epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Мінская трупа "Першага таварыства беларускай драмы і камедыі"

І. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. Першыя легальныя беларускія газеты, кніжкі. Беларускія вечарыны і спектаклі
2. Беларускае слова на мінскай сцэне (1907—1911 гг.)
3. Спектаклі ў Мінску першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага
4. Нарада з Буйніцкім аб стварэнні ў Мінску сталай трупы. Падрыхтоўка новага рэпертуару Ф. Ждановічам. Лета 1913 г. Арганізацыя беларускага артыстычнага гуртка. Падрыхтоўка п’есы Я. Купалы «Паўлінка» — першага спектакля трупы ў Радашковічах
5. Заснаванне «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі». Улады не даюць згоды на артыстычнае падарожжа трупы па Беларусі
6. Першая імперыялістычная вайна паралізуе беларускую сцэнічную дзейнасць у Мінску. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Арганізацыя беларускага хору
7. Красавік 1917 г. Адраджэнне «Першага Таварыства беларускай драмы і камедыі»
8. Першы спектакль трупы. Далейшыя спектаклі ў гарадскім тэатры і ў «Беларускай хаце»
9. Сход артыстаў таварыства з удзелам І. Буйніцкага. Рэарганізацыя трупы
10. Лета 1917 г. Выезды трупы таварыства
11. У вольныя ад гастрольных выездаў дні
12. У. Галубок уваходзіць у таварыства як драматург і акцёр. Канец 1917 і пачатак 1918 г.
13. Нямецкая акупацыя. У госці да беларускіх артыстаў завітаў голад
14. Адкрыццё Народнага дома імя М. Багдановіча
15. Раскол трупы ў жніўні 1918 года
16. Гастролі трупы Ф. Ждановіча ў Ракаве. Зварот да старой назвы. Вызваленне
17. Абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Трупа таварыства становіцца Беларускім савецкім тэатрам. У яго склад уваходзяць хор Тэраўскага і аркестр Тхоржа
18. Новая беларуская трупа пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча ў Вільні. Спектакль «Раскіданае гняздо»
19. Узнікненне труп «Таварыства беларускага мастацтва» і «Беларускай тэатральнай грамады». Іх спектаклі ў канцы 1919 года
20. Вяртанне Ф. Ждановіча з Вільні ў Мінск. Рэарганізацыя «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі»
21. Першы спектакль пасля рэарганізацыі таварыства
22. Цяжкія ўмовы дзейнасці беларускай трупы пры белапольскай акупацыі
23. Вызваленне Мінска Чырвонай Арміяй. Артысты таварыства ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага тэатра


 

І. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. Першыя легальныя беларускія газеты, кніжкі. Беларускія вечарыны і спектаклі

 

Першая расійская рэвалюцыя 1905—1907 гг. расхістала асновы царскага самаўладства. Пад націскам паўстаўшага пралетарыяту і бяднейшага сялянства паліцэйскія законы пачалі рушыцца. Узнікае легальны беларускі друк. З верасня 1906 года ў Вільні выходзіць першая беларуская газета «Наша доля», якая праіснавала, праўда, нядоўга. Сталым супрацоўнікам яе была Цётка (Алаіза Пашкевіч). На старонках яе распачынаў сваю літаратурную дзейнасць Якуб Колас. Калі ж на шостым нумары царскі ўрад закрыў гэту газету, на змену ёй з лістапада таго ж года ў Вільні з’явілася газета «Наша ніва». Хаця на працягу ўсяго свайго існавання (па жнівень 1915 г.) «Наша ніва» была пераважна рэфармісцкай, рэвалюцыйна-дэмакратычныя пісьменнікі (супрацоўнікі і карэспандэнты з месц) за адсутнасцю ў той час іншай беларускай газеты друкаваліся на яе старонках, выкарыстоўваючы яе такім чынам як трыбуну для прапаганды сваіх поглядаў. За Янкам Купалам, Якубам Коласам і Цёткай на старонках «Нашай нівы» друкаваліся Цішка Гартны, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Канстанцыя Буйло, Алесь Гурло, Янка Журба і іншыя.

У 1906 годзе ў Пецярбургу заснавалася і пачало друкаваць чытанкі, календары і мастацкія творы першае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Пачынаюць адбывацца першыя беларускія вечарыны (у Пятроўшчыне пад Мінскам і ў іншых месцах), на якіх ставяцца на беларускай мове п’есы, выконваюцца беларускія народныя песні, дэкламуюцца вершы беларускіх пісьменнікаў.

 

2. Беларускае слова на мінскай сцэне (1907—1911 гг.)

Мінск са значнай колькасцю беларускіх рабочых, рамеснікаў і служачай інтэлігенцыі не застаўся, вядома, у баку ад беларускага руху. Янка Купала зусім слушна пісаў у 1913 г.: «Калі ў памятны 1905 г. зрабілася завіруха, то ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго «я», стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі»*. Беларускае друкаванае слова абуджала нацыянальныя пачуцці і свядомасць і ў мінскіх беларусаў. І вось у тыя гады малады артыст польскай сцэны Фларыян Паўлавіч Ждановіч на вечары ў таварыстве «Дабрачыннасць» 6 студзеня 1907 года першы раз выступіў з беларускай дэкламацыяй. Раз вечар быў польскі, то і публіка, хоць і тутэйшая, усё ж лічыла сябе палякамі. І тут раптам нейкая беларуская дэкламацыя, да таго ж з вуснаў польскага акцёра! Больш «паністыя» крывіліся: «Мужыком запахла!» Другія ўважліва слухалі, іншым, больш дэмакратычнаму «панству», беларуская дэкламацыя нават падабалася! Аднак калі той жа артыст Ф. Ждановіч на публічным вечары «ў карысць прытулку Чарноцкай» прадэкламаваў верш Янкі Купалы «Наш родны край», дык назаўтра ж яго паклікалі ў паліцыю, дзе адбылося цэлае «дазнанне»: чый гэта верш, ці друкаваны ён, ці спісаны ад рукі, дзе ён яго дастаў, ці па свайму жаданню яго чытаў, ці, можа, хто гэта даручыў, а калі даручыў, дык хто, і гэтаму падобнае. Ждановічу параілі «на этом испорченном русском языке» вершаў са сцэны больш не чытаць!..

Але нягледзячы на перашкоды, Ждановіч ужо асмеліўся. У садзе польскага спартыўнага таварыства «Сокул» ён наладзіў вечар пад назвай «Беларускі кірмаш», уся літаратурна-дэкламацыйная частка ў ім выконвалася выключна на беларускай мове. Дзякуючы гэтаму публіка пачула тады і некалькі беларускіх песень. Але за такую ініцыятыву «польскаму» артысту давялося выслухаць ад некалькіх «паноў» з адміністрацыі «Сокола» папрок. А ў дадатак да ўсяго ён як арганізатар «Беларускага кірмашу» атрымаў яшчэ «па носе» і ад паліцмайстра Мінска.

Значна прасцей было ў правінцыі. Так, калі ў Старым Сяле наладзілі пастаноўку «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага — досыць было сказаць праўніку, што гэта п’еса ўкраінская і што яна дазволена цэнзурай. Спектакль быў дазволены, хаця ігралі п’есу, вядома ж, на беларускай мове.

У 1909 і 1910 гадах стала крышку вальней. Ужо без перашкод можна было чытаць са сцэны розныя беларускія апавяданні і вершы. Пры гэтым заўважыць трэба, што беларуская дэкламацыя ў той час мела ў публікі вялікі поспех. Яе заўсёды суправаджалі громам воплескаў.

Такім чынам, мы павінны тут зазначыць, што ў Мінску, пачынаючы з 1907 і да 1911 года, жывое беларускае слова са сцэны абмяжоўвалася дэкламацыяй. Спектакляў беларускіх у Мінску яшчэ не было.

 

* «Наша ніва», 1913, № 30.

3. Спектаклі ў Мінску першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага

Чэрвень 1911 года прынёс мінчанам вялікую навіну. На тэатральных тумбах і сценах дамоў з’явіліся афішы аб тым, што 25 чэрвеня на сцэне мінскай залы «Парыж» адбудзецца першы беларускі спектакль. Пойдзе жарт у адной дзеі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца ў выкананні першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. Каб паказаць, наколькі прыезд трупы ўсхваляваў мінскіх беларусаў, прывяду тут вытрымку з успамінаў аднаго з гледачоў гэтага першага ў Мінску беларускага спектакля.

«Залу напоўнілі беларусы і іншае жыхарства, якое было свядомым у беларускім руху. Нецярпліва чакалі хвіліну, калі падымецца заслона, а ў беларускіх сэрцах панавала адначасова і радасць і трывога за сваё роднае, за ўдачу гэтых першых жрацоў беларускага сцэнічнага мастацтва... Нарэшце ў зале стала цёмна. Заслона паднялася, і мы ўбачылі і пачулі, як вёска кпіла з вяскоўца, які, пабыўшы ў горадзе, захварэў на «панскасць», а з’явіўшыся ў вёску сватацца, пачаў задаваць «панскага форсу»... Можа, яно з пункту погляду артыстычнага і мастацкага было крыху і прымітыўна, аднак жа мы, беларусы, былі як учадзеўшыя: сэрцы біліся ўзрушана, бо мы бачылі і чулі сваю родную вёску... З галавы вылецела ўсё, адна толькі думка пяшчотна хвалявала: — Няўжо ж нараджаецца беларускі тэатр!»

У другім аддзеле вечара пачулі дэкламацыю і спевы:

— Як прыгожа!.. Якое хараство!..

Гэткія словы, вырываючыся з вуснаў прысутных шэптам, чуліся ў відоўні ў хвіліны паўз на сцэне... Не аднаму з нас пры гэтым успаміналіся дзіцячыя і юнацкія гады, не ў аднаго можна было заўважыць і слёзы на вачах...

У аддзеле трэцім мы ўбачылі беларускія народныя танцы, якія выконвае наш вясковы народ...

І вось трэці сігнал! У відоўні цёмна, заслона ўзнеслася, і на сцэне пад гукі цымбалаў, скрыпак і дуды Буйніцкі са сваімі дочкамі і іншымі малайцамі-танцорамі пачаў весці «Лявоніху»... Было на што паглядзець! Такой «Лявоніхі» і ў такім бліскучым выкананні я яшчэ ніколі і нідзе не бачыў!.. А «Мельнік», а «Юрка», а «Мяцеліца»!!! Ды гэта ж была сапраўдная нястрымная мяцеліца!.. Далей пайшлі «Верабей», «Гневаш», «Антошка»! А «Чабор»! І скуль толькі ў іх бралася гэтулькі энергіі і нязморанасці пры выкананні танцаў?! Здавалася, што нават вопратка, у якую яны былі апрануты, жыла на іх!.. Ніводзін самы таленавіты балетмайстар не мог бы не пазайздросціць Ігнату Буйніцкаму ў такой пастаноўцы нацыянальных беларускіх танцаў!.. Творча-арганізатарскі талент Буйніцкага прыдаў народным беларускім танцам столькі захаплення, столькі мастацкай прыгажосці».

Вось якім моцным было ўражанне ад выступлення трупы Буйніцкага! Не дзіва, што мінскія беларусы пасля гэтых вечарын, а было іх ў Мінску дзве (25 і 27 чэрвеня), хадзілі доўгі час з верай у тое, што беларускі тэатр будзе існаваць, што грунт пад ім ёсць!

 

4. Нарада з Буйніцкім аб стварэнні ў Мінску сталай трупы. Падрыхтоўка новага рэпертуару Ф. Ждановічам. Лета 1913 г. Арганізацыя беларускага артыстычнага гуртка. Падрыхтоўка п’есы Я. Купалы «Паўлінка» — першага спектакля трупы ў Радашковічах

Спектаклі трупы Буйніцкага зрабілі таксама моцны ўплыў на Ф. Ждановіча. Пасля іх адбылася яго нарада з Буйніцкім, у якой прыняў удзел і У. Фальскі. Дамовіліся яны так: існуючая аматарская трупа Буйніцкага па завяршэнню вандровак па Беларусі будзе распушчана, а замест яе створана новая трупа, куды ўвойдуць кваліфікаваныя сцэнічныя сілы і лепшыя з аматараў. А пакуль што Ждановіч падбае пра рэпертуар, якога ўсё ж бракавала. І мінскі артыст адразу ж узяўся за пераклад з польскай мовы некаторых п’ес. На працягу 1912 г. ён інсцэніраваў аповесць Э. Ажэшкі «Хам», апрацаваў яе навелу «Рысь», а з украінскай мовы пераклаў вядомую п’есу Старыцкага «Цыганка Аза», даўшы ёй назву «Хата за вёскай».

Адначасова Ждановіч павёў перагаворы ў польскім тэатры з артыстамі-беларусамі, якія працавалі там. Каб яны, як ён сам, пакінулі польскую сцэну, узяліся за стварэнне свайго беларускага тэатра. Летам 1913 года ён у вельмі кароткі час арганізаваў беларускі артыстычны гурток, куды, апрача самога Ждановіча, увайшлі артысты Акуліч і Валэйка, артысткі Т. Русеччанка і А. Ліпнічанка, якія пакінулі польскую сцэну, і такія здольныя аматары, як У. Фальскі, і іншыя. Пачалі рыхтаваць двухактовую камедыю Янкі Купалы «Паўлінка». Рэпетыцыі ўвесь час вяліся ў садзе бацькоў Русеччанкі. Праз якіх паўтара месяца п’еса была гатова. Па просьбе рэдактара «Нашай нівы» А. Уласава гурток выехаў у мястэчка Радашковічы (тады Віленскай губерні) і 13 жніўня 1913 года паставіў там свой першы спектакль. Прывяду тут запіс з дзённіка аднаго з удзельнікаў гэтай пастаноўкі: «Пакуль пачаўся спектакль, артысты, нават па некалькі гадоў працаваўшыя на сцэне, нямала перажывалі... Хоць усё было добра падрыхтавана, аднак хваляваўся кожны, бо гэта ж быў першы крок сталага беларускага тэатра, і гэту адказнасць кожны адчуваў... Да таго ж яшчэ даведаліся, што ў зале сядзіць сам аўтар, які знарок прыехаў паглядзець на сцэне сваю п’есу...

Далі сігнал. Свет у зале патух. Як бы нейкая чароўная сіла спыніла гоман гледачоў... Паўлінка заспявала... Мяняюцца з’явы акта... На відоўні то ўспышка смеху, то... ізноў поўная ціша. Слухаюць уважна кожнае слова, сочаць за кожным рухам выканаўцаў... Вось і апошняя з’ява — Паўлінка б’е Пранцысёву бутэльку з гарэлкаю... Заслона падае... На відоўні паўстаў гром воплескаў... Артысты моўчкі глядзяць адзін на аднаго, а на тварах іх, з-пад грыму, паўстае ўсмешка радасці і задавальнення...

Пакуль рыхтуюць сцэну другога акта, артыстам перадышка... За кулісы да нас прыйшлі Янка Купала, А. Уласаў і іншыя беларусы-радашкаўчане... Хвалілі выкананне ўсіх, дзякавалі нам за распачатую справу будавання свайго роднага тэатра...

Пачаўся другі акт спевамі хору. Пайшлі танцы пад цымбалы і скрыпку, іх прыходзілася паўтараць... П’есу мы кончылі пры такіх авацыях, якія не часта бываюць і ў вялікіх гарадскіх тэатрах, якія назаўсёды застаюцца ў памяці артыстаў... Дзякавалі нашаму гуртку не адны радашковіцкія беларускія дзеячы, але і сам аўтар «Паўлінкі», які склаў тады нам асаблівую падзяку, прарочачы добрую будучыню мінскаму беларускаму тэатру...»

 

5. Заснаванне «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі». Улады не даюць згоды на артыстычнае падарожжа трупы па Беларусі

Атрымаўшы ў Радашковічах маральнае здавальненне і сілы для далейшай працы, прайшоўшы там нібы свае сцэнічныя «хрысціны», гурткоўцы, вярнуўшыся ў Мінск, зрабілі сход і рашылі называцца «Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі». Кіраўніком выбралі Ф. П. Ждановіча, даручыўшы яму аформіць дазвол на раз’езды па гарадах і мястэчках Беларусі. Ад Буйніцкага атрымалі ліст, што ён абавязкова з’явіцца ў таварыства з дочкамі, як толькі ўсё наладзіцца, бо яшчэ хварэе і вымушаны адпачываць, каб падмацаваць свае сілы. Тады ж артысты таварыства пачалі рыхтаваць п’есу «Хам» паводле Э. Ажэшка.

Поўны добрых надзей, адправіўся Ждановіч у Вільню, каб атрымаць там дазвол улады на артыстычныя падарожжы трупы па Беларусі. Папярэдне зайшоў у «Нашу ніву». У размове з А. Уласавым і А. Лявіцкім (Ядвігіным Ш.) Ф. Ждановіч там дазнаўся, што ўлады краю якраз не вельмі прыхільна ставяцца да «крамольнай» беларускай справы і сочаць за кожным выяўленнем беларускага руху. Вось чаму Ждановіч падаў заяву на дазвол не ад свайго імя, а паводле свайго сцэнічнага псеўданіма, ад імя Крыніцы. Аднак мінскі адрас ён пакінуў свой.

Вярнуўшыся ў Мінск, Ф. Ждановіч, як і ўсе члены таварыства, нецярпліва чакаў дазволу з Вільні. І вось у лістападзе таго ж 1913 года на яго кватэру з’явіўся акалодачны наглядчык (быў такі паліцэйскі чын), шукаючы Крыніцу. А праз пару тыдняў той жа самы акалодачны наглядчык якраз дзяжурыў у польскім тэатры. Ф. Ждановіч, сеўшы побач з ім у буфеце, даведаўся ад яго, што віленскія ўлады не дазволілі на раз’езды беларускай трупы, Крыніцу самога загадалі арыштаваць і адаслаць у Вільню. Пра такія вынікі хадайніцтва зараз жа паведамілі віленскім беларусам. Члены ж таварыства дамовіліся паміж сабой сабрацца зноў, як толькі палепшыцца становішча. Ждановіч, асцерагаючыся новых паліцэйскіх росшукаў, магчымага арышту, пакінуў Мінск.

 

6. Першая імперыялістычная вайна паралізуе беларускую сцэнічную дзейнасць у Мінску. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Арганізацыя беларускага хору

Першая імперыялістычная вайна 1914—1917 гг. паралізавала беларускую сцэнічную дзейнасць у Мінску. Тая ж вайна прывяла расійскі царызм да поўнага банкруцтва. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года пахавала царызм. Яна суправаджалася бурным ростам нацыянальнага руху сярод прыгнечаных народаў царскай Расіі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пачалі групавацца і беларускія мастацка-аматарскія сілы ў Мінску. Утварыўся беларускі хор, якім кіраваў У. Фальскі. З гэтага хору выдзеліўся драматычны гурток, які ўзначаліў пісьменнік Ядвігін Ш.

 

7. Красавік 1917 г. Адраджэнне «Першага Таварыства беларускай драмы і камедыі»

У першых днях красавіка 1917 года ў Мінск вярнуўся Ф. Ждановіч. Сустрэўшыся з ім, Ядвігін Ш. прапанаваў яму стаць на чале беларускай драматычнай трупы. У «Беларускай хаце», дзе тады гуртаваліся мінскія беларусы, адбылася нарада ўдзельнікаў драматычнага гуртка, на якой прысутнічалі некалькі працаўнікоў-арганізатараў беларускай трупы 1913 г. (У. Фальскі, Янка Беларус і іншыя). Зыходзячы з гэтага, сход пастанавіў вярнуцца да ранейшага імя «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» і выбраў сваім кіраўніком і рэжысёрам Ф. Ждановіча.

У таварыства ўліваліся цяпер усё новыя і новыя сілы. Перад самым пачаткам дзейнасці трупы ў ёй ужо лічыліся Ф. Ждановіч, У. Фальскі, Янка Беларус, Ядвігін Ш. А. Ліпнічанка, Г. Сондак, М. Зароўская, В. Тарасік, Ч. Плаўнік, М. Вайткевіч, Б. Вайткевіч, О. Вашкевіч, Л. Тарасік, Бядуленка і інш.

 

8. Першы спектакль трупы. Далейшыя спектаклі ў гарадскім тэатры і ў «Беларускай хаце»

Пасля двух тыдняў падрыхтоўчай дзейнасці таварыства дало 23 красавіка 1917 года ў будынку Мінскага гарадскога тэатра свой першы пасля аднаўлення спектакль. Былі выкананы «Паўлінка» Янкі Купалы і «Рысь» паводле Э. Ажэшка. Тэатр быў поўны. Прыйшлі пераважна тыя, хто хацеў наогул паглядзець, што ж гэта за беларусы з’явіліся і які такі іхні тэатр, бо ў горадзе пра беларусаў было ўжо шмат гаворкі — сярод гарадскога «польскага панства», сярэдняга і дробнага чыноўніцтва і розных там канцылярыстаў. Аднак публіка прымала спектакль вельмі добра, можна сказаць, нават цёпла.

З такім жа поспехам 24 красавіка адбыўся і другі спектакль таварыства. Ігралі «Паўлінку» і «У зімовы вечар» Э. Ажэшка (таксама ў гарадскім тэатры).

27 красавіка трупа таварыства паставіла на сцэне «Беларускай хаты» п’есу «Сягонняшнія і даўнейшыя» К. Буйла, а 28 красавіка — «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага.

Тым часам Ф. Ждановіч сур’ёзна бярэцца за паляпшэнне трупы. Ён выклікае з Арла свайго брата Антона (сцэнічны псеўданім А. Крыніца). У склад трупы ўвайшлі яшчэ Я. і П. Раткевічанкі і вельмі здольны Р. Жакоўскі. Пры выступленнях трупы і ў гарадскім тэатры, і на сцэне «Беларускай хаты» ўсё больш адчуваўся недахоп рэпертуару. Разам з тым цяпер трэба было аддаваць сцэне ўвесь свой час. І гэта пры ўмове, што артыстычная праца зусім не аплачвалася, паставіла членаў таварыства ў цяжкія матэрыяльныя абставіны.

 

9. Сход артыстаў таварыства з удзелам І. Буйніцкага. Рэарганізацыя трупы

1 мая 1917 года адбыўся агульны сход усёй артыстычнай трупы з удзелам Ігната Буйніцкага, які прыехаў у Мінск. Яго выбралі кіраўніком таварыства, рэжысёрам жа трупы — Ф. Ждановіча, а гаспадаром-адміністратарам — У. Фальскага. Зрабілі сцяг таварыства і яго пячатку.

У сувязі з тым, што матэрыяльны стан артыстаў-аматараў быў дрэнны, частка людзей мусіла адысці ад таварыства. Адбылася рэарганізацыя трупы. У выніку ўсталяваўся наступны яе склад: 15 артыстаў — А. Андрэеў, Янка Беларус, Б. Бярозка, П. Вайткевіч, Р. Жакоўскі, Ф. Ждановіч, А. Іваноў, А. Крыніца, Мацяевіч, А. Мачула, В. Міцкевіч, К. Мядзёлка, Ігнат Несцюшка, В. Пятровіч і У. Фальскі; 8 артыстак — О. Вашкевіч, Л. Зарніца, Ю. Зорка, П. Мядзёлка, Г. Пралеска, Я. Пчолка, П. Раткевіч і В. Тарасік.

Старшынёй сваім трупа выбрала У. Фальскага, скарбнікам — А. Крыніцу, сакратаром — Янку Беларуса. Мастацкім кіраўніком і рэжысёрам заставаўся Ф. Ждановіч. Тут трэба адзначыць, што па прычынах, якія дагэтуль высветліць не ўдалося, Ігнату Буйніцкаму так і не прыйшлося працаваць у таварыстве.

 

10. Лета 1917 г. Выезды трупы таварыства

Паколькі выдаткі на гастролі вясной 1917 года ўзялі на сябе мінскія беларускія арганізацыі, тэатральная трупа таварыства 7 мая выехала ў Слуцк і Асіповічы, дзе ставіла «Паўлінку» Я. Купалы і дала разнастайны беларускі дывертысмент, а 23 мая наведала Бабруйск, дзе паказала «Паўлінку», «Моднага шляхцюка», «Пашыліся ў дурні» і «У зімовы вечар», даўшы некалькі спектакляў з дывертысментам.

З 7 па 11 чэрвеня трупа таварыства знаходзілася ў Магілёве, дзе ставіла п’есы «Паўлінка», «Хам», «У зімовы вечар», «Міхалка» (Далецкіх), «Модны шляхцюк», «Пашыліся ў дурні» і «Сягонняшнія і даўнейшыя» К. Буйла. Пасля спектакляў заўсёды былі дэкламацыя, песні, і беларускія народныя танцы. Карэспандэнт беларускай газеты В. Карнілаўскі адзначаў добрую ігру ў Магілёве артыстаў Фларыяна Ждановіча, Янкі Беларуса, Веры Тарасевіч, а з дэкламатараў — Любы Тарасік і Пэлі Раткевіч.

Пры вяртанні трупы з Магілёва чыгуначнікі станцыі Жлобін і мясцовы камітэт настаўнікаў і вучняў вельмі настойліва прасілі артыстаў спецыяльна прыехаць на гастролі ў Жлобін. 29 чэрвеня гэта жаданне жлобінцаў было выканана — трупа паставіла для іх «Паўлінку».

1 жніўня трупа наведала Радашковічы, дзе паказала «Паўлінку» і, другім спектаклем, «Пашыліся ў дурні».

29 жніўня артысты выехалі ў Оршу, дзе 31 жніўня паставілі «Паўлінку» і «У зімовы вечар», а 2 верасня — «Пашыліся ў дурні» і «Моднага шляхцюка». Карэспандэнт газеты адзначыў вельмі добрую ігру Ліпнічанкі (Паўлінка), А. Крыніцы і Ф. Ждановіча (гаспадар і падарожны ў «Зімовым вечары»). Але і ігра іншых артыстаў «прайшла таксама дужа добра». Публіка прыняла спектакль вельмі цёпла, а Ліпнічанцы і Крыніцы былі паднесены букеты жывых кветак. Пра спектакль жа, які адбыўся 2 верасня, газетны карэспандэнт пісаў: «У «Модным шляхцюку» найлепш выказаў сябе Янка Беларус (у ролі шляхцюка)». Пра выступаўшую з дэкламацыяй Любу Тарасік (чытала вершы Цёткі «Сірацінка» і «Чатыры крыжы» Купалы) гаварылася, што яна «зрывала моцныя апладысменты». Янка ж Беларус смяшыў публіку камічнымі вершамі А. Паўловіча і сваім уласным перакладам з украінскага — «Бычком».

Старшыня Дзісненскага павятовага выканаўчага камітэта Саветаў сельскіх дэпутатаў, які бачыў названыя вышэй спектаклі ў Оршы, прыслаў трупе запрашэнне на гастролі ў Дзісну, што, на жаль, здзейсніць не ўдалося.

Трупа таварыства выступала таксама ў мястэчках Койданаў і Заслаўе, у горадзе Барысаве.

Хаця беларускі тэатр усюды сустракалі ветліва і цёпла, асабліва рабочыя і сяляне, хаця ўсюды трупа мела вялікі поспех, аднак выезды на гастролі давалі значны дэфіцыт. Так, паездка ў Слуцк і Асіповічы дала 300 руб. дэфіцыту, у Бабруйск — 375 руб., а ў Магілёў — 800 рублёў. І толькі падарожжа ў Радашковічы дало тысячу рублёў прыбытку.

 

11. У вольныя ад гастрольных выездаў дні

У прамежку паміж выездамі на гастролі трупа таварыства выступала ў Мінску. Так, 22 чэрвеня ў гарадскім тэатры былі пастаўлены «Сягонняшнія і даўнейшыя» К. Буйло і «Міхалка» Далецкіх. А ў ноч з 23 на 24 чэрвеня трупа прымала ўдзел у святкаванні купалля на мінскім велатрэку.

У чэрвені ж Янка Купала даў трупе для пастаноўкі сваю новую, не надрукаваную яшчэ п’есу «Раскіданае гняздо». 10 ліпеня яна была пастаўлена ў гарадскім тэатры. Газетны карэспандэнт, нехта П. К., застаўся незадаволены спектаклем, бо па спешцы некаторыя артысты няцвёрда ведалі свае ролі і таму занадта блізка трымаліся да суфлёрскай будкі, што пазбаўляла іх руху. Некаторыя (В. Тарасік у ролі маці) дапускалі мешаніну ў мове. Карэспандэнт хваліў толькі ігру А. Крыніцы (гаспадар). Адначасова рэцэнзента не задавальняла звязанасць Сымона — Ф. Ждановіча і недахоп тэмпераменту ў Зоські (А. Ліпнічанка).

22 ліпеня стараннем таварыства быў наладжаны музычна-вакальны вечар у зале дваранскага клуба. 7 жніўня ў памяшканні гарадскога тэатра трупа паставіла п’есу Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні».

 

12. У. Галубок уваходзіць у таварыства як драматург і акцёр. Канец 1917 і пачатак 1918 г.

Восенню ў склад «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» ўвайшоў У. Галубок. Ён пачаў пісаць для тэатра свае п’есы, а потым стаў і сам іграць у іх. Як драматург Галубок стварыў тады меладрамы «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў», вадэвіль «Пісаравы імяніны». Пры ўсіх сваіх недахопах гэтыя п’есы істотна павялічылі бедны арыгінальнымі творамі драматычны рэпертуар беларускага тэатра.

20 кастрычніка ў гарадскім тэатры трупа таварыства паставіла «Паўлінку» і «У зімовы вечар». Гэтыя творы карысталіся якраз найбольшым поспехам у параўнанні з іншымі.

Канец 1917 і пачатак 1918 года трупа правяла ў Мінску. Апрача гарадскога тэатра ігралі ў чыгуначных клубах і ў іншых памяшканнях. Так, 10 снежня ў клубе Лібава-Роменскай чыгункі ставілася «Паўлінка», 12 снежня — п’еса «Пашыліся ў дурні».

14 снежня ўпершыню паказана драма ў 4 дзеях У. Галубка «Апошняе спатканне». Карэспандэнт газеты нехта С-к і беларускі культурны дзеяч Р. Зямкевіч змясцілі ў друку рэцэнзіі пра змест і выкананне п’есы.

28 і 29 снежня ў клубе Лібава-Роменскай чыгункі трупа ставіла «Моднага шляхцюка» і «У зімовы вечар», а 30 снежня — новую трохактовую п’есу У. Галубка «Пісаравы імяніны». Рэцэнзент, які схаваўся пад псеўданімам Аматар, застаўся незадаволены як самой п’есай, так і выкананнем яе.

14 студзеня 1918 года ў клубе Лібава-Роменскай чыгункі ішла «Паўлінка» Я. Купалы. Рэцэнзент газеты адзначыў добрую ігру А. Крыніцы (бацька Паўлінкі), М. Зароснай (Паўлінка), В. Тарасік і М. Шут, якія ігралі старых кабет. Па словах рэцэнзента, Янка Беларус іграў бы добра, калі б не ўпадаў у шарж. Пра Усевалада Фальскага (Якім) пісалася, што яму «прыходзіцца пажадаць больш натуральнасці». Яшчэ выказвалася пажаданне, «каб дэкламатары навучаліся новаму, а пры выкананні не блыталі б аўтарскі тэкст і не ішлі б на повадзе ў суфлёра».

22 студзеня 1918 года трупа сыграла ў дзіцячай сталоўцы Земсаюза (каля Аляксандраўскага вакзала) п’есу Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Як і ў папярэднія разы, спектакль у прывакзальным раёне сабраў поўную залу. Рэцэнзент на гэты раз хваліў ігру А. Крыніцы (Драйко), Янкі Беларуса (Кукса), Р. Жакоўскага (пісар) і ганіў выкананне Б. Свідэрскім ролі Нічыпара.

Хваліліся таксама дэкламатары, бо і публіка дзякавала ім гарачымі воплескамі.

Тры дні падрад, 27, 28 і 29 студзеня 1918 года, ішлі спектаклі ў клубе Лібава-Роменскай чыгункі. 28 студзеня ігралі «Міхалку» і «Як яны жаніліся». Тут рэцэнзент адзначыў артыстаў Янку Беларуса, В. Тарасік і Т. Андрэева, якія добра выканалі свае ролі. 29 студзеня ў тым жа клубе ставілася п’еса «У зімовы вечар». У газеце на гэты раз хвалілася добрая ігра А. Крыніцы (бацька), В. Тарасік (цётка Наста), Т. Андрэева (падарожнік). Па словах рэцэнзента, выбар дэкламацый быў добры: Янка Беларус чытаў «Важную фігу» Ядвігіна Ш., а Р. Жакоўскі — вершы Дуніна-Марцінкевіча.

 

13. Нямецкая акупацыя. У госці да беларускіх артыстаў завітаў голад

25 лютага 1918 года немцы занялі Мінск. Акупацыя працягвалася да 12 снежня 1918 года.

Вясна 1918 года была для беларускага тэатра цяжкой. Прыход ворага на некаторы час зусім спыніў дзейнасць таварыства. У гарадскім тэатры пасяліўся нямецкі тэатр, і туды беларусам нельга было сунуцца. Да нашых артыстаў завітаў голад.

«Беларускую хату», якая раней размяшчалася па Захараўскаму завулку, д. № 6, цяпер перанеслі ў былы «амерыканскі» барак на Конным пляцы.

2 красавіка 1918 года трупа таварыства паставіла ў «Беларускай хаце» п’есы «Паўлінка» і «Міхалка». Збор быў бадай што поўны, і артыстаў прымалі цёпла. Рэцэнзент адзначыў добрую ігру Ф. Ждановіча (Якім) і П. Мядзёлкі (Паўлінка). А У. Фальскаму (Адольф) даў параду: «Варта было б больш папрацаваць над роллю». Пра «Міхалку» пісалася, што гэта п’еса «прайшла пад агульны смех». «Ф. Ждановіч (Міхалка) і Янка Беларус (Язэп Карызна) ігралі добра, толькі спяшаліся. Ад В. Тарасік (Юлька) можна было чакаць большай прастаты, натуральнасці і адважнасці. Адэля (Пралеска) была занадта драпежнай».

5 красавіка ў «Беларускай хаце» трупа ставіла «Пашыліся ў дурні». Збор публікі быў на гэты раз малы... Праўда, камедыя прайшла з поспехам. Газета пісала: «Ф. Ждановіч (Нічыпар) трымаў на сабе ўвагу публікі. Добра вялі свае ролі Крыніца (Драйко) і Андрэеў (парабак Антон). Янку Беларуса замяніў Р. Жакоўскі, а пісара іграў Міцкевіч. Абодва ігралі гладка. Не горш за іх выканаў ролю Васіля У. Фальскі. В. Тарасік іграла Ганулю, Пралеска — Грыпіну».

6 красавіка ў «Беларускай хаце» артысты таварыства паказалі драму «Сягонняшнія і даўнейшыя» К. Буйло і «Моднага шляхцюка» К. Каганца (замест камедыі У. Галубка «Хвароба ў добрым здароўі»). У друку пісалася: «Драму артысты ігралі з вялікім уздымам, і яна пакінула ў гледачоў добрае ўражанне, нягледзячы на тое, што два п’яных нямецкіх фельдфебелі ў час антрактаў танцавалі ў зале каля аркестра, а ў час самае ігры падавалі з месца рэплікі на сцэну. Ждановіч (Раман) іграў вельмі добра, і добраю параю яму была Пралеска (Гануля) — як у адзежы простай сялянскай дзяўчыны, так і ў вопратцы сястры міласэрнасці. Крыніца (бацька Рамана), Янка Беларус (Саўковіч) і Пятровіч (пан Кратоўскі) далі тыпаў старасвецкай шляхты.

У «Модным шляхцюку» добра іграў Янка Беларус, як і яго свата Якуба сыграў Жакоўскі. Ф. Ждановіч стварыў жывы вобраз старога гаспадара, бацькі Ганны, ролю якой удала вяла В. Тарасік. У. Фальскі (Ігнась) і Андрэеў (сват Ігнася) таксама добра выканалі свае ролі».

У велікодны тыдзень трупа таварыства паставіла ў «Беларускай хаце» «Паўлінку», «Міхалку», «Пашыліся ў дурні», «Хваробу ў добрым здароўі» (камедыя ў 3 дзеях) У. Галубка, п’есу «Цётка вінавата», перакладзеную Ф. Ждановічам.

Меркавалася яшчэ паставіць «Азу» («Хату за вёскай»), «У бяздонні» і «Апошняе спатканне» У. Галубка.

У сярэдзіне красавіка адбылася рэарганізацыя «Беларускай хаты» ў клуб пад назвай «Беларуская хатка» з гульнёй у карты і лато. Там завялі буфет з моцнымі нямецкімі напіткамі, а з 25 красавіка пачаў працаваць і кінатэатр з фільмамі як для дарослых, так і для дзяцей. На плошчы ж каля «Беларускай хаткі» ладзіліся гульні ў футбол, кракет і інш. Таму ўмовы для сцэнічнай працы склаліся вельмі дрэнныя. Калі з’явіўся буфет з гарэлкай, кожны раз у зале было шмат п’яных, якія парушалі парадак. Патрэбнай для ігры артыстаў цішыні не стала. Як піша ў сваім дзённіку адзін са старых артыстаў трупы, «можна было бачыць і такі абразок: ідзе спектакль, а п’яны нямецкі салдат з рэвальверам у руцэ танцуе перад сцэнаю дзікі канкан, сам, а то і ўдвух!» Перш трупа адмаўлялася працаваць ва ўмовах, якія стварылі для яе вяльможны пан-абшарнік з Піншчыны Скірмунт і яго правая рука — беларускі авантурыст Аляксюк. Але кінуць беларускую працоўную публіку без тэатральнай абслугі трупа прызнала немагчымым. 5 мая а першай гадзіне дня ў «Беларускай хатцы» адбыўся бясплатны спектакль таварыства для вучняў беларускіх школ. Ставілі камедыю «Пашыліся ў дурні». А вечарам там жа ішоў англійскі фарс у 3 дзеях «Цётка вінавата», перакладзены Ф. Ждановічам. Ігралі: Баберлея — Ф. Ждановіч, яго слугу Бабса — К. Мядзёлка, Спецінга — Пятровіч, цётку — В. Тарасік.

6 мая сіламі трупы быў паказаны «Хам» Э. Ажэшка. Публікі сабралася мала. Пронку добра іграла П. Мядзёлка, Паўлюка — А. Крыніца (замест Ф. Ждановіча), Марцэльку — з нечаканай здатнасцю выканала Пралеска. Добра ўвайшлі ў вобразы простых вясковых кабет В. Тарасік (Улляна) і Зорка (Аўдоцця). Публіка дружнымі воплескамі вітала артыстаў. Артыст Андрэеў па-мастацку аформіў спектакль: праўдзіва выглядалі ўбогія вясковыя могілкі, прыгожыя былі лозы над вадою. Грашыла толькі імітацыя завірухі (занадта ўжо свістала).

7 мая трупа там жа паставіла «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Збор публікі зноў быў малы. Ігралі ж артысты добра, асабліва Ф. Ждановіч (Сымон), П. Мядзёлка (Зоська) і В. Тарасік (маці). Ролю Данілкі добра выканала Пралеска.

8 мая, зноў жа ў «Беларускай хатцы», сіламі таварыства былі паказаны «Паўлінка» і «Міхалка». Спектаклі трупы працягваліся ў «Беларускай хатцы» да 12 мая.

 

14. Адкрыццё Народнага дома імя М. Багдановіча

У маі 1918 года мінскія беларускія арганізацыі нанялі на Ляхаўскай вуліцы памяшканне, у якім у 1917 г. іграла польская трупа Скомпскага. Там быў адкрыты беларускі Народны дом імя Максіма Багдановіча. Трупа «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» атрымала ў ім сталы прыпынак — хоць прымітыўна абсталяваную і маленькую, але ўсё ж уласную сцэну для спектакляў.

18 мая адбылося адкрыццё Народнага дома. Заадно была адзначана і першая гадавіна існавання таварыства.

Сезон адкрылі новай п’есай У. Галубка «Бязвінная кроў» — тады яшчэ толькі ў двух актах.

Публіка перапоўніла залу. Поспех быў выключны. На ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным памяці Максіма Багдановіча, прамоўцы адзначалі і заслугі таварыства, якое працавала інтэнсіўна, нягледзячы на матэрыяльныя нястачы, галаданне некаторых артыстаў.

У п’есе Галубка ролю гаспадара выконваў сам аўтар, ролю Ціта — Ф. Ждановіч, які заслужыў агульную ўвагу публікі і гучныя воплескі. У. Фальскаму ўдаўся студэнт. З жанчын ігралі: гаспадыню — Зорка, эканомку Дароту — Тарасік, матку падпаска — Мядзёлка. Маладзенькая здольная артыстка Л. Зарніца добра паказала сябе ў ролі парабчанкі.

У рознахарактарным дывертысменце першае месца заняў Ф. Ждановіч. Прыемнай неспадзяванасцю для публікі было выступленне хору Тэраўскага ў заключэнне вечара. Чыста народнае выкананне беларускіх песень, трапная гарманізацыя іх самім кіраўніком хору зрабілі на публіку вельмі моцнае ўражанне. Змітрок Бядуля адгукнуўся на вечар цёплым артыкулам у газеце «Беларускі шлях» (№ 48 за 1918 г.), закончыўшы яго такімі словамі: «Праўдзівае штукарства творыць настрой, будзіць фантазію, палоніць думку! Задаткі гэтага штукарства ёсць у вышэйпамяненым хоры». Артысты трупы таварыства Ф. Ждановіч, Л. Тарасік, В. Пятровіч і іншыя 25 мая, у дзень смерці Максіма Багдановіча, выступалі ў доме яго імя з выкананнем яго твораў.

2 чэрвеня ў памяшканні Народнага дома ў пяты раз ішоў англійскі фарс «Цётка вінавата». Рэцэнзент газеты «Беларускі шлях» Знаёмы пісаў, што Ждановіч у ролі фальшывай цёткі праз увесь вечар выклікаў гамерычны смех у публікі. Яму добра дапамагаў Пятровіч у ролі Спецінга.

8 чэрвеня ў нардоме ж ставілі сіламі трупы «Пашыліся ў дурні». Рэцэнзент Знаёмы сцвярджаў: «Камедыя прайшла вельмі спрытна. Малады камедыянт Міцкевіч добра спаўляўся ў ролі Куксы. Як толькі з’явіўся на сцэне Нічыпар (Ф. Ждановіч), уся ўвага публікі перайшла на яго».

9 чэрвеня ў тым жа доме трупа паказала драму Канстанцыі Буйло «Сягонняшнія і даўнейшыя», якая, па словах рэцэнзента Знаёмага «прайшла пры небывалай увазе нашай публікі, пад дружныя апладысменты. Збор бадай што поўны».

 

15. Раскол трупы ў жніўні 1918 года

Ліпень месяц прынёс таварыству мноства ўскладненняў: не ўлічваючы ўсёй эфемернасці тагачасных беларускіх нацыяналістычна-капіталістычных арганізацый, трупа спакусілася на тытул «дзяржаўнага тэатра», дарэмна спадзеючыся, што гэта выведзе яе з цяжкага матэрыяльнага стану. У «Хроніцы» газеты «Вольная Беларусь» 4 жніўня сцвярджалася: «Беларускі тэатр у Мінску раскалоўся надвое. Існаваўшая дружына пад кіраўніцтвам вядомага беларускага артыста Ф. Ждановіча... атрымала была назву «Беларускага дзяржаўнага тэатра»... Новы народны сакратарыят адмовіўся даваць субсідыю гэтаму тэатру». У. Фальскі ў лісце ў рэдакцыю «Вольнай Беларусі» па гэтаму ж поваду пісаў: «Прыхільнікі старога кіраўніка Ф. Ждановіча аддзяліліся і ўтварылі асобную трупу, утрымаўшы за сабою назву «Беларускага дзяржаўнага тэатра». Рэшта артыстаў працуе пад назвай «Беларускага народнага тэатра»... Цяпер дружына Ф. Ждановіча развешвае афішы па гораду, што яны даюць развітальныя спектаклі, бо хутка думаюць выехаць... на Беларусь». Тут мелася на ўвазе, што летам трупе таварыства ўдалося выправіцца «ў гастроль» у мястэчкі Ракаў і Заслаўе. Артысты спадзяваліся павандраваць па Беларусі, але пры гэтым не ўлічвалі ўмоў нямецкай акупацыі.

 

16. Гастролі трупы Ф. Ждановіча ў Ракаве. Зварот да старой назвы. Вызваленне

Гаворачы пра гастролі ў Ракаве, варта тут прывесці вытрымкі з дзённіка аднаго са старых артыстаў: «Першае такое турнэ было зроблена ў мястэчка Ракаў, куды, праўда, запрасілі нашу трупу. Сродкаў на праезд было мала, і дзеля гэтага трупа даехала цягніком да Заслаўя, а там... пяшэчкам шаснаццаць вёрст ажно ў Ракаў, адправіўшы балаголам усе рэчы. Дарога была вясёлая, тым больш што стаяў прыгожы летні цёплы дзень. Ніхто быццам і не стаміўся падарожжам. Шмат хто ў такім падарожжы быў першы раз. Але ўсведамляючы, што робіш гэтым пашырэнне беларускай культуры, трымаліся ўсе моцна, паддаючы адзін аднаму ахвоты. За вярсту да мястэчка зацягнулі песню. Ішла грамада беларускага акцёрства, асоб з 30. Усё акалічнае местачковае жыхарства высыпала на спатканне. Глядзелі — як на дзіва. Трэба зазначыць, што ўсе былі апрануты ў беларускую нацыянальную вопратку.

Відоўня яшчэ да пачатку спектакля была поўная. Ігралі з уздымам, ну і прымалі затое ж з захапленнем! Жыхарства было вельмі задаволена. Дзяды з белымі бародамі прыходзілі за кулісы дзякаваць артыстам за пачутае і ўбачанае ў спектаклі...»

Раніцаю на трэці дзень трупа пакінула Ракаў. Вярталіся такім самым парадкам — да станцыі Заслаўе пехатою, а адтуль у Мінск цягніком. Былі яшчэ летам выезды ў Заслаўе ды ў Койданаў. У апошнім 18 жніўня артысты паказалі «Цётку з Бразіліі» (ранейшая назва «Цётка вінавата»), а 19 жніўня — «Пашыліся ў дурні».

Трупа Ф. Ждановіча, пазбаўленая магчымасці выязджаць на гастролі ў гарады і мястэчкі занятай немцамі часткі Беларусі, хутка адмовілася ад тытула «Дзяржаўнага тэатра», вярнула сабе старую назву — «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі». Пад спектаклі пачала выкарыстоўваць як былое памяшканне польскага спартыўнага таварыста «Сокул», так і «Беларускую хатку».

Так, у былым «Соколе» трупа таварыства паставіла ў жніўні п’есу У. Галубка «Бязвінная кроў» (у прысутнасці самога аўтара) і драматычны абразок «Антон Лата» Тараса Гушчы (Якуба Коласа). Там жа былі паказаны п’есы Марка Крапіўніцкага «Ашукаліся» і ў сувязі з прыездам у Мінск Янкі Купалы — яго драма «Раскіданае гняздо». Усе гэтыя спектаклі праходзілі пад рэжысурай Ф. Ждановіча.

У жніўні ж у «Беларускай хатцы» трупа паказала п’есу «Цётка з Бразіліі». Пасля спектакля з беларускімі народнымі песнямі выступаў хор Тэраўскага. Выручка ад вечара была перададзена дзіцячаму прытулку і дзіцячаму шпіталю (былыя арганізацыі Земсаюза).

У «Хроніцы» газеты «Вольная Беларусь» сцвярджалася, што трупа таварыства мела намер паставіць у памяшканні былога «Сокола» спектакль у карысць мінскай мужчынскай гімназіі, а таксама з той жа мэтай спектакль у чыгуначным клубе. Невядома толькі, ці здзейснілася гэта задума.

Дзень 25 лістапада 1918 г. быў жалобным для трупы: закончыла сваё жыццё здольная артыстка Галена Пралеска, адна з заснавальніц таварыства. У трупе яна працавала з першых дзён яе дзейнасці.

Настае нарэшце шчаслівы дзень вызвалення Мінска з-пад нямецкай акупацыі. Адбылося гэта 12 снежня 1918 г.

 

17. Абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Трупа таварыства становіцца Беларускім савецкім тэатрам. У яго склад уваходзяць хор Тэраўскага і аркестр Тхоржа

І вось у Беларусь вярнулася Савецкая ўлада. Маніфестам Часовага ўрада 1 студзеня 1919 г. было абвешчана стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі. Трупа «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» стала Беларускім савецкім тэатрам, яго ж рэжысёрам — Ф. Ждановіч. Тэатр атрымаў у сталае карыстанне былое памяшканне польскага спартыўнага клуба «Сокул», дзе і працаваў да чэрвеня месяца 1919 г. За першае паўгоддзе Беларускі савецкі тэатр узбагаціўся сіламі, шырока разгарнуў сваю дзейнасць. У склад яго ўвайшлі беларускі хор Тэраўскага і невялікі, але добра зладжаны ўласны аркестр пад дырыжорствам Тхоржа. Тэраўскі пачаў інтэнсіўную гарманізацыю народных песень, каб павялічыць рэпертуар хору. Дырыжор Тхорж падрыхтаваў для аркестра рэпертуар, выкарыстоўваючы мелодыі беларускіх песень і народных танцаў. Хор і аркестр з поспехам выступалі як у самім тэатры, так і ў спецыяльных беларускіх канцэртах.

Недахоп у тэатры артыстычных сіл прымусіў Ф. Ждановіча ў сакавіку месяцы накіравацца ў Вільню, адкуль ён разлічваў прывезці некалькі добрых аматараў беларускай сцэны. Але захоп белапалякамі ў красавіку Вільні не дазволіў яму вярнуцца ў Мінск. Некаторы час (ледзь не да ліпеня месяца) артысты працавалі самапасам, выкарыстоўвалі ўжо даўно адрэпеціраваны рэпертуар. Трупа пачала распадацца. Тады А. Крыніца спрабуе з акцёрамі, якія засталіся, абслугоўваць чырвонаармейскія часці. Ды ўжо фронт набліжаўся да Мінска. Горад быў акупіраваны часцямі генерала Шаптыцкага.

 

18. Новая беларуская трупа пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча ў Вільні. Спектакль «Раскіданае гняздо»

Між тым у Вільні паступова згуртавалася новая беларуская тэатральная трупа на чале з Ф. Ждановічам, які не змог выбрацца з Вільні ў Мінск. Дазнаўшыся пра тое, што віленскія белапольскія ўлады пакуль што не забараняюць беларускі тэатр, шэраг беларускіх акцёраў з Мінска (А. Крыніца, Р. Жакоўскі, Я. Адуцкевіч, Міцкевіч і інш.) перабраўся ў Вільню. Новая трупа, падмацаваная гэтымі сіламі, пачала працаваць інтэнсіўна, паспяхова абслугоўваць працоўных Вільні. Белапалякам хацелася перацягнуць беларускае жыхарства на свой бок, каб захапіць Гродзеншчыну і Віленшчыну. Такія здраднікі сваёй бацькаўшчыны, як пінскі авантурыст Аляксюк, склікалі ў Вільні так званы беларускі сялянскі з’езд Гродзеншчыны і Віленшчыны, спадзеючыся, што з дапамогаю сваіх аднадумцаў з заможнай шляхты і кулакоў ім удасца дабіцца ад з’езда пастановы аб «далучэнні» названых тэрыторый да панскай Польшчы. Каб належна настроіць з’ехаўшыхся сялян, ім зрабілі ўрачысты прыём у дваранскім клубе, дзе добра апранутыя землеўласнікі і іх напарфумаваныя жонкі вялі размовы пра той рай, які чакае беларуса-селяніна, калі ён у складзе панскай Польшчы пачне ладзіць сваё «шчаслівае» жыццё. Не верачы панам наогул, асабліва ж іх цяперашняй ліслівай дружбе са сваім колішнім «быдлам», сяляне ў большасці адмоўчваліся. Не вельмі развязаў ім языкі і пачастунак за супольным з панамі сталом.

Правёўшы такую апрацоўку ў клубе, панства разам з сялянамі пайшло на беларускі спектакль.

І вось тут акцёры былога «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» падклалі разам са сваім рэжысёрам арганізатарам з’езда «свінню»: была пастаўлена драма Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», у якой добра паказана, чаго можа чакаць бедны беларускі селянін ад пана-абшарніка...

Трэба было бачыць, як пачало адчуваць сябе панства, што заняло партэр гарадской залы! Аляксюк ледзь не рваў на сабе валасы, сочачы за ўражаннем сялян ад добра пастаўленага спектакля. Паны пачалі пакідаць спектакль пасля першага і асабліва другога акта. Трэці акт п’есы глядзелі толькі адны сяляне. Яны ж зрабілі сапраўдную авацыю акцёрам за іх добрую ігру... А назаўтра беларускія сяляне Гродзеншчыны і Віленшчыны на пасяджэнні з’езда далі рашучы адпор Аляксюку і яго зграі! Так беларуская трупа выканала свой грамадскі абавязак перад працоўным народам.

Няма чаго і сказаць, што адносіны да беларускай трупы пасля гэтай гісторыі рэзка змяніліся. У польскай прэсе яе сталі называць бальшавіцкай. Працаваць далей не далі — і спектаклі прыйшлося спыніць.

Забароненыя ў Вільні, беларускія артыстычныя сілы пачалі зноў спакваля аб’ядноўвацца ў Мінску.

 

19. Узнікненне труп «Таварыства беларускага мастацтва» і «Беларускай тэатральнай грамады». Іх спектаклі ў канцы 1919 года

Тым часам у акупіраваным белапалякамі Мінску У. Фальскі згуртаваў з хору і рэштак сцэнічных сіл так званае «Таварыства беларускага мастацтва». Яно працавала да лістапада 1919 г. Так, 18 кастрычніка 1919 г. у «Беларускай хатцы» сіламі гэтага таварыства была пастаўлена камедыя «Жаніх без шлюбу» М. Кудзелькі (М. Чарота). У нумары 3-м газеты «Беларусь» рэцэнзент М — іч пісаў: «Спектакль прайшоў бы добра, каб толькі артысты парупіліся вывучыць ролі. Гэта... было прыкметна нават у аўтара гэтай п’есы, які прыняў удзел у ігры...»

У кастрычніку пачала дзейнічаць у Мінску і так званая «Драматычная секцыя беларускай тэатральнай грамады» пад кіраўніцтвам Сымона Музыкі. 25 кастрычніка ў «Беларускай хатцы» гэта трупа паставіла камедыю ў трох дзеях «Ашукаліся» М. Крапіўніцкага. У газеце «Беларусь» (№ 8, 1919 г.) рэцэнзент Артыст пісаў пра пастаноўку наступнае: «Спектакль прайшоў вельмі добра. Трэба адзначыць п. Лапця Старшага ў ролі Драйка, п. Дудара ў ролі Куксы і п. Музыку ў ролі Нічыпара, які быў беспадобны ў сваёй ігры. Але пісар (Аркадзь) быў зусім немагчымы... З іншых артыстаў досыць добра ігралі Гаротны ў ролі Антона, Лапаць Малодшы (Васіль), Сумная і іншыя. Шкодзіць толькі недахват у артыстаў грамады беларускай адзежы і хору, без чаго вельмі цяжка рабіць пастаноўку беларускіх народных п’ес».

26 кастрычніка тая ж трупа першы раз у «Беларускай хатцы» ставіла новую драму В. Адамава «Разбагацеў» у 2 актах — з жыцця яўрэяў-палешукоў. Рэцэнзент Артыст у газеце «Беларусь» (№ 8, 1919 г.) сцвярджаў: «П’еса не мела поспеху ў публікі, хоць артысты вельмі шчыра аднесліся да выканання яе. Галоўным чынам дзеля таго, што п’еса напісана з жыцця яўрэяў, дзе можна, не сур’ёзна адносячыся, упасці ў шарж. Гэтага не было. Усе былі на сваіх месцах».

31 кастрычніка ў гарадскім тэатры трупа «Таварыства беларускага мастацтва» паставіла новую п’есу У. Галубка ў 4 актах «Праменьчык шчасця». Як адзначыў рэцэнзент С. П. («Беларусь, № 12, 1919 г.), у п’есе «месцамі вызначаюцца жывыя вобразы. Але аднымі выклікамі «Свабода!» яшчэ не характарызуецца рэвалюцыя. Таксама старую казку кахання не шкодзіла б абмаляваць новымі фарбамі. Артысты ігралі добра. Болей з іх вызначаліся: Супрон (сам аўтар), Марыся (П. Васілёк), Лявон (Цвяткоўскі) і пісар (Бусел)».

2 лістапада ў «Беларускай хатцы» трупай пад кіраўніцтвам Сымона Музыкі ставілася камедыя ў 1 дзеі «Пасля смерці» С. Іванова. У заключэнне адбыўся дывертысмент.

Праз два дні ў памяшканні гарадскога тэатра адбыўся ўрачысты канцэрт. Увесь збор ад яго пайшоў у карысць хору Тэраўскага, матэрыяльны стан якога быў цяжкім.

Урэшце, 16 лістапада ў «Беларускай хатцы» трупа пад кіраўніцтвам Сымона Музыкі паказала новы фарс у І акце «На маскарад» С. Іванова.

 

20. Вяртанне Ф. Ждановіча з Вільні ў Мінск. Рэарганізацыя «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі»

У другой палове лістапада Ф. Ждановіч і артысты беларускай трупы, што працавала ў Вільні, вярнуліся ў Мінск. 29 лістапада адбыўся сход членаў «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі». У яго склад апрача старых членаў Ф. Ждановіча, Янкі Беларуса, А. Крыніцы, Р. Жакоўскага, Я. Адуцкевіча, М. Міцкевіча, Лабаноўскага, В. Тарасік, Е. Станкевіч, Л. Лабаноўскай, В. Жылінскай, Л. Навахацкай і іншых увайшло шмат новых запрошаных артыстаў. Была зроблена пераарганізацыя таварыства, выбраны новы прэзідыум і старшыня.

У пятніцу, 12 снежня, у памяшканні гарадскога тэатра сіламі «Таварыства беларускага мастацтва» ставілася другі раз у Мінску п’еса У. Галубка «Праменьчык шчасця». Рэцэнзент Натусевіч у «Беларусі» (№ 49) пісаў: «Гэты новы твор нашага драматурга дужа спадабаўся люднай публічнасці, якая з неаслабным інтарэсам назірала за ігрою артыстаў. Старанная ігра і добра вывучаныя ролі артыстаў-аматараў зрабілі сваё». Найбольшы поспех выпаў на долю самога аўтара, які быў у ролі аканома. «Праведзена яна была з непадробным мастацтвам, тонкім гумарам і натуральнасцю. Дастойнай па сцэне партнёршай У. Галубка была аканомка Альжбета. Добра зразумеўшы сэнс сваёй ролі і ўлажыўшы апрача гэтага стараннасць і здольнасць сваю, яна з сваім заданнем справілася лёгка. П. п. Святляк (у ролі Ігната), Сняжынка (у ролі Марысі) шчыраю ігрою і глыбокай прадуманасцю сваіх роляў шмат дапамагалі агульнаму ўражанню. П. п. Бусел (у ролі пісарчука), Цвяткоўскі (у ролі Лявона), Сымон Музыка (у ролі гаспадара) дружна справіліся са сваімі ролямі. Славуты беларускі хор Тэраўскага, выступіўшы ў апошнім акце, значна павялічыў зацікаўленасць публікі да п’есы, словам, спекталь прайшоў добра і жыва».

 

21. Першы спектакль пасля рэарганізацыі таварыства

Трупа «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» 19 снежня ў гарадскім тэатры паставіла драму ў 4 дзеях «Апошняе спатканне» У. Галубка. Пра гэты спектакль Ясакар (З. Бядуля) пісаў у № 50 «Беларусі» наступнае: «П’еса гэта досыць вядомая. Вызначаліся сваёй добрай ігрою браты Ждановічы, Галубок, В. Тарасік і іншыя. Трэба адзначыць, што Вера Тарасік за час сваёй трохгадовай артыстычнай працы шмат паспела ў выкананні самых адпаведных роляў. Безумоўна, артыстычны талент яе ўсё болей развіваецца. Што датычыцца нашых артыстак у ролях старых кабет, дык нельга не ўспомніць аб тым, што ў іх не было ні падыходзячага грыму, ні голасу. І гэта — іх заўсягдашні дэфект.

Хаця «Апошняе спатканне» ўжо некалькі разоў апрацоўвалася аўтарам і ўжо надрукавана асобнай кніжкай, аднак жа яшчэ вымагае паправак. Галоўным чынам апошні акт, дзе стражніцкая праз меру філасофія даводзіць публіку да маркоты і гэтым парушаецца цэльнасць драмы».

 

22. Цяжкія ўмовы дзейнасці беларускай трупы пры белапольскай акупацыі

З 26 снежня 1919 г. трупа таварыства іграла ў будынку гарадскога тэатра адначасова з польскай трупай Скомпскага. Нягледзячы на тое, што мела яна толькі два найгоршыя дні ў тыдзень (панядзелак і пятніца), публікі было заўсёды поўны тэатр. Аднак матэрыяльна гэта не магло забяспечыць артыстаў. Да іх зноў завітаў голад, які пакінуў цяжкі след: з-за голаду і іншых цяжкіх умоў 1 снежня пакончыў з сабой Рамуальд Жакоўскі, артыст-самародак, талент, які шмат абяцаў у будучыні. Гэта падзея і «салодкія» ўражанні белапольскай акупацыі выклікалі сярод беларускіх артыстаў такі настрой, што провады цела Жакоўскага на могілкі выліліся ў выразную проціпольскую палітычную дэманстрацыю.

Тут жа прывяду характарыстыку тых умоў, у якіх працаваў тагачасны беларускі тэатр. Вось што я запісаў са слоў аднаго са старых артыстаў трупы: «У часы польскай акупацыі працаваць нам у Мінску было вельмі цяжка. Славуты палітычны камісар пан Фастовіч пачаў забараняць адну беларускую п’есу за другой. То ў якой, па яго зазначэнню, змест занадта сацыялістычны, то шмат смерцяў, то занадта многа крыві... Апрача таго, што забараніў «Раскіданае гняздо» Купалы, «Апошняе спатканне» і «Бязвінную кроў», было нават забараніў такую бязвінную камедыю, як купалаўская «Паўлінка», бо там, бачыце, сам аўтар хоць і не ясна, але кажа, што Якім — сацыяліст.

Адным словам, звёў ён наш беларускі рэпертуар, і так малы, да нічога».

Вось у такіх умовах працаваў наш беларускі тэатр праз увесь час белапольскай акупацыі — аж да радаснай усім беларусам хвіліны, вяртання на Беларусь Савецкай улады.

 

23. Вызваленне Мінска Чырвонай Арміяй. Артысты таварыства ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага тэатра

11 ліпеня 1920 г. Чырвоная Армія вызваліла Мінск. Адразу ж пачалося аднаўленне культурных устаноў.

Па загаду Наркамата асветы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны тэатр. Фарміраванне яго даручылі Ф. Ждановічу. Па той прычыне, што іншых артыстычных сіл тады ў Мінску не было, усе артысты «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі» ўвайшлі ў склад трупы Беларускага драматычнага тэатра. «Першае таварыства» перастала існаваць.

14 верасня 1920 г. у памяшканні гарадскога тэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра.


1955-1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан