epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Перад раніцаю

(Думка сэрца)

 

 

...Устала прад вачамі маімі адна раніца...

Мне, тады яшчэ хлапцу, нешта не спалася, і, адзеўшыся, выйшаў я на дзядзінец. У сялібе яшчэ мала хто ўстаў. Мяне пацягнула ў поле. Нядоўга думаючы, я перайшоў дзядзінец па сцежцы к гумну, пралез між прасел прыгумення і пайшоў полем.

Пуста і гола глядзела яно цяпер, і восень разам увайшла ў душу і сціснула халоднымі сваімі рукамі маладое сэрца... Сонца не ўзышло яшчэ; управа над рэчкаю і сенажацямі вісеў туман, і за ім чуць цямнела сяло; улева без канца-краю шчацінела жніво і бялела поле. А перада мною на курганах, куды я іду, дзічкі-ігрушы, згубіўшы апошняе лісце, чарнеюць сваімі галінамі...

Сіверна і ціха... Птушак, што спявалі летам, даўно ўжо няма... Ціха, нікога жывога кругом, і адзін толькі я іду па шырокай мяжы — не іду, а ціха пасуваюся...

А вось і высокі курган і прадвечныя ігрушы — дзве сястры... Куды мне далей ісці, дзеля чаго?..

Сэрца б’ецца часта і ные без ведама чаго, і хтось уладнаю рукою давіць плечы і гняце да зямлі... Паслушны, я саджуся...

І без сілы духу і без думкі сяджу доўга, доўга...

Гээ! Чуй!.. З сяла на грэблю затарахтала, і едзе мужык. Адсюль я ўжо пазнаў яго — Пракоп Церахня!.. Грукаціць воз цераз мост, і прывыклы конь сам верне з дарогі і едзе полем сюды, бліжэй ка мне. Пракопаў загончык паўз граніцу маёнтка... Пракоп скочыў з воза, сцёг плуг, выпраг каня з аглабель і падчапіў к плугу...

— З богам! — чую я... Нікчэмны конік улёг у хамут, і лемех верне зямлю...

Баразна за баразною, без панукі, узнімаюць яны зямлю — конь і чалавек...

І калі глядзіш на іх, здаецца, што такім жа самым хірляком, знядужаным быў і калісь, у старадаўнія часы, бедны мужык!.. З тае пары, як адзелі на цябе ярмо і зрабілі «быдлам», пачалася твая пакута, і дзве-тры сотні гадоў увыкаў ты і зжыўся з паншчынаю...

Цяпер ты, кажуць табе, робіш на сябе!.. Як і тады, у паншчыну, ты сам-другі з канём, нікчэмныя, галадальныя абое... Ярмо тваё толькі другое...

Я сядзеў, глядзеў на Пракопа і думаў: «Калі ж? Калі ж?.. Калі ж будзе твой дзень, бедны беларускі мужык?» — пытаў я ў думках Пракопа...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Праз паўгадзіны я ўстаў насустрач сонцу... З-за краю далёкага поля ўзнялося яно і ліло ўжо свет і цяпло, гнала туман з ракі і лагвін...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...Скора, скора настане твой дзень шчасця, родны браце! Усе маладыя сілы — дзеці беларускага народа дружнаю хеўраю панясуць табе свет навукі і жыццёвую практыку; пабяжыць тады адусюль цемень, і год за годам будуць расці твае сілы цела і душы, і здаровы ўжо каняка ўздыме тваю зямлю дзеля ўрадлівага збожжа...

 

1909

 


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан