Пяюць птушкі. Вадзяны млын не працуе. Поўны суму і роспачы, брыдзе на масток Паўлюк Багрым. Абапёрся на парэнчы.

 

Паўлюк. Што ж цяпер рабіць? Увосень крошынская грамада не дала пану Юрагу з каморнікам паставіць панскія капцы на нашых палетках, але ж першы гэты капец быў паліты крывёю бацькі. Бязлітасна збіты тата зімою нас асіраціў... У губерні, замест таго каб абараніць нас, пачалі следства пра бунт. Упаўнаважаных выклікалі ў Горадню, Камінскага пасадзілі ў астрог як завадатара. Цяпер прыслалі паперу, што губеранскае прысуцтва вынесла пастанову лічыць зямлю нашу радзівілаўскаю, а крошынцаў як былых прыгонных Радзівілаў вярнуць назад у прыгон пану Юрагу... Што нам рабіць цяпер? Куды падацца са скаргаю?

Эстарка (прыбегла з агарода на масток). Я праз Лаўрына дазналася пра навіну з Горадні. Крошынцам трэба змагацца!..

Паўлюк. Змагацца?! Але як?

Эстарка. Мой бацька сказаў, што губернатар прыехаў новы і, можа, варта звярнуцца да яго...

Паўлюк. Арлоўскі склаў ужо скаргу губернатару і думае, што, можа, ён, як рускі вяльможа, не звязаны яшчэ з тутэйшымі магнатамі, скасуе прыязную маладому Радзівілу і яго швагру пастанову!..

Эстарка. Вось бачыш, Паўлюк, яшчэ не ўсё страчана. А потым тата думае, што трэба і падмазаць... Казённыя служэбнікі ласы на хабары!..

Паўлюк. Залуцкі таксама людзям пра гэта казаў... Меркавалі, меркавалі і ні да чаго не прыйшлі... Адзін кажа — на гэта тысячы трэба, а дзе яны ў нас! Другія — а каму даць, калі не ведаем, ад каго ўсё залежыць... Не губернатару ж?

Эстарка. Можа, і пра гэта трэба паталкаваць з Арлоўскім. У Горадні ён мог бы дазнацца, каму і колькі ў такім выпадку трэба «даць у руку»!.. (Азірнулася і ўбачыла Марыльку.) Ну, вось і яна... Бывайце!.. (Выходзіць.)

Марылька. Дзень добры, Паўлючок. Як жа ты жывеш, скажы?

Паўлюк. Стаў працаваць у кузні замест таты, але тое, што раблю, выходзіць яшчэ не вельмі складна.

Марылька. Навучышся. У цябе рукі залатыя.

Паўлюк. Толькі ў рабоце і забываюся пра тату.

Марылька (галубячыся). Калі стане цяжка на душы — кліч мяне да сябе. Згодзен, Паўлючок?

Паўлюк. Прызнаюся, часамі аж плакаць хочацца. А ўчора, як усе леглі спаць, прысунуў бліжэй да стала лучнік і сеў за паперу... І запісаў новы верш, песню жальбы...

Марылька. Ён з табою?

Паўлюк. Маю тут.

Марылька. Прачытай мне яго.

Паўлюк (дастае лісток з-за пазухі і чытае).

 

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачкі і ў цымбалы,

Я ж зайграю ў дуду,

Бо ў Крошыне жыць не буду!

 

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты!..

Маці тужыць, сястра плача...

Дзе ж ты пойдзеш, небарача?

 

Дзе ж пайду я? Мілы божа!

Пайду ў свет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,

Слёзна на вас азірнуся...

 

Будзь здарова, маці міла!

Каб ты мяне не радзіла,

Каб ты мяне не карміла,

Шчасліўшая ты бы была!

 

Каб я каршуном радзіўся,

Я бы без паноў абыўся:

У паншчызну б не загналі,

У рэкруты б не забралі,

 

І ў маскалі б не аддалі...

Мне кавалём век не быці,

А ў маскалях трудна жыці,

А я і расці баюся —

Дзе ж я, бедны, абярнуся?

 

Ой, кажане, кажане!

Што ж не сеў ты на мяне,

Каб я большы не падрос,

Ды ад бацькавых калёс!

 

 

Марылька. Дай ты мне яго, Паўлючок!

Паўлюк. Я б хацеў перапісаць яго ў сшытак! А тады б табе і аддаў!

Марылька. Пасля запішаш.

Паўлюк. Добра! На табе яго!.. Хай пабудзе ў цябе, Марылечка, пакуль што!

 

СЦЭНА ІХ

Скарга сялян новаму губернатару не памагла, і справа крошынцаў, абвінавачаных у «бунце», была перададзена ў вайсковы суд і ў двор Крошын, дзе павінен быў адбыцца гэты суд. У пачатку лета ў суправаджэнні эскадрона ўланскага палка, у якім калісьці служыў афіцэрам пан Юрага, з’явіўся сам губернатар з князем Радзівілам, з чынамі губеранскай улады і жандармерыі.

На высокім парадным ганку крошынскага палаца быў сабраны стол, каб частаваць гасцей з Гродні. А перад ганкам накрыты зялёным сукном стол, на якім — судовае «зярцала» з дзяржаўным арлом у пазалоце. Тут будзе тварыцца суд над «бунтаўшчыкамі». Ля ганка варта з уланаў, адзін з якіх стаіць ля «зярцала» з аголеным палашом. За сталом на ганку гаспадар з жонкаю, яго швагер і высокія чыны з Гродні.

 

Юрага (увіхаецца ля губернатара). Я буду шчаслівы бачыць ваша сіяцельства сваім госцем у любую пару года. Мы наладзім паляванне на якога захочаце звера — у мяне на Случчыне, за Старобінам, ёсць пушча, у якой водзяцца мядзведзі, рысі, дзікі, ласі, лані, ёсць і собаль, лісіцы, дзівосная вавёрка... У любы вольны для вас, ваша сіяцельства, час буду рад прыняць вас і вашу сям’ю!..

Губернатар. З вялікай ахвотай выкарыстаю вашу гасціннасць!.. Закончым толькі справу, выдалім адсюль галоўных бунтароў, усё супакоіцца, і... тады знойдзецца падстава на значную адлучку з Горадні. Атрымаю службовую паездку сюды (смяецца задаволена) праверыць спакой на месцы былога бунту сялян!

Юрага (смеючыся, у тон губернатару). А заадно і спаляваць у пушчы цікавага звера. Гэта сапраўды вялікая прыемнасць — палажыць яго адзіным стрэлам!

Губернатар (са здавальненнем). Я згодзен з вамі, пане Юрага, што паляванне — адна з лепшых уцех высакароднага чалавека!.. Абавязкова прыеду да вас.

Юрага (заўважыўшы, што пан Гулькевіч з паперкаю ў руцэ хоча гаварыць з ім). Прашу прабачэння, ваша сіяцельства, я на хвіліначку пакіну вас, бо трэба аддаць загад! (Падыходзіць да Гулькевіча.) Спіс гатоў?

Гулькевіч. Вось ён! (Падае лісток.)

Юрага. Ага, усе дванаццаць, так, як я і казаў. Камінскі Казімір — правільна, стаіць першы, Залуцкі Цімох... А чаму Валькоўскага Нупрэя не бачу?

Гулькевіч. Я мысліў, што, можа, застары ён, ваша мосць!

Юрага. Якраз і трэба такому сівому псу паказаць, што чакае падбухторшчыкаў да бунту ў Расійскай дзяржаве. Упішыце яго ў спіс.

Гулькевіч. Тады каго ж тут выкрасліць?

Юрага. А няхай будзе чортаў тузін бунтароў! Страшней будзе і тым, хто ў спісе, і тым, хто пойдзе пад маё ярмо!

Гулькевіч. Проша пана, яшчэ хачу спытацца — чаму не бяруць пад суд нікога з Пуцятаў?

Юрага. Пан губернатар лічыць, што, даведаўшыся пра крошынцаў, пуцятаўцы і не бзыкнуць!.. (Падыходзіць да камандзіра эскадрона, той адыходзіць з ім убок.) Вось вам спіс галоўных тутэйшых бунтаўшчыкоў!.. Пан Гулькевіч з вашым афіцэрам праедзе, каб арыштаваць іх...

Камандзір эскадрона. Спіс гэты ўзгоднен з панам губернатарам?

Юрага (пышліва). Я маю ад яго сіяцельства на гэты конт карт-блянш!

Камандзір эскадрона. Я прывык слухацца!.. (Да Гулькевіча.) З вамі паедзе наш ротмістр. (Да ротмістра.) Вось спіс бунтаўшчыкоў. Возьмеце каманду ўланаў, арыштуеце і даставіце сюды на суд!

Ротмістр. Выканаю зараз жа, пане падпалкоўнік!

 

Адасобіўшыся ў куточку ганка, жонка Юрагі і прыгожы ўланскі афіцэр пан Запанскі фліртуюць.

 

Антаніна. Я ведаю, што ўланы — вялікія майстры на кампліменты дамам, але пан Запанскі, відаць, найвялікшы з іх: за дзесяць хвілін — тры дыфірамбы... Скажыце, у вас хопіць запасу на іх, калі мы пасядзім яшчэ якую паўгадзіну?

Запанскі. О, наймілейшая пані гаспадыня! Ніколі не хопіць слоў, каб аддаць хвалу жаночай красе.

Антаніна. Ой-ой!.. Распуснікі ўсе ж вы, уланы! Раздураны вы страшэнна!.. Нездарма пра вас у песні пяецца: «Не една дзевчына за вамі полеці, не една і вдова за вамі, улані, полецець гатова!»

Запанскі. А таму, мая пані, што «ўлані — гэта прыгожыя дзеці...»

Антаніна. А можа, таму, што яны і вядуць сябе зусім як малыя дзеці.

Запанскі. О божа! Які жорсткі прыгавор з такіх прыгожых вуснаў!

Антаніна (смеючыся). Кіньце гэтыя кніксены, будзьце мужчынам.

Запанскі. Безнадзейна, мая пані, бо стрэлы вашых вочак прымусілі маё сэрца сыходзіць крывёю.

Антаніна. І вы з усімі дамамі такі?

Запанскі. Які, пані? Дагаворвайце.

Антаніна. Такі вісус і залётнік. (Рагоча.)

Запанскі. Божачка!.. Які бязлітасны вырок!..

 

Праз некаторы час усе трынаццаць крошынцаў стаялі перад вайсковым судом. Судовая справа вялася хутка.

 

Старшыня суда. Суд выслухаў паказанні абвінавачаных і сведак і, перш чым пайсці на сваю нараду, прапануе кожнаму з вас, абвінавачаных, сказаць сабе ў абарону апошняе слова. З цябе, дзед Валькоўскі Анупрэй, пачнём... Што ты скажаш сабе ў абарону?

Абвінавачаныя (усе разам). Скажы ўжо за ўсіх, Анупрэй!

Валькоўскі. Здавён-даўна ўладалі мы сваёю зямлёю, на якой сядзелі нашы продкі... І таму пастанову прысуцтва мы абскардзілі пану губернатару, які абяцаў нам, упаўнаважаным, нашу справу разгледзець сам асабіста. Бунту не было, мы толькі перашкодзілі каморніку перамерваць нашу зямлю пад поле пана Юрагі.

Старшыня суда. Суд выходзіць на нараду.

 

Тым часам на ганку разгарнулася размова з губернатарам пра крошынскую парафіяльную школу.

 

Канстанцін Радзівіл. Як стала нам вядома, замест таго каб сялянскіх дзяцей толькі вучыць чытаць ды пісаць, іх адукоўвалі чытаннем вулічнай віленскай газеткі «Вядомосці бруковэ», якая піша супроць падданства мужыкоў.

Губернатар. Хто ж там гэтым займаўся?

Канстанцін. Арганіст крошынскага касцёла Рыгор Арлоўскі. Ён жа старшым вучням чытаў і тлумачыў газету. Сёлета ў школе вучылася 35 хлопцаў і 16 дзяўчынак.

Губернатар (да жандарскага палкоўніка Мордасава). Тут вам, Якаў Пятровіч, работа! Адчуваеце, які тут завязаны вузельчык! 35 хлопцаў выхоўвалі ў крамольным духу. Пашліце зараз жа свайго афіцэра з уланамі. Абшукаўшы, арыштаваць... (Да Радзівіла.) Як зваць яго, гэтага арганіста?..

Канстанцін. Рыгор Арлоўскі.

Юрага. Ваша сіяцельства, я таксама звяртаю вашу ўвагу яшчэ і на тое, што ў пару самаўпраўства крошынцаў адзін з вучняў гэтай школы, лаючы нас «бязбожнымі катамі», крычаў: «Бацькоў выдаліце — мы на іх месца станем, а свае зямелькі не аддамо!» Гэта быў сын каваля Павел Багрым!

Губернатар. Якаў Пятровіч, школу пасля вобыску зачыніць назаўсёды. Вучня ж Паўла Багрыма, абшукаўшы ўсё ў хаце, узяць пад хатні арышт да канца следства. Дазнанне па справе школы правесці і закончыць сёння ж, каб заўтра прынятыя рашэнні далучыць да справы бунту.

Мордасаў. Сёння ж усё закончым!

Губернатар. Вось такія багрымы якраз і збіралі тайныя хаўрусы для барацьбы з уладай. Наш паважаны манарх, імператар Мікалай, навучыў нас, якую трэба праяўляць цвёрдасць з такімі ворагамі дзяржавы.

 

У абвешчаным прыгаворы суда было запісана: «Вайсковы суд лічыць даказаным удзел памянёных трынаццаці крошынцаў у бунце і ў непакорнасці ўладам. Паводле законаў Расійскай імперыі яны падлягаюць кары смерцю, але, прымаючы пад увагу ранейшыя іх, на працягу гадоў, сумленныя адносіны да ўладара Крошынскага двара, суд прызнаў магчымым памянёным першым у спісе дзесяці абвінавачаным кару смерцю замяніць ссылкаю на вечныя часы ў Сібір. Трох жа земляпашцаў-мяшчан мястэчка Крошын — Альберта Саулевіча, Рыгора Беньку і Тодара Мягу, якія, як даведзена сведкамі і паказаннямі сялян Крошына, зусім не ўдзельнічалі ў бунце, прызнаць па суду апраўданымі і таму з-пад арышту аслабаніць. Прыгавор абскарджанню не падлягае».

 

 

СЦЭНА Х

 

Як толькі ў Крошынскі двор прыехалі з уланамі губеранскія чыны, Рыгор Арлоўскі зразумеў, што пачынаецца расправа і суд над «бунтаўшчыкамі». Трэба было падумаць як пра сябе, так і пра моладзь, якой пагражала доля стаць прыгоннымі сялянамі пана Юрагі. Выйсце ён знаходзіў у тым, каб моладзь зараз жа выехала з Крошына і пачала новае жыццё на іншых местах, маючы новыя пашпарты. Арлоўскі пабачыўся з Лаўрынам Ганчарыкам і даручыў яму памагчы ўсім, хто захоча ўцячы.

 

Арлоўскі. Лаўрын, прыезд «гасцей» з Горадні, як стала вядома нам праз пакаёўку Касю,— дрэнь справа! Рыхтуюць суд і расправу над крошынцамі!.. Зямлю іх аддадуць пану Юрагу, іх саміх зробяць прыгоннымі. Вось што чакае крошынцаў!.. Камінскі даўно ўжо сядзіць, і яго прывезлі сюды, каб далучыць да тых, каго збіраюцца люта засудзіць!.. Я хачу вас, маладых, выратаваць!.. У мяне ў Бабруйску ёсць чалавек, які мае там і ў другіх гарадах сваіх прыяцеляў, рускіх людзей, якія дастануць вам належныя дакументы і памогуць знайсці вам работу... Вось табе ліст да яго і яго адрас! Я вылучыў на вас са сваіх сродкаў дзвесце рублёў срэбрам, падзеліш іх між усімі, але хай крыху грошай хлопцы возьмуць і з дому, калі ў каго знойдуцца. Я адсюль зараз жа знікаю, каб не трапіць у жандарскую пастку. Жычу вам, мае каханыя хлопчыкі і дзяўчаткі, удачы і поспеху, а ў асабістым жыцці і шчасця! Будзь здароў і ты, Лаўрыне. Давай развітаемся! (Абдымае і цалуе яго.)

Лаўрын. Няўжо ж мы больш так і не ўбачымся? (Стараецца стрымаць слёзы.)

Арлоўскі. Хто ведае. Магчыма, што больш і не сустрэнемся! Я выбраў сярод вас за старшага якраз цябе, Лаўрынка, і ведаю, што ўсё зробіш як след! Бывай жа! Вітай ад мяне ўсіх!

 

Разыходзяцца.

 

СЦЭНА ХІ

 

Лаўрын Ганчарык сабраў усіх, хто скончыў крошынскую школу, каб выявіць, хто не захоча ісці пад ярмо няволі. Арлоўскі не памыліўся: усе як адзін рашылі выбрацца з Крошына. Сход гэты зрабілі ў пустой адрыне. Лаўрын ужо чакаў сваіх. З’явілася сямёра.

 

Галасы. Сюды? Ёсць тут хто?

Лаўрын (адказвае). Так, так. Сюды. Смялей. Сядай бліжэй да мяне! (Праз некалькі хвілін прыйшлі ўсе, каго звалі.) Ну, усе сабраліся. Пачну з цябе, Кастусь. Меркаваў, як станеш цяпер жыць?

Кастусь (пахмура). Як ні мяркуй, усіх нас чакае хамут пана Юрагі! А як ты, Алена, глядзіш?

Алена. Як бацькоў, так і нас чакае адна доля — прыгон!

Лаўрын. Ну, а ты, Юзік, і ты, Ядвіся, што скажаце?

Юзік (са злосцю). Панскага бізуна не хачу.

Ядвіся. Тата аж сцямнеў у твары: усё яму ў гаспадарцы стала няміла!

Лаўрын. Тодар, а ты як глядзіш на свой заўтрашні дзень?

Тодар. Я, братка, удвая павінен думаць: пра сябе з Галінаю дый пра Паўлюка!.. Але нічога не прыдумаў, браток! Чакае ўсіх няволя!

Лаўрын. Праўда, калі падумаеш, што нам прынясе прыгон, дык ажно жаль бярэ!.. Але чалавек дбайны аб нашай долі падумаў і ўжо знайшоў выхад з такога безнадзейнага становішча.

Усе разам. Хто ж гэта?.. Які выхад?

Лаўрын (суцішаючы галасы). Наш мілы, дарагі ўсім нам настаўнік Рыгор Арлоўскі!.. Паклікаў мяне да сябе дый кажа, што трэба знікнуць адсюль...

Галасы (прыцішана). Але куды ж? Куды?

Лаўрын. На першыя гады на ўсход — у расійскія губерні... Ды гэты чалавек ведае, як і куды нас накіраваць!..

Галасы. Там жа такі ж прыгон!

Лаўрын. Не на вёску ж падаёмся, а ў гарады, канешне!.. Сваім скажыце, што праз некаторы час дасце пра сябе вестачку... Цяпер рашайце.

Кастусь. Мы з Аленаю згодны.

Тодар. І я з Галінаю і Марылькай згодны, Лаўрынка!

Юзік. І мы з Ядвісяю згодны ехаць!

Лаўрын (задаволена). Ну і я рад, што мы ўсе такія дружныя! Тодар, выйдзі з адрыны, зірні, ці не цікуе хто за намі.

 

Тодар выходзіць і неўзабаве вяртаецца назад.

 

Тодар. Нікога.

Лаўрын. Ліст я даю таму, хто выправіцца першы сёння ж у другой палове дня... Хто з вас паспее сабрацца?

Юзік. Мы з Ядвісяю.

Лаўрын. Дык вось табе ліст да друга Арлоўскага. Адсюль даедзьце да Слуцка, а адтуль балаголам у Бабруйск... Хто заўтра выедзе раніцаю?

Кастусь. Мы з Аленаю!

Лаўрын. Чулі? Перш у Слуцак, а адтуль балаголам у Бабруйск. Адрас завучвайце на памяць і ў Бабруйску ні ў кога не пытайцеся па паперцы.

Тодар. Па чарзе адзін за адным і будзем усе падавацца.

Лаўрын. А я, браткі і сястрыцы, паслязаўтра раніцою разам з Эстаркаю. Ну, а цяпер вось вам на кожную пару па 50 рублёў, на кожнага — 25! Тодару — 75, бо іх едзе трое разам! Мне — 25 рублёў, бо Эстарка мае свае грошы.

Кастусь. Ну, разыдземся па адным, як умовіліся!

Лаўрын. Канешне, каб нікому не кінулася ў вока.

Юзік. А як жа будзе з Паўлюком?

Тодар. Не пашанцавала яму, небараку, горш як нам. Яго, чутно, здадуць у салдаты.

Лаўрын. Пастараемся выбавіць, каб ён уцёк. Гэта мы з табою і зробім, Тодар.

Юзік. Як не ўдасца — можам яго зусім загубіць. За ўцёкі ж салдата б’юць шпіцрутэнамі, і мала хто гэта вытрымлівае.

Лаўрын. Канешне, яны хочуць яго замардаваць не за бунт ці за якую другую правінку, а за песні, у якіх ён расказвае пра народную бяду. І нам конча трэба выбавіць Паўлюка яшчэ да здачы ў салдаты. Салдатчына яго даканае, нездарма ж ён так не любіць яе. Два гады як лічыцца выхаванцам палка, а прысягі не дае... Ну, дарагія сябры, будзем паціху разыходзіцца. А ты, Тодар, астанься, пагаворым, як гэта зрабіць.

 

Развітаннем з пацалункамі канчаецца іхняя апошняя сустрэча перад уцёкамі з Крошына.

 

 

СЦЭНА XII

За вёскай, непадалёк ад Багрымаван кузні, праходзіць дарога ў Крошынскі двор. Шэраю раніцаю павінны павесці туды арыштаванага Паўлюка Багрыма. Тут, пры дарозе, чакаюць яго Лаўрын з Эстаркаю.

 

Эстарка. Дык з Паўлюком нічога ў вас не выйшла?

Лаўрын. Хто ж ведаў, што яго так скоранька арыштуюць.

Эстарка. Ну, а цяпер нам хоць дадуць развітацца з ім?

Лаўрын. Я даў вартавым па зялёнай асігнацыі, і яны былі рады. Ды вунь, выводзяць.

 

Каля кузні паказаўся Паўлюк з маткаю і старэйшаю сястрою. За імі ідуць уланы. Лаўрын з Эстаркаю чакаюць іх.

 

Паўлюк (да Лаўрына). Тодар падбае пра Галінку з Марылькаю. А пра матулю я спакойны — грамада сказала: «Багрыміха нам цяпер як родная — за мужа і за сына». Я вельмі дзякую ўсім.

Лаўрын. Будзь спакойны, Паўлюк. Нам толькі вельмі шкада, што забралі твае сшыткі. У сваіх песнях ды вершах ты так многа і хораша пісаў пра нас. І колькі было ў іх гневу да нашых душыцеляў!

Паўлюк. Не кажы, Лаўрын. Мабыць, за тыя сшыткі я і атрымаў дваццаць пяць гадоў салдатчыны. Што ж зробіш. Дурны я быў, што не паслухаўся Марылькі ды не аддаў тых сшыткаў ёй на сховань.

Лаўрын. От што, дарагі Паўлюк. У войску ты таксама бліжэй трымайся свае кавальскае справы. Будзеш падкоўваць коней, яно будзе лягчэй, а мы не пакінем свае думкі, каб і адтуль выбавіць цябе. Абы ўдалося добра ўцячы, а там мы ўжо цябе прыхаваем.

Эстарка. Ты гэта памятай, Паўлюк, і гэтай надзеяй жыві.

Першы ўлан. Давайце канчаць развітанне, а то мы тут на адкрытым месцы стаім надта доўга.

Другі ўлан. Прыйдзем, а камандзір і папытаецца, дзе доўга былі. І дадуць паўсотні шпіцрутэнаў.

Багрыміха. Навошта ж нам добрых служывых пад такую кару падводзіць. (Да сына.) Ну, Паўлючок, беражыся ўсяго ліхога! Будзь здаровы і не забывайся на нас. (Цалуе сына і хрысціць яго.)

Галінка (абдымае брата, цалуе). Бывай, Паўлючок! Мы з Тодарам цябе не забудзем!

Паўлюк (да Лаўрына і Эстаркі). Бывай, брат! Бывай, сястрыца Эстарка!

 

На ўсходзе, куды вялі Паўлюка Багрыма, уставала ўжо сонца, і ў яго праменнях малады беларускі паэт крочыў паміж сваімі канваірамі, поўны веры, што памогуць рускія браты крошынскай моладзі.

 

1965

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан