epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Панскі гайдук

Гістарычная хроніка ў 5 дзеях, з канца XVI веку (1592-1595 гг.) на Беларусі - з часоў народных паўстанцаў

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
Дзейныя асобы:
ДЗЕЯ І. Ад сахі ў палац
ДЗЕЯ ІІ. З боскай дапамогай
ДЗЕЯ ІІІ. Першыя бліскавіцы
ДЗЕЯ IV. Навальніца
ДЗЕЯ V. Ваўчыца ў западні


 

 

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ

Другая палова XVI веку памятна беларускім працоўным масам. Эканамічнае жыццё ў XVI веку на Беларусі перабудоўвалася: у другой палове гэтага сталецця ўлада зямельных магнатаў Вялікага княства Літоўскага зрабіла ўсё, каб даць абшарнікам і шляхце поўную магчымасць выціскаць з прыгоннага сялянства як найбольш выгад, бо на змену натуральнай гаспадарцы прыйшла грашовая. Зямля атрымала для землеўласнікаў іншую вартасць, таму што збожжа — і асабліва пшаніца — з Беларусі і Украіны знайшлі добрую сабе дарогу за рубеж, а талеры й дукаты пацяклі ў кішэні заможных станаў. Сялянства ўбачыла для сябе чорныя дні бязлітаснай эксплуатацыі і стала тады праўдзіва адно толькі «двухногім быдлам» свайго панства.

І побач з панамі-землеўласнікамі на кару «простага народа» прымасціліся духоўнікі абедзвюх хрысціянскіх, панаваўшых на Беларусі цэркваў, вёўшых паміж сабою змаганне, нібыта з-за «духоўных інтарэсаў» сваёй царквы, фактычна ж з-за тае долі прыбыткаў, якія здзірала царква або касцёл з таго ж прыгоннага мужыка.

Дык зразумела, чаму адгукнулася так ахвоча ў канцы XVI веку беларускае сялянства і чаму так дружна падтрымала яно той рух, які, распачаўшыся на поўдні, з паўстаўшай Украіны прыйшоў і да нас, на Беларусь і ў Галіччыну, сустрэўшы таксама падтрыманне і сярод польскага прыгоннага сялянства. Пачынала ўжо выяўляць сябе і процірэлігійная думка «простага» люду, вельмі, праўда, у невыразных формах.

«Панскі гайдук» адчыняе заслону з мінулага Беларусі ў апошнія гады XVI веку; на суд чытача і слухача п’есы аўтар выносіць сваю працу, творачы яе сярод пякучай будзённай работы нашых вялікіх дзён замацавання ўлады працоўных на ўсходніх частках Беларусі ў той час, калі працоўныя масы Заходняй Беларусі ўсё яшчэ стогнуць пад тым самым прыціскам панскага двара і рэлігійнага чмуту як і ў XVI в., аднавіўшым у ХХ веку толькі свае формы.

 

Дзейныя асобы:

Княгіня Раіна Прушынская - Горская — уладарка Заўшыц і Вызны; удава па 4 мужу; асоба 33—35 гадоў, ганарыстая, тэмпераментная магнатка; прыгожая, жвавая, чорнага воласу.

Пані Даміцэля Магільніцкая — яе прыбліжоная і ахмістрыня; таксама ўдава, асоба 38—40 гадоў; легкадумная весялуха і распусніца, светлага воласу.

Пан Тадэвуш Чарнецкі — намеснік усіх двароў княгіні; стары кавалер за 45 гадоў; хітры і жорсткі адміністратар; сыты, з чэравам; з сівымі ўжо скронямі.

Пан Ян Рымша — маршалак дворны ў княгіні; удавец за 50 гадоў, аматар павесяліцца і выпіць; дабрадушны, з сівымі ўжо валасамі.

Пан Мацей Зубкоўскі — дробны ганарлівы шляхціц з Аранава (паміж Вызнаю і Старобінам); гадоў 40 асоба; тыповы польскі шляхціц, без адвагі.

Пані Зубкоўская — яго жонка; асоба гадоў 30, недалёкая розумам, высока цэніць мужа.

Ксёндз Ігнацы Яхіда — духоўнік княгіні; каля 45 гадоў, ліслівы, кабеталюбівы і святоша на словах і пры людзях.

Матка Міхаліна Геднарская — абатэса жаночага кляштара на Морачы; гадоў пад 60, невялічкая ростам старая манашка, фанатычка, якой усе баяцца.

Вікця — манашка кляштара, жвавая, гадоў 25 дзяўчына.

Франусь Костка — княгінін гайдук, з дробнае шляхты, статны, прыгожы, здаровы хлопец, гадоў 28—30.

Ясуп — татарын, конюх княгіні, гадоў за 35; нямы.

Шыман Яцкялевіч — яўрэй-карчмар на Вызнянскім гасцінцы ля Заўшыц; гадоў за 50, ужо з сівізною, якая павялічылася к 1595 г., начытаны, пісьменны і крыху філосаф.

Пэся — яго жонка, гадоў за 45; недалёкая, палахлівая, змучаная жыццём.

Хася і Абрумул — дзеці Шымана; дачка гадоў 25, прыгожая, смелая; сын гадоў 18—19; увесь у матку; такі ж палахлівы і недалёкі.

Паўлюк Байстручэня — вясковы хлопец 25—26 гадоў; падданы княгіні з вёскі Падлессе, што на краі Марачанскае пушчы; гайдук княгіні ў 1592—1593 гг.; у 1595 г. атаман Байструк, падручны Налівайкі. Статны, здаровы, адважны, удалы хлопец.

Мікіта Цыга — конюх княгіні, гадоў 22—23. Выхаваны ў Заўшыцкім двары з цыганскага кінутага дзіцяці. Чорны, як жук, жвавы, вясёлы, таварыскі. У 1595 г. есаул і атаман Байструка.

Ульяна Карабчанка — вясковая дзяўчына 21—22 г.; падданая княгіні з Падлесся, што ля Морачы; дачка заможнага селяніна; прыгожая, ціхая; выдатная танцорка.

Стэфа — манашка кляштара, малодшая сястра Ульяны Карабчанкі, адменная ад яе толькі валасамі, але незвычайна падобная на сястру і голасам і тварам.

Манашак без імя — ні то манах, ні то паслушнік; чалавек за 40 гадоў; валацуга і прапойца; агітатар праваслаўя ў тыя часы.

Сымон — палясоўшчык княгіні, селянін гадоў 35.

Аксіння (Сымоніха) — яго жонка, гадоў за 30.

Нічыпар — бацька Сымона, стары палясоўшчык Прушынскіх; пад 80 гадоў.

Фурман П. Зубкоўскага — селянін гадоў 40.

Пятрусь — сын Сымонаў, хлопчык гадоў 11.

Апанас — казачы сотнік, прыгожы загарэлы запарожац, гадоў 40.

Гайдамацкі сотнік — невядомых гадоў чалавек.

Мустафа-Бей — сотнік крымскае вольніцы; гадоў за 35; худы, тонкі, як уюн; чорны.

Трое праезджых шляхціцаў.

Манашкі кляштара.

Шляхта — уцекачы ў Морач, у кляштар.

Запарожцы, гайдамакі, крымцы і беларускія сяляне - паўстанцы.

Гайдукі і слугі княгіні і шляхты.

Пакаёвыя дзяўчаты з Заўшыцкага палаца.

Сяляне, сялянкі і моладзь з Заўшыц.

Дзяды і бабы стуль жа.

Дзея І адбываецца ўвосень 1592 г. у Заўшыцах ля мястэчка Вызны, што на Случчыне.

Дзея ІІ — вясною 1593 г., там жа.

Дзея III — у верасні таго ж года, таксама там.

Дзея IV — праз два гады (улетку 1595 г.) на Вызнянскім шляху ля Заўшыц.

Дзея V — тады ж, але ўжо каля Марачанскае пушчы, на парозе Палесся.

 

ДЗЕЯ І. Ад сахі ў палац

Задні план сцэны заняты: налева — больш, чым да сярэдзіны,— тылавым фасадам княжацкага палаца (у стылі будынкаў XVI веку на Беларусі), з высокім ганкам-тэрасаю, сходы якога спускаюцца ў сад; направа — брамаю ў сад і агароджаю апошняга, за якімі відаць некаторыя іншыя будынкі княжацкага двара. Проці ганка-тэрасы, усю сярэдзіну сцэны займае шырокі прагал, які з абодвух бакоў абступілі высокія ліпы. Калі заслона паднята, за брамаю натоўп сялян, якіх гайдук, што стаіць на старожы, не пускае ў сад. Некалькі слуг ставяць на козлікі бочкі з пітвом, выкочваючы іх з клеці палаца з-пад ганка. На тэрасе таксама рух: пакаёвыя дзяўчаты ставяць лаву, пакрываючы яе дываном, а перад ёю крэсла для княгіні, ад якога ўніз па сходах яны высцілаюць вузкі дыван-дарожку.

 

Гайдук (што ля брамы). Ото бязглузды! Выразна ж казаў вам: пан намеснік даў загад пусціць у сад адну толькі моладзь, што вітацьме княгіню! А таму няма чаго паднімаць гоман і спрэчкі! Нікога я з вас у сад не пушчу!..

Галасы сялян (гнеўныя):

— А мы што ж для пана намесніка хіба не людзі? Не такія ж падданыя княгіні?!

— Чым мы горшыя ад моладзі?..

— Сёння і нашае свята!..

— Мы тта хіба не працавалі, не высіляліся на князёўскіх палях?!

Гайдук. З моладдзю іншая справа!.. Ім загадалі добра вымыцца... апрануцца ў святочныя вопраткі...

Голас селяніна (перабівае). Да мы ўжо ў полі ўласным потам мыліся!

Гайдук (рагочучы). Ось таму вас у сад і не пускаюць, што вы... потам мыліся!.. Нат адсюль чуваць, як ад вас смярдзіць!..

Галасы сялян (гнеўныя):

— Як гаруеш над пшанічкаю панскаю, дык ты, хаме, смярдзіш! А пшанічка вось, што вырасла нашаю мазольнай працаю — не смярдзіць, нябось, панам?!

— Дзіва ж, калі за яе гандляры талерамі ды дукатамі плацяць!..

— Такая вось нам аддзяка за крывавы пот!..

Кабета (што стаіць спераду натоўпу). Чаму ж гэта панам наша сястра не смярдзіць, калі вы яе...

Гайдук (апошняму мужчыне). Ну, ты там, галадзёр!.. Не мялі языком, калі не хочаш атрымаць бізуноў на стайні! А то й перад усім сходам — каб памяталі ўсе гады, як трымаць язык за зубамі! (Да кабеты.) Ты ж, старая патарчака, супакойся!.. Цябе, трухлявую калоду, нават чорт з балота не зачэпіць, не то каб захацеў пакаштаваць на смак!.. Ха-ха-ха!

Галасы сялян (гнеўныя):

— Сам ты гад! Яшчэ скаліцца, сабачы сын, бізуном пагражае!..

— А хіба ж ваш брат, дворны, з сытасці, з гультайства, не паганіць нашых жанчын, не гвалтуе дзевак, а то й старых баб, як гэтая?!.

Гайдук (са злосці). А псямаць ваша!.. Няхай вось толькі выйдзе з палаца пан Чарнецкі — я скажу яму, хто тут з вас народ бунтуе!.. Прэч адсюль, быдлё, не то я... (Замахваецца выхапленай з-за пояса нагайкай; натоўп паспешна падаецца ад брамы.)

Голас з натоўпу (пагрозна). Пачакай! Папомнім мы вам сабачую службу!.. Каты!..

Тым часам здалёк, усё набліжаючыся, чуцён спеў дзяўчат і хлапцоў. Пяюць адну з дажынкавых песень:

 

У полі пшаніца

Каласочкі кліча,

Коласам махае,

Голасам гукае:

Хоць мяне сажніце,

Хоць дзічэць пусціце!..

Не магу стаяці,

Коласу дзяржаці!..

 

Слугі ў садзе і на ганку канчаюць падрыхтаванні: на сталах пастаўлены закускі і каўшы для піва; у баку ад іх, пад дрэвам,— лаўка для музыкаў.

Праз хвілю на ганак выходзяць: княгіня Раіна Прушынская-Горская, пані Даміцэля, ксёндз Ігнацы Яхіда, намеснік двароў княжацкіх пан Чарнецкі і маршалак дворны пан Рымша.

Чарнецкі (ідучы блізка каля княгіні). З тым большаю ахвотаю рыхтаваў я гэтыя дажынкі, яснавяльможная пані-княгіня, што хацеў пазабавіць вас песняю і скокамі!.. Я загадаў, каб прыйшлі лепшыя танцоры і спевакі з вёсак, што выклікаў я на пшанічную талаку!.. (Здымае шапку і нізка кланяецца.)

Княгіня (маўкліва-сумная). Добра! Дзякую пану! (Як бы пра сябе.) Але што мне ўсё гэта!.. Як хворая тая: нішто не цешыць!.. (Да Даміцэлі.) Якісьці несупакой, незадавальненне!.. І сёння, як учора, як наогул усе апошнія дні!..

Даміцэля (упаўголаса ёй). О, пані ж Раіна ведае, што значыць жыць удавою!.. (Нагінаючыся да вуха княгіні.) Кахання, кахання нам з вамі трэба, найяснейшая!..

Кс. Яхіда (набліжаючыся да княгіні; лашчавым голасам духоўніка). Больш малітвы перад сном — і міласлівы збаўца пашле вашай светласці супакойны сон!.. Больш малітвы, устаўшы з пасцелі,— і неба дасць найяснейшай пані поўны радасцяў і ўцехі дзень!.. Так вучаць нас святыя айцы нашага касцёла!.. (Пад канец складвае рукі далоньмі, як на малітву.)

Даміцэля (з вясёлаю ўсмешкаю, гледзячы на яго). О, ойча Ігнацы!.. Яе зацна-мосць, мне ся здаецца, нямала праводзіць часу ў сваёй капліцы, але ў гады яснейшай пані ці ж гэта адно можа даць поўнасць жыцця?!. (Іграючы вачыма і наблізіўшы вусны да вуха духоўніка.) Мы ж не манашкі, пане Ігнацы, і ў нашыя гады спадзяёмся яшчэ і на водгукі сэрца!.. Як вы гэтага не разумееце?!.

Княгіня (стоячы ля балясін ганка, заўважае гоман ізноў згуртаваўшыхся ля брамы сялян). Што такое?.. Пане Тадэвуш, даведайцеся, калі ласка, што там дзеецца!..

Чарнецкі (з павагаю). Слухаю, ваша мосць!

Даміцэля (падыходзячы і становячыся побач). Які, аднак, пан Фэліберт няўдзячны! Ваша мосць прэзентавала для яго дзічыну, а ён не візітаваў нават, каб аддзякаваць ясную паню за ўвагу!..

Княгіня (у задуме). Што ж!.. Пан Фэліберт стомлены доўгім гасцяваннем у Кракаве...

Даміцэля (упаўголаса, смеючыся). Не так Кракавам, кажуць, стомлены, як кракавянкамі! Апроч таго, яшчэ гульнёю ў косці ды картамі. Кажуць, ізноў зазываў да сябе карчмара, каб той у Навагрудку дастаў яму грошай хоць пад вялікі працэнт!..

Княгіня (непарушная). Мяне гэта зусім больш не цікавіць!.. (Стаіць задуманая, гледзячы перад сабою ў сад.)

Даміцэля (ціха). Пані Раіна даўно ужо не была такая!.. Так нельга!.. (Адыходзіць і паціху гаворыць з ксяндзом.)

Адказаўшы на загад княгіні: «Слухаю», пан Чарнецкі жвава збягае з ганка і накіроўваецца да брамы. Пры яго з’яве гоман натоўпу сялян заціхае і чуваць выразна спеў жней, якія ўсё бліжэй падыходзяць.

 

 

Каціўся вяночак з поля,

Ды прасіўся ён да пакоя:

Пусці ж, пані, да пакою,

Бо я ў полі настаяўся,

Буйных ветраў наслухаўся,

Дробным дажджом намачыўся.

 

 

Гайдук (да пана Чарнецкага, які падыходзіць). Старыя тут сабраліся... Дамагаюццца ў сад... лаюцца... пагражаюць!..

Чарнецкі (здушаным голасам, каб не чуваць было яго на ганку). Па-гра-жа-юць?! Хто пагражае? (Выскачыўшы за браму, выхоплівае з-за пояса сваю куцую нагайку.) А, хам’ё, псякрэў!.. Нагая захацелі?!

Галасы сялян (натоўп падаецца крыху назад; нізкія паклоны):

— Просім, пане, міласці вашае: дазволіць і нам на дажынкі... перад яе, княгініны, ясны вочы!..

— І мы ж, паночку, жалі, і вазілі, і прыбіралі з князёўскага поля!..

Чарнецкі (памахваючы нагаём над схіленымі галовамі). Нікому... апрача моладзі!.. Быў мой такі загад, і такім ён застанецца! Чуеце?!

Галасы сялян:

— Хіба ж мы не такія, як і моладзь, князёўскія людзі??

— Будзь ласкаў, пане!

Чарнецкі (гневаючыся). Вы думаеце, я забыў, як леташнім годам вы перапіліся тут ды палезлі ў палац са скаргамі?! Хто папрабуе з вас старожы пагражаць альбо лаяцца — таму я ўласнаручна скуру спушчу! А, паганцы! Распусцілі вас вельмі! Сцеражыцеся!.. Бо мая рука заўсёды проці шэрсці гладзіць! Прэч, лайдаччо, адсюль! І як найхутчэй!.. (Яму моўчкі, кланяюцца і з уздыхамі адыходзяць.)

Чарнецкі (да гайдука). Не пускаць гэтых гультаёў на вочы пані княгіні!.. Не то — памятай!..

Гайдук (жвава). Слухаю, пане намеснік!

 

Яшчэ лепш чуцён падыходзячы хор. Па знаку дворнага маршалка пана Рымшы княгіня, а за ёю і другія займаюць месцы. Пані Даміцэля сядае побач з ксяндзом на лаве.

 

Чарнецкі (падышоўшы, з уклонам). Гэта старыя дамагаліся, каб гайдук пусціў іх у сад...

Княгіня (кепска яго слухаючы; задуманая). Так, так!.. Дзякую, пане Тадэвуш!.. (Праз хвіліну, як бы ачнуўшыся.) Чуеце? Добра пяюць!.. (Да п. Яна Рымшы.) Пане Яне, а ў вас усё нарыхтавана?

Рымша (устаўшы з лавы, з паклонам). Так, ясная пані, нагатавалі і мёду, і піва, і бражкі!.. Справадзілі музык... Спадзяюся, што і моладзі і ўсім нам будзе вясёла!..

Даміцэля (вясёла, з усмешкаю). Вы так запэўняеце нас, што я маю ўжо хэнць прайсціся з панам у тане!..

Княгіня (азірнуўшыся на яе, весела ўжо). Пакінь мне пана Яна! Я прыпамінаю, як летась на нашых дажынках пан Ян ну проста-такі пёркам лётаў са мною!.. Я хачу з панам Янам танцаваць!.. (Да пана Чарнецкага.) А што, танцоры з вёсак гэты раз тыя ж самыя?..

Чарнецкі (устаўшы, уважна). Я, ясная панечка, падбаў аб гэтым!.. Будуць, між іншым, з нашага Падлесся, што на Морачы... Стуль адна пара асабліва ўдалая: Паўлюк — зух-хлапец, агонь у танцы і прыгожая дзяўчына Ульяна, першая якраз жняя дажынак нашых!..

Гайдук (ля брамы, адганючы старых). Прэч, вы!.. Дарогу!..

Чарнецкі. Ужо ідуць!

 

Хор моладзі ўваходзіць з песняю ў сад. Жаночая частка хору пяе:

 

 

Ды стань жа, княгіня, на ганачку,

Ды выкаці бочку піва, а другую мёду,

Трактуй хутчэй жнеек і вядзі бяседу!..

Бо ў нас сёння вайна была:

Мы ўсё поле зваявалі,

                        пшаніцу дажалі...

Прымай жа залато дабро

                        ды ў сваё гумно!..

 

 

Мужчынская частка хору за імі ўслед:

 

 

Проша ж, жнеі, ў маю хатку!

У маёй хатцы ўсё ў парадку:

Сталы накрыты, кубкі наліты,

Мае тыя кубкі залатыя,

Півам-мёдам налітыя!..

Налівала ж кубкі сама наша пані...

Яна жнеек даўно ўжо чакала,

Пітва без меры нам нагатавала...

 

 

Падышоўшы да ганка, хор затрымліваецца. Прыгажэйшая з жней, Ульяна Карабчанка, з вянком на галаве і пышным снапом пшаніцы ў руках, з дзвюма другімі жнеямі, якія маюць на галаве вянкі таксама, паднімаюцца на ганак пад спеў такой дажынкавай песні:

 

Ды зялёны бор, зялён

над усімі барамі,—

Ды слаўна наша княгіня, слаўна

над усімі панямі...

Зжатым у полі снопам

цябе мы вітаем!

Вянком гэтым чэсцім,

ім цябе вянчаем!

 

Пры словах: «снапом... вітаем» Ульяна перадае пані-княгіні сноп, а атрымаўшы ад гаспадыні хлеб-соль, перадае яго першаму з жанцоў — Паўлюку, які пазней ставіць яго пасярэдзіне стала з закускамі. Дзяўчына пры гэтым нараспеў кажа:

 

 

Стары й малады хлеб сустракаліся,

Адзін з другім так віталіся:

 

 

Хлапец дадае далей, ёй услед:

 

 

Ось мне, мабыць, ўжо канец прыйшоў! —

Не спяшайся ж, браток, ты мне

                                месца саступаць!..

Запрабуюць мяне, цябе ж доўга

                                стануць даядаць!

 

 

Калі пяюць: «вянком... чэсьцім... вянчаем», Ульяна, зняўшы са сваёй галавы пышны вянок, ускладае яго на галаву пані-княгіні і, пакланіўшыся, адыходзіць. Левая і правая дружкі пазменна падбліжаюцца да княгіні, якая, зняўшы з галавы вянкі, ускладае адзін з іх на галаву намесніка, а другі на Ульяну.

Калі гэтая цырымонія адбылася, дзяўчаты зыходзяць уніз, княгіня ж устае з крэсла і дзякуе.

 

У с е. З дажынкамі, пані-гаспадыня!

Княгіня. Дзякую вам, працаўнічкі мае старанныя, за тое, што скончылі ў полі збожжа жаць, за тое, што багатым снапом мяне адарылі, вянком з каласкоў-кветак галаву маю пакрылі! Хай жа і вам на вашых палетках бог ураджай дасць сабраць, каб усе мы і сыты і здаровы былі!..— А цяперака вас патрактуюць мёдам, півам... Спявайце ж сабе песні, весяліцеся, цешцеся скокамі, каб і я, на вас гледзячы, сёння павесялілася!.. (Садзіцца.)

Рымша (крычыць грамадзе). Дзяўчатам — направа — мёд! Хлапцом — налева — брага! А для ўсіх — піва... вось, у тых бочках!..

 

Моладзь з вясёлым гоманам накіроўваецца да бочак, напаўняе ўзятыя са стала каўшы. Падыходзяць ізноў да ганка. Пан Рымша падае княгіні на тацы кубак венгерскага віна.

 

Паўлюк (падняўшы коўш, прагалашае). За вашае, яснай светласці, здароўе! Зычым вам быць здаровымі і вясёлымі, новых ураджаяў каб дачакаць, сваіх людзей не забываць і вясёлыя заўсёды дажынкі спраўляць!.. (Кланяецца і п’е.)

Ульяна (падняўшы свой каўшэц). Вяльможнай пані княгіні-гаспадыні зычым светлай радасці ў жыцці! (Кланяецца і п’е.)

 

Іншыя, згуртаваўшыся перад ганкам, чакаюць з поўнымі каўшамі ў руках.

 

Княгіня (устаўшы з крэсла і падняўшы свой кубак). Дзякую ж вам шчыра, жанцы мае і жнейкі! Дай божа і вам за год даждаць, каб з новаю збажыною мяне вітаць! (П’е ўвесь кубак, пакідаючы ў ім крыху.) Віват жа новаму хлебу! (Выплёсквае астачу высока ўгору; тое ж робяць, выпіўшы, і іншыя.)

 

Моладзь пяе: «Слава княгіні нашай! Слава!» Дудар і цымбалісты ладзяць тым часам свае інструменты. На прывітальную прыпеўку людзей княгіня, седзячы ў крэсле, удзячна ківае галавою. Затым зварочвае ўвагу на Паўлюка, доўга ў яго ўглядаецца, штосьці шэпча Даміцэлі на вуха, на што тая згодна ківае галавою. Абедзве цікавяцца Паўлюком, прычым твар княгіні пачынае станавіцца ўсё больш вясёлым. Між тым музыкі ўжо падрыхтаваліся і па знаку п. Рымшы ўцялі «Лявоніху». Паўлюк падхоплівае Ульяну, за імі пускаюцца іншыя пары, і ўся прагаліна саду ажывае ад танцуючых. За «Лявоніхаю» іграюць «Мяцеліцу».

Тыя ці іншыя з танцуючых часамі выходзяць з круга і падмацоўваюцца ля бочак, закусваючы потым ля стала. Паўлюк і Ульяна весяляцца больш за іншых.

На ганку слугі абносяць віном панства. Княгіня вясёла гамоніць з п. Даміцэляй, смяецца. Урэшце яны спускаюцца з ганка. За імі п. п. Чарнецкі і Рымша. Апошні дае знак музыкам і, калі тыя сціхлі, прагалашае.

 

Рымша. Ну, цяпер, музыкі, «Лявоніху» для яе міласці, пані княгіні!

 

Музыкі іграюць гэты танец. Княгіня з п. Рымшаю, Даміцэля з Чарнецкім і таксама зазваныя імі з тэрасы гайдук і адна з пакаёвых дзяўчат скачуць «Лявоніху».

Прайшоўшы круг, княгіня зварочваецца вясёла да хлапцоў і дзяўчат, якія стаяць і глядзяць, але не танцуюць.

 

Княгіня. Што ж стаіцё?.. За намі!..

 

Некалькі пар далучаюцца. Паўлюк з Ульянаю не танцуюць, аб чымсьці паміж сабою гамоняць.

 

Паўлюк. Я ў першы раз бачу княгіню... Якая ж, аднак, яна вясёлая!.. Што б там ні казалі пра яе людзі, я пэўны, што за ёю сялянам лёгка б жылося, калі б не кат гэты, яе намеснік!..

Ульяна. Ну што з таго, што яна й вясёлая або добрая, раз не цікавіцца, кажуць, зусім людзьмі сваімі... іхняю доляю!..

Паўлюк (бачачы, што княгіня набліжаецца да іх). Ціха!.. Ідзе сама да нас!..

 

Княгіня тым часам заўважае, што Паўлюк усё яшчэ стаіць і не танцуе, адпускае пана Рымшу і падыходзіць да Паўлюка.

 

Княгіня (весела). Як цябе, хлопча, завуць?

Паўлюк (кланяючыся). Паўлюк Байстручэня, ваша мосць!

Княгіня. Здаецца, з Падлесся?

Паўлюк. Так, ваша мосць!.. З Падлесся, што на Морачы... Прыехалі на пшанічную талаку...

Княгіня. Мне ўжо казалі, што лічышся лепшым танцорам!.. І праўда! Танцуеш ты добра!..

 

Музыкі, па патрабаванню п. Рымшы, іграюць ужо «Юрачку».

 

Княгіня. Ну, давай пройдземся з табою ў танцы!

 

Пан Рымша танцуе з п. Даміцэляй. Чарнецкі падняўся на ганак. Княгіня, танцуючы, нешта весела гаворыць і штосьці пытае ў Паўлюка. Ульяна стаіць адна і, бачачы Паўлюка ў танцы з княгіняю, робіцца нейкая сумная, як бы штось прадчувае. Прайшоўшыся некалькі разоў, княгіня адпускае Паўлюка і падае знак прынесці ёй на тэрасу крэсла, налева, пад ліпу. Чарнецкі бярэ крэсла, п. Рымша ідзе з тацаю, на якой стаіць поўны віном кубак. Княгіня садзіцца, адпівае з кубка і сочыць за Паўлюком. Танец канчаецца. Усе размяшчаюцца ля бочак і стала з закускамі. Намеснік і маршалак гавораць з паняю, якая не-не ды паглядвае на Паўлюка, які адышоў з Ульянаю ўбок.

 

Ульяна. Аб чым гэта з ёю гаварыў?

Паўлюк. Так, драбяза!.. Пыталася, як жывём мы ў Падлессі...

Ульяна (засмучана, трывожна). Нешта сама апавядала... смяялася...

Паўлюк. Казала, што любіць вясёлых, танцы...

Ульяна (злосная крыху, укорліва). О, наша княгіня любіць весяліцца! Праўду яна казала, але ж... ад яе гэтага вяселля іншым, а асабліва яе падданым слёзы ліць прыходзіцца!.. Казалі людзі пра яе вясёласці!..

Дзяўчаты (падбегшы). Ульянка, хадзі! Што мы табе пакажам!.. (Падхопліваюць яе і ўтрох адбягаюць убок, туды, дзе частка хлопцаў і дзяўчат згуртаваліся каля стала з закускамі і чагосьці смяюцца. Паўлюк прылучаецца да хлопцаў, што стаяць ля бочкі з бражкаю.)

Двое хлопцаў (праходзячы бокам прагалу). Кажу табе, заглядаецца ўжо на гэтага падлясенскага хлопца!

— Ды кінь ты!

— Ну, далібог жа! Ты вось пасачы сам за ёю, непрыкметна!.. Я, браце, шмат чуў пра яе дзівацтвы!.. Без мужчыны, кажуць, доўга не мо...

— Мала што брэшуць бабы!..

— Кажу табе праўду! Ды ты хіба не чуў пра конюха-татарына... што павесіўся тры гады назад?!

— А ты верыш, што з-за гэтага павесіўся...

— Казалі ж людзі!..

— Казалі, казалі, а вось такія, як ты на хвасце сваім, сарочым, разносяць!..

 

Тым часам да княгіні падыходзіць п. Даміцэля.

 

Княгіня (упаўголаса). Ведаеш, Даміцюся, хлопец гэты мне ўсё больш падабаецца!..

Даміцэля (усміхаючыся). А так! Прыгожы, статны!.. Удалы!.. Кажуць, вельмі смелы: на мядзведзя зімою адзін з ражном ходзіць!..

Княгіня (як бы пра сябе). Такіх нераспушчаных не сустрэнеш сярод нашае шляхты!.. Не кепскі з яго выйшаў бы гайдук?

Даміцэля (усміхнуўшыся). Так, ваша мосць! Гайдуком бы ён стаў добрым!.. Але...

Княгіня (дапытліва на яе глянуўшы). Але... што?

Даміцэля. Але... як жа то?.. Ці выпадае... з мужыком... да двара вашае светласці браць? Мне ся здаецца, пані Раіна магла б любога з акалічнае шляхты ў гайдукі...

Княгіня (запаліўшыся, горача). Якое глупства!.. Хто мне ў гэтым суддзя?.. Суседняе магнацтва даўно ўжо (апроч дзвюх-трох асоб... дый-то мужчын!)... забыла да нашых Заўшыц дарогу!.. Як і я да іх!.. З кім жа мне лічыцца ў гэтым, Даміцэля? Можа, з панам Фэлібертам?..

Даміцэля (жвава). О, хаця ж бы і з ім!.. Пані Раіна ведае, як ён...

Княгіня (настойна, з пагардаю). Пані Раіна,.. ведае... чаго варты ўсялякія гэтыя... сусветныя валацугі!..

Даміцэля (укорліва). Пані Раіна!.. О! Пан Фэліберт такі выхаваны, далікатны, прыгожы!..

Княгіня (з дражлівасцю). І ўсё ж такі... валацуга... якому хопіць тутэйшых шляхцянак... пасля красуль з Кракава!.. Такому... ветрагону... ха-ха-ха! — які ледзь умее ездзіць на кані... дарога да мяне не лёгкая!.. Гэтакія не ў маім гусце!..

Даміцэля (паціху, хітрыкам). Але ж пані Раіна... лічыла патрэбным пасылаць дзічыну!..

Княгіня (смеючыся). Гэта так толькі... дзеля забавы!.. Ад нуды!.. Ха-ха-ха!..

Даміцэля (смеючыся). Так-то яно, так!.. Але ж яго... Паўлюка... можна было б...

Княгіня (перабіваючы). Не! Я лічу, што гайдуком ён стане гожым... Пакліч мне яго!..

 

Даміцэля падзывае знакам рукі Паўлюка, які, адышоўшы ад хлопцаў, затрымаўся якраз блізка. Паўлюк, заўважыўшы знак Даміцэлі, жвава падыходзіць.

 

Паўлюк (з уклонам). Да паслуг вашае мосці!

Княгіня (углядаючыся ў яго, прыветна). Вось што, Паўлюк!.. даволі табе ў Падлессі за сахою хадзіць ды з марачанскімі мядзведзямі побач жыць!.. Згадзіўся б ты служыць гайдуком у мяне?.. Пры палацы жыць... Сцерагчы-бараніць мяне, а іншы раз уцешыць... бо й танцор ты ўдалы?.. Ну як?.. Згадзіўся б?..

Паўлюк (кланяючыся ў пояс). Як вашай яснай міласці воля будзе!.. (Задумваючыся крыху.) Толькі вось не ведаю, як быць з маткаю!.. Адзін я ў яе... Без мяне ў падсуседзях у бядноце загіне!..

Княгіня (задаволена). Значыцца, згодзен!.. Аб матцы ж не клапаціся!.. Я аб ёй падбаю... (Да п. Рымшы, які ў гэты момант да яе набліжаецца.) Пане Яне!

Рымша (жвава падышоўшы). Слухаю, пані княгіня!

Княгіня (паважна і ганарыста). Вось перад вамі мой новы гайдук! (Ківае галавою на Паўлюка.) Зараз жа выдаць яму належную прыгожую вопратку!.. Хай тут яшчэ, на народзе, пакрасуецца ў ёй!.. Зразумелі?

Рымша (здзіўлена паглядаючы на п. Даміцэлю, якая стаіць за крэслам ужо з паважнаю мінаю). Гайдук?.. Зараз жа?

Княгіня (глянуўшы на яго). Такая мая ў тым воля!..

Рымша (перш з роздумам). Слухаю, ваша мосць!.. (Да Паўлюка.) Хадзем!

 

Пераходзяць прагаліну паміж людзей. Моладзь выпадкам не зварочвае ўвагі. Княгіня і Даміцэля маўчаць. Ульяна з прыяцелькамі ў гэты момант выдзяляецца ад моладзі, праходзіць недалёка. Калі яна глянула ў бок княгіні, тая клікнула яе да сябе.

 

Княгіня (да Даміцэлі). Скажы, каханенькая, каб далі мне яшчэ венгерскага! (Да падышоўшай Ульяны, застаўшыся з ёю адна.) Цябе Ульянаю, здаецца завуць?

Ульяна (кланяючыся). Але, ясная панечка! Ульянаю!..

Княгіня (разглядаючы яе). З Падлесся, што на Морачы?

Ульяна (уважна). Стуль, матачка-княгіня!

Княгіня. Бацьку, матку, братоў маеш?

Ульяна. Матка даўно ўжо памерла... Бацька якраз падвойтам у нас, у Падлессі. Брата аднаго... старэйшага... два гады назад, калі палявалі госці вашае светласці, мядзведзь задзёр. Малодшы ад мяне, якіх гадоў на чатыры, толькі той брат і застаўся...

Княгіня. А сясцёр... што ж не было?

Ульяна (з жалем крыху). Была адна... Стэфа... дык тры гады ўжо таму, як у Марачанскі кляштар забралі... паслушніцаю...

Княгіня. А табе ж тады колькі ўжо?

Ульяна. Дваццаць другі на Міколу веснавога мінула!

Княгіня. А Паўлюку ж вашаму колькі зараз?

Ульяна. Дваццаць пяць!

Княгіня (углядаючыся ўпарта ёй у вочы). Што ж гэта ён змоладу не ажаніўся?.. На вёсцы ж рана жэняцца!..

Ульяна (патупіўшы вочы). Прычына ёсць... (Змаўкае.)

Княгіня. У чым жа справа?.. Кажы!

Ульяна (ціха). Злюбіліся мы з ім...

Княгіня (парушыўшыся ў крэсле). Вось што!.. Далей!..

Ульяна. Ужо два гады, як мы... Тата, аднак, проціў... Але я за іншага ісці не хачу: абяцалася ж яму!..

Княгіня. Так!.. Ну?..

Ульяна. Ён бядак... Прытым... без роду: невядомага бацькі... А мы самыя заможныя ў вёсцы!.. Тата таму проціў гэтага зяцёўства... «Не быць, кажа, гэтаму байструку маім прымаком!..» А Паўлюк мне: «Калі кажа, мяне любіш, дык чакай».

Княгіня. А ты што — любіш яго?..

Ульяна (горача, ціха). Да душы!.. Жыццё, здаецца, аддала б за яго!

Княгіня (незадаволена). А ўсё ж дрэнна, што бацьку не слухаеш!.. Ну, ідзі, гуляй сабе!..

 

У гэты момант паказваюцца з палаца п. Рымша і за ім у вопратцы гайдука Паўлюк; ён пры шаблі. Калі яны праходзяць паміж моладзі, Паўлюка пазнаюць і лёгкі гоман прабягае сярод хлопцаў і перакідаецца да дзяўчат. Ульяна таксама заўважае гэта і як бы камянее.

 

Рымша (падвёўшы Паўлюка). Стань жа цяпер на калені перад паняй княгіняю і цалуй яе міласцівую руку, якая выводзіць зараз цябе з курнае хаты ў палац!.. Служы ж за гэта вераю і праўдаю сваёй уладарцы!

Паўлюк (засмучана становіцца на калені і цалуе працягнутую яму княгіняю руку, потым край яе вопраткі.) Дзякую яснай пані за ўсё!.. (Ціха, з раздум’ем.) Але ж я, праўду кажучы, сам не ведаю, ці...

Княгіня (усміхаючыся, да яго). Чаго не ведаеш?..

Паўлюк (шчыра). Ці... лепш гэта для мяне, ці горш...

Рымша (сядзіта бурчыць). А, лайдак!.. Ён яшчэ разважае!.. (Да Паўлюка, ледзь стрымліваючыся.) Ты не маеш нават права выказваць сваёй пані-ўладарцы, як яе падданы, такіх думак!.. Ты належыш ёй і духам і целам!.. Бо падданы — што нявольнік!..

Княгіня (міласціва любуючыся хлопцам і не зварочваючы ўвагі на словы п. Рымшы). Не засмучайся, Паўлюк!.. Цябе чакае тое, аб чым ты і не мог нават марыць, жывучы там, на Морачы!.. Будзь жа адно верны мне, бо гэта першы абавязак добрага гайдука!.. Ну, ідзі сабе, гуляй з хлопцамі і Ульянаю, якая... бачыш, вунь як... здзіўлена пазірае на цябе!..

 

Паўлюк устае з каленяў, кланяецца ў пояс княгіні і адыходзіць да Ульяны, хлопцаў і дзяўчат, якія кінулі распачатыя ўжо гульні, заўважыўшы, што дзеецца.

 

Адзін з хлопцаў (весела). Ну й пашанцавала ж табе, браце!

Паўлюк (паважна). Не ведаю, ці так гэта!

 

Ульяна, засмучаная, сустракае яго. Іх акружаюць. Аглядаюць Паўлюкову вопратку, шаблю, прыгожыя боты. Гамоняць паміж сабою ўсе ціха.

Гоман старых каля брамы настолькі ўзмацніўся, што даходзіць да княгіні, якой п. Чарнецкі, па паведамленню п. Даміцэлі, прыносіць якраз віно ў кубку.

 

Княгіня (жвава, вясёла). Пане Тадэвуш, што там за гоман?..

Чарнецкі. А гэта ізноў, мабыць, старыя дамагаюцца, каб іх пусцілі сюды!..

Княгіня (адпіваючы з кубка). Ну што ж!..

Чарнецкі. Летась богведама што з імі выйшла!.. Як толькі пані княгіня вярнулася ў палац — перапіліся, лайдаччо, і пабіліся паміж сабою да крыві!.. Ледзь я справіўся тады з імі... бо палезлі да пані ў палац адзін на другога скардзіцца!.. Я загадаў гэты раз Франусю зусім іх не пушчаць, бо я пэвен, што і зараз...

Княгіня. Не, не, пане Тадэвуш!.. Дажынкі такія ўдалыя выйшлі... Я вярнула сабе добры настрой... Загадайце, пане Тадэвуш, пусціць сюды павесяліцца і старасць!.. Дайце і ім гарэлкі, піва, закускі!..

Чарнецкі (з паклонам). Воля пані княгіні — для мяне закон!.. (Падазваўшы да сябе знакам гайдука.) Скажаш, што пані княгіня міласціва дазваляе старым прыйсці сюды, але каб быў у мяне парадак!..

Гайдук (варочаецца да брамы). Слухаю пана!

 

Княгіня размаўляе з п. Даміцэляю і п. Рымшам. Пан Чарнецкі сочыць за рогам палаца, з-за якога пасільваецца гоман, сціхаючы, калі паказваецца там гайдук. Паўлюк з Ульянаю прайшлі тым часам за дрэвы, у правы бок сцэны.

 

Паўлюк (азірнуўшыся навокал, абымае і галубіць дзяўчыну). Жыццё ты маё!.. Галубка мая каханая!.. Не сумуй, золатка!..

Ульяна (са слязьмі ў голасе). Вось яны, яе... вясёласці!.. Слёзы мне, боль сэрцу майму!..

Паўлюк (горача шэпча). Красачка мая!.. Разлучаючыся на некаторы час, яшчэ мацней буду любіць!.. Вер мне!..

Ульяна (плачучы, прынікае да яго). Я прадчувала бяду!.. Страту сваю... сэрцам чула!..

Паўлюк (горача). Лябёдка мая!.. Прызнаюся табе: у гэтым новым стане і я чую нярадасным сябе!.. Куды мілей мне родны загон з чорнаю зямлёю... Пушча наша на Морачы мілей... са звярамі драпежнікамі сваімі, чым вось служба гэтая тут!.. Але што ж: іхняя воля, яе, княгініна, пануе над намі ўлада!..

Ульяна (плачучы, ціха). Забудзеш ты мяне, Паўлючок! Знойдуцца іншыя...

Паўлюк (моцна тулячы да сябе). Кінь, Ульянка, сонейка ты маё, сумаваць!.. Як любіў... да смерці, так буду любіць і надалей!.. Дацерпім-такі свайго!.. (Горача-пагрозна.) А калі б прымушаць сталі!.. Не аддам я цябе, не паддамся сіле!.. (Паказваючы на шаблю.) Пабратаюся вось з ёю — і тады... і тваёю і маёю абаронаю яна стане!

Ульяна (падымае галаву; слёзы адразу спыняюцца і збягаюць з твару; горача). Праўда? Праўда? Значыцца... да смерці... як казаў не раз, любіш?!.

Паўлюк (цалуе яе з запалам). Люблю!.. Як любіў... як буду любіць!..

 

Пачуўшы гоман убегшых у сад старых, яны адыходзяць у глыб дрэў, далей. Тым часам з-за рога палаца, апераджаючы і пхаючы адзін другога, бягуць сяляне і сялянкі. Накіроўваюцца да бочак.

 

Галасы сялян:

— Дзе тут з брагаю?..

— Якое! Гэтая з півам!..

— Ды тут мёд! Гэта бабам!..

— Куды ты, Прузына?!. Тут жа сівуха! Там вунь вашае дабро!..

— Нашто два каўшы ўхапіў? Дай мне адзін!..

— Вось людзі: абы толькі для сябе!..

— У нас так заўсёды!.. Як ёсць гарэлка, дык чуць не біцца!..

— Скула табе ў горла! Пусці!

 

Першы момант ля бочак стаіць страшэнная мітусня. Моладзь сустракае старых смехам, жартамі. Адзін сівы дзядок асабліва мітусіцца з вялікім каўшом у руцэ.

 

Хлопец (да яго). А божа ж мой!.. Ды табе б, дзедка, на печы грэцца, а не сюды перціся! Сослепу глядзі, каб не патрапіў замест рота сабе пад бораду!.. Хаха-ха!

 

Рогат хлопцаў і дзяўчат.

 

Другі хлопец (да дзеда ж). Ды ты хоць порткі б свае, дзеду, мацней падцёг, а то як бы не асароміўся перад людзьмі!.. Ха-ха-ха!

Дзед (да моладзі, сярдзіта). Зубаскалы! Лепш соплі б свае падцерлі, а то... лезуць яшчэ з парадамі...

 

Урэшце старыя, з напоўненымі каўшамі, падбліжаюцца да княгіні, якая са смехам сачыла за іх мітуснёю. Адзін са старых выходзіць наперад ад усіх.

 

Стары (у пояс кланяючыся княгіні). Яснай светласці вашай, панечка, зычым добрага пшанічкі ўмалоту, каб не было год цэлы клапоту, каб нам, вашым людзям, ды пры княгіні добра жылося, каб за вамі, панечка, мёд і піва вялося і пілося, ды каб дзеля гэтага ў княгініных свірнах усялякае збожжа заўсёды вялося!.. (П’е.)

Дзед (што з вялікім каўшом, шамкае). Благаслаў, божа, нашай пані ды цяжкі, важкі сноп!.. (П’е. )

Княгіня (весела адказаўшы ўклонам галавы абаім). Дзякую!.. Шчыра вам дзякую!.. Піце ж на здароўе!

 

Старыя варочаюцца да бочак, п’юць. Як толькі хмель ударыў ім у галаву, нехта крычыць музыкам:

 

Голас старога. Гэх! «Мяцеліцу» б цяпер!..

 

Па знаку княгіні музыкі іграюць «Мяцеліцу». Старыя, пад смех і жартаўлівыя ўскрыкі моладзі, пускаюцца ў скокі. Стары дзед госае бяссільна на месцы.

Пакуль ідзе гэта вясёлае скаканне, частка старых, паміж сабою згаварыўшыся, падбліжаецца да крэсла княгіні. Пан Чарнецкі, які з нездавальненнем сачыў за старымі, заўважае гэты намер старых, непрыкметна для іх паказвае блізкае да сябе месца гайдуку Франусю, а сам становіцца так ля крэсла, што лёгка можа засланіць сабою нарыхтаваўшыхся аб нечым жаліцца княгіні. Калі гэтыя старыя апынуліся каля крэсла княгіні, адзін з іх падае на калені і працягвае да яе рукі.

 

Стары. Ясная ваша міласць, матачка княгіня!.. Дзе ж гэта відана, дзе ж слыхана, каб не было літасці нат да нас, старых людзей!.. Вось проша пабачыць крывавыя бізугі, што ляглі на маёй старой, згорбленай ад працы на князёўскіх палетках спіне!.. Ён жа ў кроў збіў мяне!.. Бачыце. (Хоча сцягнуць з сябе сарочку, павярнуўшыся ў бок княгіні.)

Княгіня (пахмурнее, потым, як бы не разумеючы, пытаецца, не азіраючыся на таго, які жаліўся). Як, кажаш?..

Стары (не зразумеўшы, паспешна). Нагаём свамі, панечка, збіў!.. Іншыя пацвердзяць, бо...

Чарнецкі (чырванее са злосці; сярдзіта). Ах, лайдак! Пабіўся з другім ды яшчэ лезе п’яны са скаргаю да пані княгіні! Прэч адсюль!.. Франусь, выведзі яго! (Пагражае іншым, хто жаліцца, і тыя толькі мармычуць.)

Старыя (ужо нясмела):

— Што вы, пане! Бойцеся ж бога!..

— Ці так жа справа была?!.

Княгіня (устае гнеўна з крэсла, да старых). Я паставіла пана Чарнецкага намеснікам сваім над вамі, дык яму і прыносьце свае скаргі.

 

Ідзе незадаволеная з п. Рымшам да ганка. Пры яе з’яве на тэрасе падпіўшы ксёндз, заўважыўшы яе незадаволенне і згадаўшы, у чым была справа, заплятаючыся нагамі, спускаецца са сходаў і падыходзіць да старых.

 

Кс. Яхіда (умільна; хочачы мець уплыў на старых). Дзеткі мае!.. Што робіце?! Пан бог загадаў несці павіннасці свае, нават часамі і цяжкія, з цярплівасцю і надзеяю на яго ласку!..

Чарнецкі (сярдзіта на яго). Ойча Ігнацы! Мы не ў касцёле!.. Там ды і то інакш трэба размаўляць з гэтым быдлём!.. Напіліся і... пачалі пані княгіні адзін на другога скаргі разводзіць!..

Кс. Яхіда (ізноў). Ах вы, непаслухмяныя авечкі стварыцеля нашага! Вечнае ж пекла прыгатавана таму, хто ў га*ры топіць душу сваю!..

 

Княгіня тым часам заўважае Паўлюка з Ульянаю ў куточку саду, перш гнеўна ўзіраецца ў іх, потым смяецца і паспешна праходзіць у палац. Пан Рымша знікае ўслед за княгіняю. Пані Даміцэля, зразумеўшы княгіню, усміхаючыся, сочыць за Паўлюком і Ульянаю. Потым таксама ідзе ў палац.

Пан Чарнецкі, бачачы, што, апрача яго і ксяндза нікога няма, накідваецца на старых.

 

Чарнецкі. Я вам дам скаргі княгіні разводзіць!.. Біў вас і буду біць, пакуль дух звыклага непаслухмянства з вас не выб’ю!.. Я вам не мой папярэднік, пры якім вы, гультаі, распусціліся вельмі!.. (Да гайдука Франуся, які ўжо вярнуўся.) Бяры вось яшчэ гэтых двух на стайню! Усім ім па дзесяць гарачых канчукоў даць, каб памяталі лайдаччо, як скардзіцца!..

 

Яго тоўсты карак чырванее са злосці. Чмыхаючы носам, ён накіроўваецца ў іншы бок саду і там натыкаецца на выходзячага Паўлюка. Пазнае хлопца і не вытрымлівае.

 

Чарнецкі (здзіўлена затрымліваецца; уголас, бадай). Гэта яшчэ што за навіна?! Авантура ізноў, мабыць!.. Ну, дажынкі сёлета!

 

Паварочваецца і сярдзіта паспяшае да ганка, а ў дзвярах палаца ледзь не налятае на выходзячую стуль паню Даміцэлю. Музыкі маўчаць. Старыя, засмучаныя, стаяць навокал ксяндза, які прабуе і далей іх навучаць.

 

Кс. Яхіда (злёгку хістаючыся). Грэх вялікі перад спасам нашым, непаслухмянства... скарга на ўладароў і апекуноў вашых... п’янства... бойка паміж сабою!..

Адзін селянін (не выцерпеўшы). А калі гэтага, ойча, зусім не было?..

Кс. Яхіда. Як то не было?.. Я сам бачыў...

Селянін. Што бачылі?.. Як яны нібыта напіліся і між сабою пабіліся?.. Пан жа намеснік іх збіў!.. І зараз вунь пацяглі біць!..

Кс. Яхіда. Але ж яны непаслушліва сталі скардзіцца!.. Замест таго каб сцярпець бацькоўскую навуку, узбурыліся даводзіць сваю нібыта праўду, скардзіцца! Гэта таксама вялікі грэх прад богам!.. Святы Сільвестар, напрыклад, калі паганцы білі яго палкамі, казаў: «Малюся за вас, бо рука тварца майго кіруе вамі!.. Яго на тое святая воля!»

Даміцэля (заўважыўшы падпіўшага ксяндза). Ойча Ігнацы! Проша зайсці ў палац: да вас ёсць там пільная патрэба!..

Кс. Яхіда (пачуўшы і ўбачыўшы яе). І прынесла яму галубіца ветку, як знак жыцця!.. Іду! Іду! (Пад ненавісныя і насмешлівыя погляды сялян марудна паднімаецца на ганак; потым кажа п. Даміцэлі.) Я хачу быць усюды, дзе толькі можа быць услаўлена імя боскае!..

 

Пані Даміцэля штосьці шэпча яму; ён усё-ткі варочаецца да недапітага на стале кубка і з ім ужо знікае ўслед за ахмістрыняю ў палац.

Сяляне абураны. Яны выказваюць гэта прыдушанымі гнеўнымі сваімі ўскрыкамі.

 

Галасы сялян:

— Аддала нас на здзек гэтаму кату!..

— Бізун на полі! Бізун на стайні!.. І ў будні... і ў свята!

— За крывавую нашу працу адна ў паноў настала падзяка — бізун!..

— А ксёндз жа! Сам п’яны, а яшчэ пагражае нябеснымі карамі за нашае нібыта п’янства!..

— Цалуй, кажа, бізун, бо то рука не ката, а божая рука кіруе ім па вашых спінах!.. Растлумачыў, што і казаць!

— Не стала зусім літасці! Не стала праўды на свеце!

 

На ганак з палаца зноў выходзіць п. Даміцэля. Убачыўшы гайдука Франуся, яна падзывае яго і нешта яму шэпча. Той становіцца на старожы на верхніх ступенях.

Старыя змаўкаюць, затое моладзь ужо ўстрывожана пачутым ад старых. Згасла вясёласць.

Пані Даміцэля падзывае знакам Паўлюка.

 

Даміцэля (яму). Пані княгіня патрабуе зараз жа цябе... на службу!.. (Усміхаецца.)

Паўлюк. А няможна было б мне перш... свае тут справы скончыць? Я б праз хвіліну быў бы вольным...

Даміцэля (ледзь стрымліваючы ўсмешку). Забудзься ўласных спраў! Табе трэба спаўняць ужо... службу!.. Гэта важней будзе тваіх нейкіх там спраў!..

Паўлюк (не разумеючы, чаму зараз жа яго клічуць, калі ён яшчэ не ведае сваіх абавязкаў). Ды я ж яшчэ і службы гэтай спаўняць не ўмею!..

Даміцэля (смеючыся, весела). Навучаць!.. Навучыць цябе, у чым будзе твая пры ёй служба. Ну, не марудзь!

 

Адыходзіць да дзвярэй. Паўлюк спяшаецца да Ульяны. Адвёўшы яе ўбок, ён перш моўчкі абымае яе, моцна цалуе, потым кажа.

 

Паўлюк. Ну, галубка мая, давай развітаемся! Клічуць на службу!.. Будзь жа пэўна і спакойна!

Ульяна (прынікаючы да яго, ціха ўсхліпваючы). Забірае ад мяне!.. Божа ж мой, адбірае!..

Паўлюк (моцна яшчэ раз цалуе яе). Не сумуй, каханая мая! Заўтра ж на вёсцы пабачымся!.. Там жа, за гайком, ведаеш?! Бывай здарова!

 

Калі ён бяжыць ад яе да ганка, Ульяна садзіцца бяссільна на пень і горка плача.

Набягаюць людзі. Іхнія перасуды і чутны і не чутны ёй.

 

Жанчына статная і ўродная. Вось бачылі?! Не дацярпела!.. Паклікала ўжо!.. Так у яе заўсёды, кажуць... зараз жа падай, калі спадабаўся!.. (Рагоча.)

Старая жанчына (да яе). Цьфу ты, паскуда! Людзям слёзы, а ёй смех!.. Глядзіце, як дзеўку забрала!.. Ну дзе ж табе, галубка, з каршуком справіцца!.. (Падышоўшы да Ульяны.) Бачыла!.. Бачыла, саколка ты мая! І ўсё зразумела!.. Не першыня гэта на маіх вачах у княгіні!.. Апошні яе выбранец кепска скончыў! Конюхам ён быў, дык як, пагуляўшы з ім, яна яго са свайго жыцця выкінула, небарака на лейцах скончыў справу!.. Сцеражы ты свайго хлопца моцна, бо... можаш яго назаўсёды страціць!..

 

Ульяна пры гэтых словах як бы шалее. Яна ўскоквае, бяжыць да палаца, кідаецца са слязьмі і крыкам на ганак.

 

Ульяна. Не, не!.. не аддам я табе яго!.. Мой ён!..

Гайдук (перагароджвае ёй рушніцаю дарогу, а калі тая стараецца прабегчы ўперад, піхае яе са смехам уніз). Куды ты, вар’ятка?!

Ульяна (бачыць, як на парозе палаца з’яўляецца п. Даміцэля і з усмешкаю глядзіць на яе; кідаецца ізноў). Не, ніколі на гэта я не згаджуся!.. Мой ён, не яе!..

 

Гайдук так адкідае яе назад, што яна валіцца на ступені і траціць прытомнасць.

Заслона.

 

 

ДЗЕЯ ІІ. З боскай дапамогай

 

Гербавая зала палаца, што служыць княгіні Раіне як бы кабінетам. Каля сцяны, проці рампы, пад балдахінам, княжае крэсла з гербам Горскіх. З абодвух бакоў яго пры сцяне: па адзін бок — турэцкія і татарскія бунчукі, набытыя бацькам княгіні (трафеі вайны), па другі — значок таго коннага рэгімента, якім калісьці камандаваў бацька княгіні пан Тодар Прушынскі. З абодвух бакоў гэтай жа сцяны дзверы ў суседнія пакоі. Налева ў бакавой сцяне дзверы ў патайны пакойчык. Направа ў сцяне тры акны. Пад імі лава, пакрытая багатым усходнім дываном, перад ёю вялікі доўгі стол. На апошнім — прыгожая шкатулка для кляйнотаў, аздобленая разьбою і інкрустацыямі.

Стаіць таксама фігура павы са срэбра з эмаллю. Пакой пышна аздоблены роспіссю ўперамежку з гербамі. Налева, блізка рампы, стол для пісьма з багатым аксамітным абрусам, чарніла ў высокай шклянцы, у горлечку якой гусінае пяро. Дзве-тры старасвецкія кніжкі, папера, высокі шматсвечны ліхтар. За гэтым сталом княжае, высокае, з гербам крэсла. Аднастайныя, але з нізкімі спінамі крэслы ў іншых месцах. На падлозе велізарны дыван, які глушыць крокі чалавека.

Калі заслона паднята — каля правых, проці рампы, дзвярэй, мнучы шапку ў руках, стаіць з апушчанай галавою Паўлюк.

Княгіня гнеўна праходзіць раз, другі па пакоі.

Кажа перш здушаным голасам, каб іх не пачулі.

 

Княгіня (гнеўна). Я падняла цябе... з балота!.. Так высока — у гэты палац!.. Я бачыла ў табе чалавека ў той час, калі ты — мой падданы, проста нявольнік! Рыхтавала табе іншую долю!.. Я так горача палюбіла ў табе таго ранейшага, вясёлага, удалага! Я хацела бачыць цябе сваім рыцарам... любячы мяне... і праз тое шчаслівым!.. Сама хачу з табою шчасця!.. А ты?.. Ты не маеш сілы дагэтуль парваць са сваімі старымі мужычымі пачуццямі!..

Паўлюк (пахмура). Я не магу больш... гэтага!.. Не магу!..

Княгіня (злосна). Не можаш!.. Сцеражыся, Паўлюк!.. Не гняві мяне! Бо ў маіх жылах не тутэйшая кроў! Асцерагайся гневу малдаванкі...

Паўлюк (рашуча, але ціха). Больш так... я не магу! Урэшце, не смею я так далей!..

Княгіня (падбегшы да яго, у твар яму). Бо любіш... тую мужычку... Ульянку!.. Яна табе мілей... за мяне!.. Дык знай жа, мой ты голубе, што я ні перад чым не затрымаюся па дарозе да свайго ўласнага шчасця!.. (Непрыязна глянуўшы на Паўлюка, з гневам выходзіць.)

 

Паўлюк, застаўшыся адзін, перш стаіць моўчкі. Калі сціхаюць крокі княгіні, азіраецца кругом; гаворыць сам з сабою.

 

Паўлюк. Не, галубка!.. Выбачай, мая панечка!.. Я ведаю твае ранейшыя... з другімі выпадкі... Забаваю тваёю быць!.. Каб потым... выкінула мяне, як абрыдлую рэч!.. Не!.. я на такую... службу не здатны! Той раз ты мяне нянацкам... непадгатаваным захапіла... Зачаравала!.. Ну, але цяпер... даволі! Як бы ты ні старалася... гэта табе не выйдзе.

 

Чутны паспешныя крокі княгіні, якая вяртаецца ў залу. Яна ўваходзіць рашучая, ганарыстая, знадворна зусім як бы спакойная.

 

Княгіня (не гледзячы на яго). Зараз жа паедзеш з лістам!..

Паўлюк (пакланіўшыся). Слухаю, ваша мосць!

 

Княгіня садзіцца да малога стала. Піша ліст. Запячатвае яго.

 

Княгіня (холадна да Паўлюка). Ліст гэты неадкладна, зараз жа... адвязеш конна да пана Фэліберта!.. Дарогу да яго ў Станёва табе служба пакажа!.. Аддасі ва ўласныя рукі пану!.. Скажаш, что чакаю не толькі адказу ў лісце, але і як найхутчэйшага прыезду пана да мяне ў госці!.. Зразумеў?

Паўлюк (пакланіўшыся, бярэ з рук княгіні ліст). Зразумеў, ваша ясная мосць!

Княгіня (суха). Зараз жа на каня і ў дарогу!.. А да мяне папрасі пана намесніка!..

 

Калі Паўлюк, яшчэ раз нізка пакланіўшыся, пакідае пакой, княгіня неспакойна ўстае з-за стала, ходзіць нервова па зале, часамі затрымліваецца, задуманая. Як бы пра сябе кажа.

 

Княгіня. Іншага спосабу не застаецца!.. Даміцэлія добра раіла — выдаць замуж, а калі не паслухае — у Марачанскі кляштар!.. (Смяецца злосна.) Падумаць толькі!.. Якаясьці там простая мужычка... твая ж падданая загароджвае табе дарогу!.. Мне, якой да ног складалі сваё сэрца першыя магнаты краю, з-за якой паядынкавалі і губілі сваё жыццё, мне, княгіні Горскай, мо трэба самой саступіць з дарогі, каб панна Ульяна Карабчанка з Падлесся заўладала тым, хто для мяне стаў зараз найбліжэйшым сэрцу чалавекам!.. Глупства, Раіна!.. Ты не такая жанчына, каб даваць іншым дарогу. Не захочаш, галубка, выйсці замуж за таго, за каго загадаю,— саступіш з мае дарогі іначай. (Стук у дзверы.) Уваходзьце!..

Чарнецкі (уваходзіць, кланяецца). Слухаю, найяснейшая пані княгіня!..

Княгіня (ціха). Пане Тадэвуш! Загад мой аб Ульяне споўнены?

Чарнецкі (таксама ціха). Яна ўжо тут... у адным з маіх пакояў!..

Княгіня. А на выпадак, калі прыйдзецца адаслаць яе ў кляштар, усё гатова?

Чарнецкі. Ясуп і я гатовы выпаўніць вашае мосці волю! Усё зроблена так, як мне наказала ад вас пані Даміцэля!

Княгіня. Дык вось што! Як толькі Паўлюк выедзе з двара, трэба правесці Ульяну ў гэты пакой. (Паказвае на патайніцу.) І пакінуць там з паняй Даміцэляю!.. А ўночы, калі прыйдзецца, справадзім госцю!

Чарнецкі (з уклонам). Слухаю, панечка! (Пра сябе.) Цікава!

Княгіня. Больш вас не затрымліваю! Скажыце толькі паклікаць да мяне айца Ігнаца!

 

Пан Чарнецкі з уклонам выходзіць. Княгіня задуманая пакідае на хвілю пакой. У гэты ж, бадай, момант з бакоўкі выходзіць пані Даміцэля і аглядаецца.

 

Даміцэля (смяецца). Як загарэлася!.. Хоча дабіцца-такі свайго! Але ж, пані Раіна, ці дасць гэта табе такога Паўлюка, якога б ты сама для сябе жадала?! А што, як Паўлюк, кахаючы моцна Ульяну, яшчэ больш звяне! (Думае.) Не забудзе ён гэту дзяўчыну! (Стук у дзверы.)

Даміцэля. Уваходзьце!

Кс. Яхіда (уваходзячы і пакланіўшыся; голасам духоўніка). Хай будзе ўслаўлена... (Заўважае, што княгіні няма.)

Даміцэля (смеючыся). Мы ж не ў капліцы з вамі, пане Ігнацы, каб заўсёды зваць імя боскае!.. Хаха-ха!..

Кс. Яхіда (азірнуўшыся навокал, робіцца адразу вясёлым; ціха падбліжаючыся да Даміцэлі). О, так, так!.. Я вельмі рад, котка, вас бачыць! (Абымае яе.) Чаму ўчора ўвечары не прыйшла да мяне? Я прырыхтаваўся, чакаў... мучыўся... нудзіўся...

Даміцэля (ціха, іграючы вачамі). Ну, але пазней, спадзяюся, знайшлі ўцеху... хаця ж бы ў вінум рубрум!..

Кс. Яхіда (цалуючы яе ля вуха). А ўсё ж ткі, што ж прашкодзіла табе, котачка, візітаваць мяне?

Даміцэля (надуваючы губкі). Ці ж я вінавата ў тым, што пан Ігнацы пазаўчора так мяне замучыў?! Гэтыя моцныя элексіры вясёласці... мёд!.. Ну, і несупыннасць пана Ігнаца, таксама... ні ў чым!.. Я ўчора адпачывала... пасля ўсяго, што было! Бо колькі ж засталося нам спаць пазапрошлаю ноччу?!

Кс. Яхіда. Але спадзяюся, мілуся, больш не сярдуеш на мяне? (Горнучы да сябе.)

Даміцэля (вырываючыся). Можа, і сярдую!

 

У гэты момант ціха ўваходзіць княгіня, бачачы ўсё.

 

Княгіня (холадна, даючы гэтым зразумець палюбоўнікам). Прабачайце! (Ксяндзу.) Мне трэба было вас бачыць, ойча Ігнацы! (Да Даміцэлі.) А што Даміцэля хацела?

Даміцэля (крыху ў замяшанні). Прашу выбачыць мяне, ясна пані, але ў мяне не такая ўжо пільная да пані справа!.. Я зайду потым!.. (Хоча ісці.)

Княгіня. Проша пабачыцца зараз з панам Тадэвушам, ён мае да Даміцэлі якраз пільную справу!

Даміцэля (з уклонам). Слухаю! (Выходзіць.)

Княгіня (да ксяндза). Мне патрэбна дапамога духоўніка майго ў адной справе!

Кс. Яхіда (ласкава). Рад буду прызваць бласлаўленне боскае на справу, у якой магу быць карысным яснай пані, яко духоўнік вашае мосці!..

Княгіня. Я маю думку выдаць замуж адну вясковую дзяўчыну... за чалавека, які адзін толькі і можа пакіраваць яе занадта ўжо палкае сэрца... на правільны шлях жыцця! Я пэўна, што маю права на гэта перад богам, як гаспадыня над сваёй падданаю, клапоцячыся аб тым, каб гэтае аблуднае дзіцё папала ў пэўныя рукі сталага чалавека?..

Кс. Яхіда (робячы здзіўленую міну і складаючы, як на малітву, рукі). О, вашая светласць! Гэта ж нават, як абавязак, ускладае на вас, уладароў, наш святы касцёл! Апекавацца доляю сваіх падданых — святы абавязак ваш перад уладаром нашага жыцця і панам збаўцам — Хрыстусам!..

Княгіня. Я ведала, што вы на гэта так мне адкажаце, ойца Ігнацы! Але далей!.. У выпадку, калі дзяўчына не паслухае мяне, ці не лепш я тады зраблю, калі адашлю яе ў кляштар, пад апеку пані Міхаліны Гяднарскай, каб яна там перад богам замаліла свой грэх...

Кс. Яхіда (робячы зноў здзіўлены твар). О, зразумела! Раз воля пані ўладаркі лічыць карысным, каб грэшніца, пабыўшы там, адбыла кару за свавольства...

Княгіня. Значыцца, мы ў гэтай справе толькі здзейснім волю божую і на гэта будзе яго святое блаславенне?..

Кс. Яхіда (падняўшы ўгору вочы, а потым схіляючы ўніз сваю галаву). Прызываю боскае блаславенне на справу апекі вашае над непакорлівай і грэшнай дзяўчынай гэтай!

Княгіня. Сядайце ж, калі так, і пішыце да маткі Міхаліны!.. Бо я пэўна, што яе прыйдзецца-такі адаслаць у кляштар!

 

Ксёндз крыху збянтэжаны, але паслухмяна сядае ў княгініна крэсла, бярэ паперу і рыхтуе пяро, каб пісаць. Княгіня ходзіць па пакоі і дыктуе.

 

Княгіня (мерна). Пані Гяднарскай, матцы Міхаліне, кіраўніцы кляштара святое Альжбеты, што на Морачы, сястры па богу нашаму павітанне і блаславенне ад духаўніка мосці, фундатаркі і кляштара, княгіні Раіны Прушынскай-Горскай. Гэтым апавяшчаю, што грэшніца, да кляштара пасланая, імем Юляна... (Ксёндз здзіўлена затрымліваецца, глядзіць на княгіню; тая рашуча.) Так, ойча! Ульяна Карабчанка змушана будзе або выйсці замуж за войта сяла майго Рудняў, або ёй прыйдзецца замольваць у кляштары Марачанскім грэх свой! Пішыце ж тое, што я кажу вам!.. На чым вы затрымаліся?

Кс. Яхіда (чытае напісанае). «...што грэшніца, да кляштара пасланая, імем Юляна...»

Княгіня. ...адбыўшы паслушэнства, у кару за грахі свае перад богам і княгіняю, уладаркаю яе, падданай, павінна стаць манашкаю кляштара...

Кс. Яхіда (паўтараючы, піша, але затрымліваецца зноў перад апошнімі словамі). Пані княгіня так, здаецца, сказала — «павінна стаць манашкаю кляштара»?!

Княгіня (падыходзячы да стала). Так так, сказала я, ойча!

Кс. Яхіда (паўтараючы, піша). «...павінна стаць манашкаю кляштара...»

Княгіня (дыктуе далей). Даручаючы Юляну вашай апецы, выхаванню і малітвам, наказваем усім, і матцы Міхаліне асабліва, дбаць аб тым, каб усялякая сувязь гэтай дзяўчыны з грэшным светам першыя часы жыцця яе ў кляштары была б супынена, каб непакорлівая юніца, чым найхутчэй скарыўшыся, аддала б усе сілы духу свайго малітвам адзінаму збаўцу нашаму, пану неба і зямлі, і святой угодніцы яго Альжбеце... (Чакае, покі ксёндз дапіша.) Ну, а цяпер рабіце допіс аб блаславенні і дадайце зазначэнне ад сябе як майго духоўніка.

Кс. Яхіда (хвіліну затрымаўшыся, дапісвае ад сябе ўголас). «Прызываючы імя боскае на святы кляштар Марачанскі, сведчу справу гэту, як карысную дзеля збавення душы грэшніцы, мацую з тым самым волю яе мосці княгіні яе ж уласнаю пячаткаю. Духоўнік яе мосці княгіні — патэр Ігнацы Яхіда ўласнаручна...»

Княгіня. Добра! Кладзіце ж на ліст пячатку! (Ксёндз гэта робіць.) Дзякую айцу ксяндзу! Рада, што вы зразумелі парушэнне майго сэрца ў справе апекі над гэтай дзяўчынай, і больш ксяндза не затрымліваю!

Кс. Яхіда (устаўшы з-за стала). Хай жа заўсёды ясная пані ведае, што абавязак духоўніка блаславіць усялякую добрую справу пані ўладаркі, што датычыць апекі над авечкамі, даручанымі ёй богам. Мір душы і супакойны сон хай дасць вам збавіцель грэшных душ нашых! (Бласлаўляе падышоўшую да яго княгіню і выходзіць.)

Княгіня. Аман! (Княгіня падыходзіць да стала, бярэ ліст і з усмешкаю чытае. Праз хвілю стук у дзверы патайніцы.) Уваходзьце!

Даміцэля (усміхаючыся). Можна?

Княгіня (сур’ёзна). Проша! Ну што?

Даміцэля. Яна ўжо тут! (Паказвае на патайніцу.)

Княгіня (рашуча). Хай тады ўвойдзе! (Становіцца, прыпёршыся да стала.)

 

Ульяна ўстрывожаная ўваходзіць; убачыўшы княгіню, нізка ёй кланяецца.

 

Княгіня (адказаўшы на паклон). Вось што, Ульяна! Я паклікала цябе ў палац, каб абвясціць табе маю волю. Табе ўжо хутка міне дваццаць тры гады, а ты ўсё яшчэ перабіраеш жаніхоў!.. Нягожа вясковай дзяўчыне так трымаць сябе і мо праз гэта і зусім у дзеўках застацца!.. Бацька твой, я ведаю, таксама даўно ўжо аб гэтым думаў, але што ж, калі дачка яго не слухае!.. Дык вось што! Я знайшла табе мужа, і мужа, на мой погляд, добрага! Гэта — Піліп Таўкач, войт сяла майго — Рудняў... Што скажаш ты на гэта? Будзеш згодна за яго выйсці?

Ульяна (пры апошніх словах збялела і аж пахіснулася). Божа ж мой!.. Ясная панечка!.. Як жа ж так?! Змілуйся нада мною!.. Пані княгіні ж ведама, што я іншыя думкі маю!..

Княгіня (холадна, са злосцю). Ведаю!.. Паўлюк табе ўпадабаўся!.. Але ж ты, дурніца, мыляешся!.. Паўлюка чакае іншая доля!.. Для твайго Паўлюка знойдзем, калі толькі ён будзе разумны, іншую да пары... Выкінь ты гэту дуроту з галавы, Ульяна. Падумай, Піліп — чалавек сталых ужо гадоў, заможны, працавіты, цябе ён не пакрыўдзіць!.. Ну як жа?

 

Ульяна стаіць, і слёзы раптам пачынаюць цячы па яе твары.

 

Даміцэля (усміхаючыся). Дурніца ты, дурніца!.. Княгіня ж зычыць табе адно толькі дабро, выдаючы цябе за войта Піліпа! Не плакаць трэба, а радавацца! Вось што!..

Ульяна (кідаючыся на калені перад княгіняю). Панечка княгіня! Не губіце ж вы мяне!.. Не пайду я за Піліпа... бо прысягала ж я і буду да смерці верная таму, каго аднаго толькі й кахаю! Злітуйся над беднаю вясковаю дзяўчынаю!.. Пакіньце ёй яе шчасце... (Кідаецца да ног княгіні.) Ножкі вашае міласці цалавацьму! Самыя цяжкія кары прыму за непаслухмянства перад вамі, але не нявольце ж вы мяне, не губіце, матачка княгіня!.. (Істэрычна плача.)

Княгіня (выслабляючыся ад яе і адыходзячы, холадна). Заладзіла ты, бачу, сваё! Ніяк Паўлюка з галавы не выпускаеш!.. Ну, але калі на тое ўжо пайшло і ты, відаць, не збіраешся мяне паслухаць, дык добра ж!.. За Піліпа, так і быць, я цябе не выдам, але кару за непаслухмянства на цябе налажу, і, ведай, нялёгкую!.. Пані Даміцэля! Сёння ж уночы адаслаць яе ў жаночы кляштар, на Морач; хай пабудзе там і паспавядаецца перад богам!.. Навучыцца няхай яго святой волі, як дзяўчыне й жанчыне трэба жыць!.. (Да Ульяны, якая раптам сціхла і запаленымі вачыма глядзіць на яе.) Цяпер ты добра ведаеш, якая была мая воля і як я за непаслухмянства ёй караю... Апошні раз цябе пытаю: згодна ты ісці за Піліпа?

Ульяна (устаючы з каленяў). Не! Не! Не магу ж я гэтага зрабіць!.. Не магу, бо кахаю другога!.. Што хочаце са мною рабіце... Я ж не магу вырваць яго са свайго сэрца!..

 

Княгіня робіць знак Даміцэлі вывесці Ульяну.

 

Даміцэля (бярэ Ульяну за плечы, са смехам). Ну, пойдзем, дурніца!.. Не захацела хутка свой шлюб справіць, трапіла замест гэтага ў кляштар!.. Глядзі ж цяпер, галубка, як бы табе там пані Міхаліна вечнага жаніха не знайшла! (Выходзіць з ёю ў патайніцу.)

 

Княгіня ў непакоі ходзіць некаторы час па зале, потым падбліжаецца да стала, скручвае ліст ксяндза ў трубку, павязвае яго шнурком і звоніць у мядзяны, што на стале, званок.

 

Пакаёвая (уваходзіць). Слухаю, пані!

Княгіня (ціха). Пакліч да мяне Ясупа! Каб у момант быў тут!

Пакаёвая. У хвілю, паненачка! (Выходзіць жвава.)

Княгіня (усміхаючыся). О, ты яшчэ, дурная, не ведаеш, што гэта спрабаваць стаць на дарозе княгіні Горскай!.. Пані Міхаліна... (смяецца) праўда-ткі дасць табе вечнага жаніха! Кляштар — лепшы лек для такое блазніцы і непакоры!.. (Стук у дзверы.)

 

Ясуп, увайшоўшы ўслед за сваім стукам, знімае сваю татарскую шапку і застаецца ў адной цюбецейцы-ярмолцы, кланяецца, прыкладаючы правую руку да сэрца.

Княгіня, маючы перад сабою нямога, мігамі паказвае, што ён разам з панам Чарнецкім зараз жа павінен адвезці ліст і дзяўчыну, куды той загадвае.

Ясуп ківае галавой, што зразумеў, бярэ ліст і кладзе яго за пазуху.

 

Княгіня (паказвае яму ісці ў бакоўку-патайніцу за Ульянай і, выняўшы з-за пояса мяшочак з залатымі, кідае яму яго на рукі; той дзякуе княгіні пацалункам у край адзежы). Ну, не марудзь і ў дарогу!..

 

Ясуп ідзе ў бакавіцу. Стуль хутка даносіца крык і плач Ульяны.

 

Княгіня (стоячы каля стала, прыслухоўваецца і злацешліва смяецца). Там ты... пад даглядам маткі Міхаліны, замоліш свой перад мною грэх!.. Ха-ха-ха!.. А цяперака, Паўлючок, паглядзім, хто з нас перад кім адступіць!..

 

Заслона.

 

 

ДЗЕЯ ІІІ. Першыя бліскавіцы

 

Дзень схіляецца к вечару. Карчма Шымана Яцкялевіча на шляху з Вызны. Левая частка сцэны — «шляхоцкая», чыстая камора карчмы, дзе лавы пакрыты дыванамі, а стол паміж лаў — чыстым абрусам. Правая — большая частка сцэны — «зборня» карчмы. Налева — дзверы ў шляхецкую камору, направа — у сені, ужо выходзячы на ганак; у гэтай сцяне два акны, каля якіх сталы з простымі лавамі. Праз заднюю сцяну — невялічкія дзверы ў другія сенцы, скуль выхад у сутарэнне; за гэтымі сенцамі кватэра Яцкялевіча. Проці рампы каля задняй сцяны — шырокі сталяк, на якім: пляшкі, куфлі, каўшы, шкляніцы, а на талерках і ў місах — закускі. Тамака ж дзве барылы гарэлкі з кранікамі. Вялікая бочка піва і другая — меншая, з мёдам, абедзве каля сцяны на козлах. Па задняй сцяне, за прылаваю, паліцы з пасудаю, з пітвом, збанкі для піва і іншае начынне. Калі падымаецца заслона — жонка Шымана — Пэся і дачка — Хася прыбіраюць сталяк і пераціраюць вымытую пасуду. Час ад часу праз дзверы, што ў глыбі сцэны, уваходзіць сын Шымана — Абрумул, прыносячы і выносячы барылы, пляшкі і іншую пасуду пустую і з пітвом. Чутно яшчэ пры спушчанай заслоне, што Пэся сварыцца з мужам.

Шыман (ходзіць, раздумваючы, па зборні, сярдзіта). Ну, годзе, годзе! Ша!.. Рассакаталася ты вельмі!.. І што ты ў справах разумееш?..

Пэся (парадкуючы вымытую і перацёртую пасуду). Што разумею?.. А вось тое, што ты ў сваіх там кніжках ды талмудзе ніколі не вычытаеш!.. Людзі купляюць пшаніцу, а ты ўсё чагосьці чакаеш!.. Людзі заробяць, а ты ўсё думаеш!.. Разумны вельмі стаў, за ўсіх, бадай, разумнейшы!..

Шыман (з дакорам). Ай, Пэсэлэ!.. Ну што ты ў гэтым разумееш?! Гэтыя весткі з Валыні і Падолля аб паўстанні казакоў зрабілі тое, што на кірмашах гандляры набаўляюць цану, а паны прытрымліваюць збожжа, спадзеючыся, што з-за неспакою на Украіне пшаніца тутэйшая яшчэ больш уздаражэе!.. Што я, шалёны, ці што, каб бегчы з імі навыперадкі?! Я лічу так — ад нас пшаніцу на Украіну не павязуць. Для тутэйшых патрэб яе хапала і раней. І яшчэ невядома, ці пасіліцца з гэтых прычын яе вываз у Гданск! Лепш пачакаць: весткі з Украіны атрымаем больш пэўныя!.. Тады або зусім нікому да гандлю ахвоты не будзе, або настане спакой, і паны з-за недахвату грошай самі набівацца стануць!..

Пэся (пачынаючы згаджацца з думкамі мужа). Ну добра, гэта наконт збожжа... а чаму вось ты гэтаму Паўлюку княгінінаму ўсё напавер даеш? А што, як скруціць?..

Шыман (затрымаўшыся перад сталяком і смеючыся). Ой, Пэсе, Пэсе! Як ты кепска людзей ведаеш!.. Паўлюк скруціць!.. А ты хіба забылася, што ўжо чатыры яго чырвонцы супакоіліся там, на гары, у нашай скрыні?! Ён жа як толькі ад княгіні атрымае гасцінец... за службу сваю... дык зараз нясе сюды!.. Чалавек ён на слова вельмі цвёрды, сумленны... ну дый усё сваю дзяўчыну гэтую забыць не можа!.. Гэтакі, галубка, нашу хату не скора навучыцца мінаць!.. (Паніжаючы голас.) Княгіня, відаць, вельмі ім зацікавілася... раз чырвончыкамі час ад часу простага гайдука трактуе!.. А бачыла, якую шаблю яму дала начапіць?! Кажуць, адну з шабляў роднага свайго бацькі падаравала!.. А пояс на ім апошнія разы бачыла, які павязан? Любому шляхціцу пачэсна было б такі насіць! О, Паўлюк ідзе ў нашай пані ўгору!..

 

Чуваць, як на ганак хтосьці ўсходзіць. Размова супыняецца. Уваходзіць у запыленых ботах Паўлюк.

 

Шыман (прыветна да яго). Здароў, Паўлючок!.. Лёгкі які ты на ўспамін!.. Мы якраз з жонкаю аб табе ўспаміналі!..

Паўлюк (прайшоўшы ў глыб зборні, садзіцца за стол побач з рампаю). Здароў, Шыман!.. І ты, квактуха! І ты, Хасечка,— краска наша! Успаміналі, кажаш?!. Ну, дык цягні ж тады збанок піва, ды толькі халаднейшага ды мацнейшага, а то з Вызны самае пяхотам іду. Толькі на кірмашы крыху і прамачыў горла, але ж з дарогі ізноў яно перасохла!..

Шыман. Хасенэ, піва!.. Гэтага, што ў збанках!.. (Калі Паўлюк выпівае першы куфаль, Шыман падыходзіць да яго.) Ну, як кірмаш? Пшаніца?.. Што агулам чуваць было?..

Паўлюк (пахмурнеючы, скрозь зубы). Кірмаш як кірмаш!.. Народу процьма панаехала!.. А пшаніцай не цікавіўся: не гаспадар жа я, сам знаеш!

Шыман (ціха). А што, мо даведаўся што?..

Паўлюк. Ты пра што гэта?.. Аб ёй?.. Нічагуткі!.. Бы той снег, растала!..

Шыман (ціха). Ой, цёмная гэта справа, Паўлюк!.. Колькі я сам ні распытваў... дагэтуль нічога, ані-ні!.. Ну, а агулам, што ты чуў на людзях?

Паўлюк (весялеючы, налівае сабе). О, цікавыя чуткі ў народзе пайшлі!.. Цікавыя, Шыман!

Шыман (прысеўшы на лаву). Ну, ну, кажы...

Паўлюк (выпіўшы поўны куфаль; адрыўна, ціха). Смаленым, браце, запахла ў паветры!..

Шыман (прыгінаючыся да яго). Як-та смаленым?

Паўлюк (галасней, нястрымана). Глядзі, як бы хутка чырвоны певень не загуляў кругом!

Шыман (устрывожана, але робячы міну, што не цяміць). Не разумею!... Як гэта так?

Паўлюк (тым жа тонам, узбуджана). О, браце Шыман!.. Сэрцам чую, што запалае хутка ў нас тут вогнішча! Па ўсяму краю дзеля гэтага шмат нарыхтавала сабе панства...

Шыман (устае, азіраецца). Ша! што ты!.. што ты!.. Няўжо чуў падобнае... на кірмашы?

Паўлюк (адразу мяняючы тон). Пажартаваў я!.. А ты і спалохаўся адразу!..

Шыман. Ну як гэта жартаваць так!

Паўлюк. Мала што людзі чаўпуць!.. Больш па корчмах... пад п’яную руку... І апавядаць не варта! От, лепш давай палічымся!.. Цягні сюды біркі свае!.. А што, Мікітка яшчэ не быў у цябе?

Шыман (ідзе да шуфляды ў сталяку, адкуль выцягвае вязку бірак; падыходзіць зноў да Паўлюка). Не, не быў яшчэ сённека!

Паўлюк. Памятай жа, Шыман, што я раней табе казаў!.. Калі ў яго іншы раз грошай не будзе, давай ты яму за мой кошт, напавер!.. Таварыскі ён хлапец!..

Шыман (жвава выбіраючы Паўлюкову бірку). Ну, як жа, як жа!.. Ён два дні назад... з другімі... быў тут... Чатыры кварты аднае гарэлкі напілі, аж тры збанкі мёду!.. Ось тут, як бачыш, свежыя зарубкі і крыжыкі на бірцы!.. Давай разам лічыць!..

Паўлюк (наліваючы яшчэ сабе і п’ючы). Лічы ты сабе сам, бо... усё адно ведаю, што ашукаеш!.. (Смяецца.)

Шыман (абражаючыся). Ой, Паўлюк... Грэх табе перад богам казаць, што я з цябе вазьму лішняе!..

Паўлюк (крыху ўжо хмельны, смеючыся). Ды кінь ты бога сюды тыркаць!.. Па-мойму, адносна граху ў гандлі справа вельмі простая!.. Як той казаў, грэх у мех ды кіем па баку! А ты бога завеш!.. Гэтак ён, бегаючы да кожнага ў сведкі, проста-ткі стоміцца.

Шыман (абразліва). Як гэта ты кажаш. Усе мы пад богам жывём: мы — яўрэі — пад нашым, вы — хрысціяне — пад сваім!..

Паўлюк (нецярпліва і дражліва). Ды мы, хрысціяне, не аднаго, а некалькіх багоў завялі сабе: праваслаўнага, ці, як католікі яго завуць, схізматычнага бога маем, яны свайго, каталіцкага... У кальвінаў свой бог ёсць! Заблыталі цёмны народ багамі гэтымі, а самі!.. О, самі паны добры для нас прыклад даюць!.. Нам, простым людзям, законы ад бога — толькі якога ж з гэтых багоў! — папрыдумвалі... а самі...

Шыман (здзіўлена). Паўлюк, што з табою? Скуль гэта ў цябе ўзялося?..

Паўлюк (смеючыся). Скуль?! (Б’е сябе ў грудзі.) Вось тут усё гэта перакіпела!.. (Паказвае на галаву.) Ды думка!.. Наслухаўся я і нагледзеўся ў палацы шмат чаго!.. Усялякіх людзей там набачыўся!.. Ну і прыйшоў затым да думак аб веры!.. (Пастуквае кулаком па стале.) Але годзе аб гэтым!.. Так толькі... да слова прыйшлося, дык выказаў... Давай лепш разлічымся!.. Колькі я табе вінен?.. (Налівае астачу са збанка ў куфаль.)

Шыман (перш як бы задуманы ад слоў Паўлюка, потым пачынае лічыць на бірцы). Сівухі тут, ой, ой, колькі напіта!.. (Лічыць пра сябе.) Сорак дзве кварты!.. Па два грошы... Мёду дваццаць пяць кварт... А піва — больш за сто збаноў — ого!..

Паўлюк (стукнуўшы пустым збанком па стале). Хасечка! Яшчэ такі самы дай мне!.. (Да Шымана.) Ну, падлічыў?

Шыман (скончыўшы вылічэнне па бірцы і на пальцах). А ведаеш, Паўлюк, больш за чырвонца доўг твой!..

Паўлюк (вымае грошы з кішэні). Няхай будзе так!.. Маеш гэты пракляты чырвонец! (Кідае яго на стол, Шыман на ляту яго падхоплівае.)

Шыман. Ой, які ты дзіўны, Паўлюк!.. Пракляты, кажаш, чырвонец!.. Другі на тваім месцы шчаслівым быў бы, а ты — «пракляты»!.. А падумай, калі ты за сахой ў Падлессі хадзіў, чырвонцаў, нябось, у барознах не знаходзіў?!.

Паўлюк (гнеўна). Ну што ж, што не знаходзіў!.. Бо і не трэба было мне іх, як не хацеў бы я іх і зараз мець!.. Атрымліваць за службу гэту... праклятую...

Шыман (усміхаючыся). Чым, ну чым яна — гэта служба — табе здалася праклятаю?!

Паўлюк. Чым?.. Усім!.. Усім мне яна папярок горла вось тут стала!.. Як жа?! Узяць чалавека працы, гаротнага жыцця, адарваць яго ад зямлі, ад блізкіх людзей... нячыста ім карыстацца... прымусіць прадаваць сваё сумленне, вось за іх, праклятых... (Хапае Шымана за руку, у якой той трымаў яшчэ чырвонец, так, што апошні выпадае на падлогу.) Гэх, Шыман! Шыман!.. Дзе ж тут божы закон?!. Як можна гвалтаваць душу чакавека, хаця ж бы ён быў і чалавекам падданым?! Якога ж гэта бога такія законы?! Каторага з хрысціянскіх багоў?

 

Тым часам у карчму ўваходзіць, азіраючыся і чуючы апошнія словы Паўлюка, падарожны, як бы манашак, з мяшэчкам за плячыма і з кіёчкам у руцэ. Шыман, заўважыўшы гэта, падхоплівае з падлогі чырвонец і жвава апускае яго ў бакавую кішэню. Паўлюк, заўважыўшы ўвайшоўшага, сціхае.

 

Манашак. Добры вечар васпанам!

Паўлюк (да яго ў адказ). Каму, каму добры хай будзе вечар, але не панам толькі!..

Манашак (прыкідаючыся няўцяміўшым). Я зычу добрага вечара вашэцям... вам, паночкі!..

Паўлюк (хітра, злосна). Якія ж тут паны перад табою? — Яўрэй ды панскі гайдук з мужыкоў, з панскага, значыць, быдла...

Манашак (раздумна, скідаючы на лаву клунак). Так-то так!.. Дзіўныя, аднак, справы, твае, госпадзі!.. Мудрасцю сваёю ты ўсё наладзіў!..

Паўлюк. Дзіўныя-то дзіўныя, праўду ты, чакавеча, кажаш, справы божага нібыта на свеце ладу!.. Як жа! Адны на другіх вярхом едуць, б’юць і плакаць нават не даюць!

Манашак (глянуўшы зацікаўлена на Паўлюка, уздыхае і садзіцца на лаву, развязвае свой мяшэчак, дастае адтуль кавалак хлеба). Што ж! Тако глаголет гасподзь: сміры дух твой і вазнесу цябе!.. (Жуе сухамяць хлеб.)

Паўлюк. Добрая дарада, але толькі каму, скажы ты мне, яна карысна?! Не думаю, каб нашаму брату!.. (Да Шымана.) Цягні-тка дзеля яго пасудзіну пітную!.. (Да падарожнага.) Гэй, чалавеча пабожны, сядай ты бліжэй сюды! Сербані піва са мною; пэўна ж, горла за дарогу высахла!

 

Карчмар падае куфаль і для манашка, які перасядае да Паўлюка. Той налівае яму піва; чутна, як пад’язджаюць да карчмы дзве фурманкі.

 

Манашак (прымаючы з паклонам куфаль). Праўду ты кажаш, добры чалавек! Сухі хлеб з дарогі горла дзярэ! (П’е з прагавітасцю.)

Паўлюк (наліваючы яму другі раз). Скуль жа ідзеш?.. Перакінь!..

Манашак. Здалёк, браце мой! (П’е ўвесь куфаль.) Быў у Кіеве, Пачаеве...

Паўлюк (наліваючы яму трэці куфаль). А цяпер куды кіруешся?

Манашак. З Пінску рушыў я на Слуцак, а аддаўшы чэсць менскім святыням, спадзяюся ўбачыць і віленскія святыя мясціны.

Паўлюк (усміхаючыся). Ты што ж гэта сам святым зрабіцца хочаш?! (Зніжаючы голас.) Цікава, аднак, было б цябе паслухаць, раз з Украіны ідзеш. Што там сярод людзей чуў, бачыў?..

Манашак (цішэй і азіраючыся). О, браток ты мой!.. Шмат чаго там дачуўся, даведаўся!..

 

Тым часам уваходзяць у карчму дзве пары гаспадароў-сялян, з якіх адзін, больш заможны, ужо падпіўшы.

 

Жонка заможнага (да свайго). Мала таго што ў Вызне, прадаўшы цёлку, піў — дык не, яшчэ й тут трэба было табе затрымацца! А, стары лайдак!

Мужык (супакойваючы яе). Ды кінь ты, мара, чапляцца! З кумам вось хачу выпіць кватэрку-другую! «Працуеш, працуеш, гадуеш, гадуеш цялё, дый тое як бы не тваё!» Кумок, чаго возьмем? Зялёненькай агнявіцьы ці мядовае цудоўнае вадзіцы?..

Кум (маладзейшы ад яго). Я, Рыгор, да бабскае, як ведаеш, не ласы! (Смяецца.)

Заможны. Добра, што ты мне пра баб успомніў!.. (Да кумы.) Мы сабе возьмем сівухі-зелянухі, а дзеля вас, кумка, і маёй Магдусі — салодзенькага мядку справадзім на стол!

Жонка малодшага (да кумы). Ну й што ты з імі, кума, зробіш! Мой зусім мала што на кірмашы прадаў, а таксама адно з кішэні вымаў! Сядайма, покі пададуць!..

 

Абедзве садзяцца адна проці другой, развязваючы клункі з закускаю. Маладзейшы сеў таксама, а стары падышоў да сталяка.

 

Заможны (хістаючыся крыху). Ну, Шыман, давай хутчэй кварту гарэлкі нам, а пляшку мёду бабам!

Шыман. Падай, Хасе! Ну, які быў кірмаш?

Заможны. Добры, добры быў кірмаш! Людзей безліч было!..

Шыман. А пшаніца як?

Заможны. Ды з палавіны кірмашу пачалі толькі яе купляць, дый то гэты раз танней! Аднак за сваю цёлку я лічу, што добрую цану атрымаў! (Адыходзіць да стала і сядае; п’юць усе чацвёра.)

Манашак (азірнуўшыся і ўбачыўшы, што, занятыя выпіўкай, сяляне не чуюць). На Украіне, браце, апошніх два гады, як у гаршку ўсё кіпіць! Атаман казацкі, Касінскі, яшчэ два гады таму назад распачаў змаганне з князем Янушам Астрожскім, які душыў у сваім старостве працоўны люд... Асіліў ён князёўскае войска, знішчыў замкі і двары гэтага ворага народа, заўладаў гарматамі і адсядзеўся потым з імі ў Трыпольскім замку...

 

Уваходзяць яшчэ некалькі сялян і сялянак, што варочаліся з кірмашу. Манашак, азірнуўшыся, сціхае. Увайшоўшыя займаюць месцы на лавах, частка іх вымае яду з торбаў, мужчыны падыходзяць да сталяка, заказваюць сабе піва.

 

Хлопец (дзеўкам). Мо абнову пакропім, дзяўчаткі! Га?

Адна з дзевак. А, ці ж ты, Ігналь, поп або ксёндз, што збіраешся крапіць свянцонаю вадою мае каралі? (Смяюцца.)

Хлопец (смеючыся). Ну, у Шымана знойдзецца такая вадзіца, якою варта не толькі пакрапіць, але і яе напіцца! Ха-ха-ха! (Усе чацвёра смяюцца.)

Другі хлопец (з увайшоўшых). Цягні сюды, Хася, гарнец мёду ды добры дзяркач, будзем Аўдоцціны свянціць каралі! (Пад свой рогат абдымае Аўдоццю; тая бароніцца. Хася падае ім мёд. Манашак, сцішыўшы голас, апавядае далей.)

Манашак. А з вясны Касінскі заўладаў ужо ўсёю Кіеўшчынаю і перайшоў на Валынь. Тут паны, браце мой, перапужаліся, бо пайшоў рух не толькі сярод казакоў ды мяшчан, але і сярод падданых, мужыкоў... Нанялі тады паны войска ў Вэнграх ды ў Букавіне, паднялі на ногі ўсю шляхту валынскую і пад мястэчкам Пяткаю разбілі казакоў. Перадыхнуўшы за дняпроўскімі парогамі, Касінскі вясною гэтага 93 года кінуўся на другога заклятага ворага народа, князя Вішнявецкага, старосту чаркаскага...

 

Пад’язджае і падыходзіць усё больш і больш народу з кірмашу; частка іх сядае за сталы, частка п’е каля сталяка. Двое ўвайшоўшых падыходзяць да Паўлюка і вітаюцца.

 

Манашак (мяняючы размову). І вось, кажа мне ігумен...

Паўлюк (упаўголаса). Пры іх можна! Свае!.. (Да падышоўшых.) Апавядае, як на Украіне паўстанне распачалося... Ну, святы чалавек, далей, далей!

Манашак (азірнуўшыся). Аблажыў гэта Касінскі Чаркасы, але Вішнявецкі зрабіў засаду пад местам і перамог казакоў. Склаў, браце ты мой, Касінскі ў гэтым баі сваю буйную галаву!.. Але руху гэта не прыпыніла... Летам вось сягочасным узняліся зноў казакі, аблажылі чаркасы, і тутака Вішнявецкаму прыйшлося пайсці на замірэнне, якое, праўду кажучы, аддало зараз усё Правабярэжжа ў рукі паўстанцаў! Пайшло тады ўсюды, браткі мае, непаслухмянства сялян, развяліся ўсюды на Валыні гайдамакі!.. Нават князі Астрожскія і тыя зараз змушаны ладзіць з імі і адкупацца ад іхніх загонаў!..

Паўлюк (захоплены). Цікава, цікава там дзеецца! Гэх, каб у нас, на Беларусі, народ зразумеў ды падняўся, бо душаць жа нас паны страшэнна!..

Манашак (да ўсіх трох, яшчэ больш сцішыўшы голас). Трэба, браткі мае, разам усім нам узняцца проці паноў, якія гоняць веру нашу! Гэта — справа, на якую дае вам сваё блаславенне наша святая царква!..

Мікіта Цыга. Гэта, браце, па прыслоўю: датуль збан ваду носіць, пакуль не трэсне. Цярпелі, цярпелі, а як лопне гэта вечная цярплівасць — ошматкі адно тады ад панства паляцяць! Прыйшоў бы хутчэй толькі гэты час! Пазналі б яны народную помсту!..

Другі (Мікіце). Ну добра, а пакуль што, Мікіта, у Шымана рукі свярбяць, каб намерыць нам паўкварты! (Абодва адыходзяць да сталяка, дзе і п’юць.)

Манашак (азірнуўшыся і падсунуўшыся, ціха). Тут у мяшэчку ў мяне граматка ёсць... ад уладыкі аднаго; кліча яна ўсіх вас, з Белай Русі, падтрымаць веру дзядоў сваіх, бо поедам ядуць нас католікі, сілком змушаюць прымаць іхні герэтыцкі закон!.. (Шукае ў клунку і падае яму звітак.)

Паўлюк (з агіднасцю, павышаючы нат голас). Эх, вы, доўгавалосыя! Захацелася і вам у забаламучанай вадзе рыбкі палавіць! Народ паўстае, каб ярмо з намуленае ў кроў шыі зняць, а вы і да гэтае справы прымазаліся! Далі б нам перш з панамі справіцца, а народ потым бы сам разабраў, якому там богу маліцца трэба!..

Манашак (хапаючы яго за руку). Які ты гарачы ды неасцярожны! Ціха! Тут, браток мой, у граматцы больш аб вызваленні ад паноў пісана! Прачытай сабе потым, дык пабачыш!

Паўлюк (з горыччу і роздумам, сціснуўшы граматку ў руцэ {руцэ). Шкада вось, што я грамаце не ўмею! Усё адно што сляпы!..

Манашак. А ты другім, хто з вас граматны, дай прачытаць! А то да айца пастара свайго занясі ды парадзься з ім!..

Паўлюк. Кепска ты гэтых сваіх доўгавалосых ведаеш! Айцец Тамаш, поп, значыцца, наш, нездарма Загрэбка — прозвішча мае! Толькі аб карысці і думае! Да княгіні лашчыцца, што той сабака!..

Манашак. Знойдзеш з кім прачытаць! Толькі сцеражыся... з граматкаю: за гэта панства карае страшэнна! Стомлен я і прылягу дзе аддыхнуць к дарозе сваёй далейшай!.. Памажы ж, божа, вам, людзі добрыя, страннапрыімныя!..

 

Непрыкметна знікае. Паўлюк хавае грамату за пазуху. Падыходзіць Мікіта Цыга з касцьмі для гульні.

 

Паўлюк (крычыць). Шыман, цягні сюды кварту сівухі ды шкляніцу на двух!

 

Чуцён у зборні гоман. Пяюць сп’яну брындзюшкі. Рогат. Чапляюцца і жартуюць з жанчынамі. Яўрэй-цымбаліст, зайшоўшы ў зборню, агалашае яе гукамі вясёлых мелодый. Хтось крычыць: «Ну-тка, цымбаліст, утні ўдавіцу». Танцуюць. Паўлюк, распіваючы гарэлку з Цыгаю, іграе ў косці. Увесь гоман і вясёласць гасне, абрываецца, калі ўбегшая дзяўчынка крыкнула.

 

Дзяўчынка (з імпэтам). Паны, паны прыехалі!

Хтось. Якія паны?

Дзяўчынка (перапужана). Трое паноў конна... з шаблямі, пісталетамі!..

 

Услед, бадай, чутны топат ног у сенцах і галасы ўваходзячых у карчму шляхтаў.

 

Адзін паважны шляхціц. Гэй, карчмару, даш нам у камору віна вергерскага! І прэндзэй!

Шыман (падбегшы да іх, з уклонам). Ураз, паночкі!

 

Увайшоўшая шляхта з знявагаю пазірае на сялян. Частка апошніх пакорліва ім кланяецца. Шляхта паважна праходзіць у камору. Хася праносіць туды віно. Сярэдняй сталасці шляхціц з ёю дрэнна дурэе. Хася выскоквае стуль уся гнеўная. Памалу смех, гоман, песні аднаўляюцца ў зборні. Паны п’юць усё больш. Частка сялян пачынае, пад пануканне жанчын, пакідаць карчму і ад’язджаць. У зборні гоман усё-ткі не змяншаецца. Гэта выводзіць з сябе шляхту. Яны выскокваюць у зборню.

 

Малодшы шляхціц. Ціха вы, быдла!

З народу. Ого!

Другі шляхціц. Разышліся, дык і перад панамі не стрымліваецеся! Вон адсюль усе! І зараз жа!

 

Частка сялян спешна пакідае карчму. Спужаўшыся, сонны манашак саскоквае з лавы і дае ходу за дзверы.

 

Мікіта Цыга. Хоць бы яшчэ паны былі, а то паўпанкі!

Трэці шляхціц (выхапіўшы нагай, кідаецца з ім на хлопцаў і хоча хляснуць хоць каго; тыя лоўка расступаюцца). А, лайдака!

Малодшы шляхціц (найбольш падпіўшы). Адну-дзве з прыгажэйшых дзяўчат можна пакінуць... Хай з намі пагуляюць!.. А іншых усіх у шыю: няхай не смярдзяць тут!..

 

Выгледзеўшы адну з дзяўчат, хапае яе і валачэ да дзвярэй каморы; тая адбіваецца з крыкам; сярод хлопцаў і мужчын крыкі нездавальнення.

 

Паўлюк (устае з-за стала, бледны, як смерць, і, не вытрымаўшы здзекаў шляхты, крычыць). Ніхто не выходзь адсюль, хлопцы! Няма тут паноў! Паны — ёсць паны ў сябе ў палацах, па дварах сваіх, а ў карчме, на шляху — усе тут роўня! Даволі здзеку над намі!

Першы шляхціц. Вось што?! Бунт паднімаць, пся маць ваша! (Выхопліваючы шаблю, кідаецца на застаўшыхся ў карчме сялян.) Прэч жа ўсе, гады! (Трэці больш сталы з шляхтаў, нагаём б’е аднаго хлопца. Тады Паўлюк не вытрымлівае і выскоквае з-за стала, за ім Цыга.)

Паўлюк (выхапіўшы шаблю і махнуўшы ёю, кідаецца з крыкам на шляхтаў). Бі іх, хлопцы, праклятых, хто чым можа! Папілі яны даволі з нас крыві!

 

Той, што біўся нагаём, у момант ляціць на падлогу з разбітай галавой. Сяляне хапаюць хто лаву, хто дручок і кідаюцца на шляхтаў. Шыман лезе за сталяк са страху. Таксама і Пэся. Хася ж стаіць здаволеная, з палаючымі вачыма. Шляхта з лаянкаю і крыкам адступае да сцяны пад націскам сялян. Малодшы шляхціц выпускае дзяўчыну і перш чым мог стрэліць з выцягнутага ім пісталета, падае таксама пад шабляю Паўлюка.

Трэцяга дабіваюць сяляне.

 

Шыман (крычыць). Ой-ой! Гевалт! Пашалелі!.. Пашалелі!.. (Праз расчыненае акно манашак глядзіць задаволена, пагладжваючы бараду.)

Паўлюк (бачачы вынікі бойкі). Ось так даўно пара было весці з панамі размовы! Сабакам сабачая і смерць!..

Шыман (падбягаючы да канаючых на падлозе шляхтаў). Ой, ой, ой! Божа ты мой!.. Што вы нарабілі!.. Шыбеніца цяпер чакае ўсіх нас!.. Ой-ой!

 

Іншыя, хто прымаў удзел у забойстве, першы момант стаяць з тым, што было ў руках, ацапянелыя. Ускочыўшы ў зборню, манашак стукам дзвярэй варочае ўсім цвярозасць думкі.

Вылазяць з-за сталяка і Пэся з Абрумулам.

 

Паўлюк (да аднаго з хлопцаў). Антось! Выскач ды глянь! Людзі могуць надысці ці пад’ехаць! Скажаш, калі што!.. (Да іншых. ) Ну, хлопцы, калі галава кожнага з нас павінна застацца на карку, трэба думаць, куды і як нам цяперака пакіравацца.

Мікіта Цыга (пахмура). Дзе тут прыдумаеш!.. Шыбеніца ўсім нам!

Другі (жвава). А мо пакуль што ў лесе схавацца?.. А там далей будзем бачыць, што рабіць!..

Мікіта Цыга. Адно ясна: тут нам больш не жыццё, хлопцы!

Манашак (падыходзіць, раздумна гладзячы бараду). Прыміце, браткі, маю вам дараду! Я гэтакія справы не ў першы раз на сваім вяку бачу...

 

Ускоквае Антось у зборню.

 

Антось (нервова). Дзве фурманкі паказаліся на дарозе!

Паўлюк. Добра! Ідзі сцеражы далей!

 

Антось ізноў выскоквае на дарогу.

 

Манашак. Коні шляхтаў без гаспадароў засталіся... А конікі добрыя. Дык на іх ды да сваіх братоў, паўстаўшых на Валыні!.. А дарогу я вам пакажу, бо стуль якраз...

Хвіліна маўчанкі. Антось ускоквае ізноў.

 

Антось (трывожна). Падбліжаюцца ўжо!

Паўлюк (рашуча). Што тут думаць, хлопцы! Або шыбеніца, або воля і змаганне далей з панамі! Бяры, хлопцы, іхнія шаблі ды пісталеты, выводзьце коней іхніх і гайда на Украіну, дзе падняліся нашы смелыя браты!..

 

Усе кідаюцца да забітых і ўзбройваюцца. Двое бягуць у стайню па коней. Манашак ускладае на плечы свой клунак. Праз хвілю коні ўжо ля ганка.

 

Паўлюк. Ну, хлопцы, коні гатовы! У дарогу! Бывай жа здароў, Шыман! І ты, Хасечка!.. Ну, і ты, Пэся!.. Пабачымся калі-небудзь пры іншых мо толькі ўмовах!.. (Да Мікіткі на хаду.) А ты —зараз жа ў двор! Выкрадзі нам яшчэ пары са дзве княгініных коней добрых ды да Пустаскай грэблі гані! Там мы цябе чакаем! (Выходзяць.) Ну, хлопцы, па волю сабе і народу!

Заслона.

 

 

ДЗЕЯ IV. Навальніца

Па задні бок сцэны, проці рампы, гасцінец вялікі вызнянскі; у Заўшыцы шлях, абсаджаны дрэвамі, затулены высокім узбярэжжам дарогі. Гэты ўзняты край дарогі направа пераходзіць ва ўзгор’е, пакрытае лесам-борам. Сярэдзіна сцэны — лугавіна са збітаю травою. Налева — хата лесніка, нізенькая, пахіснутая ўжо, крытая саломаю і чаротам, старэнькая, курная хатка, ад якой да самае рампы загарадзь агарода з вішняком, канопляю і дзікім, увіўшым загарадзь хмелем. Даль дарогі, дрэвы шляху і хатка заліты палыхаючым заравам пажару Заўшыцкага двара; край лесу справа адсвечвае ім таксама.

Месяц ужо высакавата ўзняўся па той бок дарогі, але яго бледны блеск гіне перш у водблесках пажару і пасільваецца толькі з часам, калі пазней пажар сціхае, канчаецца.

Калі заслона паднята, ля хаткі яе сям’я жахаецца пажару.

 

Сымоніха (да мужа). А, божа ты мой!.. От гарыць!.. Аж страшна!..

Сымон-ляснік (засланяючы вочы ад бляску пажару). Ёсць чаму гарэць, Аксінька!.. Гэта табе не наша халупка, што ў зямлю ўвайшла!.. Вякамі збіралі паны Прушынскія ўсялякае дабро ў свой двор!.. Палац стаў што поўная чаша... Нямала і княгіня дадала ў свае Заўшыцы багацця, абдзіраючы праз свайго намесніка мястэчка Вызну і нас... Паназбірала і яна шмат золата, срэбра, сукна ды аксамітаў да палаца свайго, у яго скрыні-заховы і куфры... Але не судзіла доля гадаўцы пакарыстацца ўсім гэтым да канца свайго жыцця!

Сымоніха (злосна высмейваючы яго). Падумаеш, які адважны стаў!.. Ужо паню княгіню гадаўкаю абзывае, а не больш як тры дні назад у нагах пана Чарнецкага валяўся, просячы пазбавіць бізуноў на стайні... за тое, што запатрабаванай к сталу пані-княгіні дзічыны не даставіў!.. Забыўся скора ты, як гнуў карак свой перад слугамі яе, а зараз адвагі скульсці набраўся!..

Сымон. Не адмаўляюся, што валяўся ў нагах слуг панскіх, а вось зараз, калі паўсталі з прыходам гайдамакаў ды казакоў нашыя,— годзе, сказаў!.. За свой век досыць накланяўся ім, праклятым, наслужыўся!..

Нічыпар (стары бацька лесніка выходзіць з хаткі, падыходзіць і чуе апошнія словы сына). Чаго чаго, Сымон, ты захацеў?.. Волі сабе хочаш?! Як бачу я, мала цябе, чалавеча, яшчэ білі?! Як жа! Адважны вышукаўся!.. Волі сабе захацеў!.. Раз табе на роду паднявольным быць пісана, трымайся лепш сваёй дарогі, а на брыкуноў знойдзецца яшчэ скура, з якое паны на вас бізуны будуць рэзаць!.. Бач, які ты стаў спрытны, як узнялася кругом навальніца!..

Сымон (настойваючы). А што ж! Прыйшла пара нашаму брату прыгоннае ярмо з шыі скідаць!.. Народ паўстаў...

Нічыпар (злуючы). Яно так... Але які гэта народ... Маладыя, смелыя, хто не так ланцугамі жыцця, сям’і скуты. А не такія, як ось ты, адважны толькі да першае сустрэчы з панам... Знаў я, мой ты рахманы, людзей у нас, на Белай Русі, у былыя мае, малодшыя гады... Дык тыя доўга ў нас не трымаліся... Бадай усе да казакоў, у Запарожжа Няпроўскае паўцякалі!.. Ото былі людзі! Не то што вы, панскія недабіткі!

Сымон (пратэстуючы). Эт! Што табе, тата, старому тлумачыць! Сам ты сілы ўжо страціў, дык малодшых за сябе і не разумееш!.. Я з рысем сам на адзін спраўляўся... Стрэльбу княскую маю... куляю з дваццаці пяці крокаў звера б’ю!..

Нічыпар (насмешліва). Так!.. Так!.. А Аксінню з малым Петрусём на каго пакінеш, калі да паўстаўшых прылучыцца хочаш?..

Сымоніха (укорліва). Яму-то што... Прывык па лесе шлындаць цэлымі днямі — ён да сям’і не прывязаны!

Сымон (заядла). А канечне!.. Што ж мне?! Мо свінняў тваіх даглядаць увесь свой век або авечак памагаць стрыгчы, карову даіць... Ось, глядзі, як прыйдуць...

Сымоніха (прыслухоўваючыся). Ціха, нехта каля лесу шмыгануў!..

Сымон (упаўшым голасам). Дзе?.. (Углядаецца.) Дзе ты яго бачыла?.. Так толькі здалося табе гэта!.. Нічога не бачу!..

Нічыпар (смеючыся). От табе і адважны!.. У самога і голас змяніўся, як жонка пастрашыла!.. Кхе-хе-хе!..

 

Аксіння ўглядаецца ўсё. Заўважвае нарэшце і Сымон, што нехта ідзе ўскраем бору.

 

Сымон (задачліва). Хто б гэта мог быць?.. (Калі падыходзячы паказваецца ў кустах, аклікае яго.) Хто ідзе?

Чарнецкі (ён у бурносе, з апушчанаю на галаву капуцаю). Гэй, Сымон! Гэта я — намеснік пані княгіні...

Сымон (кланяючыся). Выбачайце, паночку!.. Не апазнаў пана... Як вы тут, паночку, апынуліся?..

Нічыпар (падыходзячы да іх бліжэй). Уклон нізкі шаноўнаму пану намесніку!.. Што, паночку, зараз у Заўшыцах дзеецца?..

Чарнецкі (адкідваючы капуцу). Самі бачыце, што з Заўшыцамі зараз... Казакі і гайдамакі, разбойнікі з Украіны, там — б’юць, рэжуць, паляць!..

Нічыпар. Паночку, а як з паняю?.. З іншымі?..

Чарнецкі. Як на тое шчасце, учора, пачуўшы са Старобіна аб падыходзе Налівайкі, выправіў я раніцою сягоння паню княгіню з панам Рымшаю і трыма гайдукамі ў адзін... замак... моцны... І пані Даміцэля з імі выехала... Цэлы дзень у гэтае іх падарожжа пакаваліся, збіраліся, а я разам з панам ксяндзом назаўтра раніцою ўслед ім меўся выехаць... А тут нямаведама скуль наляцеў гэты разбойніцкі загон!.. Ледзь я выскачыў з палаца, захапіўшы пісталет ды от бурнос свой...

Нічыпар. А з панам ксяндзом што? А ён як?

Чарнецкі. Эх! Крый яго пан бог і святы Ігнац!.. У сваім пакоі ён быў тады... Не ведаю, што з ім сталася!..

Сымон (кланяючыся). Проша ў хату!..

Чарнецкі (да яго). Ось што!.. Я да цябе ішоў... Хачу, каб ты мяне раніцою, змрокам яшчэ, праз пушчу ў адно месца вывеў!..

Нічыпар (Сымонісе). Ідзі, Аксінька, у хату! Накрый стол чысцей: мо пан што-небудзь закусіць! Перад дарогаю, паночку, трэба падсілкавацца!..

Чарнецкі (як бы пра сябе). Дзе тут есці!.. Ратавацца трэба, пакуль у Заўшыцах парадкуюць гэтыя праклятыя... (Галасней.) Хіба калі ў вас крыху бражкі знойдзецца ды мяса якога або сала...

Сымоніха (кланяючыся). Заходзьце, паночку, у хату!.. Падсілкуйцеся!..

Нічыпар. І бражкі знойдзем, пане... дзічына якраз ёсць... Заходзьце!..

 

Заходзяць утраіх у хату. Сымон застаецца адзін у роздуме...

 

Сымон (пра сябе). Кат гэты... у маіх руках зараз!.. А што, каб... выкарыстаць гэта?! Петруся хіба да гайдамакаў паслаць, у Заўшыцы, або самому яго як-небудзь... прыкончыць...

Нічыпар (адчыняючы дзверы). Сымон!.. Ты тут?

Сымон. Тут!..

Нічыпар. Ідзі ў хату!.. Аб дарозе пан цябе распытаць хоча... (Сымон заходзіць у хату. Здалёк чуваць, што нехта едзе. Стары, прыставіўшы да вуха руку, падыходзіць к рогу хаты, бліжэй да дарогі, і прыслухоўваецца.) Як бы стуль... з боку карчмы хтось едзе?.. (Стук калёс усё ўзмацняецца і становіцца выразней.) Праў-да! Хтось едзе, і як яшчэ шпарка... Трэба сказаць схавацца пану!..

 

Паспяшае к дому. Праз хвілю чуваць мітусня ў доме, выскоквае Сымон, а праз хвілю за ім Нічыпар.

 

Сымон (паспяшаючы к дарозе). Хто ж бы гэта мог быць, ды яшчэ ў такую пару?.. (Да паспяшаючага за ім бацькі, паціху.) Гэтага яшчэ няпрошанага чорта прынесла!.. Як бы з ім не набрацца бяды!..

Нічыпар (ціха). Ніхто не дагадаецца... Ён на гару, пад дах укрыўся!

 

За хатаю хутка чуваць, што на шляху затрымалася параконная фурманка.

 

Сымон (углядаючыся). Трое якіхсьці: пан з паняю ды фурман... Злезлі, пакіроўваюцца сюды...

 

Падыходзяць к хаце праезджыя — пан Зубкоўскі з жонкаю, за імі з пугаю ў руках фурман.

 

Пані Зубкоўская (устрывожана). Але цо ж бэндзем робіць тэрас, коханы Матэуш?.. Шымон коні не дал!..

Пан Зубкоўскі. Не дал, бо отправіл старобінскага рабіна, ктуры зрана был у него... Запытамыся ў тых хлопув, можа, цусь можна бэндзе зробіць... (Да Нічыпара і Сымона, якія ім кланяюцца.) Каханенькія, ці няможна ў вас пакінуць стомленых коней, заместа нашых двох хоць аднаго свежага атрымаць. Мы вам добра заплацім, бо хочам выбрацца з гэтай мясцовасці ў Навагрудак або хоць куды-небудзь у іншае месца.

Сымон (кланяючыся). Не маем мы, панок, уласных коней!.. Леснікуем мы тут у пані княгіні Горскай... А двор Заўшыцы, як бачыце, ужо гарыць!

Пані Зубкоўская. А мо як маглі бы вы дастаць з вёскі пару каней; мы заплацім і сваіх на замену пакінем!..

Нічыпар (кланяючыся). Таго і чакай, што і сюды гайдамакі зараз падойдуць... А як затрымаюць з гэтаю справаю — і паном кепска будзе ды і нам не падзякуюць...

Фурман (да свайго пана). А вы, пане, прасіце за фурмана каго-небудзь з іх, бо я і дарогі далей не ведаю дый не паеду, як казаў ужо!..

Пан Зубкоўскі (гнеўна). Мільч, лайдак!.. (Да Нічыпара.) От так усю дарогу, гад! І сам гайдамакаў баіцца, і нас увесь час імі палохае... Хвалюе толькі... (Да фурмана.) Ось як адлупцую цябе гарапнікам, будзеш маўчаць і слухацца свайго пана!..

Фурман (рашуча). Як сабе хочаце, пане!.. Толькі я не еду далей, бо, праўду кажучы, усюды ўжо яны ёсць!.. Як затрымаюць з вамі, скажуць: вывозіў паноў сваіх... сатнуць і мне галаву!..

Пан Зубкоўскі (запаліўшыся). Дык ты ўжо бунтаваць пачынаеш!.. На іх бок пераходзіш!.. Ды я цябе тут жа на месцы прыкончу!..

 

Хоча выцягнуць з-за пояса пісталет. Пані Зубкоўская кідаецца да яго і вісне на яго руках.

 

Пані Зубкоўская. Коханы, цо ты!..

Нічыпар (да яго таксама). Паночку, бойцеся бога!.. Стрэлам жа пан прыцёг бы сюды гайдамакаў!.. Усе б мы тады загінулі!..

Пан Зубкоўскі (да фурмана). А, паганец!.. Малі адно бога за паню, што перашкодзіла мне ў расправе з табою!

Пані Зубкоўская (да Нічыпара). Можа б, з вас хто адвёз нас да бліжэйшага спакойнага месца?.. Мы добра заплацім!..

Сымон (упарта). Стары без сілы ўжо, а я не павязу... Сям’я ж застаецца ў такі момант... без абароны!..

Пані Зубкоўская (непакойна). Коханы! Ну цо ж мамы тэрас робіць?..

Пан Зубкоўскі (рашуча). Ну! Марудзіць венцэй неможліве!.. Едзем!

Пані Зубкоўская (плаксліва да мужа). Значысе, вэдвух тылько?!

Пан Зубкоўскі (рашуча). Так! Едзем на нашых конях і вэдвух!.. Ідзём!..

 

Не развітаўшыся з сялянамі, ідуць да свае фурманкі. За імі ўслед іхні фурман.

 

Фурман (ім услед уголас). Ось так лепш будзе!.. Паны мо як абойдуцца без нас, лайдакоў, а мы самі як-небудзь без паноў справімся! Шчаслівай, паночкі, дарогі!..

Голас п. Зубкоўскага (за хатаю, з запалам). А, псякрэв!.. Ось жа тады маё з табою, гад, павітанне!..

 

Чуцён пісталетны стрэл. Фурманка ўслед, пад хлёст пугі па конях, ад’язджае.

Нічыпар і Сымон кідаюцца за край хаты.

 

Нічыпар (на бягу). Ды няўжо ж ён застрэліў свайго чалавека?..

 

Праз хвіліну галасы Сымона і Нічыпара за хатаю.

З хаты выскоквае Сымоніха, напужаная стрэлам. Мужчыны ідуць ёй насустрач.

 

Сымоніха (напружана). Ой, божухна!.. Ды хто ж гэта страляў тут?.. Я ўжо спалохалася, баялася, як бы хто з вас двох не быў забіты!..

Сымон (ёй). Як бачыш, жывы!.. (Ціха.) А вось фурмана свайго, што адмовіўся разам з імі ехаць, паны, што ўцякалі ад гайдамакаў, застрэлілі!..

Сымоніха (жахаючыся). А божачка мой!.. За гэта застрэлілі?.. І насмерць?..

Нічыпар. Застрэліў чалавека, ну, значыцца, насмерць застрэліў!.. Ідзі ты лепш у хату! Дый я пайду, растлумачу пану, як справа была!.. А то, мусіць, напалохаўся, на гары седзячы!..

 

Аксіння і Нічыпар уваходзяць у хату. Потым чуваць на гары гоман старога з панам.

 

Сымон (пра сябе). Танна для паноў каштуе нашае мужычае жыццё!.. Бацька княгіні на каго толькі падданых сваіх не мяняў! І на коней гандлярам з венграў і суседзям сваім на сабак... Дзесяць сямей прадаў князём Вішнявецкім — засяляць нейкія пусташы ў Кіеўшчыне!.. Эх! (З гары чутна сярдзітая лаянка пана Чарнецкага на Нічыпара.) Вось і гэтага ката нашага хаваць, ратаваць павінны, а ён лаецца яшчэ на бацьку!.. Ну, пачакай жа!..

 

Паспяшае ў хату, скуль праз хвіліну варочаецца з заспаным хлопчыкам сваім і, паказваючы яму пальцам, каб не гаварыў ні слова, адводзіць у бок лесу.

 

Сымон (справа, ля кустоў). Петрусёк! Бяжы паўскрай лесу ў Заўшыцы, знайдзі атамана іхнага, гайдамацкага, скажы, што ў нас знатны пан хаваецца!.. Няхай спяшаюцца сюды!.. Зразумеў, сынок?..

Пятрусь (тручы сабе вочы). Каб спяшаліся сюды?.. А што з панам, татка, будзе?..

Сымон (ціха). Няхай хутчэй некалькі іх едуць сюды... ратаваць нас ад пана!.. Правядзеш іх!.. Пакажаш, як да нас праехаць хутчэй!.. Бяжы ж, сынок!..

 

Петрусёк пускаецца бегчы. З хаты ўслед выскоквае Сымоніха. Падбягае да мужа, які стаіць і глядзіць услед хлопцу.

 

Сымоніха (паціху мужу). Сымон! Дзе хлопец?.. (Убачыўшы, што сынок пабег.) Што ты задумаў?..

Сымон (хапаючы яе за руку). Маўчы!.. Што задумаў, тое і выканаю!..

Сымоніха (трывожна). Сымонка! Грэх на душу бярэш!.. Я сцяміла, як убачыла, што хлопца няма ў пасцелі... Пашто яго, нявіннага, у крывавую справу ўцягваеш?!

Сымон (рашуча). Грэх гэты на сябе бяру!.. Ідзі ты лепш у хату, каб не заўважылі!..

 

Сымоніха, а за ёю Сымон ідуць у хату. Сымон праз хвілю выходзіць з рушніцаю, якую хавае за плотам у каноплях. Нічыпар выходзіць за ім, бадай, і заўважвае, што Сымон да нечага рыхтуецца.

 

Нічыпар (беручы яго за руку, ціха). Сымон, ой не рабі ты дуроты, бо пашкадуеш потым!.. Не нам з імі справу ўзнімаць!..

Сымон (смеючыся). Без нас справа абойдзецца, а я гэта так... на ўсялякі выпадак прырыхтаваў!.. Што гэта лаяў ён цябе, бацька?..

Нічыпар (упаўголаса). Сердаваў, што не давялі да яго ведама адносна паноў, якія надоечы наехалі сюды! Мог бы, кажа, і я з імі адсюль выбрацца...

Сымон (смяецца). А стрэл, нябось, напалохаў яго?..

Нічыпар. Яшчэ як!.. Лезу гэта я на гару, каб сказаць, што за прычына была, а ён на мяне наставіў свой пісталет!.. Я, кажа, вам, гадам, цяпер не веру: усе вы зараз проці нас!.. З паўстанцамі, з гайдамакамі!..

Сымон (усміхаючыся). Прачувае, кат, сваю пагібель!..

 

Прыслухаўшыся, чуюць, што нехта з боку Заўшыц па шляху ідзе. Абодва падыходзяць к дрэвам на шляху і выглядаюць з-за іх. Чуцен, усё набліжаючыся, нечы спеў.

 

Сымон. З клункам за плячыма, ці што?! П’яны, а мо стомлены!.. Хістаецца...

Нічыпар. Спявае!.. Хутчэй п’яны!..

 

Чуваць, як чалавек, ідучы, спявае няскладна:

 

 

Ты... казача, казача-гультаю,

Выведзі мяне... з зялёнага... гаю!..

 

 

Нічыпар. Канечне, п’яны чалавек!.. Клунак навязаў, мусіць, у Заўшыцах!..

 

Чалавек з клункам паказваецца на дарозе. Пяяць ён перастаў ужо, убачыўшы людзей. Падбадрыўся, стараецца быць цвярозым.

 

Невядомы (бы манашак). Чалом б’ю, людзі добрыя, вітаю!.. З прыходам сюды вызваліцеляў-казакоў паздраўляю! На Вызну гэта дарога?..

Сымон. На Вызну! А сам жа куды дарогу трымаеш?

Невядомы. А вось, куды ногі вядуць ды дзе мне прыпынак дадуць!..

Нічыпар. А ты ж, чалавеча, скуль?

Невядомы. А адусюль!..

Сымон. Як то адусюль?..

Невядомы. А адусюль, бо дзе толькі я не быў!.. І на Украіне, і на Валыні, і на Палессі...

Нічыпар. А скуль жа зараз ідзеш?

Невядомы. З Заўшыц!.. У пані княгіні былі на павітанні!.. (Хоча ўзняцца на высокі край дарогі, спатыкаецца, пры гэтым падае, і з клунка выпадаюць розныя касцельныя прылады; ускарабкаўшыся на ўскрай дарогі, падбірае назад у клунак выпаўшыя рэчы. Махаючы ў бок Заўшыц рукой.) Што нам не згадзілася там — палім, нішчым!.. Шкода от, што стуль птушкі мацёрыя вылецелі!.. Зело огорчэн атаман наш слаўны Байструк, помстою свяшчэнною пылах!.. Аднак коліку некую панства і слуг яго верных істрэбіхом і гнездовішча сіе паганае разорыхом.

Сымон. А куды ж зараз?

Невядомы. Камо гряду? Прыстанішча здзе ёсць карчомнае... Тамо і брація мая враз быці павінны...

Нічыпар (з агідаю). Дык табе, відаць, у карчму да Шымана папасці хочацца?! Ну дык ідзі ось так проста!..

Невядомы. Дзякую табе, дзеду, за сіе перстоуказаніе!.. Тамо і супакоюся... дандзежэ... Тсс! (Бармоча, углядаючыся ў бок Заўшыц.)

 

Тым часам стуль пасільваецца топат коней. Сымон адскоквае да дарогі і нервова сочыць за падбліжаючыміся.

 

Невядомы (заўважыўшы гэта). Брація моя, хрысталюбівае воінства запароскае прыбліжаецца!..

Нічыпар (прыслухаўшыся, ціха). Так!.. Коннікі з-пад Заўшыц!..

 

Тым часам трое ехаўшых саскокваюць з коней і пешымі, з Петрусём уперадзе, бягуць к хаце. Сымон дае знак не падаваць пакуль што голасу; бяжыць да плота агарода, хапае з каноплі рушніцу і крычыць тады падбегшым.

 

Сымон. Сюды, браткі! Пан у нас на гары!..

 

Кідаецца ў хату, скуль з крыкам перапуду выскоквае Сымоніха.

 

Сымоніха. А божа ж мой мілы! Што робіцца! Што дзеецца!..

 

Убачыўшы Петруська, падбягае да яго, абхоплівае яго, туліць да сябе, а потым адбягае з ім к лесу.

 

Мікіта Цыга (гэта ён). Мы к дому ўдвох!.. А вы, хлопцы, паабапал хаты сачыце!

 

Двое гайдамакаў становяцца, як паказана. З хаты чуваць крык Сымона і Цыгі. Праз хвіліну відаць, як праз дах, раскрыўшы салому, паказваецца пан Чарнецкі; глянуўшы на пастаўленага каля хаты гайдамака, ён страляе ў яго з пісталета і саскоквае ў агарод, але, падстрэлены стаяўшым за хатаю гайдамакам, падае.

Гайдамак, што стаяў перад хатаю, на хаду аглядае сваю прастрэленую руку і бяжыць з прыгатаванай для стрэлу рушніцаю ў агарод.

 

Гайдамак (стуль). Гатова, хлопцы!.. Здорава яго трахнуў, Смык!..

 

Сымон і Цыга саскокваюць з-пад страхі ў агарод жа.

 

Сымон. Ну і ўдала ж стрэліў! За правым вухам села куля!

Мікіта Цыга (разгледзеўшы забітага). Стойце! Дык гэта ж сам яснавяльможны пан Чарнецкі, намеснік княгіні тутэйшай. Гэх, Сымоне!.. Шкада, што не сказаў ты мне адразу, што за птушка ў цябе прытулілася!..

Сымон (павярнуўшыся да яго і ўзіраючыся). Ды няўжо гэта ты, Мікітка?! З пэнду я і не пазнаў цябе!..

Мікіта Цыга. Ну, здароў, браце! (Абнімае Сымона, цалуюцца.)

 

Пакуль збягаюцца ў агарод Сымон, Нічыпар, Мікітка Цыга і іншыя, чуваць, як набліжаецца вярхом шмат коннікаў. Пакуль ідзе гаворка, спешыўшыся, сюды ж бягуць шмат казакоў, сярод іх і атаман Байструк.

 

Байструк (падбегшы к плоту). Ну, што тут, хлопцы?!

Мікіта Цыга (да яго). Ведаеш, пана Чарнецкага тут абклалі... Ён страху прадраў ды ў агарод, а хлопцы яго і прыстрэлілі!..

Байструк. Забілі? Шкада, што так здарылася! Ён мне быў так патрэбен жывым...

Сымон (тлумачыць, не пазнаючы Байструка). Я спяшаўся, каб ён не ўцёк з мае хаты, пане-атамане!

Байструк (смеючыся). Ага!.. Здароў жа, Сымоне!.. Няўжо мяне не прызнаеш?! (Сымон, углядаючыся, падыходзіць да плота.) Былога гайдука княгінінага, Паўлюка... няўжо не пазнаў?!

Сымон (узрадавана). Ды няўжо ж гэта ты, Паўлюк?..

Байструк (смеючыся). Ну, пералазь праз плот хутчэй!

Сымон (выскачыўшы з-за плота, цалуецца з ім). А братка ж ты мой!.. Якім жа ты арлом стаў!.. Бародкаю ўжо аброс, пасталеў, загарэў як!.. Які прыгожы...

Байструк (весела). Ну, не дзіва, браце мой, што пасталеў... За гэтых два гады мог змяніцца!.. Дзе толькі мы не валэндаліся... З кім не ваявалі, не біліся?.. Ну, а як ты, Сымоне, гадуешся?

 

Нічыпар, Сымоніха, Петрусёк ужо абступілі старых прыяцелей

 

Сымон (паказваючы на сваіх). Ды вось тут усе мае!.. Сынок ужо падрос!.. Гэта ж яго я пасылаў да вас... каб пана нашага не выпусціць з рук!.. Ну, павітайся ж, Пятрук, з атаманам...

Байструк (весела, паднімаючы яго на рукі і цалуючы). Здароў, хлопча! Як цябе завуць?

Петрусёк (весела). Пятрусь!

Байструк (падгушкваючы хлопчыка ўгару). Ну, расці, сынок, бацьку і народу на ўцеху!.. Вы ж наша надзея і падмога ў барацьбе за народ наш зняволены!.. За гэты ж першы твой поспех трэба цябе адарыць як след!.. Гэй, хлопцы, давай сюды, хто мае, добрую шапку казацкую... (Падаюць яму з чырвоным верхам шапку, якую Байструк ускладае на галаву хлопчыка.) А ты, Мікіта, дай хлопцу адзін з пісталетаў княгініных малых, што ў яе пакоях знайшлі, ды пояс прыгожы, каб памятаў Пятрусь гэты дзень свайго жыцця!..

Сымоніха (ад радасці плачучы.) Дзякуй вам, Паўлючок!

Байструк (да яе і Нічыпара, убачыўшы абодвух,) А, здаровы будзьма, Сымоніха, і ты, бацька!.. Ну, як жывеш, стары?

Нічыпар. Сяк-так, Паўлюк.

Байструк. Нешта ты крыху, бацька, да зямлі прыгінацца стаў!.. Усё адно як вось ваша старая хатка!..

Нічыпар. Што ж, пара ўжо!.. Гады прыйшлі, як і нашай хаце!.. Пара ў зямлю ўлазіць!..

Байструк. А я думаў цябе, бацька, разам з Сымонам у войска наша запісаць. (Гайдамакі кругом рагочуць.)

Нічыпар. Куды мне, старому!..

Байструк. Бачыў бы ты, Нічыпар, у нас, у Запарожжы, якія старыя дзяды ў паход на паноў ды татараў ходзяць!.. Сівюткія сталетнія дзяды, а ты ў свае 80, мабыць, год яшчэ не аднаму ворагу галаву сцяў бы!.. А?..

Нічыпар (смеючыся). А што, мо і так!

Байструк (рагочачы з іншымі). А ты ж, бацька, казаў, што ногі ўжо ў зямлю вязнуць!

Нічыпар (разахвоціўшыся). Ды калі трэба, то чаму ж!

Байструк (перарываючы). Ну добра, родныя!.. Трэба ж парадак навесці!.. (Да сваіх.) Хлопцы, перш за ўсё мы вось тут станем! Як вазы падыдуць — перагарадзіць імі шлях! Выставіць засады-старожы!.. Ты, Сымон, пакажаш, дзе тут лепш коней напасвіць можна! Пры стрыножаных конях чарговая старожа!.. Кашаварам і «панам кухмістрам» — за сваю справу брацца, ля лесу і дарогі!.. А старшыну ўсю прашу да нашага вогнішча ды нашага братняга стала на зялёнай травіцы!..

 

Кругом варушыцца ўзброены люд загона Паўлы Байструка: запарожцы, гайдамакі, беларусы-паўстанцы, крымскія татары. Стаяць гоман, мітусня.

 

Байструк (да Мікіты). А ты, Мікітка, з параю людзей ідзі да Шымана і запрасі сюды, да мяне ў госці... Толькі памятай, Шымана мне не крыўдзіць: гэта ўсё-такі больш сумленны чалавек, чымся іншыя карчмары!.. Ён нам будзе карысны, бо змоўклі навек пана Чарнецкага вусны і ўжо ад яго, злыдня, не даведаемся таго, што мне было трэба...

 

Пакуль Паўлюк стаіць і размаўляе з Сымонаваю сям’ёю, цешачыся з Петруся ў новай шапцы, з поясам ды пісталетам за ім, на прагале пануе жвавая мітусня: запальваюць агні, прыцягваюць з вазоў некалькі бочак гарэлкі і віна з княжацкіх запасаў, расстаўляюць кубкі; ля атамана і старшыны рассцілаюць багаты дыван, узяты з палаца, на ім ставяць місы з ядою і хлебам, збанкі і куфлі.

 

Байструк (азірнуўшыся і бачачы, што ўсё ўжо прыгатавана для гулянкі). Ну, браты, старшына!.. Папрацавалі сёння, пара і падмацавацца перад сном, як след!.. За кубкі ды чаркі!..

 

Ён садзіць побач з сабою Сымона. Кругом абсядаюць сотнікі ды дзесятнікі казачыя, гайдамацкія, татараў крымскіх, паўстанцаў-сялян.

 

Байструк (паднімаючы свой кубак). Хлопцы!.. Тут, у сэрцы маёй бацькаўшчыны, на Случчыне, на Белай Русі, першая наша чарка за беларускі працоўны люд, за яго лепшую долю!.. Каб з нашай дапамогаю ды вызвалілася Беларусь з-пад ярма лютага прыгону!.. Хай жа загіне магнацтва і панства!.. Віват!..

 

Нясуцца крыкі старшыны і ўсяго загона: «Віват!.. Хай жыве Беларусь! Хай цвіце вольнае казацтва!» П’юць, закусваюць. Ізноў прагалашаюцца розныя пажаданні: «За волю братніх народаў! За перамогу працоўных! Хай згінуць паны на ўсім свеце! За цябе, наш атаман!»

Ужо хмель пануе ў галовах банкетуючых, калі з’яўляецца Мікіта Цыга з Шыманам і Пэсяю. Яны затрымліваюцца ля хаты. Байструк, стоячы з кубкам, на крыкі: «За цябе, наш атаман!» — адказвае прывітаннем: «За крымцаў, што б’юцца побач з намі! За ўсе народы, што імкнуцца скінуць ярмо нядолі і прыгону заможнах станаў!..» Нясуцца крыкі: «Віват!..»

Павядомлены Мікіткаю, Байструк пакідае круг і адыходзіць к агароду, куды падыходзяць, па яго знаку, Шыман з Пэсяю. Тыя перапалоханы.

 

Байструк (да іх). Ну, старыя знаёмыя, як маемся?..

Шыман (углядаючыся і са здзіўленнем працягваючы руку да Паўлюка). Ой, няўжо гэта так?.. Здаецца, Паўлюк наш?.. Прабачайце!.. Гэта вы, пане Паўлюк... Байстручэня, гайдук былы княгінін?..

Пэся (усё яшчэ перапалохана, да мужа). Што ты, Шыман, звар’яцеў!.. Пан атаман толькі падобны да...

Байструк (смеючыся). Канечне... ён самы, Шыман!.. (Да Пэсі.) Ай, Пэся, Пэся! Як жа гэта ты так? Ну, як жывяцё? Хася, мабыць, замужам?..

Шыман (жалобна). Ой, Хасеньке, Хаселэ!.. З ёю вялікая бяда ў нас стварылася...

Пэся (плачучы). Ой, якая яшчэ бяда выйшла!..

Байструк (жвава). А што такое?

Шыман (выцершы набегшыя слёзы). Па гэтай вясне... пан адзін... вайсковы... ездзіў да нас у карчму... А як рэгімент іхні адсюль кудысьці выехаў... выкраў яе ноччу і вывез, як кажуць, к сабе ў Польшчу!.. Як мы плакалі... як бедавалі!.. Дагэтуль забыцца не можам!..

Байструк. Слаўная яна дзяўчына была!..

Пэся (плачучы). Смелая такая расла яна ў нас!.. Ой, божа ты мой!..

Байструк (беручы Шымана за руку і адводзячы ўбок). Слухай, Шыман!.. Не ведаеш, дзе цяпер можа быць княгіня? Куды яна магла выехаць з Заўшыц сёння раніцою?.. І пра Ульяну я ў цябе хачу даведацца!.. Мо дазнаўся ты што пра яе.

Шыман (складаючы рукі, як на прысягу). Як перад богам клянуся!.. Пра княгіню нічагуткі не ведаю... нават не ведаў, што і выехала ўжо!.. Ну, а пра Ульяну, так такі да гэтай пары таксама нічога мне невядома!.. Відаць, гэта справа не без ведама княгіні была... І добра канцы ў ваду схаваны...

Байструк (задумана і шчыра). Прызнаюся... ужо забыў я гэту дзяўчыну!.. Але ж хацеў бы выратаваць яе... памагчы бядачцы, што з-за мяне загінула!.. (Як бы ачнуўшыся.) А што ж з табою Абрумула няма?.. Дома ён застаўся?

Шыман. Сёння з-пад Старобіна ўцечакы нашыя яўрэі праязджалі... адправілі мы яго ў Навагрудак!..

Байструк. Ну, добра, як буду ў Навагрудку, калі сустрэну там твайго сына, абараню!..

Шыман. Ой, што будзе, што будзе!.. Хіба і туды пойдзеце?

Байструк (весела). А то як жа?! І туды, і ў Нясвіж... да пана Радзівіла ў госці заявімся!.. Па ўсёй Беларусі пройдзем, нішчачы паноў, вызваляючы працоўную вёску!.. Сам Налівайка, мабыць, ужо ў Слуцку зараз аддыхае! (Падыходзячы да сваіх.) Гэй, хлопцы, што ж прыціхлі?! Песню давай! Ды нашу разудалую, паўстанцкую, казацкую!..

З круга суседняга нясецца песня:

 

 

Дзяўчыначка па гаю хадзіла,

Маладая ў гаю заблудзіла...

Прыдыбала к зялёнаму дубу...

«Ось тутанькі начаваці буду!..»

І думала, што дуб зеляненькі,—

На коніку ж казак маладзенькі...

«Ты, казача, казача-гультаю,

Выведзі мяне з зялёнага гаю!» —

«Мяне, дзяўчо, гультаём назвала,

Сама ж нібыта дарожкі не пазнала!..

Дам табе, дзяўчыначка, я мёду,

Ці не звяду з харошага роду!

Дзяўчыначка, дам табе я піва,

Ці не родзіш ты мне сына!..»

Дзяўчыначка ў гаі ўсё хадзіла,

Жаданага казаку сына радзіла...

 

 

Пакуль пяецца песня, старшына і п’е, і падпявае спеву. Байструк сядзіць задуманы. Манашак зусім п’яны набліжаецца да круга старшыны. Трымае ў руках кубак.

 

Манашак. Брація мая вазлюбленая!.. Другі мая!..

Казачы сотнік. Ды кінь ты свае манастырскія выразы!.. Тут табе не лаўра!.. Смяюцца, бадай, усе.

Манашак (азірнуўшыся кругом). Другі!.. Ворагі павержэны суць... І ныне мы здзе веселіем час свой бавім... (Далей з дрожжу ў голасе.) Але колікімі ахвяры купіхом сіе ворагу павяржэніе?! І се аз, яко певень бдзенія...

Гайдамацкі сотнік. Які ты певень, раз кожнае курыцы баішся!.. Ха-ха-ха!.. (Рогат усяго круга.)

Манашак (гатовы абразіцца). Напрасліну, брація, на мяне ўзводзіце!.. Не было ніколі таго, абых ад курыцы бегал!

Гайд. сотнік. Як не было?! Няўжо забыўся, як у Пінску цябе адна мяшчанка дзеркачом са сваёй хаты гнала, застаўшы, як ты брагу з яе кадоўбка сёрбаў?.. Кароткі ж ты стаў на памяць!..

Манашак. Не о злаключэніях асобы моея глаголаці хошчу, а адносна тых, браціе, іжэ главы свая і жывот на брані поклаша... Сіх убо памянуці хошчу!..

Мікіта Цыга (са смехам). Ось што?! Дык ты што ж, адпяваць іх тут збіраешся?.. Садзіся!.. Сабе лепш адыходную спявай, бо, як відаць, насмактаўшыся, сам хутка мерцвяком звалішся... Казак ды гайдамака ўмеюць паміраць і без папоўскага вашага адпявання! А мы ім памінкі ў кожнай бойцы спраўляем, рубячы панскія галовы!.. Эх, ты, певень, што не ў час спявае!

 

Манашка сілком усаджваюць.

 

Мікіта Цыга (крычыць). Музыкаў сюды!.. Давай, хлопцы, скакаць!.. Эх, ты, душа шырокая!.. Гуляй, покі жывы!.. Сып гапака-казака!..

 

Грыміць музыка: дудка, цымбалы, бубен. Мікітка танцуе гапака, але гэта не падабаецца казачаму сотніку, які выходзіць з атаманскага круга.

 

Казачы сотнік. Гэх!.. Шырэй круг, хлопцы!.. Бо з шабляю скакацьму... Каб не зачапіць каго!

 

Скача незвычайна ўдала гапак казачы пад воплескі і прыгоцванні абступіўшых. Калі стомлены ён адыходзіць, Мікітка зварочваецца да сялянскай моладзі, якой набралася ўжо ў стан шмат.

 

М. Цыга. Цяпер давай, хлопцы, нашага «Юрку»... Пачынай!

 

Падхоплівае дзяўчыну, некалькі пар нясуцца за ім услед у танцы. Перш танцуюць «Юрку», потым «Мяцеліцу».

Казакі і гайдамакі воплескамі сустракаюць канец беларускіх танцаў.

 

Галасы. Гожы вашы скокі, браты-беларусы! Гуляй, беларусы!..

 

З круга ўстае крымскі татарын.

 

Татарын (да Байструка). Наш хоча свая скакат!..

Байструк. А, Мустафа! Ты што — інчыркан свой скакаць хочаш?

Татарын. Інчыркан... другая... Што знайя музык!..

Байструк. Ну, сып, сып!

 

Мустафа, сотнік татарскі, вядзе свой шпарка-ўдалы танец, чым выклікае крыкі і папляскванні ў далоні, а як канчае, грымяць: «Здорава, крымцы! Маладцы!»

 

Байструк (да сялянскай моладзі). Пацешце ж нас, браты-сястрычкі, роднай песняю!..

 

Вясковая моладзь ахвоча гуртуецца і пяе некалькі народных песень.

 

Запявала (пад канец). А цяпер, атамане, заспяваю вам, як хлопец любіцца з дзяўчынаю. (Пяе.)

 

«Ой, узыдзі, узыдзі, ясны месяцу,

Як млынавое й кола!

Ой, выйдзі ж, выйдзі, сэрца-дзяўчына,

Выйдзі ж, прамоў да мяне слова!..» —

«Ой, рада б выйсці, пагаварыці...

Дый аб нас людзі гавораць!..» —

«Ой, няхай судзяць, няхай гавораць,

Хоць па цэламу белу свету!..

Я ж цябе й любіў, любіці буду,

Мой ружовы квету!..»

 

 

Байструк, узрушаны настроем і словамі песні, слухае яе, глыбока задуманы і засмучаны...

 

М. Цыга (ускочыўшы з месца ў кругу, да дзяўчат вясковых). Эй, дзяўчаткі!.. Хто з вас, гледзячы на гэты вунь месяц... на гэту вось ночку прыгожую... са мною, казакам вольным, от так бы, як у песні гэтай, моцна палюбіўся б?..

Адна з дзяўчат. Што ж, калі потым бы кінуў ды на сваю вайну б паехаў... Не варта, калі так, і любіцца!

М. Цыга (да яе). А ты паспрабуй!.. Мо я і вайну б з-за цябе кінуў ды прасці з табою сеў бы!..

 

Рогат усіх. Цыга жартуе ў кругу вясковай моладзі.

 

Байструк (раптам, як бы штосьці ўспомніўшы, б’е кулаком па калене, маніць да сябе аднаго з гайдамакаў, кажа яму). Цягні сюды палоннага ксяндза Заўшыцкага!

 

Устае і выходзіць з круга. Калі прыводзяць Ігнаца Яхіду, стаіць каля плота Сымонавага гарода.

 

Байструк (пра сябе). Добрая ўспала мне думка ў галаву — ксёндз жа быў яе духоўнікам, і напэўна яна спавядалася яму і ў гэтым сваім граху... Ён, калі толькі знае, скажа мне, што зрабіла княгіня з Ульянаю!.. Бо чыя ж гэта была справа, як не яе!

 

Гайдамак падводзіць да яго ксяндза. Той палахліва глядзіць на атамана, кланяецца.

 

Байструк (да гайдамака). Можаш ісці! (Да ксяндза.) Падыдзі бліжэй! Пазнаеш мяне?

Яхіда (углядаючыся, здзіўлены). Здаецца, былы гайдук яе мосці!

Байструк (усміхаючыся). Так, не памыліўся! (Выцягвае з-за пояса пісталет.) Ну, дык вось што, пане! Даю табе на выбар: жыццё або смерць зараз жа пад гэтым пісталетам! (Цішэй.) Ты быў спаведнікам-духоўнікам княгіні, і пані-княгіня, як шчырая перад богам, напэўна адкрыла табе свой у адносінах Ульяны грэх! (Заўважае, што ксёндз пры гэтых словах неспакойна парушыўся.) Дык вось, калі скажаш, куды яна дзела гэту дзяўчыну, застанешся жывы!

Ксёндз (раздумвае перш, потым азіраецца кругом; ціха). Я магу табе верыць?

Байструк. Клянуся табе, што адпушчу на волю, калі адкрыеш гэту тайну княгіні!

Ксёндз (прыгінаючыся бліжэй да вуха Байструка). Княгіня яе справадзіла, а потым і пастрыгла ў манашкі... у Марачанскім кляштары... (Пра сябе.) Ой, што я сказаў! Зусім забыў, што там жа зараз і княгіня!.. Магу загубіць яе!..

Байструк (западозрыўшы). Ты што мармычаш там сабе пад нос?.. Кажы ўсё, плеш, а то запрабуеш гэтага!.. (Настаўляе на яго свой пісталет.)

Ксёндз (збянтэжана). Я не магу... Я гэтым гублю людзей!..

Байструк (пагрозна). Кажаш ці не? Не выкрыеш мне ўсё, загінеш зараз жа на месцы!

Ксёндз. Але ж то будзе грэх вялікі на маёй душы!..

Байструк (прыстаўляе пісталет да лба ксяндза). Грашыў ты, я ведаю, бясконца! Не вялікая бяда, калі яшчэ крыху награшыш! Усю праўду кажы!..

Ксёндз. Ой, божа мой!.. Даруй мне цяжкі, змушаемы грэх!.. (Ціха.) Там жа зараз і княгіня!..

Байструк. Княгіня зараз у Морачы?

Ксёндз. Так! Але ж ціха, пачуюць другія!.. Я не хацеў бы, каб зналі, што гэта я табе сказаў!..

Байструк (хвіліну затрымліваецца). А вось, куды збегла ваўчыца!.. Пад ахову святога месца!.. Ну, добра ж!.. (Да ксяндза.) Калі ўпэўнюся, што ты праўду сказаў, атрымаеш абяцаную волю!.. (Да падыходзячага Мікіты.) Назад яго ў абоз ды даглядаць як след! (Падбегшы да круга старшыны.) Хлопцы! Зараз жа ў дарогу! Сядлаць коней!.. Запрагаць вазы!..

Галасы сотнікаў. Што так?.. Куды гэта?..

Байструк (радасна). На Морач, хлопцы! Раніцаю будзем ужо там.

Казацкі сотнік. Ды ў чым справа?

Байструк. А ў тым, што там... у сценах жаночага кляштара... за пазухаю, значыцца, бога схавалася ўцёкшая ад нас пані-княгіня Прушынская-Горская... Ды і не адна, мабыць, а шмат з кім з шляхты!.. Вось у чым справа, хлопцы!.. На Морач жа, браты!

Усе (ускокваюць). На Морач!.. На Морач!.. На Морач!

Заслона.

 

 

ДЗЕЯ V. Ваўчыца ў западні

Касцёл Марачанскага жаночага кляштара. Большую частку сцэны справа займае прытвор касцёла, прычым у глыбіні сцэны фасадная сцяна будынка пасярэдзіне мае шырокія (на дзве палавіны), акутыя жалезам дзверы з драўляным завалам; каля дзвярэй — «круцыфікс» — масіўны крыж, пад ім каменная чаша з свянцонай вадою. Збоку ад гэтых уваходных дзвярэй, на значнай вышыні, акно. Далей выступ башты-званіцы касцёла, у якую вядуць дзверы і відаць сходы наверх, а на некаторай вышыні — аконца ў прытвор касцёла.

Сцяна прытвора, што проці рампы, мае два акны з распісанымі шыбамі. Аркада, апіраючыся на дзве калоны, вядзе ў самы касцёл, якога ўсяго не відаць. Бакавая сцяна нутра касцёла, што проці рампы, раскрыта, каб частка касцёла была відна публіцы. Дзякуючы таму, што падлога самога касцёла паднімаецца на некалькі ступеняў уверх, а алтар яшчэ і таго вышэй, злева сцэны відаць вузкі калідорчык падвала касцёла са сходамі і налева ў сцяне невысокія, акутыя жалезам дзверы ў падземны лёх, які выводзіў з кляштара ў лес.

Пакуль яшчэ не паднята заслона, чуцён у касцёле арган і спеў манашак. Адбываецца жалобная імша. Калі заслона паднімаецца — у прытворы нікога. Дзверы на двор кляштара адчынены, і сонца прыгожага летняга поўдня залівае сваімі косамі велізарныя пліты падлогі прытвора, а вокны зіхацяць распісанымі шыбамі, даючы рознакалёрныя плямы на падлозе. Праз аконца званіцы відаць манашку на старожы.

З касцёла выходзяць княгіня і пані Даміцэля.

 

Княгіня (азіраючыся кругом). Не, я не магу маліцца!.. Асабліва пры настроі, Даміцэля, што ратунку ад прадстаячай, відавочна, смерці няма!

Даміцэля. Ваша мосць зусім змучаны і таму так непакойны душою! Толькі ўчора прыехалі сюды, як ноччу трывога... А раніцай гэтыя праклятыя паўстанцы і гайдамакі!.. Трывога ў Заўшыцах, трывога тут, ні кроплі сну!.. Я мацней ад пані Раіны і то змучана... Але я не трачу надзеі, што святая Ліжбета не пакіне свайго кляштара без абароны!..

Княгіня (складвае набожна рукі). Ах, Даміцэля, Даміцэля, якая ты яшчэ легкаверная!.. А хіба ты не ведаеш прыкладаў, калі помач боская пакідала людзей без падтрымання, ну... хаця б у кару за грахі!.. (Жвава.) Усё, усё мне гаворыць, што няма нам ніякай надзеі на вызваленне!..

Даміцэля (жахаючыся). Што вы, што вы, ясная панечка!.. А я вось веру, што дапамога з Навагрудка паспее!..

Княгіня. А ты ведаеш, што пан Рымша, што стаў на чале абароны, не спадзяецца на гэта, бо, хто знае, што магло стацца з пасланым туды Ясупам?! Ды прытым жа самая дапомач магла б паспець толькі к ночы... А ці дажывём мы да гэтай ночы?!

Даміцэля (хрысцячыся і ўздрыгваючы, з жудасцю). Матка святая! Панна неба і зямлі, змілуйся над намі!..

Княгіня (жорстка і пахмура). Што ж... калі гэта горкая праўда! І толькі легкаверны можа спадзявацца на цуд!

Даміцэля (у роспачы, пайшоўшы да яе). Ваша мосць! Што ж тады нам рабіць?.. Што ж рабіць?..

Княгіня (холадна). Сама не ведаю, што рабіць. (Убок.) А тут яшчэ гэта манашка якаясьці дзіўная! Не спускае з мяне вачэй, стаіць моўчкі каля калоны, і мне ўсё здаецца, я бачу нейкія аганькі ў яе вачах!.. І як падобна яна да той...Ульяны!

Даміцэля (тым часам глянуўшы праз дзверы на двор, падбягае да княгіні). Пан Рымша ідзе!.. Даведаемся ад яго, як стаіць справа!..

 

Пан Рымша, увайшоўшы, знімае шапку і накіроўваецца да вежы.

 

Рымша (упаўголаса, падняўшы галаву к аконцу вежы і махаючы рукой). Увага!

 

У аконцы мільгае галава манашкі, акно адчыняецца, і старожачая высоўвае галаву ў прытвор.

 

Манашка. Слухаю пана кашталяна!

Рымша. Запытайцеся, што новага!

Манашка (прычыніўшы акно, крычыць нешта ўверх, і адтуль здалёк голас штосьці адказвае; праз хвілю акно адчыняецца). Пан Зубкоўскі просіць перадаць пану кашталяну, што гайдамакі з лесу яшчэ не вярнуліся!

Рымша. А па дарозе на Невалаж нічога не відаць?

Манашка. Не, нічога!

Рымша (як бы пра сябе). Дрэнна! Дрэнна. (Паварочваецца і, убачыўшы княгіню з Даміцэляй, падыходзіць да іх.)

Даміцэля (жвава да яго). Пане Яне! Ну што скажаце добрага? Уцешце хоць крыху нас!..

Рымша (пахмурна). Што казаў раней, тое скажу і зараз!.. Гайдамакі яшчэ ў лесе... робяць лесвіцы, гатуюць фашыну на прыступ... Яшчэ не вярнуліся стуль, як вы толькі што чулі ад старожы... Абаронцаў не прыбавілася: тыя ж 46 чалавек проці больш чым пяцісот гайдамакаў! Ну, праўда, яшчэ каля дзесяці кабет здольны памагаць нам, набіваючы ў рушніцы і пісталеты набоі пораху і кулі!.. Вось і ўсе нашы сілы!.. Навін, як бачыце, ніякіх!.. Нішто не перамянілася!..

Даміцэля. А з Навагрудка?

Княгіня (усміхаючыся). А хіба ты не чула, што з вежы паведамілі: «Па дарозе на Невалаж нічога не відаць!..» (Да Рымшы.) Пані Даміцэлі хацелася б, каб дапамога к нам на скрыдлах ляцела!

Рымша (уздыхаючы, да п. Даміцэлі). О, панечка! І мне таго ж самага хацелася б. Але што ж зрабіць, калі няма покі што гэтага! (Кланяючыся.) Прабачайце, ваша мосць, але я па спевах у касцёле чую, што пара ўжо людзей на святую камунію пасылаць! Ды я сам хачу прыняць прычасце: бо хто ведае, што нас чакае!.. (Паспешна выходзіць на двор.)

Княгіня (да Даміцэлі). Бачыш, як адчувае сябе пан Ян!.. А ты... ты вельмі лёгка глядзіш на справу!

Даміцэля (раптам адчуваючы патрэбу маліцца). Не, не! Я веру ў божую дапамогу! Пан Езус не пакіне нас у напасці, асабліва вас, хто ўкрыўся пад святыя яго сцены! Я іду маліцца, прасіць яго абароны! (Паспяшае ў касцёл.)

Княгіня (праходзіць некалькі крокаў па прытворы, потым затрымліваецца, раздумвае). Як гэта ўсё раптам наляцела на нас! Пан Чарнецкі занадта лёгка ацаніў паўстанне ў нас, на Беларусі!.. Учора пан Тадэвуш сам пачаў з раніцы трывожыцца, нарэшце выправіў нас!.. Радзіў ехаць лясной дарогаю... Прыехалі... А тут доля нас сустрэла тым, што было, мабыць, суджана!.. Добра яшчэ, што гайдамакі не ўночы падышлі, а то перарэзалі б нас адразу!.. (Пужаецца, бачачы падыходзячую манашку.) Як яна падобна да Ульяны!.. Калі б я не знала напэўна пра смерць тае, я б сказала, што гэта і ёсць сама Ульяна!

 

Тым часам адзін за другім уваходзяць у касцёл шляхта, гайдукі і сам п. Рымша. Знутры чутна раздача камуніі, званок, калі прымаюць прычасце. Аслабаніўшыся, мужчыны варочаюцца на двор. З касцёла выходзіць м. Міхаліна і падае знак манашцы падысці.

 

Матка Міхаліна (апіраючыся на посах). Выбачайце, ваша мосць! Але я лічу патрэбным зараз сказаць вам нешта вельмі важнае!.. Для вас, пані-княгіня, і яшчэ для некалькіх асоб!.. (Азірнуўшыся, цішэй.) З закрыстыі ёсць ход у лёх, які выводзіць у лес. Карыстацца ім нам усім немагчыма, бо тады ніхто б з нас не выратаваўся! А для асоб, якім трэба і далей жыць,— іншая справа! Апрача мяне, знае гэту дарогу толькі адна вось яна! (Паказвае на манашку.) І вось Стэфа, калі настане зусім небяспечны момант, выведзе вас, княгіня, і таксама яшчэ некалькі асоб, якім мой святы доўг захаваць жыццё! Я даручыла ёй гэту справу і малю бога, каб ён, міласцівы, захаваў айчыне нашай вас усіх, хто трымае сабою дзяржаву нашу і святы касцёл! (Да манашкі.) Дык памятай жа, Стэфа! Як толькі стане зусім няпэўна, згуртуй тых, каго я табе сказала, непрыкметна ад другіх у закрыстыю і адтуль павядзеш. Растлумач усё яе мосці і ўгаварыся як след, а я пайду маліцца аб нашым збавенні!.. (Адыходзіць, але каля ўвахода ў самы касцёл затрымліваецца і пытаецца ў манашкі, што на вежы.) Вікця! Ну, як там?

Вікця (праз акно). Ніякіх пакуль што змен!

Матка Міхаліна. Так! Ну, значыць, на ўсё яго боская воля! (Уваходзіць у касцёл.)

 

Княгіня і манашка Стэфа стаяць адна проці другой моўчкі, углядаючыся адна другой у вочы, як зачараваныя.

 

Княгіня (упаўголаса). Цябе завуць, дзіця маё, Стэфай?

Манашка (схіляючы галаву прад ёю). Так, ваша мосць! (Пры гуках голасу манашкі княгіня робіць два крокі назад, уся ўздрыгнуўшы.)

Княгіня. Голасам як падобна да Ульяны! (Правёўшы сабе па лобе рукою, як бы аціраючы пот.) Як ты падобна да адной... якую я знала, дзяўчыны!..

Манашка (парушаная чымсь). Так, панечка! У кляштары была адна неафітка, дык мы з ёю адна да другой былі так падобны, што як яна прыняла пастрыг, дык нас заўсёды блыталі!.. А ваша мосць, калі не мыляюся, княгіня Прушынская-Горская?!

Княгіня (трывожна). Так! А што?

Манашка (уся калыхнуўшыся). Я так пытаюся! Каб ведаць, каго я мушу выратаваць адсюль, калі створыцца небяспека смерці!..

Княгіня (засмучана, але збіраючы сілы духу). Ну! Гэта яшчэ невядома, ці прыйдзецца нам карыстацца лёхам!..

Манашка (дапытліва). Пані княгіня спадзяецца на скорую дапамогу з Навагрудка?

Княгіня (звалодаўшы ўжо сабою). Не, не таму! Я хачу сказаць, што іншыя... (падкрэслівае гэта слова) часамі могуць і не захацець пакарыстацца гэтым лёхам!..

Манашка (неяк задумана, як бы ўспамінаючы нешта страшнае). О, панечка! Лёх гэты, праўда ж, не вельмі прыемны на выгляд і... па ўсім іншым! Помню, калі матка Міхаліна змусіла мяне два разы з ёй прайсці ім, я перажыла такія страхі... што нават потым хварэла!.. Сцены ад вады слізкія... вялікія жабы, яшчаркі розныя шмыгаюць!.. (Уздрыгваючы, з астанавіўшыміся вачыма.) Зямля як бы давіць!.. Некалькі касцячкоў дзяцей... зусім маленькіх, кімсьці кінутых туды!..

Княгіня (рашуча). Добра, дзіця маё, ты можаш ісці сабе!.. (Пакідае яе і адыходзіць далёка.)

Манашка (пра сябе). Бедная Ульяна!.. Бязлітаснай рукою гэтай магнаткі была ты кінута сюды... каб загінуць!.. Без пары, каб скончыць тут сваё няшчаснае жыццё!.. І за што?.. За тое толькі, што ты трапілася на дарозе сваёй пані!.. А зараз доля змушае мяне, сястру яе родную, перад якой яна прад смерцю раскрыла сваё сэрца, захаваць жыццё гэтай асобе, той, на сумленні якой гібель нявіннай сястры маёй! О, вялікі божа! (Падае на калені і прыпадае да выступу сцяны касцельнай.) Ці знайду я, слабая і хворая ўжо, ці знайду я ў сабе сілы перамагчы сябе, каб ратаваць такую грэшніцу!.. Дай жа мне сілы ў гэткі момант, калі ты хочаш, каб я ішла па дарозе тваёй волі!.. (Хвіліну, закрыўшы твар рукамі і прыпаўшы ім да сцяны, маўчыць, потым, як бы ачнуўшыся, хістаючыся варочаецца ў касцёл.)

Даміцэля (выходзіць з касцёла радасная; жвава падбягае да княгіні). Пані Раіна ведае? Матка Міхаліна мне толькі што шапнула на вуха, што мы будзем выратаваны, калі не з Навагрудка, дык спосабам, які яна вам назвала!.. І пэўным, нібыта!.. Ці то так?

Княгіня (гледзячы на яе, падыходзіць і абымае яе). Каханая мая! Я зайздрошчу табе!.. Як лёгка ты ўсё ўспрымаеш! Каб не атручаць табе гэтай радасці — скажу: Так, так! Спосаб ёсць! Нялёгкі, праўда, але ты ім пакарыстаешся! Будзь жа спакойна!..

Даміцэля (абымаючы і парывіста яе цалуючы). Як я рада і за паню Раіну, і за сябе!.. Я гаварыла, што малітва да пана Езуса выратуе нас!

 

З вежы чуваць трывожныя галасы. Манашка Вікця штось распытвае, потым раптам збягае ўніз, выскоквае на ганак.

 

Вікця. Пане Рымша! (Да кагосьці на дварэ.) Пакліч сюды і ўраз жа пана Рымшу! (Узбягае ў прытвор.)

Даміцэля (да яе падбягаючы). Што, што? Дапамога з Навагрудка?

Вікця (уся трасучыся). Якая там дапамога! Гайдамакі з лесу варочаюцца, вязуць фашыны, лесвіцы!..

Даміцэля (не засмучана). Ну, дык што ж там, калі ёсць іншы спосаб выратавацца!..

Княгіня (хапаючы і ціснучы яе за руку). Даміцэля! Ты нічога не разумееш і таму лепш маўчы!

 

Пан Рымша, бледны, падбягае праз дзверы ганка да манашкі.

 

Пан Рымша (трывожна). Што? Ёсць навіны?

Вікця (паспешна). Ой, гайдамакі з лесу варочаюцца... вязуць фашыны і лесвіцы!.. У лагеры ўжо чагосьці заварушыліся!..

Пан Рымша (раздумна). Так!.. Ну, дык сачыце ж цяпер за кожным іх крокам, паведамляючы нам! Назад у вежу! Мы, значыць, павінны чакаць зараз жа прыступу!..

 

Выбягае на двор. Вікця паспешна варочаецца ў вежу.

 

Даміцэля (растрывожана). Значыць, небяспечна?.. Так?.. Дык я скажу зараз жа пані Міхаліне, каб яна выкарыстала свой пэўны спосаб нашага ратунку!.. (Бяжыць у касцёл.)

 

У гэты момант у вышыні вежы раздаецца трывожны звон. Княгіня перш цапянее, потым выскоквае на ганак. На двары паднімаецца гоман і бегатня людзей. Паасобныя крыкі загадаў: «Са сцяны, што з боку рэчкі, усіх к браме, апрача аднаго!», «Вызваць з касцёла, хто назначаны выносіць зраненых!», «На сцены ўсе! Жвава!» Вікця мітусіцца ў вежы, не ведаючы, што рабіць.

 

Княгіня (варочаючыся ў прытвор). О, божа!

Вікця (выслухаўшы нешта зверху, бяжыць з вежы ў прытвор). Пачынаюць прыступ! Трэба ж памагчы зраненым!.. Паклічу іншых! (Бяжыць у касцёл, і праз хвілю адтуль выбягаюць 3—4 манашкі і ўсе паспяшаюць на двор.)

 

У гэты момант звон сціхае і з-за сцен, усё набліжаючыся, нясуцца галасы, якія праз некалькі хвілін вырастаюць у выразныя крыкі людзей, ідучых на прыступ.

 

Княгіня (аслупянела, стоячы ля дзвярэй). Час смерці прабіў для нас!..

 

Раптам са сцен раздаюцца першыя стрэлы. Крыкі на момант як бы сціхаюць, а праз некалькі хвілін становяцца выразнымі. Княгіня ўздрыгвае ўсім целам, калі над сцяною, каля брамы кляштара, пакрываючы другія, чуцен як бы знаёмы ёй голас: «Бі іх няшчадна, хлопцы! А, праклятыя!» Пісталетныя рэдкія стрэлы. Княгіня абяссілела, падыходзіць да круцыфікса, падае на калені і апускае галаву на выцягнутыя да крыжа рукі. У прытвор уносяць і ўводзяць спешна зраненых. З касцёла выходзіць у той час матка Міхаліна, ідзе на ганак і ўраз жа варочаецца назад. Затрымліваецца поглядам на княгіні; ківаючы галавой, глядзіць на зраненых. Ідзе назад у касцёл. З вежы спускаецца пан Зубкоўскі, асцярожна прыадчыняе дзверы і выглядае. З кляштара выходзіць манашка Стэфа і становіцца за княгіняю, не спускаючы вачэй з яе.

 

Манашка (пра сябе). Усемагутны глянуў ужо на цябе тварам смерці!.. Што? Аслабла сіламі?.. А як ёй, беднай, было сустрэць тут сваю смерць?! Завошта ж паслала ты яе сюды, як у астрог той?! (Хвалюючыся.) І ці варта ратаваць цябе, бязлітасную, бессардэчную!.. (Перамагаючы сябе.) Божа, справядлівы ў гневе і ў міласці сваёй, даруй мне, слабадушнай і грэшнай! Хай будзе на ўсё твая святая воля!.. (Моліцца пра сябе.)

 

На сценах ужо рэдкія пісталетныя стрэлы. Працуюць шаблі. Крыкі: «Нашая бярэ! Рубі іх, хлопцы!» Раптам убягае без шапкі, з адной толькі шабляй у руках, пан Рымша. За ім гайдук Франусь, шчака якога акрываўлена. Яны ўдвух зачыняюць шчыльна дзверы, жвава завальваюць іх завалаю. Пан Зубкоўскі хаваецца за дзвярыма вежы, хаця ж відаць яго боты. Княгіня падымае галаву і глядзіць, як бы загіпнатызаваная, на зачыненыя дзверы.

Рымша (з задышкаю). Фініс! Байцы паляглі! (Азірнуўшыся кругом.) Двое зраненых ды мы ўдвух з Франусем!.. Ненадоўга нас хопіць!.. Жанчын бы ратаваць!

 

Княгіня азіраецца назад; сустрэўшы вочы манашкі Стэфы, жахаецца і рукамі хапаецца за крыж, падаўшыся да яго ўсім сваім целам.

 

Стэфа (падышоўшы да княгіні і беручы яе, абяссіленую, пад руку). Пара, ваша мосць!

 

Раптам да дзвярэй знадворку падбягае хтосьці і стукае.

 

Голас (са смяртэльнай трывогай). Упусціце!.. На міласць бога! Хутчэй!

Франусь (кідаецца да дзвярэй). Зараз! Трымайся, браце!

Рымша (хапае яго за тулава і адкідае ад дзвярэй). Шалёны! Ён жа і сам загіне і нас без сэнсу загубіць! Як адчынім — ускочаць да нас і яны!

 

Чуцён крык: «Ага, папаўся, сабака!» Бойка на шаблях. Са стогнам за дзвярмі нехта падае. Рымша з Франусем страляюць праз акно прытвора.

 

Рымша (да мужчын, глянуўшы праз акно). Ну, панове! Сустрэньма ж ворага як след! Зараз пачнуць выбіваць дзверы!

 

У дзверы стукаюць. Крык Байструка: «Адчыняйце, гады, не то высадзім дзверы!» Не атрымаўшы адказу, крычыць: «Хлопцы, цягні якое-небудзь бервяно сюды!»

Апошнія абаронцы гатуюцца сустрэць ворага і гуртуюцца з боку дзвярэй у напрамку вежы. Прынесеным бервяном пачынаюць гасіць у дзверы. Гул і стук глушаць усё. У паасобныя моманты чуваць толькі, як у касцёле манашкі і іншыя, хто там, пяюць:

«Под твоён обронон».

У гэты момант злева сцэны, спускаючыся нервова, але марудна, зыходзіць уніз са свечкамі ў руках шэраг людзей. Першай ідзе манашка Стэфа. Падышоўшы да дзвярэй налева, адмыкае ржавы замок, і дзверы са скрыпам адчыняюцца. Згрудзіўшыхся людзей абдае холадам і вільгаццю лёха.

 

Стэфа (адступаючы назад, уздрыгнуўшы ўсім целам, глуха). Страшна! Страшна ісці туды!..

Стары пан (прабіраючыся наперад). Проша мне дазволіць ісці першым! (За ім праходзіць Стэфа і іншыя,)

 

Праз хвілю ўсе яны ў лёху знікаюць. Апошні зачыняе за сабою дзверы ў лёх, не пакідаючы ключа ў ім.

У прытворы ж дзверы ўваходу ў касцёл трашчаць і нарэшце разам з цэглаю і шчыкатуркаю падаюць на падлогу. Грамада людзей ускоквае ў прытвор; сярод іх Байструк і адзін з казачых сотнікаў. Кароткая бойка на шаблях — і ўсе чацвёра абаронцаў прыкончаны.

 

Байструк. Агледзець касцёл, хлопцы! Уцячы лёхам ніхто з іх не мог, бо іх там сустрэнуць нашы! Ніводнаму пану і верным слугам іх жыцця не даваць! З бабамі не важдацца: будзе потым на гэта час!

 

Загон рассыпаецца ўсюды. Паўлюк з сотнікамі бягуць таксама ў касцёл. Чутны стуль крыкі.

 

Манашак (ускочыўшы праз хвілю ў касцёл). От, гады! Я заснуў пад возам, бо размарыла сонейка... А яны і не разбудзілі мяне, каб разам ісці ваяваць. А потым скажуць: «Якая можа быць твая доля ў здабычы, калі ты спаў!» Ну й гады!.. Чаго пасля гэтага варта іх таварыскасць!.. (Азірнуўшыся.) Ой, ды тут яшчэ адзін абаронца, відаць, застаўся! Ось ліха!

 

У гэты якраз момант п. Зубкоўскі выглядае з-за адчыненых дзвярэй вежы, але, убачыўшы чалавека з шабляй, сам хаваецца, а манашак, таксама спалоханы, выскоквае на ганак і хаваецца за сцяну.

Тым часам злева чутны з лёха глухія крыкі. Хтось бяжыць, ключ доўга тыркаецца, нарэшце паварочваецца ў замку, і дзверы лёха расчыняюцца.

З патухшымі ўжо свечкамі ўбягаюць п. Даміцэля, княгіня, Стэфа і яшчэ адна асоба. Услед за імі выскоквае з лёха Мікітка Цыга з пісталетам у руцэ. З-за яго спіны выглядаюць паўстанцы- беларусы, хто з пісталетам, а хто з шабляю.

 

Мікітка Цыга. А, галубчыкі! Уцякаць уздумалі! Ну, што ж цяпер будзем рабіць, панове?..

 

Пані Даміцэля плача, як і другая асоба, княгіня маўчыць, а манашка пачынае істэрычна смяяцца.

 

Паўстанец. Душы іх, хлопцы, чаго з імі яшчэ важдацца!

Мікітка Цыга (заўважаючы, хто перад ім). Эге, ды тут уся заўшыцкая хэўра!.. І пані-княгіня, і пані-ахмістрыня! Вось дык падзякуе Паўлюк! Ха-ха-ха!

Княгіня (ускрыквае). Паўлюк?

Стэфа (раптам дзіка смяецца, як ашалелая). Ха, ха, ха!.. Так, Паўлюк Ульянін аддзякуе! Ха, ха, ха, ха!..

Мікітка Цыга (да княгіні). Так, так... Паўлюк! Былы пані гайдук! Ну, пойдзем да яго, ваша мосць: ён так хацеў цябе бачыць, што з Заўшыц аж уначы сюды ляцеў!.. (Да людзей.) Адзін уперад! (Да жанчын.) А вы — за ім! Ну, жвава ўсе выходзь!

 

Паднімаюцца па ўсходах наверх у закрыстыю. Чуць чуваць здалёк смех ашалеўшай манашкі.

У касцёле ж чутны жаночыя крыкі, лямант, плач. На ганак ізноў усходзіць манашак, на гэты раз з пісталетам у левай руцэ. Асцярожна ён уваходзіць, аглядаючыся, але ў той жа момант, выпадкам, з-за дзвярэй вежы ізноў паказваецца п. Зубкоўскі, бачыць узброенага манаха і хаваецца сам назад. Убачыўшы казачага сотніка, выходзячага з касцёла, манашак храбрыцца.

 

Манашак (крычыць). Дзяржы, дзяржы пана!.. (Бяжыць да вежы.)

Сотнік (выскокваючы ў прытвор). Што, знайшоў яшчэ аднаго пана?

Манашак (харахорачыся). А, гад!.. Уцёк у вежу! Замкнуўся, мусіць!

 

Хапаецца за клямку, але тая паддаецца. Тады манашак пужліва прычыняе мацней дзверы.

 

Сотнік (падбегшы да яго). Хутчэй ты, а то ён уцячэ! (Перш чым манашак зразумеў, што той збіраецца з ім зрабіць, хапае манашка за кіршэнь, расчыніўшы дзверы, піхае яго туды і прыпірае плячом дзверы.) Ворага трэба нянацкам браць! Ха-ха-ха!.. (Смяецца.)

 

У вежы чуваць адзін за другім два пісталетных стрэлы.

 

Сотнік (стоячы ля дзвярэй). Ну, хтосьці, мабыць, кагосьці забіў! (Адчыняе дзверы.)

 

Адтуль, бледны і трасучыся, ледзь не покатам, вывальваецца манашак. З пісталета яго яшчэ ідзе дым.

 

Манашак. А, каб цябе! От, гад! Піхнуў мяне чорту на рогі! Ледзь жыў застаўся!..

Сотнік (рагочачы). Добра, браце, што застаўся жывы!.. А то хто ж бы нас весяліў?! Але, слухай, пан-то твой забіты ці не?

Манашак (усё яшчэ несупакоены). А кадук яго там ведае! Ён першы ў мяне, гад, стрэліў... ды не папаў, на шчасце!.. Ну, і я ж яму пальнуў у адказ! За дымам, праўду кажучы, не бачыў, ці пабег ён, ці на месцы застаўся!.. Зрабі ласку, глянь ты ўжо сам!

Сотнік (выцягваючы з-за пояса пісталет, аглядаючы крэмень). Ну, добра!..

 

Расчыняе дзверы і кідаецца скокам туды. Манашак асцярожна сочыць ззаду.

 

Сотнік (выходзячы назад). Маладзец!.. Ідзі паглядзі, як ён лёг галавой уніз на ступенях сходаў!

Манашак (радасна). Ды няўжо!.. От метка, аднак, я стрэліў! Пэўна, у лоб папаў, калі галавою ўніз лёг ён!

 

Паўлюк выходзіць з касцёла пахмурны, з шабляю ў руцэ. На парозе касцёла аддае загад.

 

Паўлюк. Ігуменню іхнюю ўзяць на выпыт ды манашак тых-сіх! Бо не веру я гэтым слугам божым! Як след дазнацца пра Ульяну! А тут, усё пачысціўшы, пеўня пусціць! (Пра сябе.) Толькі дзе ж княгіня дзецца магла?!

 

Раптам у касцёле чуцен рогат і крык шалёнай. Мікіта з паўстанцамі прыводзяць да атамана ў прытвор княгіню і Даміцэлю.

 

Мікітка Цыга. Вось табе, атамане, і панства заўшыцкае! Думала ўцякаць праз лёх, але я з хлопцамі выйшаў ім насустрач!.. Ну і затрымалі птушачак!..

Байструк (азірнуўшыся, бачыць іх і жвава падыходзіць да княгіні). Дабрыдзень, пані-гаспадыня!.. Чаму ж нас у Заўшыцах не захацела пачакаць, калі ўчора мы да цябе ў госці заявіліся?.. У божыя сцены схавацца захацела!..

 

Княгіня маўчыць, але глядзіць яму ў вочы, як бы здзіўленая.

 

Манашак (падсунуўшыся). А мы так шкадавалі, што паню-княгіню дома не засталі! Ха, ха, ха!

Байструк (адпіхаючы манашка ўбок так, што той чуть не ўпаў, каб не падтрымаў яго сотнік). Я яе табе яшчэ не аддаваў на здзек! Ну і не лезь атаману пад руку!.. Са сваёй гаспадыняй я сам павяду размову! Два ж гады не бачыліся!.. (Да княгіні.) Што? Мо забылася ўжо, пані, пра мяне?..

Княгіня (ціха, але выразна). Не, Паўлюк, не забылася!.. Сам ведаеш, чым ты быў для мяне!

Байструк (зларадна смеючыся). Як жа, ведаю! Памятаю, чым быў для цябе!.. Гайдуком твайго панскага цела!..

Княгіня (горача). Няпраўду ты кажаш! Бо палюбіла ж я цябе горача, як яшчэ нікога да таго... Ні перад чым не затрымалася, каб мой бы стаў назаўсёды!..

Байструк (смеючыся, злосна). Так! Ні перад чым не затрымалася!.. Ціхую вясковую дзяўчыну ўхапіла, што лютая ваўчыца, кінула вось у гэты божы астрог, загнала яе ў магілу!.. Я ўжо гэта тут дазнаўся!..

Княгіня (глядзіць яму ў вочы адкрыта). Толькі так моцна кахаючы цябе, я яе са сваёй дарогі спіхнула!.. Ну, што ж!.. Забі тады мяне, раз я правінна прад ёю і табою!

Байструк. Забіць — вельмі лёгкая для цябе была б кара! Я надумаю для цябе расправу такую, каб па кроплі вытачыць з цябе кроў!..

Паўстанец. Прыкажы, атаман, мы яе да хваста дзікага каня прывяжам ды пусцім па полі... Якраз кабыла ў нас тут адна ліхая ёсць!..

Манашак (смеючыся). Пані-княгіня, як я чуў, больш любіла на жарабцах катацца!.. Ці, наадварот, каб яны...

Байструк (гнеўна да яго). Прэч ты, плюгавы!

 

Манашак хаваецца ад яго за грамадой паўстанцаў. Жанчын усіх ужо вывелі з касцёла за гэты час. Толькі чуваць смех, усклікі і гаворка з сабою шалёнай манашкі. Яна паказваецца затым на парозе касцёла.

 

Манашка (тонам прарока). Праўду кажу вам: што павінна загінуць, тое ўпадзе!.. І падуць царствы іхнія, няпраўдаю збудаваныя! Ха, ха, ха!..

Байструк (пры першых словах голасу манашкі ўглядаецца, прызнае голас і твар як бы згінуўшай Ульяны. Да Цыгі і іншых). Хто гэта, хто?.. (Падбягае да манашкі бліжэй.) Ульяна, Ульянка?!

Манашка (гледзячы на яго). Не, я Стэфа!.. Не прызнаў хіба мяне? А Ульяна там... спіць... Але я пайду разбуджу яе!.. (Варочаецца назад у касцёл.)

Байструк (падбягае з гневам да княгіні і, ухапіўшы яе моцна за плячо, трасе і крычыць). Праклятая! Я табе смерці Ульяны не дарую!..

Княгіня (цвёрда). Дзве жанчыны сустрэлі цябе на дарозе свайго жыцця! Адна з іх павінна была саступіць!

 

Тым часам некалькі людзей, выносячы тое ці другое з награбленага ў касцёле, пачынаюць уносіць у будынак вязкі і ахапкі саломы.

 

Байструк (заўважыўшы гэта, крычыць). Дык добра ж! Загінеш і ты тут ліхою смерцю! Давай сюды, хлопцы, вяроўку! (Некалькі чалавек кідаюцца выконваць ягоны загад.) Прывязаць яе! Хай гіне разам з гэтым праклятым астрогам! (Да прыносячых салому на падпал будынка.) Цягні больш саломы, хлопцы! Каб добра гарэла, каб, седзячы там на небе, бог бачыў, якім вогнішчам панскай погані палае яго нібыта святы дом! (Да сваіх.) Хутчэй адсюль! На вольны свет, браты мае, дзе столькі яшчэ для нас уперадзе змагання за працоўны, яшчэ не вызвалены ад паноў народ! (Усе выходзяць за ім, падпаліўшы ў некалькіх месцах.)

Княгіня (як бы ў роздуме, але цвёрда). Жыццё за жыццё!

Манашка (з’яўляецца зноў на ступенях, і яе зычны голас рэхам аддаецца ў апусцелым цяпер будынку). Праўду, праўду кажу вам: настане дзень і тое, аб чым запісана ў кнігах, збудзецца!.. І загіне ўсё, што стала людзям шкодна!.. І апошнія стануць першымі... і ўсе людзі браццямі паміж сабою!..

 

Полымя пачынае шугаць, выразна выдзяляючы абедзве жаночыя фігуры.

 

Заслона.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан